Клецк
Горад
Клецк
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Клецк[3] (афіц. транс.: Klieck) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Клецкага раёна, на р. Лань. У 140 км да паўднёвага захаду ад Мінска; чыгуначная станцыя на лініі Асіповічы—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Нясвіжам, Баранавічамі, Слуцкам. Насельніцтва 11 348 чал. (2017)[2].
Этымалогія
На думку беларускага географа В. Жучкевіча, тапонім «Клецк» утварыўся ад асновы клець, або старога дыялектнага слова «клеч» — бярозавы параснік[4]. Варыянты назвы горада ў гістарычных крыніцах: Кльчьск[5], Клеческ.
У айканіміі беларускіх зямель суфікс -ск (-цк) з'яўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай з'явай, якая падкрэслівае самабытнасць беларускага народа і старажытнасць тэрыторыі яго рассялення. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стст., у тым ліку ў назвах двух старажытнейшых гарадоў Полацк і Смаленск, засведчаных летапісамі пад 862 і 863 гг. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, згаданых у летапісах XI ст., прыпадае менавіта на зону фарміравання беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадукцыйнасць і ў наступныя стагоддзі. Кожны трэці беларускі горад з ліку тых, што занесены ў «Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст., заканчваецца на -ск (-цк)[6].
Варыянт Клецак не вытлумачваецца фанетычнымі законамі беларускай мовы і на працягу многіх стагоддзяў практычна не выходзіў за межы вуснага ўжытку. Пачатак яго пісьмовага выкарыстання адносіцца да канца XIX ст. Форма Клецак даволі актыўна выкарыстоўвалася пазней, у 1920-х гадах, у БССР (гл., напрыклад, Кайгарадаў А. І. Кліматычны атляс Беларусі. Менск, 1927), а таксама ў Заходняй Беларусі да часу яе ўваходжання ў склад БССР[6].
У наш час па-ранейшаму дамінуе форма на -цк, хоць у асобных выданнях і цяпер ужываецца варыянт Клецак[6].
Гісторыя
У I—V ст. н.э. на беразе Лані існавала неўмацаванае балцкае паселішча культуры штрыхаванай керамікі.
У 2-ой палове Х стагоддзе на месцы горада заснавана неўмацаванае паселішча славянскага племені дрыгавічоў.
Паводле археалагічных звестак, старажытнае паселішча існавала тут яшчэ ў сяр. ХІ ст. Аднак першы пісьмовы ўспамін пра Клецк датуецца 1127 годам, калі ён з'яўляўся сталіцай удзельнага княства[7]. Ён згаданы ў сувязі з паходам паўднёварускіх князёў на Полацкую зямлю, у якім удзельнічала дружына Вячаслава Яраславіча «ис Клечьска».
Таксама ў XI стагоддзі князем Яраславам Мудрым быў пабудаваны драўляны замак. Дрыгавіцкае паселішча ператварылася ва ўмацаваны горад Клецк.
У 1258 г. здарыліся захоп і спусташэнне Клецка войскамі хана Бурундая падчас іх пахода на Навагрудскую зямлю.
У ХIV ст. Клецкае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[8]. Пад 1398 згадваецца князь клецкі Ямант Тулунтавіч — стаўленнік Вітаўта (Аляксандра) Вялікага. У 1401 вялікі князь Вітаўт перадаў горада свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, у 1404 — князю Раману Фёдаравічу. У 1433 пад Клецкам войскі Жыгімонта Кейстутавіча разбілі прыхільнікаў Свідрыгайлы Альгердавіча. Каля 1492 вялікі князь Казімір перадаў горада і княства Івану Яраславічу, які пакінуў іх у спадчыну свайму сыну Фёдару.
У 1503 Клецк спалілі крымскія татары. У 1506 г. на Беларусь напалі больш за 30000 крымскіх татараў, якіх прывялі Махмат-Гірэй, Біціс-Гірэй і Бурнаш-Салатн. Вялікі князь Аляксандр здолеў сабраць войска. 5 жніўня 1506 г. на рацэ Лань каля Клецка адбылася бітва. Перамога над войскам крымскіх царэвічаў была поўная: 27 тысяч татараў загінулі і патанулі ў рацэ, 3 тысячы трапілі ў палон. Перамога пад Клецкам, на думку гісторыкаў, паклала канец паходам татараў на Беларусь.
Вялікі князь Аляксандр выдаў Клецку прывілей на адзін рэгулярны кірмаш. У 1522—1556 горада знаходзілася ў валодання вялікай княгіні Боны Сфорца.
У 1550 Андрэй Маствілоўскі фундаваў у Клецку Фарны касцёл (Траецкі касцёл)[9]. Станам на 1552 у месце было 137 двароў, 4 царквы, манастыр, касцёл. У 1553 тут пачаў дзейнічаць адзін з першых на Беларусі кальвінскіх збораў, дзе ў 1560—1563 служыў прапаведнікам Сымон Будны. У 1559 вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў гораду прывілей на 2 рэгулярныя кірмашы. У 1586 утварылася Клецкая ардынацыя Радзівілаў. Станам на 1626 у месце было 448 двароў, пад 1641 згадваецца Клецкая бібліятэка Радзівілаў.
27 жніўня 1652 кароль і вялікі князь Ян Казімір надаў Клецку Магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі княжацкая карона, пад якой паляўнічы рог»[10]. У Трынаццацігадовую вайну ў 1655 маскоўскія захопнікі зруйнавалі Клецк. Насельніцтва горада скарацілася ўдвая[11]. У 1683 маршалак вялікі Станіслаў Казімір Радзівіл заснаваў тут дамініканскі кляштар. У гэты час у месце было 217 двароў, дзейнічалі драўляныя ўніяцкія цэрквы Ушэсцю і Уваскрэсенская, працавалі 3 рамесныя цэхі.
У часы Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 шведскі аддзел разбіў пад Клецкам расійскае войска. Кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны паўторна надаў гораду прывілей на 2 рэгулярныя кірмашы. Станам на 1713 тут было 152 двары.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Клецк апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Случарэцкага павета. Статус паселішча панізілі да мястэчка, якое зрабілася вядомым у рэгіёне цэнтрам гандлю. У 1796 у Клецку збудавалі харальную сінагогу. 20 красавіка (3 мая) 1917 гараджане ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцця Канстытуцыі 3 мая[12].
-
Горад і замак. Гравюра Т. Макоўскага, XVII ст.
-
Касцёл дамініканцаў. Абмерны чарцёж, 1843
-
Месца Клецкай бітвы, 2-я пал. XIX ст.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Клецк апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Нясвіжскім павеце. Цягам 1924—1931 у месце працавала беларуская гімназія.
У 1939 Клецк увайшоў у БССР, дзе ў 1940 стаў цэнтрам раёну. У Другую сусветную вайну з 26 чэрвеня 1941 — да 4 ліпеня 1944 горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй, 6 кастрычніка 1941 нацысты расстралялі каля 4 тысяч яўрэяў. У 1953 савецкія ўлады злачынна ўзарвалі Фарны касцёл.
29 лістапада 1999 адбылося афіцыйнае зацверджанне гістарычнага герба Клецка[13]. 11 лістапада 2008 з ініцыятывы мясцовага святара Маскоўскага патрыярхату на помнік архітэктуры XVII ст., колішні касцёл дамініканцаў, паставілі пазалочаны купал-цыбуліну, што з'яўляецца грубым парушэннем дзейнага заканадаўства[14]. Нягледзячы на звароты грамадскасці ў пракуратуру[15], неўзабаве такія ж купалы паставілі над бакавымі вежамі. 25 снежня 2008 у Клецку адбылося ўрачыстае асвячэнне новага касцёла Найсв. Тройцы.
-
Касцёл Найсв. Тройцы, знішчаны ў 1953
-
Касцёл Найсв. Тройцы, галоўны фасад
-
Касцёл Найсв. Тройцы, з боку апсіды
-
Рынак і касцёл дамініканцаў
-
Рынак
-
Сінагога
-
Мячэць
-
Кашары
Насельніцтва
- XVI стагоддзе: 1552 — 0,7 тыс. чал.[11]
- XVII стагоддзе: 1626 — 2,0 тыс. чал.[11]; 1683 — 1,1 тыс. чал.[11]
- XVIII стагоддзе: 1713 — 0,6 тыс. чал.[11]
- XIX стагоддзе: 1897 — 4,7 тыс. чал.
- XX стагоддзе: 1939 — 7,9 тыс. чал.; 1959 — 4,1 тыс. чал.[8]; 1970 — 5,7 тыс. чал.; 1991 — 11 тыс. чал.[16]; 1997 — 11 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2006 — 10,4 тыс. чал.[17]; 2007 — 10,1 тыс. чал.; 2008 — 10,1 тыс. чал.; 2009 — 10 761 чал. (перапіс)[18]; 2015 — 11 237 чал.[19]; 2016 — 11 317 чал.[20]; 2017 — 11 348 чал.[2]
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай (малочнай, масласырадзельнай, кансервавай, камбікормавы), дрэваапрацоўчай, лёгкай прамысловасці. Гасцініца «Клецк».
Культура
Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей.
Адукацыя
У Клецку працуюць 3 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы і селькагаспадарчы прафесійны ліцэй.
Славутасці
- Гарадзішча (XI—XIII стагоддзі)
- Будынак былога касцёла пры кляштары дамініканцаў (1683), вул. Я.Купалы, 1 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 611Г000187
- Будынак былога кляштара дамініканцаў (XVIII стагоддзе), вул. Панкратаўская, 8 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000190
- Свята-Пакроўская царква на могілках (другая палова XIX стагоддзя), вул. Леніна — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000188
- Будынак былой іешывы (1920), вул. Гагарына, 11 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000185
- Будынкі былых казармаў (пачатак ХХ стагоддзя), вул. Казарменная, 4 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000186
- Будынак былога шпіталя (1909), вул. Школьная, 23 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000191
- Яўрэйскія могілкі
- Мемарыяльны крыж і камень на месцы бітвы пад Клецкам 5 жніўня 1506 года
- Мемарыяльны комплекс савецкім воінам і партызанам, брацкая магіла (1975, 1944), пл. Маякоўскага, у скверы — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Д000189
- Магіла чырвонаармейцаў (1917, 1967), гарадскія могілкі — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Д000192
Страчаная спадчына
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Фарны; XVI ст., захавалася частка заходняй сцяны)
- Замак (XVI ст.)
- Капліца (ХІХ ст.)
- Мячэць (1881)
- Вялікая сінагога (XVIII ст.)
-
Гарадзішча
-
Былы касцёл пры кляштары дамініканцаў
-
Кляштар дамініканцаў
-
Сцяна Фарнага касцёла, узарванага бальшавікамі
-
Царква
-
Іешыва
-
Шпіталь
-
Яўрэйскія могілкі
Вядомыя асобы
- Валерый Задаля (1953—2007) — беларускі журналіст, грамадска-палітычны дзеяч
- Уладзімір Кісель (1922—1999) — беларускі педагог, удзельнік антысавецкага падпольнага руху
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ а б в Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 160.
- ↑ ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. С. 297.
- ↑ а б в Лемцюгова В. П. : Прадмова да даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь»
- ↑ Пазднякоў В. Клецк // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 105.
- ↑ а б Пазднякоў В. Клецк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 194.
- ↑ Kleck // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno (польск.). — Warszawa, 1883. S. 123.
- ↑ Клецк // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ а б в г д Пазднякоў В. Клецк // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 106.
- ↑ Dariusz Tarasiuk: Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007, ss. к. ISBN 978-83-227-2629-7. S. 114—115.
- ↑ Геральдика на Клецкий районный исполнительный комитет
- ↑ Печанко С. Клецкі бацюшка не паслухаў Мінкульту // «Наша Ніва», 10 лістапада 2008.
- ↑ Пракуратура падтрымала апазіцыянера // Радыё Свабода, 22 студзеня 2009.
- ↑ Клецк // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Клецк // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
- ↑ Перепись населения — 2009. Минская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
- Клецк // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.;
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Пазднякоў В. Клецк Х — XVIII стст.: матэрыяльная і духоўная культура беларускага феадальнага горада. ― Мн.: БелНДІДАС, 2008. — 287 с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Kleck // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno (польск.). — Warszawa, 1883. S. 122—123.
- Полное собрание русских летописей / Академия наук СССР, Институт истории. Т. 1: Лаврентьевская летопись и Суздальская летопись по академическому списку / [под редакцией Е. Ф. Карского]. — М.: Издательство восточной литературы, 1962. — VIII, 577, [3] с.
- Полное собрание русских летописей / Академия наук СССР, Институт истории. Том 2: Ипатьевская летопись. — М.: Издательство восточной литературы, 1962. — XVI, 938, 87 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Клецк