Вуліца Камсамольская (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Вуліца Камсамольская
Мінск
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна

Беларусь

Горад

Мінск

Раён

Цэнтральны

Гістарычны раён

Верхні горад, Новы горад

Працягласць

800 м

Ранейшыя назвы

Феліцыянская, Богаяўленская, Багадзельная

Код вуліцы

371[1]

Лагатып Вікісховішча Вуліца Камсамольская на Вікісховішчы


Вуліца Камсамольская (раней Феліцыя́наўская, Богаяўле́нская, Багадзе́льная) — вуліца ў Цэнтральным раёне Мінска. Працягласць — каля 800 м ад вуліцы Няміга да вуліцы Кірава.

У цяперашні час на вуліцы Камсамольскай — клуб імя Дзяржынскага, грамадская прыёмная КДБ Беларусі, гімназія, цэнтральны кніжны магазін.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вуліца Багадзельная, 1915 год

Узнікла ў 16 стагоддзі. Першапачаткова мела назву Феліцыянаўская. Вуліца Феліцыянаўская праходзіла каля Марыінскага касцёла (Кафедральны касцёл на плошчы Свабоды), у адной вежы якога захоўваліся мошчы святога Феліцыяна, абаронцы горада[2]. У пачатку 19 стагоддзя ў выніку ажыццяўлення першага праектнага плану Мінску, зацверджанага 21 лютага 1817 года, была выпрастана[3]. У 2-й палове 19 ст. называлася Богаяўленскай. Пасля 1866 года вуліца атрымлівае назву Багадзельная, бо на ёй знаходзілася гарадская багадзельня[2]. Пасля ўсталявання савецкай улады вуліца пераназвана, з 1922 года яна носіць назву Камсамольская.

Характэрныя будынкі і збудаванні[правіць | правіць зыходнік]

Па няцотным баку[правіць | правіць зыходнік]

Дом № 5
Дом № 7
Дом № 9/16
Дом № 11
Дом № 13
Дамы № 13, 15
  • № 5 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Трохпавярховы прамавугольны ў плане, з неглыбокім рызалітам у дваровай частцы. Накрыты двухсхільным дахам. Сіметрыя кампазіцыі галоўнага фасада парушаная арачным праездам у вуглавой частцы. Плоскія сцены без дэкору прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Тарцы будынка завершаны трохвугольнымі шчытамі[4]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3]
  • № 7 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Стары адрас — Багадзельная, 5. Тут размяшчаўся цэнтральны вінны склад братоў Хаецкіных. У магазіне мелася і аддзяленне цэйлёнскага чаю, кавы і какава слыннай маскоўскай фірмы М. Пажывю[5]. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з неглыбокім рызалітам у дваровай частцы. Накрыты пакатым двухсхільным дахам. Галоўны фасад несіметрычны, па вуглах крапаваны плоскімі пілястрамі, на другім паверсе члянёны вялікімі прамавугольнымі вокнамі з ліштвамі. У трохвугольным шчыце тарцовай часткі будынку сегментная люкарна[4]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 9/16 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Аднапавярховы Г-падобны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Фасады вырашаныя строга, збаўленыя дэкора. Па вуглах сцены ўмацаваныя плоскімі лапаткамі. Аконныя праёмы прамавугольныя. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 11 (вуліца Рэвалюцыйная, 7) — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Стары адрас — Багадзельная, 15. Першапачаткова ў гэтым будынку размяшчалася гасцініца Дрэйцэра на 40 нумароў[5]. У савецкі час тут размяшчалася «Першая савецкая гасцініца»[6]. Трохпавярховы, трохчасткавая асіметрычная кампазіцыя. Складаецца з трох рознавысокіх пабудоў, якія шчыльна прымыкаюць адна да адной[4]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 13 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Першапачаткова выкарыстоўваўся як гасцініца. Трохпавярховы з паўпадвалам прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад строга сіметрычны. Помнік архітэктуры эклектызму з элементамі класіцызму[4]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 15 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Двухпавярховы, амаль квадратны ў плане будынак, з мансардай. Помнік архітэктуры эклектызму з выкарыстаннем элементаў стыляў класіцызму і ампір[4]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].

Па цотным баку[правіць | правіць зыходнік]

Дом №6
Дом № 8
  • № 6 — будынак, пабудаваны ў канцы 18 стагоддзя з цэглы, перабудаваны ў 19 ст. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане, накрыты сістэмай аднасхільных дахаў. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Помнік грамадзянскай архітэктуры з элементамі класіцызму[4]. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 8 (Рэвалюцыйная, 18) — будынак, пабудаваны ў 19541955 гадах. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[3].
  • № 12 — будынак, гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 14 — будынак, пабудаваны ў 19541955 гадах. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[3].
  • № 16 — пабудаваны ў 1951 годзе. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[3].
  • № 18 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. з цэглы. Гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 20а — гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі[3].
  • № 22 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[3].
  • № 24 — будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. Стары адрас — Багадзельная, 28. У гэтым будынку прадпрымальнікі І. Ш. Блох і І. Я. Ісакаў прымалі замовы па будове вадаправодаў, каналізацыяў, артэзіянскіх калодзежаў, утрымлівалі склад тэхнічнага абсталявання[5]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[3].

Сквер імя Дзяржынскага[правіць | правіць зыходнік]

Сквер імя Дзяржынскага

Сквер размяшчаецца на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Камсамольскай. Сквер названы ў гонар Фелікса Дзяржынскага, рэвалюцыянера, савецкага дзяржаўнага дзеяча, заснавальніка УНК.

У скверы ў 1955 годзе ўсталяваны бюст Ф. Дзяржынскаму (скульптар — З. Азгур, архітэктар — В. Волчак); граніт, бронза; вышыня бюста 1,5 м., пастамента 2,5 м.)[4]. Сквер з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння[3].

Зноскі

  1. Даведнік вуліц па г.Мінску на 28.03.2012.
  2. 2,0 2,1 Іван Сацукевіч Тапанімія вуліц і плошчаў Мінска ў XIX — пачатку XX ст.. Беларускі калегіум (10 красавіка 2016). Праверана 12 студзеня 2017.
  3. 3,00 3,01 3,02 3,03 3,04 3,05 3,06 3,07 3,08 3,09 3,10 3,11 3,12 3,13 3,14 3,15 3,16 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 4,6 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, [1986—1988].
  5. 5,0 5,1 5,2 Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.— 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  6. Ад гасцініцы «Белорусь» да гасцініцы Crowne Plaza

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]