Астравы Піткэрн
| |||||
Дэвіз: «Come Ye Blessed» | |||||
Гімн: «God Save the Queen» | |||||
Афіцыйныя мовы | aнглійская | ||||
Сталіца | Адамстаўн | ||||
Форма кіравання | Канстытуцыйныя манархія | ||||
каралева | Елізавета II | ||||
Плошча • Усяго |
47 км² | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2011) • Шчыльнасць |
67 чал. 1.27 чал./км² | ||||
Валюта | долар Піткэрна | ||||
Інтэрнэт-дамены | .pn | ||||
Код ISO (Alpha-2) | PN | ||||
Код ISO (Alpha-3) | PCN | ||||
Тэлефонны код | +64 | ||||
Часавыя паясы | (UTC-8) |
Астравы Пі́ткэрн (на мясцовым дыялекце Pitkern Ailens, англ. Pitcairn Islands) — заморская тэрыторыя Вялікабрытаніі ў Ціхім акіяне. Агульная плошча сушы — 47 км². Насельніцтва — 67 чал. (2011 г.). Сталіца і адзінае паселішча — Адамстаўн на востраве Піткэрн.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Астравы ўяўляюць сабою чатыры малыя кавалкі сушы на поўдні Ціхага акіяна:
Востраў Піткэрн — адзіны населены з іх і адзіны востраў вулканічнага паходжання. Ён месціцца ў 2170 км ад Таіці, 5310 км ад Новай Зеландыі і 6600 км ад Панамы. Астатнія астравы — каралавыя.
Клімат спякотны, трапічны, даволі вільготны. Дажджлівы сезон працягваецца з лістапада па сакавік. У гэты час астравы часцяком церпяць ад тайфунаў. Сярэдняя тэмпература ўлетку — 25-35 °C, у дажджлівы сезон — 17-25 °C.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Значную частку астравоў пакрываюць лясы. На востраве Піткэрн захавалася ўсяго 4 віды эндэмічнай флоры, у тым ліку дрэвападобная папараць Angiopteris chauliodonta і дрэва тапаў, якое шануецца астравіцянамі з-за высакаякаснай драўніны.
Фаўна прадстаўлена марскімі чарапахамі, пацукамі, крабамі і шматлікімі рэдкімі птушкамі. На Хендэрсане захавалася эндэмічная нялётаючая птушка.
-
Лес на востраве Піткэрн
-
Узбярэжжа вострава Піткэрн
-
Узбярэжжа вострава Хендэрсан
-
Гняздоўе на атоле Дзюсі
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Палінезійская каланізацыя
[правіць | правіць зыходнік]Першымі насельнікамі астравоў Піткэрн і Хендэрсан былі палінезійцы, якія трапілі сюды ў прамежку часу паміж XI ст. і XV ст. Яны падтрымлівалі цесныя стасункі з востравам Мангарэва, адкуль завозілі высакаякасныя прылады працы з каменю і вулканічнага шкла. Аднак да прыходу еўрапейцаў палінезійцы пакінулі астравы. Магчыма, гэта тлумачыцца заняпадам культуры на Мангарэва і немагчымасцю ўтрымоўваць буйную супольнасць на ізаляваных землях без кантактаў са знешнім светам. Рэшткі палінезійскай каланізацыі сустракаліся на Піткэрне яшчэ ў канцы XVIII ст.
Еўрапейскія першаадкрывальнікі
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Піткэрн былі адкрытыя ў студзені 1606 г. іспанскім мараплаўцам П. Ф. дэ Кірасам. Але ў іншых краінах Еўропы інфармацыя пра іх не была асабліва распаўсюджана.
3 ліпеня 1767 г. каманда брытанскага судна «Ластаўка» на чале з капітанам Філіпам Картэрэтам зноў убачыла Піткэрн. Капітан даў назву востраву па прозвішчу першага матроса, які заўважыў яго на гарызонце. Аднак каардынаты былі нанесены не зусім верна, што пазней стварыла праблему для мяцежнай каманды «Баўнці».
Дзюсі быў паўторна адкрыты брытанцам Эдвардам Эдвардсам, які на судне «Пандора» безвынікова шукаў паўстанцаў з «Баўнці».
У студзені 1819 г. былі паўторна адкрытыя Хендэрсан і Оўэна.
Каланізацыя паўстанцамі з «Баўнці»
[правіць | правіць зыходнік]28 красавіка 1789 г. у Ціхім акіяне на судне «Баўнці», пасланым брытанскімі ўладамі на востраў Таіці за парасткамі хлебнага дрэва, успыхнуў мяцеж маракоў. Яны высадзілі капітана Вільяма Блая і лаяльных чальцоў каманды на шлюп і паспрабавалі асесці на Тубуаі, а потым на Таіці. Аднак правадыр мяцежнікаў Флетчэр Крысчэн асцерагаўся, што тут іх знойдуць. Таму разам з 8 іншымі паўстанцамі і падманам заманенымі на карабель таіцянцамі, 6 мужчынамі і 11 жанчынамі (адна з іх мела немаўля), ён адправіўся на «Баўнці» на пошукі бяспечнага месца. Пасля доўгіх пошукаў 23 студзеня 1790 г. судна спынілася ў заліве, які пасля атрымаў яго імя, каля вострава Піткэрн. Каб не правакаваць членаў каманды пакінуць востраў, мяцежнікі спалілі «Баўнці».
Жанчыны былі падзелены паміж мужчынамі ў якасці жонак. Мяцежнікі прывезлі з сабою насенне і свойскую жывёлу, што дазволіла ім займацца сельскай гаспадаркай. Флетчэр Крысчэн імкнуўся справядліва кіраваць новай калоніяй і прымаў мужчын-таіцян як роўных. Аднак адносіны паміж таіцянамі і брытанцамі паступова пагоршыліся. Пасля таго, як жонка аднаго з брытанцаў, Джэка Вільямса, у 1793 г. памерла, ён адабраў сабе жонку мужчыны-таіцяніна. У адказ таіцяне паднялі паўстанне, у выніку якога Флетчэр Крысчэн, Джэк Вільямс, яшчэ двое брытанцаў і ўсе мужчыны-таіцяне былі забіты.
Пасля смерці Флетчэра Крысчэна меліся сутычкі паміж каланістамі-брытанцамі. Некалькі разоў паўставалі жанчыны-таіцянкі, аднак пасля кожны раз прабачаліся. Пасля смерці Нэда Янга ад астмы ў 1800 г. у жывых застаўся толькі адзін мужчына-брытанец Джон Адамс. Ён прыняў на сябе адказнасць за ўсіх жанчын і дзяцей, арганізаваў навучанне дзяцей чытанню і прапаведаваў сярод каланістаў хрысціянства. Нягледзячы на ізаляванасць і наяўнасць толькі аднаго дарослага мужчыны, абшчына здолела існаваць далей.
У лютым 1808 г. да Піткэрна падышоў амерыканскі гандлёвы карабель «Тапаз» на чале з капітанам Мэйх’ю Фолджэрам, які спыніўся на востраве і быў вельмі здзіўлены, калі сустрэў мясцовых каланістаў, у тым ліку Джона Адамса. Пасля вяртання на радзіму Мэйх’ю Фолджэр паведаміў аб калоніі на Піткэрне шырокай аўдыторыі, але шмат хто ўспрымаў яго апавяданне як байку. Брытанскія ўлады атрымалі канчатковае пацверджанне толькі ў 1823 г.
У 1825 г. Джон Адамс атрымаў амністыю. 5 сакавіка 1829 г. ён памёр.
30 лістапада 1838 г. астравы Піткэрн былі афіцыйна ўключаны ў склад Вялікабрытаніі.
Піткэрн у XIX—XX стст.
[правіць | правіць зыходнік]Пасля смерці Джона Адамса на Піткэрне разгарнулася барацьба за душы астравіцян. У 1828 г. сярод іх пасяліўся пастар Джон Нобс, які ажаніўся з дачкой Флетчэра Крысчэна і ўзначаліў абшчыну. У 1831 г. піткэрнцаў, колькасць якіх расла, перасялілі на Таіці. Але там пачалася эпідэмія, пад час якой частка піткэрнцаў памерла, а 65 вярнуліся на востраў. У 1832—1838 гг. улада апынулася ў руках прэсвітарыянскага прапаведніка Джошуа Хіла, які ўвёў жорсткі рэжым і забараніў алкагольныя напоі. Пасля яго выгнання ўведзеныя ім законы былі адмененыя.
Супольнасць зноў узначаліў Нобс, які абагульніў зямлю. У пачатку 1850-х гг. ён упэўніў астравіцян звярнуцца да брытанскіх уладаў з просьбай аб перасяленні. 3 мая 1856 г. 193 астравіцяніны пакінулі Піткэрн і былі дастаўлены на востраў Норфалк. Пасля 18 месяцаў жыцця на новым месцы 17 чалавек вярнуліся дадому. Праз 5 гадоў яшчэ 27 чалавек рушылі ўслед. Астатнія засталіся на Норфалку, дзе іх нашчадкі да нашых дзён складаюць аснову мясцовага насельніцтва. Сучасныя піткэрнцы ўзгадваюць рэформы Нобса з асуджэннем. Пасля вяртання на востраў зямля зноў была падзелена паміж сем’ямі.
З 1876 г. Піткэрн наведваўся амерыканскімі пратэстанцкімі прапаведнікамі. У 1890 г. Джон Тэй з Каліфорніі пераканаў астравіцян стаць адвентыстамі сёмага дня. Некалькі піткэрнцаў былі накіраваны для навучэння ў адвентысцкі каледж у Сан-Францыска.
Пасля адкрыцця Панамскага канала Піткэрн стала наведваўся іншаземнымі суднамі. З 1930-х гг. частка моладзі пачала пакідаць востраў у пошуках працы. Калі ў 1936 г. насельніцтва дасягнула свайго максімума і складала 250 чал., то ў 1940 г. — толькі 163 чал. У 1993 г. быў зафіксаваны мінімум — 40 чал.
Скандал 2004 г.
[правіць | правіць зыходнік]Некаторыя наведвальнікі Піткэрна сцвярджалі, што з часоў Джона Адамса існавала правіла, згодна з якім усе астравіцяне павінны браць шлюб, але пазашлюбныя адносіны таксама не павінны асуджацца. Так, да 1930 г. прыкладна чвэрць усіх дзяцей на востраве была вынікам пазашлюбных адносін. У другой палове XX ст. даследчыкі рэдка звярталі ўвагу на гэтую акалічнасць. Аднак у 2004 г. маленькая супольнасць была ўцягнута ў вялікі скандал.
Яшчэ ў 1999 г. супрацоўнік Брытанскай паліцыі распачаў справу аб згвалтаванні 15-летняй дзяўчыны з Піткэрна. Да 2004 г. было апрошана мноства сведкаў, якія знаходзіліся па-за межамі вострава, але мелі досвед жыцця на ім. Адзін з аўстралійскіх прапаведнікаў-адвентыстаў сведчыў, што сексуальныя дамаганні да падлеткаў на Піткэрне — звычайная з’ява. Ён звяртаўся з прапановай пачаць барацьбу з распустай да Савета Піткэрна, але прапанова была адхілена, паколькі, згодна з мясцовай традыцыяй, дзяўчыны лічыліся дарослымі з 12 гадоў.
У выніку 30 верасня 2004 г. 7 мужчын, у тым ліку мэр Сціў Крысчэн, былі абвінавачаны ў сексуальных злачынствах. Нягледзячы на спробы адвакатаў сцвердзіць, што брытанскія законы не дзейнічаюць на Піткэрне, 24 кастрычніка 6 абвінавачаных былі асуджаныя. У 2005 г. было асуджана яшчэ 6 піткэрнцаў, якія жылі ў Новай Зеландыі.
Рэакцыя большасці насельнікаў Піткэрна на працэс была адмоўнай.
-
Паўстанне на "Баўнці", малюнак 1790 г.
-
Магіла Джона Адамса
-
Прычал на востраве Піткэрн, XIX ст.
-
Піткэрнцы, 1862 г.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Галоўны занятак насельнікаў вострава Піткэрн — сельская гаспадарка. Дзякуючы ўрадлівым глебам яны цалкам забяспечваюць сябе асноўнымі прадуктамі. Вырошчваюць садавіну, гародніну, кукурузу, гарбузы, кававае дрэва, бананы і інш. Воды вакол астравоў багатыя рыбай, аднак яе лоў не мае прамысловага характару. Частку ўраджая садавіны і свежую рыбу прадаюць на судны, якія падыходзяць да вострава. У апошнія гады некаторы прыбытак дае вываз сухафруктаў.
Піткэрнцы таксама трымаюць курэй і коз у асноўным для атрымання яек і малака, паколькі мяса ў ежу не ўжываюць.
З канца XX ст. важную эканамічную ролю адыгрывае пчалярства. У 1998 г. пры падтрымцы ўрада Вялікабрытаніі было праведзена даследаванне, якое выявіла, што мясцовыя пчолы ў выніку ізаляцыі не падвержаныя хваробам, а іх мёд мае высокую якасць. У выніку была распрацавана праграма развіцця пчалярства. Прадукты гэтага промыслу, у першую чаргу мёд, прадаюцца ў іншыя краіны, галоўным чынам у Новую Зеландыю і Вялікабрытанію.
Турызм пакуль мае абмежаванае значэнне. У асноўным Піткэрн наведваюць пасажыры круізных суднаў. Аднак дзякуючы яму піткэрнцы працягваюць займацца саматужным рамяством. Турысты купляюць мясцовыя вырабы з дрэва і вопратку з тапы.
Піткэрн таксама выпускае свае паштоўкі і сувенірныя манеты, якія карыстаюцца папулярнасцю сярод калекцыянераў.
У Адамстаўне працуе адзіная дызельная электрастанцыя.
Фармальна, афіцыйная валюта — долар Піткэрна. Але фактычна разлікі праводзяцца ў доларах Новай Зеландыі.
Кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Піткэрн лічыцца самай малой дэмакратычнай краінай у свеце. З 1838 г. жанчыны афіцыйна маюць роўныя выбарчыя правы з мужчынамі. Замест Канстытуцыі дзейнічае ўказ аб мясцовым кіраванні ад 1964 г. Кіраўнік дзяржавы — кароль Вялікабрытаніі. На астравах яго прадстаўляе губернатар. Гэтую пасаду сумяшчае брытанскі вярхоўны камісар у Новай Зеландыі. Мясцовыя кіруючыя функцыі знаходзяцца ў мэра Піткэрна, які выбіраецца на трохгадовы тэрмін астравіцянамі і зацвярджаецца губернатарам.
Заканадаўчыя функцыі выконвае Савет Піткэрна. У яго склад уваходзяць 10 чалавек: мэр, старшыня Савету, 2 асобы, прызначаныя губернатарам, 1 асоба, прызначаная старшынёй, 4 чальцы, выбраныя дарослымі астравіцянамі (на 1 год), 1 месца зарэзервавана за камісарам, прызначаным губернатарам для вядзення стасункаў паміж ім і Саветам, але які стала не жыве на востраве.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Піткэрн — самая маланаселеная краіна свету. У 2011 г. насельніцтва склала ўсяго 67 чал. Усе яны з’яўляюцца прамымі нашчадкамі маракоў з «Баўнці» і жанчын-таіцянак, жывуць у адзіным паселішчы Адамстаўн на востраве Піткэрн.
Нараджальнасць нізкая, характэрная больш для еўрапейскіх краін, чым для Акіяніі. У 1986—2003 гг. на Піткэрне не нарадзілася ніводнага дзіцяці. Малая колькасць насельніцтва таксама абумоўлена эміграцыяй піткэрнцаў у іншыя краіны, асабліва ў Новую Зеландыю.
Дынаміка колькасці насельніцтва на астравах Піткэрн:
Год | Насельніцтва | Год | Насельніцтва | Год | Насельніцтва | Год | Насельніцтва | Год | Насельніцтва |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1790 | 27 | 1880 | 112 | 1970 | 96 | 1992 | 54 | 2002 | 48 |
1800 | 34 | 1890 | 136 | 1975 | 74 | 1993 | 57 | 2003 | 59 |
1810 | 50 | 1900 | 136 | 1980 | 61 | 1994 | 54 | 2004 | 65 |
1820 | 66 | 1910 | 140 | 1985 | 58 | 1995 | 55 | 2005 | 63 |
1830 | 70 | 1920 | 163 | 1986 | 68 | 1996 | 43 | 2006 | 65 |
1840 | 119 | 1930 | 190 | 1987 | 59 | 1997 | 40 | 2007 | 64 |
1850 | 146 | 1936 | 250 | 1988 | 55 | 1998 | 66 | 2008 | 66 |
1856* | 193 | 1940 | 163 | 1989 | 55 | 1999 | 46 | 2009 | 67 |
1859** | 116 | 1950 | 161 | 1990 | 59 | 2000 | 51 | 2010 | 64 |
1870 | 70 | 1960 | 126 | 1991 | 66 | 2001 | 44 | 2011 | 67 |
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Культура піткэрнцаў спалучае еўрапейскія і палінезійскія рысы, аднак еўрапейскія пераважаюць, што звязана з паступовым працэсам мадэрнізацыі. Ізаляцыя спрыяе захаванню мясцовай тоеснасці. Усе піткэрнцы — адвентысты сёмага дня (гл. Пратэстанцтва), што таксама ўздзейнічае на асаблівасці мясцовай культуры і светаўспрымання. Яны не ўжываюць тытунь, алкагольныя напоі, не танчаць і не ядуць мяса.
Такія традыцыйныя заняткі, як разьбярства па дрэве, ручны выраб тканін, будаванне малых лодак, захаваліся да нашага часу. Аднак адышлі ў нябыт традыцыйныя пабудовы ў палінезійскім стылі. Значна змяніліся формы гаспадарання.
На Піткэрне працуе 1 пачатковая школа. Для атрымання сярэдняй або вышэйшай адукацыі астравіцяне павінны ехаць у іншыя краіны.
Сувязь з вонкавым светам падтрымліваецца пераважна праз радыё і інтэрнэт.
-
Будынак касцёлу ў Адамстаўне
-
Лодкі ў заліве Баўнці
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Афіцыйная мова — англійская. Яна вывучаецца ў школе, таму большасць піткэрнцаў свабодна валодае ёй. Аднак у паўсядзённым жыцці астравіцяне размаўляюць на мясцовым дыялекце, які ўвабраў у сябе вялікую колькасць палінезійскіх слоў, адрозніваецца ад стандартнай англійскай фанетычна і граматычна, а таму разглядаецца некаторымі вучонымі як самастойная мова.
Прыклады асаблівасцяў піткэрнскага дыялекту:
- Yus eyes sa ulla-ulla (пітк.) — Your eyes are red with crying (англ.). — Твае вочы пачырванелі ад слёз (бел.)
- Dah little sullun sa sore (пітк.) — The little child is sick (англ.). — Малое дзіця хворае (бел.)
- I ka wa (пітк.) — I don’t know (англ.). — Я не ведаю (бел.)
- I’sa goin’ nawi (пітк.) — I’m going for a swim (англ.). — Я збіраюся паплаваць (бел.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Астравы Піткэрн
- Pitcairn Islands даведнік на сайце Wikivoyage
- Афіцыйны сайт
- Афіцыйны турыстычны рэсурс Архівавана 25 студзеня 2011.
- Філатэлія Архівавана 30 красавіка 2012.
- Onlinepitcairn Архівавана 13 мая 2012.
- Гісторыя
- Цэнтр вывучэння Піткэрна
- Мяцеж на «Баўнці»
- Фотаздымкі
- Скандал 2004 г.
- Кіраўніцтва па прыёме міжнародных паштовых адпраўленняў на сайце Белпошты Архівавана 25 мая 2012.
- Надвор’е