Рагнеда Рагвалодаўна
Рагнеда Рагвалодаўна | |
---|---|
аг.-усх.-слав.: Рогнѣдь | |
| |
Нараджэнне | каля 962 |
Смерць | 1000[1][2][…] |
Род | Ізяславічы Полацкія |
Бацька | Рагвалод |
Муж | Уладзімір Святаславіч[1][3][…] |
Дзеці | Ізяслаў |
Веравызнанне | хрысціянства |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рагнеда Рагвалодаўна, Гарыслава (аг.-усх.-слав.: Рогнѣдь[4][5] ад стар.-сканд.: Ragnheiðr[6][7][8][9][10], каля 966 — 1000) — княжна полацкая, дачка першага вядомага полацкага князя Рагвалода, адна з жонак кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча[11].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Дачка полацкага князя Рагвалода, да саюза з якім імкнуліся браты — кіеўскі князь Яраполк і наўгародскі князь Уладзімір. Паводле летапісу, калі ў канцы 977 года Уладзімір сватаўся да Рагнеды, яна ўжо была прасватана за Яраполка. Калі ў Полацк прыехалі і ўладзіміравы сваты, Рагвалод спытаўся дачку ці хоча яна замуж за Уладзіміра, а Рагнеда адмовілася[11]: «Не хочю розути робичича, но Ярополка хочю», — назвала Уладзіміра сынам рабыні (яго маці была палоннай і ключніцай княгіні Вольгі).
Калі адказ Рагнеды сваты паведамілі Дабрыні, дзядзьку Уладзіміра, яны з войскам з варагаў, наўгародцаў, чудзі і крывічоў прыйшлі да Полацка. Рагнеду тым часам ужо сабраліся везці да Яраполка. Рагвалод выйшаў супраць, але пацярпеў паразу і зачыніўся ў горадзе. Полацк быў узяты на пачатку 978 года, а Рагвалод з сынамі, жонкай і Рагнедай палонены. Дабрыня зневажаў Рагвалода і Рагнеду, нагадаў ёй словы пра рабыніча і загадаў Уладзіміру згвалціць яе на вачах бацькі і маці. Пасля Рагвалода з жонкай і сынамі забілі.[12][13][14]
На думку даследчыкаў, абразлівыя Уладзіміру і Дабрыні словы не належалі самой Рагнедзе і не былі прычынай вайны, важней быў удзел Рагвалода ў барацьбе Яраполка і Уладзіміра на баку аднаго з іх, а адказ Рагнеды сведчыў пра выбар Рагвалода на карысць Кіева, што немінуча вяло да вайны з Ноўгарадам.[15][16]
Неўзабаве, 11 чэрвеня 978 года Уладзімір стаў вялікім князем кіеўскім і забіў свайго брата Яраполка. У Кіеве было спраўлена вяселле Уладзіміра з Рагнедай, дзе ён даў ужо другой сваёй жонцы імя Гарыслава. Рагнеду-Гарыславу пасялілі ў сяльцы на Лыбедзі пад Кіевам (пазней сяло вядома як Прадславіна, ад імя ўладзіміравай дачкі Прадславы, якая жыла там пасля Рагнеды, цяпер мясцовасць у межах Кіева).
Перад 986 годам, плануючы ажаніцца з візантыйскай прынцэсай Ганнай, а для гэтага ахрысціцца, Уладзімір мусіў развесціся з ранейшымі жонкамі, у т.л. і Рагнедай. Напэўна, да гэтага часу (985—986) трэба аднесці і замах Рагнеды на Уладзіміра[14]. Паводле падання, Рагнеда помсціла Уладзіміру і няўдала замахнулася на яго, калі ён спаў. Уладзімір цудам прачнуўся і думаў забіць яе, але за маці заступіўся малалетні Ізяслаў. Пасля рады з баярамі Уладзімір вярнуў Рагнедзе «отчыну», такім чынам развёўся з ёю, а таксама пабудаваў для сына Ізяслава горад Ізяслаўль (цяпер гарадзішча Замэчак у Заслаўі).
Асоба Рагнеды прыцягвае ўвагу даследчыкаў, што ў значнай ступені тлумачыцца міфалагізацыяй, якая выяўляецца ў спрэчных пытаннях. Адзначалася, у прыватнасці, падабенства лёсу Рагнеды з персанажамі скандынаўскіх саг. Аднак многія дэталі, як адмова жаніху праз яго нізкае паходжанне або заступніцтва малалетняга сына, ці заступніцтва баяраў і іншае, сведчаць, што апавяданне мела пэўныя гістарычныя вытокі і не цалкам было летапісным паданнем[17].
Спрэчныя пытанні
[правіць | правіць зыходнік]Замах на Уладзіміра
[правіць | правіць зыходнік]Паводле «Аповесці мінулых часоў», Уладзімір прыехаў ў сяльцо на Лыбедзі, дзе жыла Рагнеда і яна ўначы хацела забіць яго, але князь прачнуўся і адвёў удар. Спроба Рагнеды забіць мужа разглядаецца некаторымі даследчыкамі як праява рэўнасці, а некаторымі як помста за свой род.
Уладзімір хацеў пакараць Рагнеду смерцю, загадаў апрануць княжацкі ўбор і чакаць, аднак, навучаны маці Ізяслаў з мечам у руках выступіў у яе абарону. Заступніцтва Ізяслава ўразіла Уладзіміра, ён звярнуўся па раду сваіх баяр, якія параілі не забіваць Рагнеду, а аднавіць яе «отчыну» і даць ёй з сынам: «Оуже не оубии ея дѣтяти дѣля сего, но въздвигни отчину ея, и даи еи с сыном своимъ» (Лаўрэнцеўскі (XIV ст.) і Радзівілаўскі (XV ст.) летапісы). Уладзімір так і зрабіў, аддаў былой жонцы і сыну Полацк, а таксама заснаваў для сына горад Ізяслаўль.
-
Замах Рагнеды на Уладзіміра (мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.)
-
Уладзімір хоча пакараць Рагнеду, на яе абарону выступае Ізяслаў (мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.)
-
Аркуш Радзівілаўскага летапісу з артыкулам пра раду ўладзіміравых баяр.
Прыняцце пострыгу
[правіць | правіць зыходнік]У Цвярскім летапісе (1534) змешчана паданне як перад уласным хрышчэннем Уладзімір Святаславіч прапанаваў сваёй жонцы — маці Яраслава — развод і шлюб з любым са сваіх баяраў. Аднак маці Яраслава адмовілася, бо «царыцай была, а рабыняй быць не хачу» і пажадала прыняць пострыг, што і зрабіла пад імем Анастасія. Учынак маці быццам настолькі ўразіў Яраслава, які быў пры размове, што ён адужаў ад паралічу ног. Складальнік Цвярскога летапісу, які ведаў паданне пра маці Яраслава, але не ведаў яе імя, гледзячы на адрэдагаваныя ў XII ст. летапісныя спісы жонак і сыноў Уладзіміра ўпісаў у паданне Рагнеду[18]. Адтуль пайшлі і пазнейшыя паданні, што Рагнеда пад імем Анастасія жыла ў Ізяслаўлі дзе нібыта ёю заснаваны манастыр, але гэтыя звесткі не пацвярджаюцца крыніцамі. Некаторыя даследчыкі ўсё ж звязваюць два паданні (пра замах і пострыг) і лічаць, што непасрэдна пасля адмовы выйсці замуж за баярына маці Яраслава (паводле іх Рагнеда) і замахнулася на Уладзіміра, праўда, у такім выпадку яе дзеянні выглядаюць непаслядоўнымі. Пагатоў, Рагнеда наўрад ці лічыла сябе «царыцай», гэты статус хутчэй пасуе першай жонцы Уладзіміра — Алаве (паводле саг Алогіі).
Колькасць дзяцей
[правіць | правіць зыходнік]Паводле адных спісаў «Аповесці мінулых часоў» у Рагнеды і Уладзіміра было 4 сыны і 2 дачкі — Ізяслаў, Мсціслаў[заўв 1], Яраслаў, Усевалад, Прадслава і Праміслава. Паводле другіх — Лаўрэнцеўскага і Маскоўскага зводу — толькі адзін сын, Ізяслаў[19]. Да гэтага дадаецца летапісны антаганізм «Рагваложых унукаў» з «Яраслаўлімі ўнукамі», які не меў бы сэнсу, бо ўнукі Яраслава як Рагнедзіна сына былі б і Рагваложымі[19]. Праз гэта, а таксама супярэчнасці паміж спісамі ўладзіміравых жонак, шлюб працягласцю не болей за 7 гадоў (пачатак 978 — да 986), аддаленасць ад двара, пазнейшыя шлюбы Уладзіміра, некаторыя даследчыкі сумняюцца ў пэўнасці звестак летапісаў і падазраюць іх пазнейшае рэдагаванне[18].
Асабліва супярэчлівае прылічэнне да сыноў Рагнеды Яраслава, які нарадзіўся ў 978 годзе і паводле летапісаў быў маладзейшы за Ізяслава, каб зняць гэтую супярэчнасць некаторыя даследчыкі прапануюць унесці змены ў храналогію падзей на Русі ў 970-х гадах і змясціць узяцце Полацка пад 975 або 976 годам. Магчыма, прылічэнне Яраслава, а таксама яго братоў і сёстраў да сыноў Рагнеды адбылося ў часы Уладзіміра Усеваладавіча або яго сына Мсціслава, якія імкнуліся да падпарадкавання Полацкай зямлі. У іх час летапісанне перададзена з Кіева-Пячэрскага ў Выдубіцкі манастыр і запісы перапрацаваны, прылічэнне свайго продка да сыноў Рагнеды давала Уладзіміру і Мсціславу нейкія правы на Полацк. Імаверна, Ізяслаў быў адзіным дзіцём Рагнеды[18]. Гэта пацвярджаецца як словамі самой Рагнеды да Уладзіміра: «Ты бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцём», так і словамі Уладзіміравых баяр: «Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе отчыну і дай ёй са сваім сынам». У некаторых спісах Ізяслаў названы не дзіцём, а «младзенцам», то бок узростам не болей за 7 гадоў[18] — такім чынам, калі падзеі адбываліся перад 986 годам, што праўдападобна, нарадзіцца ён мог не раней за 979 год.
Яраслаў, які нарадзіўся не пазней за 978 год, не мог быць малодшым братам Ізяслава і сынам Рагнеды, а толькі сынам першай жонкі Уладзіміра — Алавы, то бок другім яго сынам пасля Вышаслава. Алава вядома з скандынаўскіх сагаў як Алогія, выступае там уплывовай на Русі жанчынай, якая жыла ў сталіцы і ўдзельнічала ў палітыцы, прымала да двара скандынаваў, мела значныя грашовыя сродкі і ўласную дружыну. Падобны статус болей адпавядае статусу «царыцы», як паводле падання назвала сябе маці Яраслава, за статус Рагнеды — жыхаркі прыгараднага сяла.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]- Помнік Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (1993, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1998) калектыву аўтараў).
- Паштовая марка Рэспублікі Беларусь «Рагнеда — князёўна Полацкая», 1993.
- Памятныя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь «Рагвалод Полацкі. Рагнеда» (з серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы»). Наміналы: 1 рубель (медна-нікелевая), 20 рублёў (срэбная); дызайн С. Заскевіча (Беларусь); чаканка ЗАТ «Літоўскі манетны двор» (Вільнюс, Літва); выпушчана ў зварот 9.11.2006[20].
Украіна
[правіць | правіць зыходнік]-
Помнік 1000-годдзю хрысціянства ў Беларусі на гарадзішчы Замэчак.
-
Помнік Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі
-
Паштовая марка Рэспублікі Беларусь, 1993
-
Манета Рэспублікі Беларусь, 2006
-
Цюльпан сорту «Рагнеда» у Мінскім батанічным садзе.
-
Вуліца Рагнідыньска ў Кіеве
Вобраз у культуры
[правіць | правіць зыходнік]У літаратуры
[правіць | правіць зыходнік]Рагнедзе прысвечаны шэраг паэтычных і празаічных твораў, у тым ліку Янкі Купалы, Тараса Шаўчэнкі і іншых аўтараў.
- Бондар, Т. Рагнеда: паэма // Чырвоны месяц года. — Мінск, 1985. — С.84—125.
- Вольскі, А. В. Выгнанне Рагнеды: паэма // Наваселле дрэў. — Мінск, 1990. — С. 99—123.
- Іпатава, В. Рагнеда: верш // Крыніца. — 1997. — № 9. — С. 22—23.
- Крэчэўскі, П. Рагнеда: гістарычная драма Х ст. у 4 актах з пралогам // Спадчына. — 1993. — № 3. — С. 16—30.
- Рылеев, К. Ф. Рогнеда: поэма // Полоцкій летописец. — 1992. — № 1. — С. 87—89.
- Случанін, Л. Рагнеда: паэма. — Вільня, 1944; Сідней, 1958; Спадчына, 1991, № 1.
- Тарасаў, К. Тры жыцці княгіні Рагнеды: аповесць.
- Дудараў, А. Палачанка: вершаваная драма. — 1998.
У выяўленчым мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]- мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, XV ст. (імаверна, копіі з ранейшых, якія ўзыходзяць, магчыма, да ХІ ст.);
- палатно «Уладзімір і Рагнеда» або «Уладзімір перад Рагнедай», Антон Ласенка (1770);
- палатно «Рэўнасць Рагнеды», С. Грыбкоў
- гравюра «Замах Рагнеды на Уладзіміра», Б. А. Чорыкаў (1836);
- палатно «Уладзімір і Рагнеда», А. І. Транкоўскі (XIX ст.);
- палатно-трыпціх «Лёс Рагнеды, або Сцяна памяці», Фелікс Янушкевіч (1986).
У тэатры
[правіць | правіць зыходнік]Кампазітар А. Сяроў напісаў оперу «Рагнеда», прэм’ера з вялікім поспехам адбылася ў Марыінскім тэатры ў 1865 годзе.
- балет «Страсці (Рагнеда)», В. Елізар’еў, А. Мдзівані (1993, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1996 года).
У кіно
[правіць | правіць зыходнік]- «Рагнеда» (1911, Расія, рэжысёр Уладзімір Крыўцоў, паводле п’есы А. Амфітэатрава, страчаны), у ролі Рагнеды — Алена Уварава.
- «Яраслаў Мудры» (1981, СССР, рэж. Р. Кохан), Рагнеда — Р. Недашкоўская.
- «Уладзімір Святы» (1993, Расія, рэж. Ю. Тамашэўскі), Рагнеда — Н. Данілава.
- «Вікінг» (2016, Расія, рэж. А. Краўчук), Рагнеда — А. Борціч.
-
Уладзімір і Рагнеда (алей, А. П. Ласенка, 1770; Дзяржаўны рускі музей, Санкт-Пецярбург)
-
Замах Рагнеды на Уладзіміра (гравюра, Б. А. Чорыкаў, 1836)
-
А. Борціч у ролі Рагнеды, кадр з фільма «Вікінг».
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Рогнеда Рогволодовна // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1899. — Т. XXVIа. — С. 883.
- ↑ Н. М. Рогнеда Рогволодовна // Русский биографический словарь — СПб.: 1913. — Т. 16. — С. 275–276.
- ↑ А. Э. Владимир Святославич // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VIа. — С. 653–655.
- ↑ Лаўр., 56;
- ↑ Іпац., 53;
- ↑ Рыдзевская Е. А. Древняя Русь и Скандинавия IX—XIV вв. / Отв. ред. И. П. Шаскольский // Древнейшие государства на территории СССР. Материалы и исследования. 1978 г. — М.: Наука, 1978. — 240 с.
- ↑ Джаксон Т. Н. Глава 8. «Palteskja ok þat ríki allt, er þar liggr til» // Austr í Görðum: древнерусские топонимы в древнескандинавских источниках. — М.: Языки русской культуры, 2001.
- ↑ Duczko W. Ruś Wikingów. Historia obecności Skandynawów we wczesnośredniowiecznej Europie Wschodniej. — Warszawa, 2007. — S. 108.
- ↑ Рогнедь // Этимологический словарь русского языка / М. Р. Фасмер. — М.: Прогресс, 1964—1973.
- ↑ Михеев С. М. Легенда о Владимире и Рогнеде и скандинавская традиция (к параллели с легендой о сыновьях Хейдрека) // Именослов. История языка. История культуры. — СПб., 2010. (Труды Центра славяно-германских исследований. I.) — С. 169—179.
- ↑ а б БЭ у 18 т. Т. 13. — С. 200.
- ↑ Іпац. 63-64: «Рогъволодъ же вбеже в городъ; и приступивъше к городу, и взяша город и самого яша и жену его, и дщерь его; и Добрына поноси ему и дщери его, нарекъ ей робичица, и повеле Володимеру быти с нею пред отцемь ея и матерью; потом отца ея оуби, а саму поя жене, и нарекоша ей имя Горислава».
- ↑ Карпов А. Ю. Владимир Святой. — М.: Молод. гвардия, 2004. — С. 92—93.
- ↑ а б БЭ у 18 т. Т. 13. — С. 201.
- ↑ Литвина, Успенский… С. 335—357.
- ↑ Самонова М. Н. Полоцкое княжество в системе… С. 6;
- ↑ Ермаловіч М. Старажытна Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыды. Мн., 1990. С. 77-78
- ↑ а б в г Заяц 1995, с. 112.
- ↑ а б Рукавишников А. В. Почему полоцкие… С. 105.
- ↑ Памятныя манеты «Рагвалод Полацкі і Рагнеда» Архівавана 31 сакавіка 2015. // Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бацькаўшчына: Зб. гіст. літ.: (Зб. прысвечаны Рагнедзе, дачцэ першага полац. князя Рагвалода). — Мн.: Юнацтва, 1999. — 367 с.: іл.
- Заяц Ю. А. Заславль в эпоху феодализма. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-01350-3
- Заяц Ю. А. Полоцкий княжеский дом: правовой аспект взаимоотношений князей Полоцкого и Киевского домов (985—1129 гг.) // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Даследаванні сярэдневяковых старажытнасцей Цэнтральнай Беларусі (памяці Ю. А. Заяца) / Навук.рэд.: В. М. Ляўко. — Вып. 24. — Мінск: «Беларуская навука», 2013.
- Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики. — М.: «Индрик», 2006. — 904 с. — 1000 экз. — ISBN 5-85759-339-5
- Рагнеда Рагвалодаўна // Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. даведнік. — Мн., 2001. — С. 337—338.
- Рагнеда Рагвалодаўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 200—201. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Рагнеда Рагвалодаўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 613—614. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Рагнеда Рагвалодаўна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка. — Мн., 2002. — С. 101.
- Рукавишников А. В. Почему полоцкие князья были сосланы в Византию: Свидетельства источников // Древняя Русь: Вопросы медиевистики. 2003. № 2 (12). С. 99-111.
- Самонова М. Н. Полоцкое княжество в системе династических связей и политических взаимоотношений Руси со Скандинавией и Польшей в XI — начале XIII в. // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. Вып. 5. — Минск: РИВШ, 2012. — 244 с. — С. 6-24;
- Самонова М. Н. Рогволод и Рогнеда: скандинавские корни династии // Alba Ruscia: белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (X—XVI вв.) / Отв. ред. А. В. Мартынюк. — М.: Квадрига, 2015. — С. 8-26.
- Успенский Ф. Казус с Рогнедой: Сватовство Владимира в свете дохристианской правовой традиции Скандинавии // Древнейшие государства Восточной Европы. 2011 год: Устная традиция в письменном тексте. — М.: Русский Фонд содействия образованию и науке, 2013.
- Фількова А. Дачка я волі…: (Вобраз Рагнеды ў бел. літ.) // Першацвет. − 1995. № 1. — С.111-120.
- Чамярыцкі В. Летапісныя рэдакцыі падання пра Рагнеду // Беларусіка — Albaruthenica. Кн. 9. 480 год беларускага кнігадрукавання: Матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў / Гал. рэд. А. Мальдзіс і інш. Мн., 1998. С. 163—169.
- Штыхаў, Г. Рагнеда Рагвалодаўна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 44. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.