Перайсці да зместу

Лагойск

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горад
Лагойск
Герб
Герб
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Горад з
Вышыня цэнтра
192 м[1]
Насельніцтва
  • 15 565 чал. (1 студзеня 2024)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1774
Паштовы індэкс
223141
Аўтамабільны код
5
СААТА
6232501000
Афіцыйны сайт
logoysk.gov.by (руск.)(бел.)
Лагойск на карце Беларусі ±
Лагойск (Беларусь)
Лагойск
Лагойск (Мінская вобласць)
Лагойск

Лаго́йск[3] (трансліт.: Lahojsk) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Лагойскага раёна, на рацэ Гайна. Месціцца за 40 км ад Мінска, 31 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы (лінія Мінск — Орша). Аўтамабільныя дарогі на Мінск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна. Каля горада праходзіць аўтамагістраль М3 Мінск — Віцебск. Горад-спадарожнік Мінска.

Назва Лагойск (< Логожьск) ад назвы ракі Лагаза, якая старабалцкага паходжання.

На гэта паказвае балцкі гідранімічны пашыральнік -(а)z-. Ён вядомы і ў літоўскім словаўтварэнні: keikti «лаяць» — keikazas «хто лаецца», pilvas «жывот» — pilvazas «хто з вялікім жыватом». Фанетычны варыянт гэтага пашыральніка -auz-[4] у назве ракі Макоўза (прыток бярэзінскай Цны) у гэтым жа лагойскім рэгіёне, на ўсходзе ад Лагазы.

Назва Лагаза ад індаеўрапейскага *leg- / *log- «накропваць, прасочвацца, распускацца»[5][6]. У балцкай лексіцы гэты корань (выціснуты з цягам часу сінонімамі) не фіксуецца, так жа сама і са старабалцкімі *dravas, *snavas «цячэнне», якія засталіся толькі ў гідраніміі (ад іх гідронімы Адроў, Сноў).

Лагойск аддалены на ўсход ад цячэння Лагазы. Мяркуецца, што першапачаткова «Лагожаск» называлася паселішча ля сутокаў Лагазінкі і Гайны[7]. Пазней яго маглі перанесці на новае месца, захаваўшы старую назву[8]. Думка пра ўтварэнне тапоніму ад слова «лог»[9] выглядае сумнеўна.

Варыянты напісання назвы ў гістарычных крыніцах: Лагожск, Лагожаск.

Ранняе Сярэднявечча

[правіць | правіць зыходнік]
Замчышча ў Лагойску, 2022 г.

Паселішча на р. Гайна ўзнікла раней, чым звесткі пра Лагойск трапілі ў пісьмовыя крыніцы. На правым беразе р. Гайна (цяпер — Парк культуры і адпачынку) размешчана гарадзішча.

Першы пісьмовы ўспамін пра Лагойск змяшчаецца ў «Павучанні» Уладзіміра Манамаха і датуецца 1078 годам: «Пожог землю и, повоевав до Лукомля и до Логожьска, та на Дръютъск воюя». У апошняй чвэрці XI стагоддзя паселішча далучана да Полацкага княства[10]. У 1127 годзе князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч у часе выправы на Полацк разрабаваў Лагойск, узяў у палон жыхароў і перадаў яго Ізяславу Мсціславічу. У 1132 годзе вернуты дынастыі полацкіх князёў[10]. У 1180 годзе горад зрабіўся сталіцай удзельнага княства.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]
Касцёл Св. Казіміра, XIX ст.

У першай чвэрці XIV стагоддзя Лагойск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. Тут існаваў праваслаўны манастыр Іаана Прадцечы[10]. У 1387 годзе вялікі князь Ягайла надаў яго ў валоданне свайму брату Скіргайлу. З 1392 года Лагойск перайшоў ва ўладанне вялікага князя Вітаўта. У «Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец XIV стагоддзя) Лагойск значыцца сярод «літоўскіх» замкаў[11]. У 1413 годзе мясцовасць увайшла ў склад Віленскага ваяводства. З часоў княжання Казіміра Лагойскам валодалі Чартарыйскія. У 1505 годзе крымскія татары спалілі і разрабавалі мястэчка, у тым ліку замак.

З 1528 года[10], дзякуючы шлюбу, Лагойск перайшоў да Тышкевічаў, якія ўладкавалі тут сваю рэзідэнцыю. З гэтага часу мястэчка зрабілася цэнтрам графства. З 1531—1532 гадоў быў адноўлены замак. У 1532 года тут адбудавалі спаленую татарамі замкавую Богаяўленскую царкву, пры царкве існаваў манастыр. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Лагойск увайшоў у склад Менскага павета Менскага ваяводства. У часы войнаў Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522, 1534—1537), і ў вайну 1654—1667 гадоў мястэчка пэўны час (у 1519, 1535, 1654[12] гадах) знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй.

У 1609 годзе навуковец Аляксандр Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касцёл, у якім праводзілася пахаванне тутэйшай лініі роду. У 1673 годзе кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі надаў мястэчку прывілей на штотыднёвы гандаль і два штогадовых кірмашы.

У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) 6 мая 1708 года шведскае войска заняла Лагойск і спаліла замак. У 1752 годзе[12] на месцы зруйнавага замка Аляксандр Тышкевіч збудаваў новую царкву і заснаваў кляштар базылянаў. У 1787 годзе ён жа распачаў будову мураванага касцёла, асвечанага ў 1793 годзе[12].

У складзе Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лагойск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. Станам на 1795 год тут было 90 хрысціянскіх і 26 іўдзейскіх двароў, каталіцкі касцёл, грэка-каталіцкая царква ў гонар Св. Міколы і базылянскі кляштар; 9 мая, 6 жніўня і 6 снежня праводзіліся кірмашы. Мястэчка было цэнтрам маёнтку, якім супольна валодалі былы рэферэндар і Вінцэнт Тышкевіч і кашталян жамойцкі Станіслаў Тышкевіч. У 1809—1860 гадах у мястэчку дзейнічала Лагойская палатняна-папяровая мануфактура. Выпускала палатно, баваўняныя і льняныя хусцінкі. У 1859 годзе мела 12 станкоў і 2 машыны. У 1860 годзе працавала каля 60 чалавек. Выпускала да 50 і больш тысяч аршынаў палатна рознага колеру і ўзору. Прадукцыя збывалася ў Мінску і Рызе[13].

У 1814—1819 гадах тут збудавалі двухпавярховы палац (будынак падарвалі ў канцы апошняй вайны). У 1837 годзе пачала працаваць ткацкая фабрыка, таксама дзейнічала невялікая фабрыка сельскагаспадарчых прылад з жалезаплавільнай майстэрняй. Канстанцін Тышкевіч заснаваў у мястэчку банк для мяшчан і сялян, але праз пэўны час фабрыку і банк закрылі. У 1842 годзе браты Канстанцін і Яўстах Тышкевічы стварылі музей старажытнасцей, на аснове калекцыі якога ў 1855 годзе заснавалі Віленскі музей старажытнасцей.

Станам на 1861 год у Лагойску працавалі шкіпінарны і медны заводы. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Лагойску працавалі народнае вучылішча, гарбарны завод, вадзяны млын, 14 крамаў, рэгулярна адбываліся 3 кірмашы.

У 1919 годзе Лагойск увайшоў у БССР, дзе 17 ліпеня 1924 года стаў цэнтрам раёна. 27 верасня 1938 года паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. У Другую сусветную вайну з 2 ліпеня 1941 года да 2 ліпеня 1944 года пасёлак знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

У 1998 годзе Лагойск атрымаў статус горада.

У 2007 годзе ў склад Лагойска ўключана вёска Луцаўшчына.

  • XIX стагоддзе: 1897 год — 2296 чал.[14]
  • XX стагоддзе: 1979 год — 5,3 тыс. чал.[14]; 1995 год — 10 тыс. чал.[14]
  • XXI стагоддзе: 2009 год — 10 706 чал.[15]; 2015 год — 12 376 чал.[16]; 2016 год — 12 739 чал.[17]; 2017 год — 12 950 чал.[18]

Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Гасцініца «Алімп». Лагойск — цэнтр турызму нацыянальнага значэння.

Гісторыка-краязнаўчы музей імя К. і Я. Тышкевічаў.

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]

У будынку лагойскай «Замкавай» царквы перад дзвярамі знаходзіўся надмагільны камень Астафея Васільевіча Тышкевіча (памёр у 1558 годзе), адкуль ён у 1858 годзе быў вывезены Яўстахам Тышкевічам у Віленскі музей старажытнасцей пры бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта. Ён змяшчаў кароткі надпіс «В лѣто Бож•(аго) нӕр.(оженя) | •а•ф•ни• (1558) м(еся)ца• а|вгүста ѕ҃. (6) днӕ | в пѧтницу/• пре|ставшӕ Ѡст|афеи Василевич | Тишкович.»[19].

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  4. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 390.
  5. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 657.
  6. H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 99.
  7. Лемцюгова В. Беларуская айканімія: лінгвіст. аналіз назваў насел. пунктаў Мін. вобл. / В. П. Лемцюгова; Акад. навук БССР, Ін-т мовазнаўства. — Мн.: Навука і тэхніка, 1970. — 156 с. — С. 92.
  8. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 1-я. — Мн., 2003.
  9. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 207.
  10. а б в г Штыхаў, Г. В. Лагойск / Г. В. Штыхаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 5. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  11. Пазднякоў В. Лагойск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 177. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  12. а б в Пазднякоў В. Лагойск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 178. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  13. Лагойская палатняна-папяровая мануфактура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 тамах. Том 9: Кулівін — Малаіта / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і іншае. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1999. — С. 91.
  14. а б в Беларусь 1995.
  15. Перепись населения Республики Беларусь. Численность населения областей и районов. Город Минск; Минская область. (руск.)
  16. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
  17. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  18. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  19. Дзяніс Лісейчыкаў. Надмагільныя камяні з «рускімі» надпісамі XVI—XVII стст. каля вёскі Малькавічы