Вуліца Валадарскага (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вуліца Валадарскага
Мінск
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Раён Маскоўскі, Ленінскі
Працягласць ~800 м
Ранейшыя назвы Лошыцкая, Турэмная, Серпухаўская, Ліпавая
Назва ў гонар В. Валадарскі
на Яндэкс.Картах
на Картах Google
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ву́ліца Валада́рскага (раней Ло́шыцкая, Турэ́мная, Се́рпухаўская, Лі́павая) — вуліца ў Маскоўскім і Ленінскім раёнах Мінска. У забудове вуліцы захаваліся дамы XIX-пач. XX ст[1]. Шэраг будынкаў уваходзіць у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На вуліцы месцяцца такія славутасці, як Пішчалаўскі замак, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага (колішняя Харальная сінагога), дом Маліна (месца прыняцця III Устаўной граматы БНР), дом Кастравіцкай, гатэль Crowne Plaza.

Гісторыя

Серпухаўская вуліца ў бок Магазіннай, пач. XX ст.
Пішчалаўскі замак, пач. XX ст.
Будынак жаночай гімназіі, пач. XX ст.

У асноўным вуліца забудоўвалася ў сярэдзіне і канцы XIX ст., некаторыя яе будынкі ўзведзеныя ў пачатку XX ст.[2] Першапачаткова яна мела назву Лошыцкая. Сёння вуліца пачынаецца са скрыжавання сучасных вуліц Інтэрнацыянальная і Гарадскі Вал. Аднак да таго часу, пакуль прарэзалі (падоўжылі) сённяшнюю вуліцу Гарадскі Вал да праспекту Незалежнасці, тут была шчыльная забудова, цэлы квартал. Таму скрыжавання не было, а быў «Т»-падобны раз'езд. Вуліца Праабражэнская (Інтэрнацыянальная) пачыналася ад сценаў турмы «Пішчалаўскі замак». Цяпер кавалак ад турмы да скрыжавання з вуліцай Гарадскі Вал без дамоў і засаджаны дрэвамі, але раней тут стаяў будынак жаночай гімназіі[3].

У 1825 годзе вуліца атрымала назву Турэмная, з той прычыны, што тут быў пабудаваны турэмны Пішчалаўскі замак. Назву Серпухаўская вуліца атрымала ў 1870 годзе — у гонар размешчанага ў горадзе аднайменнага пяхотнага палка. У канцы XIX ст. у паўночна-ўсходняй частцы вуліцы была ўзведзена Харальная сінагога (сёння Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага). У 1899 годзе непадалёк ад Пішчалаўскага замка адкрылася дзяржаўная жаночая гімназія, будынак якой зруйнаваны ў Другую сусветную вайну[2].

У 1922 годзе вуліца атрымала назву Валадарскага, у гонар В. Валадарскага (сапраўднае імя — Майсей Маркавіч Гальдштэйн) — наркама па справах друку, прапаганды і агітацыі ў Саюзе камунаў Паўночнай вобласці Савецкай Расіі[2].

У 1933 годзе на вуліцы пракладзеныя трамвайныя шляхі. Лінія праходзіла па вуліцах Валадарскага, Гарадскі Вал, Раманаўская Слабада, Кальварыйская, Караля да ДС «Кальварыя».

За нямецкай акупацыяй у Другую сусветную вайну вуліца насіла назву Ліпавая. У 1955 годзе трамвайная лінія была разабрана.

Апісанне

Праходзіць у Маскоўскім і Ленінскім раёнах Мінска ад вуліцы Гарадскі Вал да вуліцы Кірава, перасякае вуліцу Берсана, праспект Незалежнасці, вуліцу Карла Маркса. Да праспекта Незалежнасці ідзе паралельна вуліцы Гарадскі Вал, пасля паралельна вуліцы Свярдлова.

На працягу ўсёй вуліцы арганізаваны чатырохпалосны двухбаковы рух.

Вуліца Валадарскага і суседнія вуліцы Карта Openstreetmap.org[4], жнівень 2014 года Каардынаты пачатку вуліцы: 53°54′01″ пн. ш. 27°33′04″ у. д.HGЯO Каардынаты канца вуліцы: 53°53′42″ пн. ш. 27°33′17″ у. д.HGЯO
Вуліца Валадарскага і суседнія вуліцы
Карта Openstreetmap.org[4], жнівень 2014 года
Каардынаты пачатку вуліцы: 53°54′01″ пн. ш. 27°33′04″ у. д.HGЯO
Каардынаты канца вуліцы: 53°53′42″ пн. ш. 27°33′17″ у. д.HGЯO


Забудова

Пішчалаўскі замак, пач. XX ст.

У забудове вуліцы захаваліся дамы XIX-пач. XX ст. Архітэктурны комплекс «Замак Пішчалы» — гісторыка-культурныя каштоўнасць Рэспублікі Беларусь 2-й катэгорыі. Дамы № 3, 4, 5, 7, 9, 10, 12, 15, 17, 19, 24 з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь 3-й катэгорыі[5]. Вуліца Валадарскага — прыклад грамадзянскай архітэктуры з выкарыстаннем традыцый электыкі.

Па цотным баку

Пішчалаўскі замак
  • № 2 — Пішчалаўскі замак. Пабудаваны ў 1825 годзе з цэглы як астрог. Уяўляе комплекс з 2 асобных будынкаў. Асноўны трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з 4 круглымі вежамі па вуглах накрыты чатырохсхільным вальмавым пакатым дахам. Будынак абнесены высокай мураванай сцяной, умацаваны контрфорсамі. З'яўляецца помнікам архітэктуры з выкарыстаннем элементаў неаготыкі. Вядомымі вязнямі Пішчалаўскага замка з'яўляюцца Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец (19051906 і 19101911), Іван Пуліхаў1906 павешаны), Алесь Гарун (1907), Якуб Колас (19081911) — у турме пачаў пісаць «Новую зямлю». 20 красавіка 2008 года абвалілася адна з вежаў галоўнага будынку. Паводле афіцыйнай версіі прычынай стала састарэласць збудавання, паводле іншых — прычынай сталі будаўнічыя працы, якія прывялі да пашкоджання канструкцыяў. Пішчалаўскі замак — гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння[5].
Валадарскага, 4
  • № 4 — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы, гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 10, дом Старобінскай. У 19071910 гадах сюды паступала бальшавіцкая газета «Социал-демократ»[6].
Валадарскага, 10
  • № 10 — мураваны трохпавярховы з мансардамі прамавугольны ў плане будынак. З левага боку на галоўным фасадзе праезд у двор. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].
Валадарскага, 12
  • № 12 — пабудаваны ў канцы XIX ст. з рысамі эклектыкі і неабарока як даходны дом. Дом уяўляе сабой Г-падобны ў плане будынак са зрэзанай вуглавой часткай. Галоўны фасад дому быў арыентаваны на былую вул. Захар'еўскую (сучасны праспект Незалежнасці). З 25 лютага 1918 года тут працавала Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Раманам Скірмунтам. У наш час на першы паверсе месцяцца гандлёвыя памяшканні, на другім і трэцім — Цэнтральнае праўленне таварыства глухіх[7]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].
  • № 24 — пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы, перабудоўваўся ў 1950-я гады, гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 26, дом Шапіры. У пачатку XX ст. тут размяшчалася Прыватная сямікласая з правамі ўрадавай жаночая гімназія В. І. Лявіцкай. Гімназія была адчынена ў 1906 годзе, правы ўрадавай атрымала ў 1911-м. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў ёй займалася 356 вучаніц, гадавай плата складала 70—100 рублёў. З красавіка 1912 года тут пачалі працаваць курсы сёстраў міласернасці, куды было прынята 50 чалавек. Лявіцкая адвяла курсам 2 класныя пакоі, залю і гардэроб на вечаровы час[6].
№ 26/11, Дом Кастравіцкай

Па няцотным баку

  • № 3 — пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы, гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 5. У пачатку XX ст. тут размяшчалася Рамеснае чатырохкласае яўрэйскае вучылішча. Вучэльня была адкрытая ў 1879 годзе мінскім асветнікам і мецэнатам І. Нейфахам. Існавала на дабрачынныя сродкі і за кошт фінансавай дапамогі Яўрэйскага каланізацыйнага таварыства. Складалася з 2 аддзяленняў: слясарна-механічнага і электратэхнічнага. У 1911 годзе ў вучылішча было 89 яўрэйскіх хлапчукоў, вытворчыя майстэрні выраблялі прадукцыі на 4 тысячы рублёў. У 19071912 гадах тут часова размяшчалася Прыватнае рэальнае вучылішча Э. М. Хайкіна. Цяпер будынак займае Мінская друкарская фабрыка Дзяржзнака Беларусі[6].
Харальная сінагога, пач. XX ст.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага
  • № 5 — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, колішняя Мінская харальная сінагога. У 1906 годзе была пабудавана і адчыніла свае дзверы галоўная (харальная) сінагога Мінску. Будынак быў узведзены ў маўрытанскім стылі. Сродкі на ўзвядзенне сінагогі выдзяліла шматлікая яўрэйская абшчына горада. Пасля рэвалюцыі будынак сінагогі прыватызавалі і ў 1923 годзе сінагогу пераабсталявалі ў Нацыянальны яўрэйскі тэатр БССР, дзе праводзіліся лекцыі, з'езды і дэманстраваліся фільмы. Пазней тут размясціўся Дом культуры сакратарыяту ЦВК імя М. В. Фрунзэ. У лістападзе 1926-га будынак быў перададзены ў карыстанне створанай арганізацыі Белдзяржкіно. Неўзабаве тут адкрыўся кінатэатр «Культура» — адзін з самых буйных на той час у Беларусі. Глядзельная зала «Культуры», а першапачаткова харальная зала, славілася выдатнай акустыкай. Знакамітыя спевакі і артысты, як Уладзімір Маякоўскі, Леанід Уцёсаў, Сяргей Лемешаў і іншыя, аддавалі перавагу выступаць падчас гастроляў менавіта тут. Пасля Другой сусветнай вайны будынак кінатэатру быў перабудаваны для Расійскага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага[8]. Цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага.Цяпер гэта вялікая трохпавярховая пабудова, амаль прамавугольная ў плане, сіметрычнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Нутраная прастора таксама вырашаная сіметрычна. Былы цэнтральны неф пераабсталяваны ў глядзельную залю, бакавыя — у фае. На будынку ўсталяваныя мемарыяльныя дошкі У. У. Маякоўскаму і ў гонар VI Усебеларускага з'езду Саветаў. Будынак — помнік архітэктуры эклектыкі з пазнейшымі зменамі[1]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].
Валадарскага, 7
  • № 7 — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы[5]. Трохпавярховы накрыты пакатым двухсхільным дахам будынак з асіметрычнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыяй. План Т-падобнай формы (з невялікім крылом у паўночнай частцы)[1]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].
Дом Маліна (Валадарскага, 9)
  • № 9 — Дом Маліна. Пабудаваны на рубяжы XIX—XX ст. з цэглы. Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае асіметрычную кампазіцыю[1]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. Ранейшы адрас — 43/13 на рагу вуліц Захар'еўскай і Серпухаўскай. У 1912 годзе ў гэты будынак пераехала мінскае аддзяленне Пазямельна-сялянскага банка. У гады Першай сусветнай вайны трэці паверх займаў будаўніча-тэхнічны аддзел Заходняга фронту. У 1918 годзе частка памяшканняў у гэтым доме была адведзена для прэзідыуму Рады БНР, які 25 сакавіка 1918 г. прыняў тут III Устаўную грамату аб незалежнасці Беларусі. З чэрвеня 1918 года будынак стаў сядзібай Народнага Сакратарыяту БНР. Пры ўваходзе вісела шыльда «Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі»[6].
Валадарскага, 15
  • № 15 — пабудаваны ў 1920-я гады, перабудоўваўся ў 1940-я, гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. У 1912 годзе тут размяшчалася Прыватная лячэбніца па гінекалагічных хваробах М. І. Абязерскага. Цяпер гэта шматкватэрны жылы дом[6].
Валадарскага, 17
  • № 17 — пабудаваны ў пачатку XX ст., перабудоўваўся ў 1950-я гады. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 12, дом двараніна Восіпа Жэброўскага. У пачатку XX ст. тут размяшчаўся склад сельскагаспадарчых машын і сядзіба таварыства «Серп», якое ўваходзіла ў мінскі сельскагаспадарчы сіндыкат і займалася рэалізацыяй тавараў для земляробчай вытворчасці. Тут жа размяшчалася праўленне земляробчага страхавога таварыства[6].
Валадарскага, 19
  • № 19 — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Вулічныя фасады асіметрычнай кампазіцыі[1]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].
  • № 13/23 — на рагу з вуліцай Кірава. Будынак гатэлю Crowne Plaza (да 1987 г. — Беларусь, да 2008 г. — Свіслач). Будынак узведзены ў 19341938 гг. (архітэктар А. П. Воінаў). Будынак вызначаўся простым вырашэннем фасадаў і выразнай планіроўкай. Фасады гасцініцы былі тыповыя для архітэктуры грамадскіх і жылых будынкаў 1930-х гг. У Другую сусветную вайну гасцініца была спалена. У пачатку 1945 года пачаліся праектныя работы па аднаўленні будынку. Аўтарам праекту аднаўлення быў таксама А. П. Воінаў[5]. У праектных работах (унутраная планіроўка і афармленне інтэр'ераў) прымалі ўдзел архітэктары М. І. Бакланаў, Г. У. Заборскі, Г. М. Бенядзіктаў, Я. І. Шапіра. Пасля Другой сусветнай вайны фасады фактычна захоўваліся ранейшыя, у пэўнай ступені мянялася ўнутраная планіроўка. Аднаўленне будынка гасцініцы было завершана ў 1947 годзе. У 1987 годзе гасцініца Беларусь перайменаваная ў Свіслач. У 2008 годзе ў выніку рэканструкцыі гасцініца Свіслач перайменаваная ў гатэль Crowne Plaza[5]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].

Азеляненне

На скрыжаванні з вуліцай Гарадскі Вал размешчыны сквер Адама Міцкевіча.

Мемарыяльныя дошкі

Файл:Vitaly Zvirko plaque art school Volodarka.jpg
Мемарыяльная дошка В. Цвірку
  • Уладзіміру Маякоўскаму на будынку Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага (Валадарскага, 5). Усталяваная ў 1978 годзе (скульптар Б. Івонцьеў). У гэтым будынку, падчас другога наведвання Мінску (28 студзеня 1925 года), у Доме культуры (цяпер драматычны тэатр) Маякоўскі чытаў свае творы. У гэтым жа будынку, 27 і 28 сакавіка 1927 зрабіў даклад, прааналізаваўшы тагачасную савецкую літаратуру і прачытаў вершы і ўрыўкі з паэмы «Добра!»[1].
  • У гонар VI Усебеларускага з'езду саветаў і Міхаілу Калініну на будынку Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага (Валадарскага, 5). Усталяваная ў 1975 годзе (скульптар І. Міско; чыгун, бронза; 1,6×0,8 м). Тут 13—16 сакавіка 1924 года адбыўся VI надзвычайны Усебеларскі з'езд Саветаў, у рабоце якога ўдзельнічаў Калінін. Ад імя ЦК РКП (б) і ЦВК СССР Калінін павіншаваў беларускі народ з уз'яднаннем тэрыторый з беларускім насельніцтвам у складзе БССР і заклікаў рабочых умацоўваць сяброўства з братнімі рэспублікамі СССР, цясней згуртоўвацца для эканамічнага і культурнага адраджэння краіны[1].
  • Віталю Цвірку на будынку Дзіцячай мастацкай школы № 1 імя В. К. Цвіркі горада Мінска (Валадарскага, 21)[9].

Вуліца на старых фотаздымках

Зноскі

  1. а б в г д е ё Шаблон:Крыніцы/Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск
  2. а б в Улица Володарского (руск.). tsm.by. Праверана 5 жніўня 2014.
  3. вуліца Валадарскага (ад 1945 года). oldmensk.net. Праверана 5 жніўня 2014.
  4. Openstreetmap.org (руск.)
  5. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  6. а б в г д е Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-01-0729-9.
  7. а б Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  8. вул.Валадарскага - дом №05 - тэатр імя М.Горкага. Мінск. Гісторыя па фотаздымках. oldmensk.net. Праверана 12 жніўня 2014.
  9. ГУО «Детская художественная школа искусств № 1 имени В.К.Цвирко г. Минска» (руск.). guir.minsk.gov.by. Праверана 16 жніўня 2014.

Спасылкі