Перайсці да зместу

Цыпрыян Павел Бжастоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цыпрыян Павел Бжастоўскі
Герб «Стрэмя»
Герб «Стрэмя»
Ваявода троцкі
1684 — 1688
Папярэднік Марцыян Аляксандр Агінскі
Пераемнік Ежы Юзаф Радзівіл
Кашталян троцкі
1681 — 1684
Папярэднік Ян Караль Копаць
Пераемнік Ян Казімір Кірдзей

Нараджэнне 1612[1][2]
Смерць 8 чэрвеня 1688(1688-06-08)
Месца пахавання
Род Бжастоўскія
Бацька Ян Бжастоўскі
Маці Катажына з Чарніцкіх[d]
Жонка Барбара з Раецкіх[d]
Дзеці Тэрэза, Эмануэль, Канстанцін Казімір, Ян Уладзіслаў, Антоні

Цыпрыян Павел Бжастоўскі (1612 — 8 чэрвеня 1688) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат[3]. Кашталян (1681—1684) і ваявода троцкі (1684—1688).

Біяграфічныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з роду Бжастоўскіх герба «Стрэмя», сын Яна Бжастоўскага. Рэгент вялікалітоўскай Канцылярыі (1640—1650), стольнік віленскі (з 1642), пісар дэкрэтавы літоўскі (1645—1650), рэферэндар літоўскі (1650—1681), вялікі пісар літоўскі (1657—1672), кашталян троцкі (1681—1684), ваявода троцкі (з 1684); староста мядзельскі, ашмянскі, субоцкі, аранскі, азяцкі, даўгоўскі, быстрыцкі[3].

Палац Бжастоўскіх у Вільні, які ў 1667 годзе набыў дыпламат Цыпрыян Павел Бжастоўскі.

Відны дыпламат. Шматразова выбіраўся паслом на соймы, а таксама курыраваў стасункі з Расіяй. Удзельнічаў у перагаворах з маскоўскімі пасламі ў Нямежы (1658), у Андросаве (1663—1664), у заключэнні Андросаўскага перамір'я (1667) пад час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667)[3]. Пасол у Маскве (1671—1672, 1679).

Прыхільнік кандыдатуры рускага цара на польскі трон[3]. У 1671—72 і 1679 выязджаў у Маскву для заключэння саюза супраць Турцыі, удзельнічаў у падпісанні «Вечнага міру» 1686 года[3].

Вёў дзённікі пасольстваў, сабраў 13 тамоў лістоў, рэляцый і іншых гістарычных крыніц[3].

Быў жанаты з Барбарай Дунін-Раецкай, меў дачку Тэрэзу, якая выйшла замуж за кашталяна віцебскага Марцыяна Міхала Агінскага, і пяцярых сыноў.

Літаратурная творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Своеасаблівым помнікам літаратуры свайго часу з'яўляецца «Дыярыуш дарогі на Камісію ў Вільню 1656 года», складзены Цыпрыянам Паўлам Бжастоўскім. У творы фіксуецца паслядоўнасць населеных пунктаў, што праязджаў аўтар, апісваецца ход перамоў паміж дэлегацыямі ВКЛ і Расіі, адзначаюцца змены ваенна-палітычных абставін у краіне ў час шведскага нашэсця, пераказваецца змест атрыманых дыпламатамі пасланняў, узнаўляюцца іх гутаркі паміж сабой і інш. Не парушаючы каляндарнай паслядоўнасці і не губляючы ніткі асноўнага апавядання, Цыпрыян Павел Бжастоўскі падае нямала звестак пра свае асабістыя заняткі і настрой непасрэдна ў дзелавых паведамленнях. 3 аднолькавай зацікаўленасцю мемуарыст апавядае, як дамаўляліся дыпламаты пра месца перамоў і як сам ён развітаўся з жонкай, якія аргументы прыводзілі бакі ў спрэчцы па пытаннях кніжнай цэнзуры ў ВКЛ, дзе і ў каго ён абедаў, якім быў настрой іншых людзей.

Выпадкі, здарэнні, настроі ў Цыпрыяна Паўла Бжастоўскага стыхійныя, ні з чым не звязаны і нічым не абумоўлены. У ланцугу фактаў быцця бясконцага свету, дзе толькі фіксацыяй месца і часу можна адзначыць аб'ектыўную «прывязку» падзей, чалавек разумеецца і выяўляецца як маленькая часцінка, як падпарадкаваны ўдзельнік усеагульнага руху магутных стыхій. Асоба не супрацьпастаўляецца асяроддзю, а робіцца прыналежнай да руху быцця ў агромістым сусвеце, у чым можна бачыць своеасаблівую праяву барочнага касмізму[4].

Зноскі

  1. Cyprian Paweł Brzostowski // CERL ThesaurusConsortium of European Research Libraries. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Cyprian Paweł Brzostowski // MAK
  3. а б в г д е Бжостовские // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. (руск.) / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. Биографический справочник. — С. 57. — 737 с. — 50 000 экз.
  4. С. Гаранін (2010)
  • Грыцкевіч А. Бжастоўскія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Гаранін С. Гістарычна-мемуарная літаратура // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: XI — першая палова XVIII стагоддзя / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома В. Чамярыцкі. — 3-е выд., выпр. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — С. 726—727. ISBN 978-985-08-1166-0