Ігар Васільевіч Карпенка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 19:26, 23 лістапада 2020, аўтар (удзельнік выдалены) (выдаленае кароткае апісанне змен)
Ігар Васільевіч Карпенка
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь III склікання
2004 — 2008
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь IV склікання
2008 — 2012
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка
Міністр адукацыі Беларусі
з 15 снежня 2016
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка
Кіраўнік урада Андрэй Кабякоў
Сяргей Румас
Папярэднік Міхаіл Жураўкоў

Нараджэнне 28 красавіка 1964(1964-04-28) (60 гадоў)
Партыя КПСС
Камуністычная партыя Беларусі
Адукацыя
Дзейнасць палітык
Месца працы Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка
Узнагароды
Ордэн Пашаны, Беларусь
Ордэн Пашаны, Беларусь
Медаль «60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Медаль «60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Медаль «За працоўныя заслугі»
Медаль «За працоўныя заслугі»

Ігар Васільевіч Карпе́нка (нар. 28 красавіка 1964, г. Новакузнецк, Кемераўская вобласць, РСФСР, СССР) — беларускі палітык і педагог, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь III і IV скліканняў. Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь (з 2016).

Біяграфія

Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага, настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і англійскай мовы[1].

Працоўную дзейнасць пачаў старшым піянерважатым у Азінскай сярэдняй школе Полацкага раёна Віцебскай вобласці[1]. Служыў у шэрагах Узброеных Сіл СССР. Член КПСС з 1984 года[2]. Працаваў сакратаром камітэта камсамола, начальнікам аддзела, упраўлення выхаваўчай працы, прарэктарам па выхаваўчай і сацыяльнай працы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка[1].

Удзельнічаў у адраджэнні Камуністычнай партыі Беларусі, быў другім сакратаром ЦК КПБ і першым сакратаром Мінскага гарадскога камітэта КПБ[2].

У 2004—2008 гадах дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь III склікання. Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі[1].

У 2008—2012 гадах дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь IV склікання. член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНД[1][2].

У ліпені 2011 года прызначаны на пасаду намесніка старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Ігар Карпенка выказваўся супраць беларускай лацінкі і прапаноўваў пераводзіць назвы станцый метро на рускую мову[3].

У кастрычніку 2012 года абраны першым сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі[2].

15 снежня 2016 года прызначаны на пасаду Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Пры ім пачалася актыўная работа па ўраўнаванні ўсіх школ і вучняў. Вынікам стала адмена экзаменаў пры паступленні ў гімназіі[4].

11 лютага 2019 года вучань 10-га класа СШ № 2 у Стоўбцах напаў з нажом на настаўніцу і школьнікаў. У выніку загінулі педагог і старшакласнік, а двое вучняў былі параненыя. Распараджэннем Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі міністру адукацыі Беларусі Ігару Карпенку аб’яўлена вымова за «непрыняцце належных мер па забеспячэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі»[5].

У сярэдзіне верасня 2019 года адбыўся рэзанансны выпадак, калі настаўніца пачатковых класаў школы № 15 Гомеля пагражала стукнуць школьніка партай і абражала яго[6]. Інцэдэнт з вучнем 4-га класа на ўроку знялі на тэлефон аднакласнікі, а бацькі выклалі ролік у інтэрнэт. Настаўніцу вышэйшай катэгорыі з вялікім педагагічным стажам звольнілі[7]. Але ў выніку настаўніцу аднавілі на працы па прамым указанні Аляксандра Лукашэнкі[8][9], а міністр адукацыі Ігар Карпенка быў папярэджаны аб няпоўнай службовай адпаведнасці[10].

Узнагароды

Узнагароджаны юбілейным медалём «60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», медалём «За працоўныя заслугі»[1], Падзячным лістом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, значком «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Дзяржаўнага камітэта па справах моладзі Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны ордэнам Пашаны.

Сям’я

Жанаты, мае сына.

Зноскі

Спасылкі