Перайсці да зместу

Ваенная гісторыя Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ваенная гісторыя Беларусі — частка гісторыі Беларусі, прысвечаная ваеннай справе і войнам (гл.таксама Спіс войн Беларусі).

Гісторыя ўзброеных канфліктаў і развіцця ваеннага будаўніцтва краіны звязана са Старажытнарускай дзяржавай, Вялікім Княствам Літоўскім, Рэччу Паспалітай, Расійскай імперыяй, Узброенымі сіламі БНР і Беларускай ваеннай акругай (БВА).

У дэмаграфічным плане самымі разбуральнымі войнамі для беларускіх зямель сталі Вялікая Айчынная (2 219 316 прамых страт; з улікам ускосных — ад 2,5 да 3 млн[1]; 23—32 % насельніцтва) і руска-польская 1654—1667 гадоў (1,5 млн; 53 % насельніцтва[2]).

Развіццё арміі

[правіць | правіць зыходнік]

Развіццё ваеннай справы ва ўсходніх славян звязана з гісторыяй фарміравання племянных княжанняў, якое праходзіла адначасова з фарміраваннем Старажытнарускай дзяржавы. Плямёны стаялі перад неабходнасцю змагацца з ваяўнічымі суседзямі і пераадоленнем унутраных канфліктаў. У сувязі з гэтым яны пачынаюць аб’ядноўвацца вакол князёў (ваенных лідараў). Іх апорнай сілай выступала дружына. Гэта падраздзяленне дзялілася па ўзроўні дасведчанасці і прафесіяналізму на малодшую і старэйшую. Асновай дружыны была першая. У другой служылі найбольш знатныя воіны, блізкія дарадцы князя. Старэйшыя дружыннікі нярэдка атрымлівалі ад яго правы збору даніны ў некаторых абласцях на сваю карысць і мелі свае ўласныя атрады. Князь разам з дружыннікамі жылі ў дзядзінцы — умацаванай частцы горада[3][4][5].

Войска Вялікага Княства Літоўскага на ранніх этапах па прынцыпах фарміравання было падобна да арміі княжацкіх часоў, паколькі складалася з дружын і апалчэння. Аднак паступова адбываліся пераўтварэнні. Асноўная роля стала адводзіцца конніцы, а не пяхоце. Сфармавалася таксама дваранскае войска (паспалітае рушэнне), якое складалася з шляхты і аднаго альбо некалькіх коннікаў і пяхотнікаў ад кожнага феадала. Пасля рэформы 1786 года армія княства складалася з гвардыі, інжынернага корпуса, артылерыйскага корпуса, франтавой гвардыі і пяхотна-кавалерыйскага корпуса. У пяхотна-кавалерыйскі корпус ўваходзілі 2 дывізіі змешанага тыпу, якія фармаваліся па тэрытарыяльным прынцыпе ў асобных ваенных акругах. Корпус пяхоты і кавалерыі складаўся з чатырох дывізій. Армія фарміравалася з добраахвотнікаў і прыгонных сялян шляхам рэкрутавання[6].

Напярэдадні вайны 1812 года ў Беларусі размяшчаліся 1-я і 2-я заходнія арміі (гл. Руская армія 1812 года)[7]. Да пачатку валадарання Мікалая I у краі размясцілася 1-я армія[8], на базе якой у 1862 годзе ўтворана Віленская ваенная акруга[9]. Часцяком камандуючы войскамі адначасова займаў пасаду Віленскага, Ковенскага і Гродзенскага генерал-губернатара[10]. Сярод беларускіх гарадоў ключавым умацпунктам акругі з’яўляўся горад Гродна[11]. Тут жа грунтаваўся 2-і армейскі корпус[12], у той час як у Мінску быў раскватараваны 4-ы. У 1914 годзе і да канца Першай сусветнай на беларускіх землях дзейнічала Мінская ваенная акруга[13][14].

На фоне рэвалюцыйных падзей 1917 года пачалося стварэнне першых беларускіх нацыянальных падраздзяленняў. Адным з такіх была Беларуская пяхотная дывізія, якая ўзнікла ў студзені 1918 годзе ў складзе 4-га корпуса[15]. За фармаванне і арганізацыю адказвала Цэнтральная беларуская вайсковая рада, пазней падпарадкаваная Радзе БНР. Аднак стварыць дзеяздольную армію не ўдалося, чаму перашкаджалі і бальшавіцкі рэжым, і нямецкая акупацыя. Сітуацыя ўскладнялася недастатковай падтрымкай насельніцтва, а з-за малалікасці беларускай інтэлігенцыі не хапала афіцэрскіх кадраў. Акрамя таго, большая частка мужчынскага насельніцтва была мабілізавана і раскідана па франтах за межамі Беларусі[16]. Усё ж асобныя часці былі сфарміраваны і ажыццяўлялі паспяховую барацьбу — 1-я беларуская брыгада, Беларускі конны полк, Беларускі Віцебскі полк, 1-ы Смаленскі Беларускі полк, Асобны атрад Булак-Булаховіча, 1-ы беларускі полк, Слуцкая брыгада/полк стральцоў. У асноўным жа войскі БНР прадстаўлялі партызанскія фарміраванні[17].

Адначасова з імі ствараліся часці Чырвонай Арміі. Сучасныя Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь сваю афіцыйную гісторыю вядуць менавіта ад РСЧА. Базай для фарміравання арміі бальшавікоў паслужылі войскі Заходняга фронту, якія размяшчаліся ў тым ліку ў Беларусі. У лістападзе 1918 года была сфарміравана Мінская ваенная акруга (неўзабаве перайменаваная ў Заходнюю) — папярэднік Беларускай ваеннай акругі. Тут жа, пасля аб’яднання Беларускай і Літоўскай савецкіх рэспублік, ствараецца 16-я армія, яна ж Беларуска-Літоўская. Пасля грамадзянскай вайны акруга была пераведзены на тэрытарыяльна-кадравы прынцып камплектавання. Будучы памежнай, яна фармавалася пераважна з кадравых злучэнняў. Усе часці знаходзіліся ў стане пастаяннай баявой гатоўнасці. Такое становішча зрабіла акругу галоўнай базай для ваенных напрацовак[18].

У пасляваенны час Беларусь захавала сваё асаблівае становішча. Беларуская ваенная акруга ўваходзіла ў лік самых магутных ва Узброеных Сілах СССР. Тут адпрацоўваліся найноўшыя формы і спосабы кіраўніцтва бою, актыўна ўдасканальваліся вайсковая арганізацыя і падрыхтоўка байцоў. Акруга адной з першых забяспечвалася новым узбраеннем[19].

18 сакавіка 1992 года Вярхоўны Савет Беларусі даручыў Савету Міністраў пачаць фарміраванне нацыянальных узброеных сіл. 6 мая БВА скасавана. На яе базе ўзнікае армія незалежнай Беларусі[20].

Старажытная Русь і рускія княствы

[правіць | правіць зыходнік]
Бітва на Нямізе. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу.

Паводле заходняй гістарыяграфіі, на Русі кіравалі дзве скандынаўскія дынастыі — Рурыкавічы і Рагвалодавічы[21][22][23]. Першыя грунтаваліся ў Ноўгарадзе і Кіеве, а другія княжылі ў сучасным беларускім горадзе Полацку. Абедзве дынастыі канкуравалі паміж сабой і вялі ўзброеную барацьбу[24]. Сярод ваенных кампаній іх канфлікту вылучаюць:

  • 872 год: паход Аскольда на палачан.
  • 977 год: паход Уладзіміра Святаславіча на Полацк.
  • 1021 год: напад Брачыслава на Ноўгарад, паражэнне Брачыслава на Судоме.
  • 1065 год: напад Усяслава на Пскоў.
  • 1066 год: напад Усяслава на Ноўгарад, захоп і спусташэнне Ноўгарада.
  • 1067 год: Бітва на Нямізе.
  • 1069 год: напад Усяслава на Ноўгарад.
  • 1071 год: паражэнне Усяслава пад Галацічаскам.
  • 1077 год, вясна: паход Усяслава на Ноўгарад.
  • 1077 год, лета: паход Усевалада на Полацк.
  • 1077/78, зіма: паход Святаполка Ізяславіча, Уладзіміра Манамаха і полаўцаў на Полацк.
  • паміж 1078 і 1084 гадамі: паход Усяслава на Смаленск, паходы Уладзіміра Манамаха да Лукомля і Лагойска і на Друцк.
  • паміж 1084 і 1086 гадамі: паход Уладзіміра Манамаха з полаўцамі на Мінск.
  • 1104 год: паходы Уладзіміра Манамаха на Глеба Усяславіча Мінскага.
  • 1116 год: паход Глеба Усяславіча Мінскага на Слуцк.
  • 1117 год: паход Уладзіміра Манамаха на Глеба Усяславіча Мінскага.
  • 1127 год: Полацкі паход Мсціслава Вялікага.

У канцы XII—пачатку XIII стагоддзяў на фоне феадальнай раздробненасці беларускія землі сталі аб’ектам агрэсіі крыжакоў. У гэты перыяд нямецкія рыцары з Ордэна мечаносцаў пачынаюць заваяванне Прыбалтыкі. Мясцовыя плямёны прасілі дапамогі ў Полацка. У той час улада полацкага князя распаўсюджвалася на ніжнюю плынь Заходняй Дзвіны, і прыбалтыйскія плямёны ліваў і латгалаў плацілі яму даніну. Тут меліся і дзве крэпасці — Герцыке і Кукейнос, якія належалі Полацку. З’яўленне нямецкіх крыжакоў у рэгіёне стала пагражаць стратай гэтых зямель. Таму летам 1203 года дружыны князя Уладзіміра аблажылі нямецкія крэпасці Ікскюль і Гольм. У тым жа годзе князь Герцыке Усевалад здзейсніў паход на Рыгу. Але гэтыя паходы не прынеслі Полацку поспеху. Не быў паспяховы паход Уладзіміра разам з лівамі супраць крыжакоў і ў 1206 годзе, калі на 11 дзён палачане беспаспяхова аблажылі Гольм і вымушаныя былі адступіць[25][26].

У 1208 годзе крыжакі захапілі Кукейнос, а ў 1209 годзе спалілі Герцыке. У наступным годзе паміж рыжскім біскупам Альбертам і князем Уладзімірам быў заключаны дагавор, па якім Полацк захоўваў сваё права атрымання даніны з ліваў. Але плаціць яе абавязаўся біскуп. Праз два гады пачаліся новыя перамовы. Уладзімір запатрабаваў ад крыжакоў адмовіцца ад хрышчэння ліваў, пагражаючы спаліць усе іх замкі. Але дамагчыся свайго ён не змог. Да таго ж на Полацкую зямлю пачалі здзяйсняць набегі літоўцы, што значна аслабіла ваенныя сілы палачан. Перамовы скончыліся тым, што Уладзімір вымушаны быў адмовіцца ад Ніжняга Падзвіння, дамогшыся толькі свабоднага гандлю па Заходняй Дзвіне. Але барацьба палачан супраць крыжакоў пасля гэтага не спынілася. У 1214 годзе немцы, парушыўшы дагавор, зноў напалі на Герцыке, але былі разбіты літоўцамі, прызванымі Полацкам. Горад з часткай княства некаторы час яшчэ належаў Полацку. У 1216 годзе палачане сумесна з эстамі і літоўцамі рыхтавалі новы паход супраць крыжакоў. Але напярэдадні яго полацкі князь Уладзімір раптоўна памёр. Ёсць здагадка, што ён быў атручаны нямецкімі лазутчыкамі[27][28].

Акрамя крыжакоў, з’явілася пагроза і з боку мангола-татараў. У 1240—1242 гадах войскі Батыя на чале з Гуюнкам і Кейданам прайшлі праз паўднёвую частку тэрыторыі Беларусі, разрабаваўшы Мазыр, Тураў, Пінск, Брэст. У сярэдзіне і другой палове ХІІІ стагоддзя яны яшчэ не раз ажыццяўлялі паходы на беларускія і літоўскія землі. Уварванні паўтарыліся ў 1275, 1277, 1287, 1315, 1325, 1338 гадах[29][30].

Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая

[правіць | правіць зыходнік]

сяр. XIII—кан. XV

[правіць | правіць зыходнік]

У XIII стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці сфарміравалася Вялікае Княства Літоўскае. Ужо ў першыя дзесяцігоддзі свайго існавання яно сутыкнулася з неабходнасцю адстойвання дзяржаўнага суверэнітэту ў барацьбе з крыжакамі, Галіцка-Валынскім княствам, татарамі, Польскім каралеўствам[2].

Першым праціўнікам ВКЛ сталі галіцка-валынскія князі, якія яшчэ пры першым князі Міндоўгу ўтварылі супраць дзяржавы ваенную кааліцыю, каб вярнуць Новагародчыну. Вайна скончылася перамогай маладой краіны і канчатковым далучэннем Новагародскай зямлі да Літвы. Пры князі Трайдзене галіцка-валынскія войскі здзейснілі набегі на Новагародак. У гэтыя ж гады ВКЛ вядзе барацьбу з татарамі і рускімі князямі, душыць паўстанні нальшанскіх феадалаў. Пры князі Віцене крыжакі з Тэўтонскага ордэна неаднаразова нападалі на Гродзенскія землі. У ходзе абароны тэрыторыі ад нямецкіх рыцараў асабліва вызначыўся Давыд Гарадзенскі. Пазней, у 1311 і 1315 гадах, Вялікае Княства Літоўскае само здзейсніла напады на землі крыжакоў у Прусіі. Мелі месца і ўнутраныя канфлікты: пры Віцене адбываецца паўстанне жамойцкіх феадалаў. У перыяд кіравання Гедзіміна працягваецца барацьба з крыжакамі і татара-манголамі[31].

У барацьбе з нямецкімі набегамі асноўны цяжар несла насельніцтва Беларусі. У 1348 годзе літоўскае войска атрымала перамогу над тэўтонамі каля ракі Стрэва[32]

Ян Матэйка. «Грунвальдская бітва», 1878 г.

Пры Альгердзе ў 1362 годзе ў бітве на рацэ Сінія Воды армія ВКЛ разбіла татара-мангольскае войска, тым самым далучыўшы значную частку сучаснай Украіны. У 1368, 1370 і 1372 гадах літвіны здзяйсняюць паходы супраць Маскоўскай дзяржавы. Барацьба з усходнім суседам працягвалася і пры Вітаўце[33][32]. У 1389—1392 гады краіну ахапіла грамадзянская вайна паміж Ягайла і Вітаўтам, якая скончылася Востраўскім пагадненнем[34][35]. У 1399 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага трывае буйное паражэнне ад татараў на рацэ Ворскле. Пазней дзяржава аднаўляе барацьбу з крыжакамі. У ходзе Вялікай вайны 1409—1411 гадоў літоўскія і польскія сілы сумесна разбіваюць тэўтонаў пад Грунвальдам, чым прыпынілі нямецкія напады на беларускія і літоўскія землі[35][36].

Пасля смерці Вітаўта краіна была ахоплена новай грамадзянскай вайной. Гэтым разам за прастол змагаліся Свідрыгайла і Жыгімонт[35][37].

кан. XV — кан. XVIII

[правіць | правіць зыходнік]
«Бітва пад Оршай», палатно невядомага аўтара.

У канцы XV і пачатку XVI стагоддзяў аднаўляюцца войны з Маскоўскай дзяржавай. Ваенныя сутыкненні былі справакаваныя праваслаўнымі князямі прыгранічных зямель ВКЛ[38]. Канфрантацыя прывяла да неабвешчанай памежнай вайны 1487—1494 гадоў, у выніку якой была зламаная ўся літоўская памежная паласа. У 1500—1503 гадах баявыя дзеянні перамяшчаюцца ва Усходнюю Беларусь. Наступны буйны канфлікт пачаўся летам 1513 года, падчас чаго літвіны атрымалі буйную перамогу пад Оршай, хоць яна і не прывяла да перамогі ва ўсёй вайне[39].

Працягваліся набегі татараў на ВКЛ, але іх удалося прыпыніць. Аднак у другой палове XV стагоддзя нарастае пагроза з боку Крымскага ханства. Толькі за перыяд з 1500 па 1569 гады з яго боку ажыццёўлена 45 набегаў на беларускія землі. Для абароны ад нападаў на паўднёвых межах былі створаны казачыя заслоны. Асабліва вызначыўся ў барацьбе з крымскімі набегамі Міхаіл Глінскі, які разбіў налётчыкаў пад Клецкам[40]. Ён жа пазней падыме паўстанне, якое ахапіла Мазыр, Друцк, Тураў, Крычаў, Гомель і іншыя беларускія гарады[41][42].

У сярэдзіне XVI стагоддзя краіна ўступіла ў Лівонскую вайну. У ходзе канфлікту асабліва разлютаваная барацьба вялася за Полацк. Цяжкае ваеннае становішча вымусіла ВКЛ заключыць з Польшчай Люблінскую унію, утварыўшы Рэч Паспалітую[43][44]. Барацьба з Расіяй працягвалася ў рамках Смуты і Смаленскай вайны. Найбольш разбуральнымі для беларускіх зямель сталі падзеі 1654—1667 гадоў, падчас якіх рускія занялі практычна ўсю Беларусь. Гэтаму папярэднічала казацка-сялянская вайна ва Украіне і ў цэнтральнай і паўднёвай Беларусі. Абодва канфлікты прынеслі разбуральныя наступствы, сур’ёзна ўдарыўшы па гаспадарчым развіцці беларускіх зямель. Вайна 1654—1667 гадоў некаторымі беларускімі гісторыкамі называецца самай трагічнай у гісторыі краіны[45][46]. Перыяд з другой паловы XVII па пачатак XVIII стагоддзя аказаўся адным з найбольш складаных і неспрыяльных для беларускіх зямель. У выніку казацка-сялянскай колькасць насельніцтва зменшылася з 3 700 тыс. чалавек у 1648 годзе да 2 876 тыс. чалавек у 1650. Вайна Расійскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай скараціла колькасць жыхароў на 53 % (да 1667 годзе засталося 1 352 тыс. чалавек)[2].

Жан-Марк Нацье. «Бітва пры Лясной», 1717 г.

У пачатку XVIII стагоддзя Беларусь была закранута Паўночнай вайной. На тэрыторыі краіны вялі барацьбу рускія і шведскія войскі. Менавіта тут, каля вёскі Лясной, шведы пацярпелі першае буйное паражэнне. Пётр I у наступным назаве бітву пры Лясной «маці палтаўскай перамогі». Дадзеная вайна абвастрыла сацыяльныя супярэчнасці на беларускіх землях. Узрасла колькасць сялянскіх і гарадскіх паўстанняў[47][48]. Вайна і спадарожная ёй чума паменшылі насельніцтва з 2 200 тыс. чалавек у 1700 годзе да 1 500 тыс. чалавек у 1717[2].

У другой палове стагоддзя беларускія землі былі ўцягнутыя ў барацьбу шляхецкіх канфедэрацый. Адна з такіх, Слуцкая, узнікла ў самой Беларусі.

У 1794 годзе край закрануты паўстаннем Касцюшкі, якое было задушана Расіяй. Падзеі прывялі да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і знікнення дзяржавы[49][50].

Расійская імперыя

[правіць | правіць зыходнік]
Петэр фон Гес. «Бітва пад Клясціцамі».

У чэрвені 1812 года на тэрыторыю сучаснай Беларусі ўварвалася напалеонаўская армія. Рускім войскам удалося нанесці паражэнні Вялікай арміі пад Віцебскам, Мірам, Кобрыным, Клясціцамі. Аднак Напалеон працягваў прасоўвацца ўглыб краіны. У ліпені яго войскі дасягнулі Дняпра. На бок французаў пераходзіла мясцовая шляхта, якая імкнулася адрадзіць Рэч Паспалітую і ВКЛ. У кастрычніку французская армія стала адступаць з Расіі. 7 кастрычніка французы пакінулі Полацк, 26 кастрычніка — Віцебск, 4 лістапада — Мінск, 9 лістапада — Барысаў, 12 лістапада — Магілёў. У лістападзе каля вёскі Студзёнка непадалёк ад Барысава напалеонаўскім войскам быў нанесены зруйнавальны ўдар. Вялікая армія фактычна перастала існаваць[51][52].

У пачатку красавіка 1831 года Літву і паўночны захад Беларусі ахапілі падзеі Польскага паўстання. Паўстанцы дзейнічалі ў Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісненскім і Вілейскім паветах. Некалькі пазней мяцеж распаўсюдзіўся на паўднёвую частку Беларусі, а менавіта Рэчыцкі, Мазырскі і Пінскі паветы. Курыраваннем выступленняў на беларуска-літоўскім землях займаўся Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Аднак да пачатку жніўня царская армія падавіла мяцеж[53][54].

У 1863 годзе Беларусь ахапіла новае паўстанне. Яго курыраваў Літоўскі правінцыйны камітэт на чале з Кастусём Каліноўскім, падпарадкаваны Цэнтральнаму нацыянальнаму камітэту ў Варшаве[55]. У студзені—лютым дзейнасць паўстанцаў вялася толькі ў заходніх рэгіёнах. Увесну іх атрады з’яўляюцца і на астатняй тэрыторыі Беларусі. У маі руская армія аднавіла парадак у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях. Такім чынам, галоўным цэнтрам паўстання стала Гарадзеншчына. Аднак і там дзейнасць мяцежнікаў, асабліва пасля рэпрэсій Міхаіла Мураўёва, паступова прыпынілася. Апошні паўстанцкі атрад быў ліквідаваны летам 1864 года на Навагрудчыне[56].

Разбурэнні ў Смаргоні.

У 1915 годзе ў ходзе Вялікага адступлення рускай арміі на тэрыторыю Беларусі перамяшчаецца Усходні фронт Першай сусветнай. У жніўні пачалося нямецкае наступленне ў напрамку Коўна — Вільня — Мінск. Пасля няўдалай спробы ўзяць Вільню нямецкія войскі распачалі новае наступленне і 9 верасня прарвалі фронт у ваколіцах Свянцянаў, праніклі ў расійскі тыл, захапілі Вілейку і наблізіліся да Маладзечна. Стаўка расійскага Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У сярэдзіне верасня кайзераўскія сілы былі спыненыя. Немцы адступілі ў раён азёр Нарач — Свір. У гэты ж час на працягу 810 дзён вяліся зацятыя баі за горад Смаргонь, які быў цалкам разбураны і ўвайшоў у гісторыю як «мёртвы горад». Тут неаднаразова ўжывалася хімічная зброя. У кастрычніку 1915 года фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск — Смаргонь — Баранавічы — Пінск[57][58].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Беларусі пачалася барацьба паміж бальшавікамі і беларускім нацыянальным рухам. У 1918 годзе беларускія землі былі ўцягнутыя ў грамадзянскую вайну ў Расіі. Ключавымі ўдзельнікамі канфлікту ў краі сталі прыхільнікі Беларускай Народнай Рэспублікі і прыхільнікі савецкіх рэспублік (ССРБ, Літбел, БССР). Урэшце на пачатак 1919 года тут усталявалася ўлада бальшавікоў[59][60].

У студзені 1918 года ў Беларусі ўзнімае мяцеж польскі корпус Доўнар-Мусніцкага. Паўстанцы ўзялі Рагачоў, Жлобін і Бабруйск, але былі хутка разбітыя савецкай уладай[61]. У лютым актывізуюцца баявыя дзеянні супраць немцаў. У гэты час кайзераўская армія пераходзіць у наступленне на Усходнім фронце. Бальшавікі апынуліся не ў сілах стрымаць праціўніка, таму пайшлі на заключэнне Брэст-Літоўскага мірнага дагавора. Да таго моманту большая частка краіны была акупаваная[62].

Сцяг 1-га слуцкага палка, які арганізаваў паўстанне 1920 года.

У лютым 1919 года ў Беларусь уварвалася Польшча. Да сярэдзіны сакавіка палякі захапілі заходнія рэгіёны краіны. Улетку яны працягнулі сваё паспяховае наступленне і 8 жніўня ўзялі Мінск. У сакавіку 1920 года пачалася наступальная аперацыя ў паўднёва-ўсходняй Беларусі, у выніку якой польскія войскі захапілі Рэчыцу, Мазыр і Калінкавічы. У маі—ліпені ініцыятыва пераходзіць да Чырвонай Арміі. Ужо ў канцы ліпеня баявыя дзеянні з Беларусі перамяшчаюцца ў Польшчу. Аднак чырвонаармейцы пацярпелі паражэнне пад Варшавай, пасля чаго пачалі адступаць[63]. З завяршэннем актыўнай фазы польска-савецкай вайны ў рэгіёне супраць бальшавікоў разгортваюць дзейнасць зялёныя арміі беларускіх нацыянальных партый (БПС-Р, БС-ДП, ПБС-Ф). На Палессе вялі барацьбу войскі Булак-Булаховіча. Адначасова разгортваецца Слуцкае паўстанне. Усе гэтыя выступленні былі падушаныя Чырвонай Арміяй[64].

У сакавіку 1921 быў заключаны Рыжскі мірны дагавор, які падзяліў Беларусь паміж палякамі і бальшавікамі. Аднак супрацьстаянне яшчэ не было скончана. У Заходняй Беларусі, якая адышла Польшчы, да лета 1925 года савецкія дыверсанты і мясцовыя прасавецкія паўстанцы вялі ўзброеную барацьбу. Сярод кіраўнікоў супраціву найбольш вызначыліся Станіслаў Ваўпшасаў, Кірыл Арлоўскі[65], Васіль Корж і Аляксандр Рабцэвіч.

У міжваенны перыяд этнічныя беларусы і ўраджэнцы краіны розных нацыянальнасцей у ролі ваеннаслужачых РСЧА і савецкіх ваенспецаў прымаюць удзел у канфліктах на Далёкім Усходзе, Кітаі[66], Іспаніі. У апошнім выпадку адзначыліся і выхадцы з Заходняй Беларусі, якія ваявалі ў інтэрбрыгадзе Дамброўскага[67].

1 верасня 1939 года з уварвання Германіі ў Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. Немцы хутка разграмілі праціўніка, узялі Варшаву і наблізіліся да Заходняй Беларусі. 17 верасня, у адпаведнасці з пактам Молатава — Рыбентропа, у край былі ўведзеныя часці Чырвонай Арміі. Да 25 верасня СССР усталяваў поўны кантроль над рэгіёнам. Заходняя Беларусь была ўключана ў склад БССР[68][69].

З лістапада 1939 па сакавік 1940 каля 100 тысяч прадстаўнікоў Беларусі ўдзельнічаюць у савецка-фінскай вайне. Практычна на ўсіх участках фронту, ва ўсіх звёнах кіравання прысутнічалі беларусы і жыхары БССР[70].

Іван Ахрэмчык. «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», 1957—1958.

22 чэрвеня 1941 года Трэці Рэйх напаў на СССР, з чаго пачалася Вялікая Айчынная вайна. Памежнікі і чырвонаармейцы, якія служылі на захадзе БССР, аднымі з першых сутыкнуліся з праціўнікам. Баі праходзілі на двух абарончых комплексах — «лініі Молатава» (па новай мяжы пасля 1939) і «лініі Сталіна» (па старой мяжы да 1939). У пачатковы перыяд вайны сярод усіх іншых эпізодаў вылучаецца абарона Брэсцкай крэпасці. Асобныя групы яе абаронцаў змагаліся да 20 ліпеня. Іншай важнай падзеяй першых месяцаў вайны для Беларусі стаў Лепельскі контрудар, у рамках якога адбылася адна з найбуйнейшых танкавых бітваў Другой сусветнай. Акрамя таго, контрудары праводзіліся і на паўднёвым усходзе БССР, дзе ў ходзе паспяховай аперацыі РСЧА вызвалены Рагачоў і Жлобін. Сярод абарончых баёў найбольшае значэнне мела бітва за Магілёў, абаронцы якога пратрымаліся тры тыдні[71][72]. Тым не менш, Чырвоная армія адступала. Да канца жніўня Беларусь апынулася цалкам акупаваная[73].

У рэспубліцы разгарнуўся шырокі партызанскі і падпольны рух. З першых дзён вайны ў БССР ствараліся партызанскія атрады. Іх дзейнасць курыраваў Беларускі штаб партызанскага руху. Самая першая баявая аперацыя ў тыле праціўніка была праведзена яшчэ 28 чэрвеня 1941 года ў вёсцы Пасенічы Пінскага раёна. Агульная колькасць падпольшчыкаў і партызан за ўвесь час склала 440 000 чалавек. Яшчэ 400 000 прайшлі праз партызанскія рэзервы. Вялікае значэнне для развіцця партызанскага руху мела існаванне так званых Суражскай (Віцебскай) «брамы». Важным складнікам сталі дыверсіі на чыгунках. Асабліва адзначаецца падрыў на станцыі Асіповічы, ажыццёўлены ў ноч з 29 на 30 ліпеня 1943 года. Гэты інцыдэнт стаў самай буйной наземнай-транспартнай дыверсіяй за ўсю вайну. У 1943—1944 падрывы на чыгунках павялічаны. Пачалася так званая «рэйкавая вайна»[74][75][76].

З часам партызаны пашыралі сваё ўзаемадзеянне з рэгулярнай арміяй, што павялічвала эфектыўнасць іх дзейнасці. Паступова яны нават вызвалялі некаторыя тэрыторыі. Да канца вайны каля 60 % Беларусі знаходзіліся пад кантролем партызан. Асаблівасцю антыфашысцкай барацьбы ў заходніх раёнах Беларусі з’яўлялася знаходжанне тут адначасова з савецкімі партызанамі ваенных фарміраванняў польскай Арміі Краёвай і Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў[77][78].

Нямецкія войскі ў адказ на ўзброены супраціў правялі больш за 140 карных аперацый. На тэрыторыі БССР стварыліся «абарончыя вёскі», узброеныя жыхары якіх павінны былі супрацьстаяць партызанам і падпольшчыкам. Да процідзеяння савецкім сілам прыцягваліся калабарацыяністы: корпус Беларускай самаабароны, Беларуская краёвая абарона і паліцэйскія батальёны[79]. У рэспубліцы дзейнічалі таксама рускія, украінскія, літоўскія і туркестанскія калабаранты[80].

23 верасня 1943 года быў вызвалены першы населены пункт Беларусі — Камарын. У выніку паспяхова праведзенай аперацыі савецкія войскі 26 лістапада занялі Гомель. 21 лютага 1944 года ў ходзе Рагачоўскай аперацыі яны выйшлі да Дняпра. 23 чэрвеня пачалася аперацыя «Баграціён», у рамках якой 3 ліпеня часці РСЧА ўвайшлі ў Мінск. Ужо 28 ліпеня чырвонаармейцы бяруць Брэст, завяршыўшы вызваленне Беларусі[81][82][83].

У жніўні 1945 года, пасля разгрому Германіі, беларусы ў шэрагах РСЧА прымаюць удзел у вайне з Японіяй[84].

Пасля завяршэння Другой сусветнай у Беларусі, асабліва ў заходніх рэгіёнах, працягваліся сутыкненні. Тут вяло партызанскую барацьбу польскае антысавецкае падполле Арміі Краёвай і іншых фарміраванняў. Удзельнікі руху імкнуліся вярнуць рэгіён у склад Польшчы. На перыяд 1944—1950 гадоў прыпадае пік іх акцый. Апошнія атрады польскіх нацыяналістаў заставаліся ў беларускіх лясах да 1954 года[85]. Акрамя таго, барацьбу з савецкай улады вялі і ўласна беларускія групоўкі — Беларуская Народная Партызанка і Беларуская вызваленчая армія (больш вядомая як «Чорны кот»)[86]. Арганізаваная дзейнасць вялася да 1955 года, але некаторыя дробныя групы праводзілі акцыі аж да канца дзесяцігоддзя[87][88][89].

У гады Халоднай вайны этнічныя беларусы, ураджэнцы рэспублікі розных нацыянальнасцей, вайскоўцы БВА і будучыя грамадзяне незалежнай Беларусі ўдзельнічалі ў лакальных канфліктах таго перыяду: Карэйскай[90], В’етнамскай[91], Ангольскай[92] войн. 28 тысяч у складзе АКСВА змагаліся ў Афганскай вайне 1979—1989 гадоў. Актыўны ўдзел у канфлікце прынялі вайскоўцы Беларускай ваеннай акругі. Вопыт вайны паказаў напрамкі развіцця формаў і спосабаў проціборства, шмат у чым прадвызначыў развіццё ваеннай справы ў будучыні, змяніўшы ранейшыя погляды на сутнасць канфліктаў і ўзброенай барацьбы. У наступным ён апынуўся выключна важным і актыўна выкарыстоўваўся ў будаўніцтве і развіцці арміі незалежнай Беларусі. Нават у канцы 2010-х у шэрагу вайсковых часцей, асабліва ў падраздзяленнях ВПС і войск СПА, яшчэ служылі афіцэры, якія ваявалі ў ДРА[93].

Беларускі вайсковец у Казахстане.

Пасля развалу СССР незалежная Беларусь атрымала кантынгент Беларускай ваеннай акругі. Савецкая спадчына была занадта вялікай для краіны, таму ў 1990-я ўрад правёў скарачэнне ўзброеных сіл. Многія кадравікі страцілі свае працоўныя месцы, некаторыя сыходзілі самі з-за нізкіх заробкаў[94]. Не ўсе змаглі прыстасавацца да «грамадзянцы»[95], і частка звольненых пайшла ў найміты[94]. Так, адстаўныя беларускія вайскоўцы, а ў некаторых выпадках дзяржаўныя ваенспецы, прынялі ўдзел у канфліктах у Кот-д’Івуары[94][96], Лівіі[94][96], Сьера-Леонэ[97][98], ДР Конга[99][100], Емене[101]. Адметны таджыкістанскі выпадак, калі ў пачатку 1990-х беларусы з былых савецкіх фарміраванняў не змаглі своечасова вярнуцца на радзіму, вымушана ўдзельнічаючы ў грамадзянскай вайне ў Таджыкістане[102]. Самы маштабны ўдзел беларусаў у баявых дзеяннях за мяжой у XXI стагоддзі адбыўся ў рамках украінскага канфлікту[103].

У студзені 2022 года Узброеныя Сілы Беларусі прынялі ўдзел у аперацыі АДКБ у Казахстане. Беларускія міратворцы адказвалі за ахову аэрадрома «Жэтыген» і арсенала артылерыйскіх боепрыпасаў у горадзе Капшагай[104].

  1. Последствия Великой Отечественной войны для Беларуси // Архивы Беларуси
  2. а б в г КРАТКИЕ МАТЕРИАЛЫ ПО ВОЕННОЙ ИСТОРИИ БЕЛАРУСИ
  3. Ковкель 2000, pp. 8–9.
  4. БСЭ, статья «Дружина (отряд воинов)»
  5. Новик 2011, p. 30.
  6. Василенко Н. П. Литовско-русское государство // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп. т.). — СПб., 1890—1907. — Т. XVIIa. — С. 818—827.
  7. Отечественная война 1812 года // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  8. Армейский корпус // Военная энциклопедия : ([в 18 т.]) / под ред. В. Ф. Новицкого[ru] [и др.]. — СПб. ; [М.] : Тип. т-ва И. В. Сытина[ru], 1911—1915.
  9. Безугольный Алексей Юрьевич, Ковалев Валерий Евгеньевич, Ковалевский Николай Федорович. История военно-окружной системы в России. 1862 – 1918 / Шурлапова, Е.Ю.. — Москва . С. 4.: Центрполиграф, 2012. — С. 4, 55. — 463 с. — ISBN 978-5-227-03506-6.
  10. Марценюк, Ю.А. и другие. Местные войска и конвойная стража в Первой мировой войне. — Военно-исторический труд. — Москва: Редакция журнала Росгвардии "На боевом посту", 2017. — С. 10. — 256 с. — ISBN 978-5-9907783-1-3. Архівавана 12 ліпеня 2020 года.
  11. Виленский военный округ // Военная энциклопедия : ([в 18 т.]) / под ред. В. Ф. Новицкого[ru] [и др.]. — СПб. ; [М.] : Тип. т-ва И. В. Сытина[ru], 1911—1915.
  12. 2-й армейский корпус(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2013. Праверана 28 студзеня 2024.
  13. «Краснознамённый Белорусский военный округ», 2-е изд., Минск, 1983.
  14. Валерий Федорович Блохин, «Военная цензура Минского военного округа и начало Первой мировой войны», Новый исторический вестник, 2019 год.
  15. Приказ Русским войскам Румынского фронта № 1399 от 21 января 1918 г.. Портал «Памяти героев Великой войны 1914–1918 годов».. Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2022. Праверана 30 лістапада 2022.
  16. Шыбека 3ахар. V. Перыяд імперскага крызісу і станаўленне беларускай дзяржаўнасці. 1914—1920 // Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мн.: Энцыклапедыкс, 2003. — С. 184 и 290. — 490 с. — 2500 экз. — ISBN 985-6599-43-1.
  17. 25 вопросов и ответов из истории БНР (Фото). Хартыя'97 (25 сакавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 25 сакавіка 2009. Праверана 5 жніўня 2015.
  18. Армия Белорусского народа 2023, pp. 12, 20–22, 30, 32.
  19. Армия Белорусского народа 2023, p. 104.
  20. Армия Белорусского народа 2023, p. 125.
  21. Stender-Petersen А. Varangica. Aarhus, 1953. Р. 130—131.
  22. Pritsak О. The Origin of Rus. — Cambridge (МА), 1981. — Vol. 1. Old Scandinavian Sources other than the Sagas. — P. 137. — ISBN 978-0674644656.
  23. Duczko W. Viking Rus: Studies on the Presence of Scandinavians in Eastem Europe. Leiden, 2004. Р. 126—127.
  24. Мартынюк А. В. Alba Ruscia: Белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (Х—ХVI вв.). — М., 2015. — С. 9.
  25. Ковкель 2000, p. 11.
  26. Новик 2011, pp. 46–47.
  27. Ковкель 2000, p. 12.
  28. Новик 2011, pp. 47–48.
  29. Ковкель 2000, p. 13.
  30. Новик 2011, pp. 48–49.
  31. Новик 2011, pp. 62–63.
  32. а б Ковкель 2000, p. 17.
  33. Новик 2011, p. 64.
  34. Новик 2011, p. 74.
  35. а б в Ковкель 2000, p. 19.
  36. Новик 2011, pp. 87–88.
  37. Новик 2011, pp. 76–78.
  38. Ковкель 2000, p. 20.
  39. Новик 2011, pp. 90–92.
  40. Новик 2011, pp. 88–89.
  41. Ковкель 2000, p. 20—21.
  42. Новик 2011, pp. 90–91.
  43. Ковкель 2000, p. 38.
  44. Новик 2011, pp. 106–107.
  45. Ковкель 2000, pp. 46–52.
  46. Новик 2011, pp. 136–138.
  47. Новик 2011, pp. 140–141.
  48. Ковкель 2000, pp. 54–59.
  49. Новик 2011, p. 146.
  50. Ковкель 2000, pp. 66–67.
  51. Новик 2011, pp. 176–179.
  52. Ковкель 2000, pp. 82–91.
  53. Новик 2011, p. 185.
  54. Ковкель 2000, p. 94.
  55. Новик 2011, p. 214.
  56. Ковкель 2000, pp. 115–117.
  57. Новик 2011, p. 264.
  58. Ковкель 2000, pp. 206–207.
  59. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.
  60. Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  61. Ковкель 2000, pp. 277–278.
  62. Ковкель 2000, pp. 278–279.
  63. Новик 2011, pp. 313–315.
  64. Ковкель 2000, pp. 330–340.
  65. Партизанское движение в Западной Белоруссии (Польша) 1921—1925 гг.
  66. Воронкова, И. Ю. Военные конфликты на Дальнем Востоке и Беларусь : 1921—1941 гг. / И. Ю. Воронкова. — Минск : Беларуская навука, 2015—300 с. ISBN 978-985-08-1855-3.
  67. Воронкова И.Ю. Беларусь и война в Испании (1936–1939). — Минск: Белорусская наука, 2009. — 159 с.
  68. Армия Белорусского народа 2023, pp. 38–39.
  69. Новик 2011, pp. 385–387.
  70. Советско-финская война. Участие белорусов в финской компании
  71. Армия Белорусского народа 2023, pp. 66–67, 71–72.
  72. Новик 2011, pp. 390, 399, 401.
  73. Ковкель 2000, p. 451.
  74. Новик 2011, pp. 420–421.
  75. Армия Белорусского народа 2023, pp. 80, 84–85.
  76. Ковкель 2000, pp. 458–466.
  77. Новик 2011, pp. 421–422.
  78. Армия Белорусского народа 2023, pp. 86, 89.
  79. Новик 2011, pp. 412–418.
  80. Ковкель 2000, p. 456.
  81. Хроника освобождения Беларуси
  82. Ковкель 2000, pp. 466–471.
  83. Новик 2011, pp. 427–432.
  84. Э.Г. Иофее Белорусы в советско-японской войне // Милиция Беларуси. — № 4. — С. 30—35.
  85. Маркелов Н. И. Межэтнический конфликт белорусов и поляков в 1944—1950 гг. : политический и националистический аспекты Архівавана 18 сакавіка 2023. // Исторический журнал: научные исследования. — 2017.
  86. Сяргей Ёрш, Сяргей Горбік. Беларускі супраціў. — Львоў, 2006.
  87. Ёрш Сяргей, Лескець Сяргей. Была вайна… (З гісторыі антысавецкага ўзброенага супраціву). — Менск: Беларускі Рэзыстанс, 2003. — 44 с.
  88. «Беларускі пасляваенны антысавецкі супраціў 1944−1957 гг.» : док. фильм по книге С. Ерша и С. Горбика «Беларускі супраціў» / реж. Тележников А. — «ПартызанFilm», 2008. (бел.) — на сайте YouTube (www.youtube.com), загружено 28 января 2011. Архівавана 31 сакавіка 2015.
  89. Ёрш Сяргей. Камандзір беларускіх «лясных братоў» (фота друкуюцца ўпершыню) // Сайт газеты «Салідарнасць» (www.gazetaby.com) 04.11.2007. (бел.). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2008. Праверана 13 ліпеня 2012.
  90. Ирина Воронкова. На полуострове раздора // Беларуская думка : часопіс. — 2018. — № 8. — P. 84—91.
  91. Беларусь-Вьетнам: Вьетнамский народ посетил могилу Михаила Брындикова (фото и видео)
  92. Кузнецова-Тимонова, А. В. Белорусские воины-интернационалисты: на примере ветеранов войны в Анголе (1975—1992) / А. В. Кузнецова-Тимонова // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A, Гуманитарные науки. — 2020. — № 9. — С. 85-87.
  93. Армия Белорусского народа 2023, pp. 104–106.
  94. а б в г Александр Алесин Эксперт: В Ливии могут воевать белорусские летчики, штабисты и снайперы // Белорусский партизан : новостной сайт. — 7 апреля 2011. Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2022.
  95. Почему белорусские летчики работают и гибнут в Африке? (Фото)
  96. а б Егор Лебедок Белорусское военное присутствие в Африке // Thinktanks.by : сайт белорусских исследований. — 7 февраля 2021. Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2022.
  97. Сяргей Расолька. Афрыканская эпапея беларускіх верталётчыкаў Архівавана 9 верасня 2022. // Звязда : газета. — 28 жніўня 2017.
  98. Ольга Томашевская. Возвращение из африканского плена (руск.). Белорусская деловая газета (6 жніўня 1998). Архівавана з першакрыніцы 13 верасня 2019. Праверана 31 ліпеня 2023.
  99. Ремонт и модернизация штурмовиков Су-25 ДРК в Барановичах. Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2019. Праверана 29 верасня 2021.
  100. Жизни троих белорусов, пострадавших при крушении МИ-24 в Конго, ничего не угрожает Архівавана 29 верасня 2021. // СТВ, 1 февраля 2017.
  101. Александр Алесин. Списанные в Беларуси танки воюют в Йемене Архівавана 23 красавіка 2021. // Naviny.by (20 октября 2014)
  102. Ян Жур. «Не мог и слова вымолвить»: белорус поехал на машине в опасное место, чтобы побывать там, где когда-то служил. Чем это закончилось? Архівавана 25 чэрвеня 2023. // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 11 октября 2019.
  103. По разные стороны баррикад: сколько белорусов прошли через войну на Донбассе? Архівавана 12 чэрвеня 2021. // Белорусский партизан, 27 февраля 2018
  104. Армия Белорусского народа 2023, p. 330.