Талачынскі раён
Талачынскі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Віцебская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Талачын | ||||
Дата ўтварэння | 17 ліпеня 1924 | ||||
Кіраўнік | Алег Міхайлавіч Лындзін[d][1] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 77,01 %, руская 20,21 % Размаўляюць дома: беларуская 43,11 %, руская 48,38 %[2] |
||||
Насельніцтва (2009) |
28 565 чал.[2] (8-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 19,06 чал./км² (4-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 92,05 %, рускія — 5,46 %, іншыя — 2,49 %[2] |
||||
Плошча |
1 498,56[3] (15-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
234 м[4] | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Талачы́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці Беларусі. Размешчаны на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці. Мяжуе на ўсходзе з Аршанскім, на поўначы з Сенненскім, на паўночным захадзе з Чашніцкім раёнамі Віцебскай вобласці, на захадзе з Крупскім раёнам Мінскай вобласці, на поўдні з Круглянскім і Шклоўскім раёнамі Магілёўскай вобласці.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]На 1 студзеня 1974 года плошча тэрыторыі раёна складала 1,5 тыс. км²[5]. Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Аршанскага ўзвышша. Паверхня спадзістахвалістая і градава-ўзгорыстая, 70 % яе на вышыні 200—240 м, ніжэй за 200 м. Каля 20 % глыбіня расчлянення рэльефу да 25—30 м/км². Найвышэйшы пункт 255 м (каля аграгарадка Серкавіцы).
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да заходняга крыла Аршанскай упадзіны. Сучасная паверхня складзена комплексам краявых і водналедавіковых утварэнняў сожскага ўзросту, ніжэй адклады дняпроўскага, бярэзінскага і беларускага зледзяненняў. Магутнасць антрапагенных адкладаў 80—100 м, у ледавіковых лагчынах да 176 м.
Пераважаюць наступныя карысныя выкапні: торф, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна, суглінкі.
Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў: дзярнова-карбанатныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя, поймавыя забалочаныя, тарфяна-балотныя. Сустракаюцца сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя, тарфяныя глебы.
Па тэрыторыі раёна праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Тут бяруць пачатак рэкі Друць з прытокам Бярозаўка, Малінаўка з Хвашчоўкай і Прудчанкай; Крывая і Іржэўка, Бобр, Усвейка, Абалянка; на мяжы з Аршанскім раёнам працякае рака Адроў з прытокамі Дзярноўка і Сакалянка.
Вадасховішчы знаходзяцца на рэках Друць (Талачынскае вадасховішча[6]), Рагачоўка, Сакалянка, Пліса.
Пад лясамі знаходзіцца 30,2 % тэрыторыі раёна. Найбольшыя масівы ў заходняй і паўднёва-заходняй частцы. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя; трапляюцца асінавыя, чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, ліпавыя, дубровы.
На тэрыторыі раёна ёсць верхавыя, мохавыя і нізінныя балоты, якія займаюць 2,1 % плошчы. На іх растуць асака, багун, мох. Найбольшыя балотныя масівы: Усвіж-Бук, Слаўнае.
Жывёльны свет: зайцы, лісы, вавёркі, барсукі, дзікі, ласі, казулі, ваўкі, куніцы, чаплі, буслы, кнігаўкі, цецерукі, камышніцы. Помнікамі прыроды мясцовага значэння на Талачыншчыне з’яўляюцца паркі «Рацава», «Юзафполле» і «Забайкал». Створаны комплексны ландшафтна-гідралагічны заказнік «Скрыпуцёва» плошчай 27 га. У межах раёна знаходзіцца батанічны мікразаказнік Лаўрэнавічы (цыбуля мядзведжая).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Аршанскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Талачын. 20 жніўня 1924 года падзелены на 14 сельсаветаў: Абідаўскі, Азярэцкі, Воўкавіцкі, Высока-Гарадзецкі, Друцкі, Еўлахоўскі, Навасельскі, Няклюдаўскі, Плоскаўскі (Плоскі), Саколінскі, Славенскі, Стуканоўскі, Талачынскі, Ульянаўскі. 21 жніўня 1925 года Абідаўскі сельсавет перайменаваны ў Рыдамльскі, Стуканоўскі — у Валосаўскі. 24 верасня 1926 года ўтвораны Мархлеўскі нацыянальны польскі сельсавет і скасаваны Талачынскі сельсавет. У 1928 годзе Ульянаўскі сельсавет скасаваны і ўтвораны Слаўненскі сельсавет. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны: Старасельскі сельсавет скасаванага Копыскага раёна; Аболецкі, Алёнавіцкі, Палюдаўскі (Новапалюдаўскі), Пярэвалачненскі (Перавалачнянскі), Сіманаўскі (Замасцянскі) сельсаветы і мястэчка Коханава скасаванага Коханаўскага раёна; Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Новапалескі, Паўлавіцкі, Скуратоўскі сельсаветы скасаванага Круглянскага раёна. 8 снежня 1931 года Старасельскі сельсавет перададзены Шклоўскаму раёну. 12 лютага 1935 года Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Мархлеўскі нацыянальны польскі, Новапалескі, Паўлавіцкі, Скуратоўскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Круглянскаму раёну. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года Талачын атрымаў статус гарадскога пасёлка, мястэчка Коханава аднесена да катэгорыі вёсак і зноў утвораны Коханаўскі сельсавет. 9 верасня 1946 года Аболецкі, Алёнавіцкі, Коханаўскі, Палюдаўскі, Пярэвалачненскі, Сіманаўскі сельсаветы перададзены ў склад адноўленага Коханаўскага раёна. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Высокагарадзецкі, Друцкі, Рыдамльскі, Славенскі сельсаветы, Саколінскі сельсавет перайменаваны ў Анэлінскі. 22 ліпеня 1955 года Талачын атрымаў статус горада. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны Аболецкі, Алёнавіцкі, Жукнеўскі, Коханаўскі, Пярэвалачненскі і Сіманаўскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Коханава скасаванага Коханаўскага раёна. 15 кастрычніка 1960 года скасаваны Анэлінскі, Коханаўскі, Няклюдаўскі і Пярэвалачненскі сельсаветы, утвораны Рыдамльскі сельсавет. 29 снежня 1961 года скасаваны Навасельскі і Сіманаўскі сельсаветы, 17 жніўня 1962 года — Валосаўскі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Малотынскі, Сальніцкі, Смалянскі і Тумініцкі сельсаветы Аршанскага раёна. 18 сакавіка 1963 года скасаваны Тумініцкі сельсавет, Плоскаўскі сельсавет перайменаваны ў Навасельскі. 12 лютага 1965 года Малотынскі, Сальніцкі і Смалянскі сельсаветы перададзены Аршанскаму раёну. 7 чэрвеня 1966 года ўтвораны Валосаўскі і Плоскаўскі сельсаветы, Еўлахоўскі сельсавет перайменаваны ў Маціёўскі, скасаваны Навасельскі сельсавет. На 1 студзеня 1974 года ў складзе раёна горад Талачын, гарадскі пасёлак Коханава, 10 сельсаветаў, 303 населеныя пункты[5]. 2 лютага 1982 года Маціёўскі сельсавет перайменаваны ў Талачынскі, Рыдамльскі — у Серкавіцкі. 20 кастрычніка 1995 года Талачынскі раён і горад Талачын аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 красавіка 2004 года скасаваны Алёнавіцкі, Жукнеўскі і Плоскаўскі сельсаветы[7]. 20 чэрвеня 2013 года Коханаўскі пассавет рэарганізаваны ў сельсавет[8]. 10 кастрычніка 2013 года скасаваны Азярэцкі сельсавет[9].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]У раёне 266 населеных пунктаў (станам на 2022 г.), з іх буйныя: Абольцы, Варанцэвічы, Высокі Гарадзец, Коханава, Серкавіцы, Славені, Слаўнае, Усвіж-Бук.
Насельніцтва 36,4 тыс. чал. (2000)
Гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]Агульная зямельная плошча раёна складае 150 тыс. га., у тым ліку 82 тыс. га сельгасугоддзяў. Раён спецыялізуецца на вырошчванні буйнай рагатай жывёлы і свінагадоўлі. Вырошчваюцца: зерневыя (грачыха, пшаніца, жыта, авёс, ячмень, гарох, лубін); кармавыя (бульба, буракі, кукуруза, люцэрна) і тэхнічныя культуры (сурэпіца, рапс, лён).
На Талачыншчыне 10 прамысловых прадпрыемстваў, 4 з іх займаюцца перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі. Наладжана вытворчасць жалезабетонных, сталярных вырабаў, экскаватараў, баваўняных тканін, тарфяных брыкетаў, ільновалакна, пладова-ягаднага віна, цэльнамалочнай прадукцыі, хлебабулачных і каўбасных вырабаў, безалкагольных напояў, крухмалу і інш. прадукцыі.
Буйнейшымі прадпрыемствамі з’яўляюцца: Талачынскі і Коханаўскі льнозаводы, тэкстыльная фабрыка, масларобча-сыраробчы, кансервавы, торфабрыкетны заводы, Коханаўскі экскаватарны завод. Адно са старэйшых прадпрыемстваў горада Талачына — тэкстыльная фабрыка, яе вырабы: коўдры, дываны, рушнікі, сурвэткі. Талачынскі масларобча-сыраробчы завод спецыялізуецца на вырабе масла, сыру, смятаны, тварагу і іншай прадукцыі. Торфабрыкетны завод выпускае торфабрыкет на паліва і нарыхтоўвае яго на ўгнаенне. Кансервавы завод — адно з буйнейшых прадпрыемстваў Талачыншчыны. У 2002 да яго далучаюць крухмальны завод, а ў 2005 — Гарадоцкі харчовы камбінат. СП «Кірана» (г. п. Коханава) спецыялізуецца на распрацоўцы і вырабе труб для газа- і водазабеспячэння, каналізацыі, пракладкі кабелю, меліярацыі.
Праз тэрыторыю раёна праходзяць аўтамагістраль M1 Мінск — Масква, газаправоды Ямал — Еўропа, Таржок — Мінск — Івацэвічы, а таксама прадуктаправод Унеча — Полацк.
Старшыні райвыканкама
[правіць | правіць зыходнік]- з 26 снежня 2019 — Алег Міхайлавіч Лындзін[10].
Сацыяльная сфера
[правіць | правіць зыходнік]Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Сетка ўстаноў адукацыі Талачынскага раёна прадстаўлена 29 установамі. З іх шэсць сярэдніх школ, адна базавая школа, чатыры вучэбна-педагагічныя комплексы «дзіцячы сад-базавая школа», 12 дашкольных устаноў, а таксама ўстановы спецыяльнай адукацыі і пазашкольнага навучання і выхавання: Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны Цэнтр[11].
Ахова здароўя
[правіць | правіць зыходнік]Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў Талачынскім раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Талачынская цэнтральная раённая бальніца».
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Ніна Міхайлаўна Літвінава — беларускі педагог і дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1947).
- Іван Іванавіч Касцюшка — беларускі вучоны.
- Ф. К. Анташкевіч (1922—1945) — Герой Савецкага Саюза.
- І. М. Барадаўка (нар. 1925, в. Зялёная) — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Лявон Баразна (1929, в. Новае Сяло — 1972) — беларускі мастак і даследчык культуры, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны.
- Фёдар Іванавіч Букштынаў, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
- М. П. Лугоўскі (1911, в. Равуча — 1944), камандзір стралковага батальёна, капітан. Герой Савецкага Саюза.
- Алесь Петрашкевіч (1930, в. Пярэвалачня — 2012) — беларускі пісьменнік, драматург.
- І. І. Рыжыкаў (1893, в. Рацава — 1979), партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Другую сусветную вайну.
- Я. М. Целешаў (1923—1997), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў пасёлку Забайкал[12].
- Міхась Зарэцкі, сапр.: Міхаіл Касянкоў (1901, в. Высокі Гарадзец — 1937) — беларускі празаік, драматург, ахвяра камуністычных рэпрэсій.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ http://www.tolochin.vitebsk-region.gov.by/ru/Ruk/
- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 4 сакавіка 2016. (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ а б Белорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.). — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 61. — 248 с. — 10 000 экз.
- ↑ Самончык Н. Ф. Талачынскае вадасховішча // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 5. — С. 74. — 583 с. — 10 000 экз.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 20 июня 2013 г. № 278 О некоторых вопросах административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 4 снежня 2021.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 10 октября 2013 г. № 292 Об изменении административно-территориального устройства некоторых районов Витебской области Архівавана 17 ліпеня 2021.
- ↑ Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні
- ↑ Асвета.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Талачынскі раён // Рэспубліка Беларусь: вобласці і раёны: энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С. 160—161.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 654 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-007-6.
- Смалякоў Г. С., Шныркевіч А. Г. Талачы́нскі раён // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 399—400. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).