Слонім

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Горад Слонім)
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Горад
Слонім
Сцяг Герб
Сцяг Герб
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Заснаваны
Насельніцтва
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1562
Аўтамабільны код
4
СААТА
4254501000
Слонім на карце Беларусі ±
Слонім (Беларусь)
Слонім
Слонім (Гродзенская вобласць)
Слонім

Сло́нім[2] (трансліт.: Slonim) — горад у Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Слонімскага раёна, на р. Шчара пры ўпадзенні ў яе р. Іса. За 148 км на паўднёвы ўсход ад Гродна; чыгуначная станцыя на лініі БаранавічыВаўкавыск. Аўтамабільнымі дарогамі звязаны з Баранавічамі, Івацэвічамі, Ружанамі, Зэльвай, Дзятлавам. Насельніцтва 49 441 чалавек (2018)[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Летапісныя назвы: Услонім, Васлонім, якія, магчыма, паходзілі ад слова «услон»—заслон, у значэнні фарпосту на важнай рачной магістралі.

Паводле археалагічных даследаванняў, у XI стагоддзі на месцы сучаснага горада існавалі два ўмацаваныя гарадзішчы на абодвух берагах Шчары, якія, магчыма, паслужылі повадам для ўзнікнення назвы.

Наконт даты заснавання Слоніма ідзе дыскусія. Многія даследчыкі, спасылаючыся на польскага гісторыка XV стагоддзя Яна Длугаша, пішуць, што ў 1040 годзе кіеўскі князь Яраслаў Уладзіміравіч, «спаткаўшыся на палях слонімскіх з літвінамі, перамог іх так, што затым, калі ён праехаў Літву да самага Нёмана, прымусіў яе на пэўны час падпарадкавацца». На думку гісторыкаў, калі існавалі «палі слонімскія», то, лагічна, мусіў існаваць і сам Слонім. Такім чынам, спасылаючыся на Длугаша, у гістарычных даведках пра Слонім з’явілася і другая дата — 1040 год, як пачатак існавання горада, першае ўпамінанне аб ім у хроніках. Такая згадка прысутнічае ў «Апісанні горада Слоніма» (1891) М. Мілакоўскага[4], міжваенным «Нарысе гісторыі горада Гродна» (1934) Годэля Гольдберга[5], падтрымлівае яе зараз і слонімскі гісторык-краязнаўца Сяргей Чыгрын[6]. Аднак яшчэ слонімскі гісторык Васіль Супрун не знайшоў у перавыданнях Яна Длугаша згадак пра «слонімскія палі»[7]. Шэраг сучасных гісторыкаў (Васіль Герасімчык, Сяргей Ёрш) лічаць гэту згадку са спасылкай на Длугаша гістарыяграфічнай памылкай, якія ўзнікла ў ХІХ стагоддзі. Як падсумоваў гэту дыскусію Сяргей Ёрш: «Паход 1040 года Яраслава Мудрага ў наш рэгіён быў. Але няма ніякіх вартых даверу пісьмовых сведчанняў, што ў той час ужо існаваў Слонім. 1040 год, як і 1044-ы, і 1036-ы, на жаль, нельга лічыць за першую згадку нашага горада»[8].

З XII стагоддзя, відаць, на правабярэжжы на так званым Замчышчы (у цэнтры сучаснага горада на беразе Шчары) існаваў драўляны замак. У XIIXIII стст. горад з высокай матэрыяльнай культурай, развітымі рамёствамі і гандлем. У сувязі з барацьбой галіца-валынскіх і літоўскіх князёў за Панямонне горад быў аб’ектам ваенна-палітычных дзеянняў, таму неаднаразова пераходзіў ад адных князёў да другіх. У 1240-я гады Панямоннем авалодаў літоўскі князь Міндоўг, які перадаў Слонім свайму сыну Войшалку. Галіца-валынскія войскі Данілы і Васількі Раманавічаў спрабавалі вярнуць гэтыя землі. У 1252 годзе адбылося іх нашэсце на Панямонне. Войшалк перадаў княжанне Раману Данілавічу, пры гэтым даў «Новгород от Миндовга», а Слонім у ліку іншых гарадоў — «от себе»[9]. Гэта падзея і лічыцца першай афіцыйнай згадкай Слоніма ў Іпацьцеўскім летапісе пад 1252 годам Паводле мірнага дагавора 1254 года землі Панямоння засталіся за Літвой. У 1276 г. галіца-валынскія князі зноў захапілі Слонім. У 1280-я гады, як паведамляе Іпацьеўскі летапіс, горадам правіў «князь вослонимский» Васілька[10].

Умацаваным цэнтрам Слоніма быў Верхні замак на левым беразе Шчары. У 1340 годзе Слонім ва ўладанні Манівіда (старэйшага сына Гедзіміна), у 1345 годзе горад адыйшоў да троцкага князя Кейстута Гедзімінавіча. У 1382 годзе — уласнасць Вітаўта. «У 1388 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт, які хацеў развіць заняпалыя гаспадарча літоўскія гарады і павялічыць іх насельніцтва, даў габрэям прывілей жыць у літоўскіх гарадах і займацца там гандлем і рамёствамі. Габрэі пачынаюць тады сяліцца ў літоўскіх гарадах, у тым ліку і ў Слоніме. Напачатку ХV стагоддзя ў Слоніме паяўляецца невялікае габрэйскае паселішча, якое з цягам стагоддзяў павялічваецца і шмат у чым спрычыняецца да развіцця горада»[5].

Слонімская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410 года. Пасля гэтай біты Вітаўт размясціў у Слоніма як памежную варту татараў, якія яму дапамагалі на вайне. З гэтага часу у горадзе паяўляецца асобная татарская калонія, што затым вылучылася ў асобную Татарскую вуліцу (цяпер вуліца імя Кірава).

З 1413 года Слонімскае княства было ператворана ў Слонімскі павет і ўвайшло ў Троцкае ваяводства ВКЛ. У 1483 годзе вялікакняжацкім намеснікам быў літоўскі падскарбі Солтан Аляксандравіч, у 1492 годзе намеснікам назначаны літоўскі падскарбі Ян Літавор Храптовіч.

У 1490 годзе Казімір Ягелончык будуе ў горадзе першы касцёл (на яго месцы збудаваны мураваны касцёл св. Андрэя (1775).

З 1500 года Слонім — цэнтр Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1506 годзе быў горад разбураны крымскімі татарамі на чале з Менглі-Гірэем, стары замак больш не аднаўляўся. З 1508 года — цэнтр Слонімскага староства. Слонімскім намеснікам быў назначаны Васіль Глінскі па мянушцы Сляпы. У 1520 годзе, пры намесніку Яну Мікалаевічу Радзівілу, на левым беразе Шчары пабудаваны новы «Верхні замак, які хоць і нагадваў традыцыйнае абарончае ўмацаванне, больш прыстасоўваўся пад адміністрацыйны цэнтр. З пераносам замка на левабярэжжа канчаткова перамясціўся і цэнтр горада. Ранейшы ж цэнтр паступова траціў сваё значэнне, і правабярэжжа горада атрымала назву Замосця (з XVI стагоддзя)».[7] У 1529 годзе была пабудавана драўляная Пятніцкая царква.

У 1531 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары даў Слоніму гарадское самакіраванне па магдэбургскім праве, пацверджанае ў 1591 годзе Жыгімонтам Вазам (скасавана ў 1776 годзе). Горад меў свой герб з 1591 года: у сінім полі барочнага шчыта залаты леў трымае ў лапе сярэбраны герб «Ліс» (родавы герб Сапегаў). З мая 1558 года паводле граматы вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста праводзіліся два кірмашы штогод, развіваецца рамяство. У першай палове XVI стагоддзя ў Слоніме было 22 рамесныя спецыяльнасці: бляхары, ігольнікі, гваздзільшчыкі, замочнікі, залатых і сярэбраных спраў майстры і інш. Узніклі цэхавыя рамёствы. З 1556 года пачалі дзейнічаць гарадскі і земскі суды, збіраліся павятовыя сеймікі.

Абарончыя збудаванні — слонімскія замкі — размяшчаліся на левым беразе ракі Шчара. Верхні замак быў умацаваным цэнтрам сярэднявяковага горада, знаходзіўся на ўзвышшы. Побач з Верхнім размяшчаўся Ніжні замак, які быў абкружаны земляным валам і вадзяным ровам. Слонім не меў уласна гарадскіх умацаванняў. З паўднёвага захаду горад акружалі высокія ўзвышшы, што панавалі над ваколіцай. На сутыку гандлёвых шляхоў была размешчана сістэма ўмацаванняў з цэркваў і кляштараў, якая запірала ўезды і выезды з горада. На тэрыторыі замка размяшчаліся каралеўская адміністрацыя, сядзібы феадалаў, заезны дом, канюшні, праваслаўныя і каталіцкія храмы[9].

З 1560 года Слонім становіцца уласнасцю маршалка Р. Валовіча, з 1586 — канцлера літоўскага Льва Сапегі. «Новы староста спрыяў уздыму культуры і прамысловасці горада, яго палітычнай значнасці. Побач з замкам, на беразе Шчары, Сапега ўзвёў мураваны палац, названы пазней яго імём. Там па хадайніцтву старосты са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі ВКЛ… Праводзіліся тыя сеймікі ў Слоніме аж да 1685 года. Тут адбываліся і сеймікі павятовыя, дзе выбірался паслы на сеймікі генеральныя.

У гэты час пры замку існавалі неблагая бібліятэка і архіў. Парупіўся Сапега і аб дабраўпарадкаванні прымакаўшых да замка вуліц, аб прывядзенні ў належны стан мастоў і дарог. Пры яго гаспадаранні былі насыпаны новыя грэблі і дамбы. У 1595 годзе ён аднавіў знішчаны крымскімі татарамі ў 1506 годзе адзіны каталіцкі касцёл на Замосці. Пісьмовыя крыніцы згадваюць аб вялікай колькасці існаваўшых тады ў Слоніме праваслаўных цэркваў. Па волі старосты і частковы за яго кошт былі ўзведзены і шыкоўныя заезныя дамы… Не без захадаў і клопату Сапегі з 1605 года Слонім атрымаў права „склада“, што абавязвала купцоў, якія везлі праз горад тавары, спыняцца і гандляваць імі. У тым жа 1605 годзе Леў Сапега заснаваў тут першы ткацкі цэх»[7].

У 1613 годзе ў горадзе адбылося некалькі вялікіх пажараў, якія нанеслі яму значныя страты. У 1630 годзе быў заснаваны кляштар бернардзінцаў. У 1633 годзе старостай стаў падканцлер літоўскі Казімір Леў Сапега (сын Льва Сапегі). У 1639 годзе на левым беразе ракі Шчара каралеўскі сакратар А. Радван заклаў фундамент мураванага касцёла бернардзінцаў Святой Тройцы. У 1635 годзе Я. С. Сапега заснаваў кляштар канонікаў латэранскіх. Кляштарны комплекс знаходзіўся на краі Рыначнай плошчы. У 1640-я гады ў Слоніме існаваў кляштар бернардзінак, заснаваны К. Юдзіцкай-Салятыцкай. У 1642 годзе ў стылі барока была пабудавана сінагога. З 1645 года існаваў драўляны касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, які згарэў у 1656 годзе. У 1670—1696 гадах быў пабудаваны мураваны касцёл пад ранейшай назвай.

У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) горад быў спустошаны. Паводле тагачаснай габрэйскай хронікі «Tit Hajawen» казацкае войска выразала ў Слоніме некалькі соцен габрэйскіх сем’яў. Заняпад горадаў дайшоў да такой ступені, што ў 1678 годзе Гарадзенскі сейм вырашыў вызваліць горад ад усіх падаткаў на карысць каралеўскай казны.

У 1709—1725 гадах тут дзейнічала місія Навагрудскага езуіцкага калегіума, у 1725—1773 гадах — Езуіцкая рэзідэнцыя (Слонім). Пры рэзідэнцыі быў канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты. У 1745 годзе з цэглы была пабудавана капліца святога Дамініка. У сярэдзіне XVIII стагоддзі ў цэнтры Слоніма была ўзведзена ратуша.

Новы ўздым Слоніма звязаны з дзейнасцю Слонімскага старасты Міхала Казіміра Агінскага. У 2-ой палове XVIII стагоддзя ён заснаваў тут рэзідэнцыю, адкрыў друкарню, стварыў капэлу, тэатральную трупу, пры якой працавалі балетная і музычная школы. Слонімская музычная школа[11] існавала ў 1770—1780-я гады пры тэатры Агінскага. У школе навучаліся хлопчыкі і дзяўчынкі, у т.л. прыгонныя, з мэтай падрыхтоўкі спевакоў і музыкантаў для тэатра і капэлы Агінскага[12]. З 1777 года існаваў невялікі балетны ансамбль (8 чалавек), падрыхтаваны балетмайстрам Ноакам. У 1781 годзе пад яго кіраўніцтвам укамплектавана Слонімская балетная школа (у 1785 годзе — 18 вучняў, пасля 1790 яшчэ больш). Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, пазней — прыгонных сялян[12].

Сучаснікі звалі Слонім «Палескiмі Афінамі». Былі пабудаваныя прадпрыемствы па вытворчасці шаўковых тканін, дываноў і шэраг іншых, прыстань для рачных судоў. У канцы XVIII стагоддзя кампаноўку гораду вызначала Замкавая плошча (пляц Льва Сапегі) з радыяльна адыходнымі трактамі на Мінск, Вільню (Моўчадскі тракт) і Гродна (з XV ст. Замкавы тракт, потым Дзярэчынскі тракт, злучаў з гарадскім цэнтрам праз масты на Шчары левабярэжную частку гораду і прыгарадную вёску Панасоўку). Пад 1796 годам у горадзе ўжо існавалі і былі занесеныя ў гарадскі план будынкі палацавага комплексу М. Агінскага.

З 1795 года Слонім знаходзіцца ў складзе Расійскай імперыі і з’яўляецца цэнтрам губерні. У 1801 годзе як цэнтр павета ўвайшоў у Гродзенскую губерню.

У 1799 годзе ўрад Расійскай імперыі аднавіў пабудову Агінскага канала, на якім у 1804 годзе было адкрыта суднаходства. Узрасла прамысловая і гандлёвая роля горада. У 1806 годзе Войцех Пуслоўскі заснаваў папяровую фабрыку «Альберцін».

У чэрвені 1812 года Слонім быў акупіраваны французскімі войскамі. Пры адступленіні французскіх войскаў французскіх войскаў адбыўся Слонімскі бой, рускі атрад на чале з генералам Е. І. Чапліцам разбіў французскі полк гвардзейскіх уланаў Яна Канопкі і заняў горад.

У 1843—1855 гадах у Слоніме дзейнічала медзеапрацоўчая фабрыка[11].

У 1886 годзе праз горад прайшла чыгунка Баранавічы — Беласток, пры будаўніцтве чыгункі былі цалкам зрэзаныя замкавае ўзвышша на правым беразе Шчары і суседні яўрэйскі могільнік (найстарэйшы ў горадзе). У 1896—1946 гадах дзейнічаў Слонімскі лесапільны завод. У 1890—1914 гадах дзейнічала фабрыка хустак (з 1913 — фабрыка коўдраў)[11].

Падчас Першай сусветнай вайны акупаваны нямецкімі войскамі (1915), разбураны. У 1919—1920 гадах заняты польскімі войскамі. З 1921 года Слонім у складзе Польшчы, цэнтр павета. З 1939 года ў БССР. У гэтым жа годзе пачала працаваць арцель «Чырвоная зара», на базе якой у 1960 годзе заснавана Слонімская фабрыка мастацкіх вырабаў[11]. З 1940 года Слонім — цэнтр раёна Баранавіцкай вобласці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты знішчылі ў горадзе і раёне 42 тыс. чалавек. У лістападзе 1942 — ліпені 1944 года ў Слоніме дзейнічала Слонімская раённая антыфашысцкая арганізацыя[11].

У 1954 годзе Слонім як цэнтр раёна ўключаны ў склад Гродзенскай вобласці.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

У горадзе больш 20 прадпрыемстваў машынабудавання і металаапрацоўкі, мэблевай, цэлюлозна-папяровай, харчовы, лёгкай і інш. галін прамысловасці. Цэнтр турызму. Гасцініца «Шчара». Санаторый-прафілакторый «Сонечны». Горад уключаны ў турыстычна-экскурсійныя маршруты «Каменны летапіс Панёмання», «На радзіму Тадэвуша Касцюшка», «Архіпелаг Сапегаў», «Сядзібы, палацы, замкі», «Архітэктурныя помнікі Слоніма».

У 1813—1905 гг. у горадзе працавала Альбярцінская суконная памешчыцкая фабрыка.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя Іосіфа Іосіфавіча Стаброўскага

Слонімскі драматычны тэатр. Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя І. І. Стаброўскага, этнаграфічны музей-майстэрня «Беларускае мястэчка», музей кнігі Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа. Горад — старажытны цэнтр мастацкага ткацтва.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

У горадзе працуюць 10 сярэдніх школ, гімназія, ліцэй. Слонімскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, Слонімскі дзяржаўны медыцынскі каледж, Слонімскі дзяржаўны політэхнічны прафесійны ліцэй.

СМІ[правіць | правіць зыходнік]

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  3. 3,0 3,1 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Милаковский М. Описание города Слонима . Гродно: Типография Губернского правления, 1891. С. 7.
  5. 5,0 5,1 Goldberg Godel. Zarys dziejów miasta Słonima. Słonim, 1934. S. 9.
  6. Чыгрын Сяргей. Слонім і ваколіца. Мінск: Кнігазбор, 2014. С. 5.
  7. 7,0 7,1 7,2 Супрун Васіль. Дзеі над Шчарай (з гісторыі зямлі Слонімскай). Слонім: Слонімская друкарня, 2000. С. 43.
  8. Ёрш Сяргей. Хто ж першы згадаў пра «палі Слонімскія» у 1040 годзе? // Слонімскі край. № 2 (36). С. 1-6.
  9. 9,0 9,1 Слонім // Гарады і вёскі Беларусі. Гродзенская вобласць. Кніга ІІІ. — С. 345.
  10. ПСРЛ, СПб, 1843. Т.2. С.209.
  11. 11,0 11,1 11,2 11,3 11,4 БелЭН, 2002
  12. 12,0 12,1 Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — с. 90.
  13. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
  14. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  15. Дучыц Л. Слонімскі ідал // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.6. Мінск, 2001.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]