Царква Святога Духа і манастыр базыльян (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сакральнае збудаванне
Царква Святога Духа і манастыр базыльянак
Адноўленая Царква Святога Духа
Адноўленая Царква Святога Духа
53°54′14″ пн. ш. 27°33′26″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Епархія Мінская епархія
Архітэктурны стыль псеўдарускі стыль, рэнесансная архітэктура і рэнесансная архітэктура
Дата заснавання XVII ст.
Дата скасавання 1936
Будынкі:
Царква Святога Духа • Манастырскі корпус
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000238шыфр 712Г000238

Царква Святога Духа і манастыр базыльянак (Мінск Гістарычны цэнтр)
Царква Святога Духа і манастыр базыльянак
Царква Святога Духа і манастыр базыльянак

Царква Святога Духа і манастыр базыльян — колішні грэка-каталіцкі (уніяцкі) манастырскі комплекс у Мінску, помнік архітэктуры Рэнесансу[1]. Заснаваны ў 1616 г. і ўключаў царкву, жылы манастырскі комплекс і гаспадарчыя пабудовы. Размяшчаўся на Высокім Рынку ў межах сучасных вул. Энгельса, Інтэрнацыянальнай і пл. Свабоды і быў абнесены мураванай сцяной. Царква Св. Духа злучалася крытай галерэяй са Свята-Духаўскім манастыром базыльянак[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фота пачатку ХХ ст.

Будаўніцтва мураванай царквы пачалося пасля ахвяравання ордэну базыльянаў полацкім мяшчанінам 2000 злотых у 1634 годзе. У 1641 г. па фундацыі трокскай кашталяншы Зузаны Гансеўскай быў заснаваны яшчэ і манастыр базыльянак. Мітрапаліт А. Сялява ў 1651 годзе наказаў у спадчыну манастыру 20 000 злоты з умовой быць пахаваным у Царкве Святога Духа.[1]

У 1641 годзе з фундацыі троцкай кашталянкі Сузаны Гасеўскай побач з мужчынскім быў заснаваны яшчэ і жаночы грэка-каталіцкі манастыр. Але вольнага месца, каб паставіць царкву манашкам, на тэрыторыі пляца Высокі Рынак не было. Царква Святога Духа, якая тады будавалася, зрабілася супольнай для двух манастыроў — мужчынскага і жаночага, што было рэдкай практыкай у сакральным дойлідстве.

Мяркуецца, што ўзвядзенне царквы завяршылася да 1650-х гадоў. Пазней, у часе Трынаццацігадовай вайны (16541667) царква як частка комплексу базыльянскіх манастыроў выкарыстоўвалася ў абарончых мэтах[3].

Як галоўнае сакральнае збудаванне на Высокім Рынку святыня ўражвала сучаснікаў сваёй пышнасцю. Стольнік П. Талстой у 1697 годзе пісаў: «у гэтым манастыры царква мураваная вялікая, у якой скляпенні ладныя, якіх мала ў мураваным дойлідстве Польшчы».

У 1795 годзе абодва манастыры былі зачынены, храм перададзены пад кафедральны праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор. Будынак пацярпеў ад пажара 1835 г. з прычыны чаго ён быў каардынальна перабудаваны ў псеўдарускім стылі[1] ў 184650 гг. (арх. Густаў Валерт)[2].

У 20092011 гг. будынак царквы быў аднаўлены ў першапачатковым выглядзе сярэдзіны XVII ст. За аснову ўзялі малюнак невядомага мастака першай паловы XIX стагоддзя, абмеры 1843 года, выяву фасада 1800 года. Таксама было вырашана аднавіць галерэю, якая злучае царкву, і будынак жаночага манастыра, у якім зараз знаходзіцца дзіцячая музычная школа. У адноўленай царкве Святога Духа размесцілася канцэртная зала дзіцячай філармоніі "Верхні горад"[4].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Царква[правіць | правіць зыходнік]

Адноўленая царква
Фасад царквы, 1843

Царква Святога Духа — унікальны помнік ўяўляе сабой аднанефны безвежавы храм з пяціграннай апсідай. Накрыты двухсхільным дахам, тарцы закрыты аднолькавымі шчытамі. Галоўны фасад падзелены на 3 часткі 4 пілястрамі карынфскага ордара. Над парталам паўцыркульнае акно з ляпнымі ліштвамі, абапал аналагічныя плоскія нішы. Трох'ярусны шчыт з валютамі аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Шчыльна размешчанныя ярусы расчлянёныя пілястрамі, паміж якімі плоскія арачныя нішы калісьці змяшчалі выявы святых[2], адпаведна кананічнай будове ярусаў іканастаса[1]. Бакавыя сцены прарэзаны вялікімі спічастымі вокнамі[2].

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Разрэз царквы, 1843

Знутры царква была ўпрыгожана пяццю драўлянымі і мураванымі разнымі алтарамі з жывапіснымі кампазіцыямі. На хорах размяшчаўся арган (майстар Людзвіг Клімовіч, 1779). Майстры муляр Рыгор Сніджнецкі і мазаічнік Ян Будрэвіч рэканструявалі інтэр'еры ў 2-й пал. XVII ст[2].

У адноўленым у 2011 г. храме падлога цэнтральнай залы і ніжняя частка сцен абліцаваны натуральным мармурам. Мастацкія вітражы ў аконных праёмах і тамбуры ўваходу зроблены з выкарыстаннем шырокага спектру колераў і фактур. На сценах вісяць дэкаратыўныя пано, тры з якіх у адзінай стылістыкі былі створаны па замове адным з беларускіх мастакоў[4].

Першапачаткова планавалася ўсталяваць у будынку царквы арган, які маглі вырабіць у Аўстрыі ці Чэхіі, але ў сувязі з вельмі высокім коштам вытворчасці, дастаўкі і ўстаноўкі інструмента ад гэтай ідэі адмовіліся[4].

Манастырскі корпус[правіць | правіць зыходнік]

Былы манастырскі корпус

Будынак манастыра (пл. Свабоды, 23/19) уяўляе сабой трохпавярховы аб'ём прамавугольны ў плане з унутраным дворыкам, арыентаваны галоўным фасадам на плошчу Свабоды. Цэнтральная частка вылучана неглыбокiм рызалiтам, завершана складаным ступеньчатым атыкам. Над галоўным уваходам невялікі балкон з металічнай агароджай. Паміж першым і другім паверхамі карнізны пояс. Накрыты вальмавым дахам. Сцены рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, якія на другім паверсе дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. Фасад завершаны фрызавым поясам з трыгліфамі і карнізам з сухарыкамі. Пластыка дваровага фасада ўзбагачана рызалітамі, плоскімі лапаткамі. У iнтэр'еры скляпеннi першага паверха крыжовыя[5].

Спробы вяртання царквы ўніятамі і праваслаўнымі[правіць | правіць зыходнік]

У 2004 годзе мітрапаліт Філарэт звярнуўся да тагачаснага старшыні Мінскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава з прапановаю пабудовы на месцы царквы Святога Духа праваслаўнай капліцы, але яму было адмоўлена. У 2009 годзе пачалося аднаўленне царквы. Праект патранаваў новы начальнік горада Мікалай Ладуцька. У гэты ж час пастанавілі, што адбудаваная царква будзе выкарыстоўвацца ў якасці дзіцячай філармоніі[6]. 15 красавіка таго ж года група мінскіх грэка-каталікоў звярнулася да А. Лукашэнкі з просьбай дазволіць адбудаваць гэтую святыню Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве[7], пад зваротам падпісаліся доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая, доктар фізіка-матэматычных навук Юрый Хадыка, пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэтка Галіна Дубянецкая, археолаг Эдвард Зайкоўскі, гісторык Анатоль Сідарэвіч. Сваю просьбу вернікі патлумачылі тым, што станам на 2009 год у Мінску налічваліся чатыры грэка-каталіцкія парафіі, але ніводная з іх дагэтуль не атрымала дазволу ад мінскіх уладаў на ўзвядзенне ўласнай царквы.

Аднак зварот не прынёс плёну. У Камітэце архітэктуры адказалі, што на месцы святыні будзе будавацца дзіцячая філармонія «з выкарыстаннем архітэктурна-мастацкага вобразу будынка царквы Святога Духа XVII ст.» Пра тое ж вялося і ў лісце з Мінгарвыканкаму, толькі тамака дадалі, што праект «аднавіць будынак колішняй царквы Святога Духа ў першапачатковым выглядзе як гістарычна-культурны, а ня культавы аб'ект» быў распрацаваны яшчэ ў 1984 годзе[8].

Існуе меркаванне, што адмова дазволіць аднавіць грэка-каталіцкую царкву тлумачыцца існаваннем у Беларусі няпісанага правіла: без згоды кіроўнага архірэя Маскоўскага патрыярхату ўлада не можа даць прадстаўнікам іншай канфэсіі згоды на ўзвядзенне царквы (малітоўнага дома, навучальнай установы) на тэрыторыі дадзенай епархіі[9]. Гэтую думку ўскосна пацвярджае афіцыйная пазіцыя БЭМП, якую агучыў адказны сакратар па звязках са СМІ архімандрыт Аляксей:

" Нас очень удивляет позиция греко-католиков, которых единицы в Минске. Их невежество, такая невероятная узколобость и желания не соответствуют сегодняшним возможностям. Никто к этому мнению и прислушиваться не думает. <…> Но лично я считаю, что государство должно показать пример восстановления исторической и духовной справедливости. <…> И поэтому если они хотят на святом месте что-то восстановить, то это надо строить исключительно храм, как это делается во всем цивилизованном мире. Восстановить храм и вернуть его исконному владельцу, а владельцем этого храма была православная церковь
архімандрыт Аляксей, адказны сакратар БПЦ па зьвязках са СМІ
Филармония им. Святого Духа // «Ежедневник», 29 траўня 2009.
"

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Габрусь Т. В.. «Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі» (фота У. А. Багданава і з асабістага архіва Т. В. Габрусь). Мінск, «Беларусь», 2007 г. 167 с. ISBN 978-985-01-0714-5.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  3. Беларускі архіў. Т. 3. С. 201.
  4. 4,0 4,1 4,2 В Минске в здании церкви Святого Духа открылся концертный зал детской филармонии
  5. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  6. Ганна Журавіна. У Верхнім горадзе сталіцы адбудуюць царкву Святога Духа // «Наша Ніва», 14 красавіка 2009.
  7. Зварот мінскіх грэка-каталікоў да прэзідэнта // «Arche», 15 красавіка 2009.
  8. Мінскія будоўлі — 3: Дзіцячая філармонія а-la Царква Святога Духа // «Наша Ніва», 10 снежня 2009.
  9. Пётра Пінчук. Тэст на талерантнасць даў адмоўны вынік, або З бальшавіцкім падыходам // «Arche», 16 чэрвеня 2009.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]