Гоман (група)
«Гоман» (руск.: Гомон) ― беларуская народніцкая група, якая арганізавалася вясной-летам 1881 г. у Санкт-Пецярбургу (Расійская імперыя) пад назвай «Беларуская грамада» (1881). Пазней назва змянілася на «Сацыяльна-рэвалюцыйная беларуская народная партыя» (1882), «Беларуская арганізацыя» (1883—1884) і «Гоман» (1884). Мела ў сваім складзе галоўным чынам санкт-пецярбургскіх студэнтаў — ураджэнцаў беларускіх губерняў Расійскай імперыі, імкнулася стварыць агульнабеларускую партыю сацыялістычнага кірунку на ўзор расійскай «Народнай волі»[1]. Група прапагандавала ідэю асобнасці беларускага народа (нацыі), абуджэння этнічнай самасвядомасці беларусаў, адраджэння беларускамоўнай культуры, эканамічнага і культурнага развіцця грамадства шляхам змены палітычнага ладу Расійскай імперыі ў кірунку роўнасці і аўтаноміі народаў (у тым ліку беларусаў) у складзе рэспубліканскай Расійскай федэрацыі і шляхам змены эканамічнага ладу на аснове навуковага сацыялізму, каб знішчыць усялякую эксплуатацыю. Самыя актыўныя ўдзельнікі групы былі арыштаваны царскімі ўладамі ў 1884 г., таму група спыніла сваё існаванне. За перыяд сваёй дзейнасці выдала некалькі аб'ёмных адозваў і паспела выдаць два нумары часопіса «Гоман» (1884).
Гісторыя арганізацыі
[правіць | правіць зыходнік]На думку беларускага гісторыка Захара Шыбекі, заснавальнікам сялянскага сацыялізму ў Беларусі быў Кастусь Каліноўскі (1838—1864)[2]. Аднак толькі ў пачатку 1880-х гг. у Санкт-Пецярбургу сярод студэнтаў з беларускіх губерняў Расійскай імперыі зноў пачалі арганізоўвацца сацыялістычныя гурткі[3].
Першы гурток беларускіх студэнтаў-сацыялістаў у Санкт-Пецярбургу ўзнік вясной-летам 1881 г., атрымаў назву «Беларуская грамада» (1881) і ставіў мэту стварэння беларускай народнай партыі (на ўзор расійскай партыі «Народная воля»), якая б аб'ядноўвала ўсе рэвалюцыйныя гурткі беларусаў[4]. У стварэнні «Беларускай грамады» (1881) актыўны ўдзел бралі студэнт Аляксандр Марчанка і нарадаволец Ігнат Грынявіцкі. Пазней беларускі гурток атрымаў назву «Сацыяльна-рэвалюцыйная беларуская народная партыя» (1882), «Беларуская арганізацыя» (1883—1884) і «Гоман» (1884)[5]. Менавіта ў 1884 г., калі расійскія народнікі практычна страцілі кантроль над правінцыямі, рабілася новая спроба стварэння агульнабеларускай партыі сацыялістычнага кірунку: меркавалася, што яна аб'яднае ўсе нелегальныя сацыялістычныя гурткі беларускіх губерняў Расійскай імперыі незалежна ад іх нацыянальнага складу і будзе каардынаваць свае дзеянні з расійскай партыяй «Народная воля»[6].
Яшчэ ў лістападзе 1881 г. узнікненне гуртка «Беларуская грамада» было зафіксавана ў агентурных данясеннях санкт-пецярбургскай паліцыі і ўказана, што група выдае гектаграфічным спосабам заклікі да беларускай моладзі і праграму сваіх дзеянняў — барацьбы з расійскім урадам за інтарэсы беларускага народа: дабіцца ў будучым самастойнага існавання Беларусі і змены яе грамадскага і эканамічнага ладу[7].
Кіраўнікамі групы з 1881 г. былі[8][9]:
- Аляксандр Іванавіч Марчанка (1860— пасля 1889) — студэнт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта гісторыка-філалагічнага факультэта з 1881 г.; родам з Мсціслаўскага павета; праваслаўны; бацькі яго — мяшчане па саслоўнай прыналежнасці — вольнаадпушчаныя прыгонныя сяляне графа Салтыкова; быў знаёмым Ігната Грынявіцкага.
- Хаім Аронавіч Ратнер (1861—пасля 1887) — студэнт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта фізіка-матэматычнага факультэта са жніўня 1882 г., яўрэй, іўдзей, родам са Шклова — з купецкага саслоўя.
У асноўны склад (ядро) групы з 1881 г. уваходзілі[10]:
- Урбан Баніфацевіч Крупскі (1863—1915) — студэнт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта фізіка-матэматычнага факультэта з 1878 г., дваранін-католік, родам з Ігуменскага і Слуцкага паветаў.
- Марцін Янавіч Стацкевіч — студэнт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, родам з Вільні.
- Станіслаў Янавіч Нясцюшка-Буйніцкі — слухач Санкт-Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, дваранін-католік, родам з Віцебска.
Да менш значных членаў групы адносіліся: 1) Лявонцій Міхайлавіч Насовіч — землямер з Мінска, з мінскіх мяшчан, звязаны з 1884 г. з марксісцкай групай «Вызваленне працы»; 2) Баляслаў Міхалавіч Рынкевіч — санкт-пецярбургскі наборшчык; 3) Марцэлій-Эдмунд Янчэўскі — нарадаволец; 4) Л. Гарадзішча — былы гродзенскі гімназіст; 5) Арцём Аляксеевіч Высоцкі — пісар віцебскага натарыуса; 6) Аляксандра Аркадзеўна (Аронаўна) Ратнер — слухачка санкт-пецярбургскіх жаночых курсаў, сястра Хаіма Ратнера; 7) Сафронаў[11]. Да санкт-пецярбургскай групы таксама прымыкала «рагачоўская група»: Марголін, Бродскі і інш.[12] Гэта былі толькі галоўныя асобы групы, якія фігуруюць у дакументах паліцыі, хоць на самай справе іх было болей[13]. На думку беларускага гісторыка Сцяпана Александровіча, змена пачатковай назвы магла сведчыць пра пэўную эвалюцыю поглядаў групы, гэтак як і пра тое, што расійская паліцыя магла не адрозніваць беларускія сацыялістычныя групы розных ідэйных напрамкаў[14].
Сучасныя беларускі гісторыкі (Захар Шыбека, Алег Латышонак і інш.), прааналізваўшы тэксты адозваў і часопіса «Гоман», выявілі два розныя ідэйныя падыходы ў поглядах беларускіх народнікаў. Першы падыход — гэта адозва «Данілы Баравіка»: арганічная праца[15] (мірная асветная і эканамічная дзейнасць) на карысць уласнага беларускага народу без радыкальных сацыяльных змяненняў, каб знішчыць культурную розніцу паміж інтэлігенцыяй і народам[16][17]. Другі падыход — гэта адозва «Шчырага Беларуса»: інтэрнацыянальная сацыялістычная рэвалюцыя ў Расійскай імперыі, але без канкрэтызацыі шляху і спосабаў рэвалюцыі[18][19]. На думку Алега Латышонка, адозва «Шчырага Беларуса» — гэта на самой справе выказванне поглядаў не беларускіх народнікаў, а рускага кіраўніцтва «Народнай волі», якое не хацела дзяліць партыю «Народная воля» на асобныя нацыянальныя арганізацыі, не хацела, каб існавала адасобленай беларуская група[20].
16 снежня 1882 г. Станіслаў Янавіч Нясцюшка-Буйніцкі прыступіў да складання зборніка беларускамоўных твораў (творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча («Гапон», «Павіншаванне войта Навума», урывак перакладу паэмы «Пан Тадэвуш», «Шчароўскія дажынкі», верш Навума Прыгаворкі на прыезд у Мінск А. Концкага, Уладзіслава Сыракомлі і Станіслава Манюшкі), балада «Нячысцік» Аляксандра Рыпінскага, верш «Ігнат Сліўка» Ігната Мігановіча, варыянт ананімнага верша «Вясна гола перапала...» пад назвай «Вот свабоду дадуць скора» і інш.) — цяпер гэты рукапіс захоўваецца ў акадэмічнай бібліятэцы ў Вільнюсе (Літва) у зборы былога Беларускага музея[21][22][23]. Там жа ў бібліятэцы зберагаецца і другі зборнік з рускамоўнымі вершамі і беларускамоўнымі гутаркамі, звязаны са Станіславам Янавічам Нясцюшка-Буйніцкім і яго сваякамі[24]. Пра сацыяльную накіраванасць «гутарак» з гэтага зборніка добра сведчыць назва адной з іх: «Таму дворнаму войту Крываносу Міхайле, каторы крутнёй убіўся ў панскую ласку, мужыцкая рада, як нада жыць»[25]. Адзін з рускамоўных вершаў з таго зборніку адрасаваны Францішку Пчыцкаму[26].
Сцяпан Александровіч лічыць, што група прайшла з 1881 па 1884 г. эвалюцыю ад звычайнага студэнцкага гуртка да асобнай групы маладых нарадавольцаў, якая мела свой друкаваны орган — часопіс «Гоман» (1884)[27].
Група падтрымлівала сувязь з Паўночна-Заходняй арганізацыяй «Народнай волі», створанай у Вільні па ініцыятыве выканкама «Народнай волі». Гэта арганізацыя аб’ядноўвала народніцкія гурткі Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Ковенскай і Мінскай губерняў. Гоманаўцы былі знаёмы з яе кіраўнікамі ― А. Лісоўскай, М. Чікаідзэ , Е. Айзенбергам і І. Лямпе. Ёсць сведчанні аб сувязях групы «Гоман» з народавольцамі М. П. Аўчыннікавым, Марцэліем-Эдмундам Янчэўскім, Пятром Піліпавічам Якубовічам[28]. Зімой 1882 г. на сходках групы была выпрацавана палітычная праграма, якую летам 1882 г. размножылі на гектографе і разаслалі па гарадах беларускіх губерняў[29].
Аляксандр Марчанка быў арыштаваны санкт-пецярбургскай паліцыяй 20 сакавіка 1884 г. і ў канечным выніку аддадзены пад нагляд паліцыі на 5 год. Хаім Ратнер быў арыштаваны 23 сакавіка 1884 г. на сваёй кватэры ў Санкт-Пецярбургу, дзе паліцыя знайшла нелегальную друкарню, гектограф і цэлы склад нелегальнай літаратуры (у тым ліку 110 экземпляраў казкі «Дабрачыннасці і заганы» забароненага Міхаіла Салтыкова-Шчадрына, 32 асобніка першага нумара часопіса «Гоман»), тры рукапісы, з іх дзве напісаныя рукой Ратнера, а другія — Пятром Якубовічам[30]. На думку Сцяпана Аляксандравіча, гэта былі матэрыялы, прыгатаваныя для выдання другога нумара «Гомана»[31]. Ратнер доўга сядзеў у турме, а пасля адпраўлены ў Сібір на 3 гады. Далейшыя лёсы Марчанкі і Ратнера невядомы. Былі затрыманы паліцыяй і дапрошаны таксама Урбан Крупскі, Марцін Стацкевіч, Станіслаў Нясцюшка-Буйніцкі[32]. У канцы 1884 г. народніцкая група перастала існаваць. «Гоманаўцам» не ўдалося аб'яднаць сацыялістычна-рэвалюцыйныя гурткі ў Беларусі і стварыць агульнабеларускую палітычную партыю[33].
Дзейнасць групы паспела праявіцца толькі ў публіцыстычнай сферы. За 1881—1884 гг. група выдала гектаграфічным спосабам на рускай мове некалькі папяровых брашур агітацыйнага зместу (ананімна ці пад псеўданімамі) для беларускай інтэлігенцыі і іншых слаёў беларускага насельніцтва. Да нашага часу захаваліся толькі адозва «Да беларускай моладзі» (восень 1881 г.[34]), агітацыйныя брашуры «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае» Данілы Баравіка (16 снежня 1882 г.[35]) і «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1 студзеня 1884 г.[36]), а таксама часопіс «Гоман» (на рускай мове, усяго паспелі выдаць толькі два нумары — №1 люты-сакавік 1884 г.[37][38] і №2 15 лістапада 1884 г.[39]), — бо яны захаваліся перш за ўсё ў архівах паліцыі, дзе іх вывучаў у канцы 1960-х гг. беларускі гісторык Сцяпан Александровіч.
Ідэалагічныя погляды групы
[правіць | правіць зыходнік]Па меркаванні Рышарда Радзіка, нягледзячы на пэўную разнароднасць поглядаў, выказаных у корпусе тэкстаў беларускіх народнікаў-«гоманаўцаў», думкі групы варта разглядаць як пэўную цэласнасць і асабліва звяртаць увагу на тыя думкі, якія выражалі ідэю нацыянальнай беларускасці ў найболей развітай форме[40].
Група тэарэтычна абгрунтоўвала існаванне асобнага беларускага народа (асобнага этнасу, а не часткі якога-небудзь этнасу), у сваёй праграме вылучала патрабаванні адраджэння літаратурнага статусу беларускай мовы і яе развіцця, вывучэння беларускай гісторыі і народнай культуры, бытавога, культурнага і эканамічнага разняволення беларускага народа, якое звязвала з перамогай народнай рэвалюцыі ў Расійскай імперыі, пераходам улады Устаноўчаму сходу і арганізацыі нацыянальных адміністрацыйна-тэрытарыяльных аўтаномій (у тым ліку аўтаноміі для беларусаў) у складзе рэспубліканскай Расійскай федэрацыі і пераходам да сацыялістычнага ладу грамадства[41][42]. Аднак у народніцкіх публікацыях «гоманаўцаў» няма вызначэння тэрытарыяльных меж Беларусі і беларусаў[43]. Ідэю федэралізацыі Расійскай імперыі «гоманаўцы» выказвалі ўслед за ўкраінскім народнікам Міхаілам Драгаманавым[44][45].
У 1884 г. група выпускала на рускай мове нелегальны гектаграфічны часопіс «Гоман» з падзагалоўкам «Беларускі сацыяльна-рэвалюцыйны агляд». Часопіс заклікаў да барацьбы з расійскім самадзяржаўем у садружнасці з расійскімі рэвалюцыянерамі, друкаваў карэспандэнцыю з месцаў. У першым нумары часопіса дэкларавалася: «Мы — беларусы, і павінны змагацца за мясцовыя інтарэсы беларускага народа і федэратыўную аўтаномію краіны. Мы — рэвалюцыянеры, бо, падзяляючы праграму барацьбы Народнай волі, лічым неабходным прыняць удзел у гэтай барацьбе; мы — сацыялісты, бо нашай галоўнай мэтай з’яўляецца эканамічнае паляпшэнне краіны на аснове навуковага сацыялізму»[46]. У першым нумары часопіса «Гоман» таксама было паведамленне пра арганізацыю марксісцкай групы «Вызваленне працы» (1884) і выданне ёй «Бібліятэкі сучаснага марксізму»: «Нельга не аднесціся з поўным спачуваннем да цудоўнай мэты таварыства "Вызваленне працы" і не пажадаць разам з рэдактарам "Бібліятэкі сучаснага марксізму", каб рэвалюцыянеры, якія дзейнічаюць у Расіі і ад якіх залежыць больш за ўсё поспех выдання, аказалі гэтай справе сваё садзеянне і падтрымку»[47]. Раней Шчыры Беларус у сваім «Пасланні да землякоў-беларусаў» (1884) так пісаў пра марксісцкае вучэнне: «Ідэалы новага сацыяльнага ладу пачынаюць пранікаць усюды, асабліва з таго часу, як яны атрымалі цвёрдае навуковае абгрунтаванне ў працах Маркса — гэтага прызнанага правадыра навуковага сацыялізму»[48].
На думку многіх гісторыкаў (Захар Васілевіч Шыбека, Аляксандр Генадзевіч Каханоўскі, Ігар Аляксандравіч Марзалюк, Вячаслаў Насевіч, Рышард Радзік і інш.[49][50][51]), у 1880-ыя гг. беларускімі народнікамі ўпершыню была агучана думка пра асобнасць, самастойнасць беларускага этнаса сярод іншых славянскіх народаў. Аўтары часопіса «Гоман» адносілі беларусаў да разраду «плябейскіх нацый», якія не маюць сваёй нацыянальнай эліты (інтэлігенцыі) — па прычыне паланізацыі і русіфікацыі. Пры гэтым, на думку народнікаў-«гоманаўцаў», беларусы — самабытны народ, у якога ёсць свая мова, культура, побыт, паданні, уласнае гістарычнае мінулае і тэрыторыя, якая ўтварае адзіны эканамічны раён. «Глуха, але настойліва пратэставаў ён супраць здрадлівых спроб паланізаваць або русіфікаваць яго, і абедзве сілком навязаныя яму культуры праходзілі міма, не прычапіўшыся да яго. Свята захоўвае ён асновы свайго жыцця ў чаканні з’яўлення сваёй інтэлігенцыі, якая будзе не ламаць гэтыя асновы, а развіваць і ўдасканальваць іх…»[52].
Хутчэй за ўсё, яўрэем Хаімам Ратнерам упісаны ў тэксты групы такія словы: «Бедная частка яўрэйства нідзе так не сышлася з народам, як у Беларусі: яўрэі не толькі засвоілі тут некаторыя народныя звычаі і забабоны, але нават нярэдкія выпадкі аднадушнай барацьбы гэтай часткі з беларусамі супраць яўрэяў жа, багацеяў і паноў…»[53].
Даніла Баравік у «Пісьмах пра Беларусь» напісаў, што выданне «Пісьмаў» у пачатку планавался на беларускай мове, але ад гэтага намеру адмовіліся, бо ў тагачаснай беларускай мове не былі выпрацаваны многія навуковыя тэрміны[54]. У першым нумары часопіса «Гоман» аб'яўляся: «Жадаючы даць усім чытачам як найболей жывы матэрыял, мы маем намер размяшчаць артыкулы на рускай, польскай і беларускай мовах»[55], — бо рэдактары хацелі асвятляць жыццё не толькі беларускіх губерняў Расійскай імперыі, але і іншых[56]. У дайшоўшых да нашага часу публікацыях беларускіх народнікаў-«гоманаўцаў» беларуская мова прысутнічае ў рускамоўных тэкстах толькі нешматлікімі выслоўямі і фразамі[57], у тым ліку выслоўем «Заглянець сонца і ў наша ваконца» у якасці другога эпіграфа да адозвы «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае» (1882)[58]. Беларуская прымаўка «Загляне сонца і ў наша аконца», якая выражае надзею на лепшую будучыню, таксама была выкарыстана для выдання пад назвай «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892) і назвы беларускамоўнага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906) у Санкт-Пецярбургу.
Беларускі гісторык Алена Сакольчык ідэі народнікаў-«гоманаўцаў» абагульніла наступным чынам: а) прызнанне беларускага этнасу як «асобнай галіны славянскага племені» з адпаведным вылучэннем двухбаковага пратэсту і супраць русіфікацыі, і супраць паланізацыі; б) абавязковы ўздым «маральнага, разумовага і эканамічнага ўзроўню народа», даць народу магчымасць праявіць свой «нацыянальны геній <…> свабодна развіваць сваю культуру і распараджацца ў сваім унутраным жыцці»; в) наданне права беларусам «на аўтаномную федэратыўную самастойнасць у сям’і іншых народнасцей Расіі», змагаючыся разам з партыяй «Народная воля» супраць царскага самадзяржаўя[59].
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Вітальд Ёдка-Наркевіч (1864—1924), адзін з лідараў польскіх сацыялістаў у Беларусі, у 1903 г. меркаваў, што рэдактарамі «Гоману» былі маладыя палякі і што «гоманаўцы» не мелі рэальнай рэвалюцыйнай праграмы і шанцаў на поспех стварыць беларускую інтэлігенцыю і культуру ў тыя часы[60].
Да 1926—1927 гг. такія гісторыкі і лідары беларускіх сацыялістаў як Антон Луцкевіч і Усевалад Ігнатоўскі не былі персанальна знаёмы з тэкстамі часопіса «Гоман», які лічылі за газету, якая выдавалася на беларускай мове ў Мінску[61]. І толькі з перадачай ім ад польскага палітыка і гісторыка Леана Васілеўскага экземпляра часопіса «Гоман» Беларускаму музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні адбылося знаёмства з тэкстам[62]. І толькі ў 1935 г. у Львове выйшла на польскай мове праца Антона Луцкевіча «Narodowolcy-Białorusini i ich organ „Homon“» з аналізам ідэй гэтага часопіса[63].
Пра студэнцкую народніцкую групу «Гоман» успамінаў у 1930-х гг. у сваіх публікацыях ксёндз Адам Станкевіч, беларускі грамадскі дзеяч у перадваеннай Польшчы: «„Мужыцкую праўду“ пісалі і выдавалі беларусы-католікі з польскай культурай, а сярод беларускіх народавольцаў-гоманаўцаў ужо з’явілася беларуская праваслаўная інтэлігенцыя. Першыя яшчэ аглядаліся на Польшчу і на традыцыі Вялікага Княства Літоўскага, а іншыя звязвалі лёс Беларусі з Расіяй і аб традыцыях Вялікага Княства Літоўскага, калі не лічыць Грынявіцкага, зусім не памяталі. Гэтыя інтэлігенты не называлі сябе літоўцамі (як гэта рабіў Каліноўскі і нават яшчэ Грынявіцкі), а менавіта беларусамі…»[64].
Беларускі гісторык Сцяпан Александровіч лічыў, што зварот «Да беларускай моладзі» (1881) быў першым крокам у справе тэарэтычнага абгрунтавання змагання за права беларусам развіваць сваю нацыянальную культуру, а таксама заклікам супраць эканамічнай і культурнай эксплуатацыі («Кожны разумее, што ўсялякая эксплуатацыя ўяўляе сабой зло, з якім трэба змагацца любымі сродкамі»), аднак «гоманаўцы» выказваліся непаслядоўна, бо ў той час лічылі, што «эксплуатацыя» будзе знішчана «рана ці позна насіллем ці мірным шляхам»[65]. Члены групы лічылі, што перамагчы царызм і ўстанавіць новы эканамічны і палітычны лад можна без праліцця крыві: «Мы, моладзь, прасякнутая дэмакратычнымі перакананнямі, павінны рыхтавацца да дзейнасці, мэтаю і вынікам якой будзе мірная рэвалюцыя»[66]. Паводле ацэнкі Сцяпана Александровіча, часопіс «Гоман» (1884) ужо прадстаўляў сабой не проста інфармацыйны орган, а праграмна-тэарэтычны часопіс, у якім адлюстравалася перадавая думка Беларусі з усімі яе моцнымі і слабымі бакамі[67]. І заключыў, што выступаючы за прынцыпы нацыянальнай самастойнасці кожнага народа, рэспубліканскі лад Расійскай федэрацыі, дзе кожны народ будзе роўны сярод роўных, а таксама эканамічнае паляпшэнне жыцця краіны на аснове навуковага сацыялізму, «гоманаўцы» сталі першымі прапагандыстамі марксізму ў Беларусі[68]. Сцяпан Александровіч таксама ў духу свайго часу (савецкага перыяду гісторыі Беларусі) адзначаў, што «гоманаўцы» перабольшвалі ролю інтэлігенцыі ў грамадскім жыцці і не заўважалі ролю рабочага класу і класавай барацьбы, часам выказваючыся толькі за абмежаванне абсалютнай манархіі ў Расійскай імперыі[69].
Беларускі гісторык літаратуры Арсень Ліс лічыў, што «гоманаўцы» ўпершыню сталі асэнсоўваць нацыянальнае пытанне ў Беларусі тэарэтычна, аб'ектыўна і адэкватна яго значэнню, а самой беларускай ідэі надалі палітыка-прававое афармленне ў духу канцэпцыі Міхаіла Драгаманава, канкрэтна паставілі пытанне аб суверэннасці беларускага народа і рабілі практычныя крокі для прапаганды беларускай ідэі[70].
Польскі гісторык і сацыёлаг Рышард Радзік (нар. у 1951 г.) дапусціў тое, што Вітальд Ёдка-Наркевіч (1864—1924) разумеў слова «палякі» максімальна шырока і што ў рэдагаванні падпольных часопісаў прымалі ўдзел у тым ліку асобы «рускага роду, польскай нацыі», асабліва калі ўлічыць сацыяльны склад тагачаснага студэнцкага асяроддзя[71]. Аднак Рышар Радзік усё ж зрабіў выснову, што беларускія народнікі-"гоманаўцы" «не пакінулі пасля сябе ні непасрэдных прадаўжальнікаў, ні выразных слядоў у свядомасці стваральнікаў беларускасці дарэвалюцыйнага перыяду ХХ ст.»[72][73].
Беларускі гісторык і этнолаг Павел Церашковіч указаў, што прапагандысцкая дзейнасць санкт-пецярбургскай групы беларускіх народнікаў-«гоманаўцаў» была арыентавана пераважна на ўспрыманне навучэнскай моладзі, а таму яе ўздзеянне на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў было абмежаваным[74]. Павел Церашковіч цалкам пагадзіўся з заключэннем Рышарда Радзіка, што «гоманаўцы» не пакінулі пасля сябе ні непасрэдных прадаўжальнікаў, ні выразных слядоў у стваральнікаў беларускасці дарэвалюцыйнага перыяду ХХ ст.[75]
Беларускі гісторык Ігар Марзалюк адзначыў: «Пра існаванне “Гомона” ў Мінску ведалі. І Адам Багдановіч ведаў пра яго са слоў мінскіх і віцебскіх народнікаў. Іншая справа, ці чытаў ён яго сам, бо лічыў, што “Гомон” быў беларускамоўным выданнем»[76]. На думку Ігара Марзалюка, да ўзнікнення такога феномена як група «Гоман» прывяла расійская палітыка дэпаланізацыі Заходняга краю пасля падаўлення Студзеньскага паўстання 1863—1864 гг., а таксама дзейнасць беларускіх інтэлігентаў «заходнярускага кірунку», якія распрацавалі ў 1860—1870-ыя гг. для новага пакалення беларусаў новую этнакультурную парадыгму (арыентацыі на Расію, а не цывілізацыю Захаду), што разбурала ў беларускіх губернях імперыі сістэму ўзнаўлення традыцыі былой Рэчы Паспалітай і «польскасці» як асноўнай гісторыка-палітычнай парадыгмы. І хоць «гоманаўцы» выказвалі канцэпцыю «двух ворагаў» для беларусаў (палякаў і рускіх), яны ўсё ж такі лічылі большым злом для Беларусі Польшчу і палякаў, бо лічылі тагачаснае беларускае дваранства спалячаным і аддаленым ад сялян, а саюзнікамі бачылі для сябе рускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў (народнікаў)[77].
Беларускі філосаф Аляксей Дзермант лічыць, што «гоманаўцы» стварылі ў свой час найбольш удалы ідэйны праект развіцця беларускага грамадства, бо звязалі нацыянальнае пытанне з сацыяльнай мадэрнізацыяй Беларусі ў фармаце саюзу з Расіяй, а не Захадам[78]. На думку Дзерманта, «класічныя пастулаты заходнерусізму ў гэты час не маглі рэалізавацца [ў Беларусі], бо апелявалі да найбольш кансерватыўнай і ліберальнай плыняў. Атрымліваецца, што адзіны варыянт выйсця нацыянальнатворчай энергіі [беларусаў у той час] пралягаў у сацыял-рэвалюцыйным руху. І гэты рух перасягаў культурныя бар’еры. З’яўленне такіх людзей, як Грынявіцкі, як бы да яго ні ставіцца, сведчанне таго, што гэты сінтэз існаваў і працаваў. Энергія, ідэйна абуджаная гоманаўцамі, трансліравалася на людзей, якія па розных прычынах уключаліся ў гэты рух, і ён пашыраўся»[79].
Беларускі гісторык Андрэй Унучак прыйшоў да высновы адносна ўплыву ідэй беларускага народніцкага часопіса «Гоман» на беларускіх сацыялістаў пачатку ХХ ст.: «Вельмі складана казаць пра нейкі непасрэдны ўплыў часопіса. Мы не бачым механізму трансляцыі тэксту [часопісу "Гомон"] — проста не выяўлена. Часопіс не цытуецца ў "Нашай ніве". Але самае істотнае, што ва ўспамінах, перапісцы таго перыяду згадкі пра "Гомон" мы не сустракаем аж да Першай сусветнай вайны. Калі нехта знойдзе, то гэта будзе вялікім адкрыццём»[80]. Андрэй Унучак заключыў, што санкт-пецярбургскі часопіс «Гоман» не зрабіў вялікага ўражання на народнікаў у Мінску (як пацвярджаецца сведчаннем Адама Багдановіча, аднаго з кіраўнікоў мінскай арганізацыі «Народнай волі») і ўплыву на інтэлігенцыю «нашаніўскага» перыяду[81]. У той час для беларускіх народнікаў, якія жылі ў Мінску, нацыянальнае пытанне стаяла на дзясятым месцы[82]. Таму ідэя санкт-пецярбургскіх «гоманаўцаў» пра федэралізацыю Расіі ў такіх умовах была вельмі радыкальнай[83]. Андрэй Унучак цалкам адхіліў верагоднасць ўплыву заходнерусізму на «гоманаўцаў», бо прозвішча аднаго з галоўных ідэолагаў заходнерусізму Міхаіла Каяловіча ўзгадваецца ў тэксце часопісу «Гоман» двойчы і абодва разы ў негатыўным сэнсе[84].
Беларускі гісторык Алена Сакольчык лічыць, што гістарычнае значэнне «Гомана» заключаецца «ў сфармуляванні і тэарэтычным доказе існавання самастойнага беларускага народа, што ў многім каталізавала розныя формы мясцовай грамадскай ініцыятывы»[85].
Беларускі гісторык Андрэй Раюк прыйшоў да высноў, што «дзейнасць і сетка кантактаў Урбана Крупскага сведчаць не проста аб “эстафетнай” пераемнасці, а непасрэдным уплыве многіх ідэй «гоманаўцаў» (у першую чаргу, аб асобнасці і самабытнасці беларускага народа, палітычнай суб’ектнасці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе Расіі, абуджэнні беларускай самасвядомасці і прагрэсіўнага развіцця грамадства) на погляды ліберальна-кансерватыўнага каталіцкага маянтковага дваранства Беларусі (галоўным чынам, членаў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі), якія распрацавалі кансерватыўны варыянт “краёвай канцэпцыі” ў пачатку ХХ ст. і не саромеліся адкрыта называць сябе беларусамі»[86]. Нашчадкі разгромленых паўстанцаў 1863—1864 гг., калі ішла гаворка пра поўную дзяржаўную незалежнасць беларуска-літоўскага «Края» ад Расійскай Імперыі, разумелі, што ў пачатку ХХ ст. аўтаномія свайго «Края» ў складзе Расійскай імперыі — гэта максімум, чаго можна патрабаваць ад расійскага імператара[87]. Прааналізаваўшы беларускія палітычныя рухі канца XIX — пачатку XX ст., Андрэй Раюк зрабіў заключэнне, што «ідэю палітычнай суб’ектнасці Беларусі і асобнасці беларускага этнасу выказвалі не толькі беларускія сацыялістычныя групы, але і, у першую чаргу, беларускія ліберал-кансерватары з ліку маянтковых дваран»[88][89][90][91].
Зноскі
- ↑ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск, 2003. — С. 129.
- ↑ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск, 2003. — С. 129.
- ↑ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск, 2003. — С. 129.
- ↑ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск, 2003. — С. 129.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10.
- ↑ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск, 2003. — С. 129—130.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10.
- ↑ Семашкевіч Р. М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX―пачатак XX ст. — Мн., 1971.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 11.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 29.
- ↑ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск, 2003. — С. 129.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 32.
- ↑ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск, 2003. — С. 129.
- ↑ Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. — 2-е выд. — Смаленск, 2013. — С. 116.
- ↑ Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. — 2-е выд. — Смаленск, 2013. — С. 116.
- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў: у 2 т. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — Т. 2. — С. 539.
- ↑ Кісялёў, Г.В. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. — Мінск, 1988. — С. 24—26.
- ↑ Нязнаны верш Мігановіча
- ↑ Кісялёў, Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча: праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры XIX ст. — 2-е выд. — Мінск, 2003. — С. 92.
- ↑ Кісялёў, Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча: праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры XIX ст. — 2-е выд. — Мінск, 2003. — С. 92.
- ↑ Кісялёў, Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча: праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры XIX ст. — 2-е выд. — Мінск, 2003. — С. 92.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10.
- ↑ Міхась Біч. Гоман // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — У 6 т. — Т. 3. — Мн., 1996. С. 60.
- ↑ Ляхоўскі, У. Ад гоманаўцаў да гайсакоў: чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX ст. ― 1-й палове XX ст. (да 1939 г.). — 2-е выд. — Смаленск, 2015. — С. 21.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 11.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 11.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 11.
- ↑ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск, 2003. — С. 130.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 5.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 6.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 8.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 10.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 11.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 11.
- ↑ Радзік, Р. Вытокі сучаснай беларускасці. Беларусы на фоне нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе XIX ст. — Мінск, 2012. — С. 295.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 22, 29, 30.
- ↑ Самбук С. М. Революционные народники Белоруссии:(70-е ― начало 80-х годов XIX в.)― Мн., 1976. С. 150―179
- ↑ Радзік, Р. Вытокі сучаснай беларускасці. Беларусы на фоне нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе XIX ст. — Мінск, 2012. —С. 296.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 84.
- ↑ Ляхоўскі, У. Ад гоманаўцаў да гайсакоў: чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX ст. ― 1-й палове XX ст. (да 1939 г.). — 2-е выд. — Смаленск, 2015. — С. 21.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 11.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 11.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 11.
- ↑ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск, 2003. — С. 130.
- ↑ Радзік, Р. Вытокі сучаснай беларускасці. Беларусы на фоне нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе XIX ст. — Мінск, 2012. — 376 с.
- ↑ Р. Радзик. Петербургские народники — творцы современной белорусской национальной идеи
- ↑ Шалькевіч, В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі. — Мн., 2002. С. 225―226.
- ↑ Александровіч, С.Х. Кнігі і людзі: даследванні, археалагічныя знаходкі, успаміны, эсэ. — Мн., 1976. С. 78.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 21.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 62—63.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 62.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 22, 94.
- ↑ Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884). — Минск, 1983. — С. 22.
- ↑ Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі, 1772—1917 гг. — Мінск, 2018. — С. 338—339.
- ↑ Jodko-Narkiewicz, W. Z powodu odezwy białoruskiej // Przedświt. 1903. № 2. S. 56―57.
- ↑ Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 39.
- ↑ Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 39.
- ↑ Łuckiewicz, A. Narodowolcy-Białorusini i ich organ «Homon» / A. Łuckiewicz // Pamiętnik VI Powszechnego zjazdu historyków polskich w Wilnie 17-20 września 1935 r. — T. 1. — Lwów, 1935. — S. 87—99.
- ↑ Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. — Вільня, 1934, С. 55―56.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 11.
- ↑ Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 11.
- ↑ Ліс, А. Беларуская ідэя ў кантэксце адраджэння славян. 20-90-я гады XIX стагоддзя // Цяжкая дарога свабоды. — Мінск, 1994. — С. 23—24.
- ↑ Радзік, Р. Вытокі сучаснай беларускасці. Беларусы на фоне нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе XIX ст. — Мінск, 2012. — С. 302.
- ↑ Радзік, Р. Вытокі сучаснай беларускасці. Беларусы на фоне нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе XIX ст. — Мінск, 2012. — С. 306.
- ↑ Р. Радзик. Петербургские народники — творцы современной белорусской национальной идеи
- ↑ Терешкович, П.В. Этническая история Беларуси XIX — начала XX в.: В контексте Центрально-Восточной Европы. — Минск, 2004. — С. 131.
- ↑ Терешкович, П.В. Этническая история Беларуси XIX — начала XX в.: В контексте Центрально-Восточной Европы. — Минск, 2004. — С. 131—132.
- ↑ Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 43.
- ↑ Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 38—39.
- ↑ Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 40.
- ↑ Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 40.
- ↑ Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 43.
- ↑ Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі, 1772—1917 гг. / А.У. Унучак [і інш.]. — Мінск : Беларуская навука, 2018. — С. 488.
- ↑ Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 43.
- ↑ Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 43.
- ↑ Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 41.
- ↑ Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі, 1772—1917 гг. — Мінск, 2018. — С. 339.
- ↑ Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 345.
- ↑ Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344—345.
- ↑ Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 345.
- ↑ Раюк, А.Р. Беларускі палітычны кансерватызм канца XIX – пачатку XX ст.. — Минск, 2020. — Вып. 20. — Ч. 2. — С. 178—184.
- ↑ Раюк, А.Р. Статус Беларусі ў свядомасці мясцовых каталіцкіх дваран-кансерватараў канца XIX — пачатку XX ст.. — Мінск, 2020. — Вып. 27. — С. 337—342.
- ↑ Раюк, А. Р. Чэшскі вопыт адраджэння ў асэнсаванні каталіцкіх дваран-кансерватараў Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст.. — Мінск, 2019. — Вып. 26. — С. 307—312.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Александровіч, С.Х. Кнігі і людзі: даследванні, археалагічныя знаходкі, успаміны, эсэ / С.Х. Александровіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. — 206 с.
- Александровіч, С.Х. Слова — багацце: Літаратурна-крытычныя артыкулы / С.Х. Александровіч. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1981. — 414 с.
- Александровіч, С. Яны выдавалі «Гоман» / С. Александровіч // Літаратура і мастацтва. — 1970. — № 46. — С. 10—11.
- Гісторыя Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Экаперспектыва, 2000—2012. — Т. 4 : Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII—пачатак XX ст.) / М. Біч [і інш.]. — 2005. — 519 с.
- Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў: у 2 т. / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома У. Мархель, В. Чамярыцкі — Мінск: Беларус. навука, 2010. — Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — 582 с.
- Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі, 1772—1917 гг. / А.У. Унучак [і інш.]. — Мінск : Беларуская навука, 2018. — 573 с.
- Кісялёў, Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча: праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры XIX ст. / Г.В. Кісялёў. — 2-е выд. — Мінск : Беларуская навука, 2003. — 424 c.
- Кісялёў, Г.В. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: спроба навуковай сістэматызацыі дакументаў і матэрыялаў / Г.В. Кісялёў. — Мінск : Універсітэцкае, 1988. — 159 с.
- Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — 2-е выд. — Смаленск : Інбелкульт, 2013. — 368 с.
- Ліс, А. Беларуская ідэя ў кантэксце адраджэння славян. 20-90-я гады XIX стагоддзя / А. Ліс // Цяжкая дарога свабоды: артыкулы, эцюды, партрэты / А. Ліс. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 3—27.
- Ляхоўскі, У. Ад гоманаўцаў да гайсакоў: чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX ст. ― 1-й палове XX ст. (да 1939 г.) / Уладзімір Ляхоўскі. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — 479 с.
- Метрыка нацыянальнай ідэі. Круглы стол да 130-годдзя выдання часопіса «Гомон» // Беларуская думка. — 2014. — № 12. — С. 38—45.
- Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884) / сост. и подг. текстов: С.Х. Александрович, И.С. Александрович. — Минск : БГУ, 1983. — 132 c.
- Радзік, Р. Вытокі сучаснай беларускасці. Беларусы на фоне нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе XIX ст. / Р. Радзік; пер. з польск. мовы Н. Дзенісюк ; навук. рэд. С. Рудовіч ; С. Токць. — Мінск : Медысонт, 2012. — 376 с.
- Радзік, Р. Петербургские народники ― творцы современной белорусской национальной идеи // Белорусский сборник. Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Выпуск 3. ― СПБ., Российская национальная библиотека, 2005. С. 288.
- Раюк, А.Р. Беларускі палітычны кансерватызм канца XIX – пачатку XX ст. Архівавана 3 сакавіка 2022. / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2020. — Вып. 20. — Ч. 2. — С. 178—184.
- Раюк, А.Р. Статус Беларусі ў свядомасці мясцовых каталіцкіх дваран-кансерватараў канца XIX — пачатку XX ст. / А.Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2020. — Вып. 27. — С. 337—342.
- Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
- Раюк, А. Р. Чэшскі вопыт адраджэння ў асэнсаванні каталіцкіх дваран-кансерватараў Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2019. — Вып. 26. — С. 307—312.
- Самбук, С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е ― начало 80-х годов XIX в.) / С.М. Самбук. — Минск : Наука и техника, 1972. — 244 с.
- Терешкович, П.В. Этническая история Беларуси XIX — начала XX в.: В контексте Центрально-Восточной Европы / П.В. Терешкович. — Минск : БГУ, 2004. — 233 с. [1]
- Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.
- Łuckiewicz, A. Narodowolcy-Białorusini i ich organ «Homon» / A. Łuckiewicz // Pamiętnik VI Powszechnego zjazdu historyków polskich w Wilnie 17-20 września 1935 r. — T. 1. — Lwów, 1935. — S. 87—99.