Сафійскі сабор, Полацк

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Праваслаўны сабор
Сабор Сафіі Прамудрасці Божай
Сучасны выгляд Сафійскага сабора
Сучасны выгляд Сафійскага сабора
Каардынаты: 55°29′09″ пн. ш. 28°45′30″ у. д. / 55.485833° пн. ш. 28.758333° у. д. (G) (O) (Я)55°29′09″ пн. ш. 28°45′30″ у. д. / 55.485833° пн. ш. 28.758333° у. д. (G) (O) (Я)
Краіна Беларусь
Горад Полацк
Канфесія Праваслаўе
Тып будынка Сабор
Архітэктурны стыль віленскае барока
Аўтар праекта Іаган Крыштоф Глаўбіц
Будаўніцтва 10301060 гады
Асноўныя
даты
1710выбух парахавога склада,
які зруйнаваў сабор

1738—1750 — аднаўленне сабора з руін

Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 210Г000606шыфр 210Г000606
Стан музей, у адным з прыдзелаў па святах адбываюцца набажэнствы

Сабор Сафіі Прамудрасці Божай (Полацк)
Сабор Сафіі Прамудрасці Божай
Сабор Сафіі Прамудрасці Божай

По́лацкі Сафі́йскі сабо́р — помнік сакральнага дойлідства XI—XVIII ст. у г. Полацк. Лічыцца, што полацкая Сафія была пабудавана трэцяй, пасля вядомых на Русі сабораў у Кіеве (закладзены ў 1037 годзе) і Ноўгарадзе (каля 1045 года)[1]. Разбураны ў 1710 годзе, у сярэдзіне XVIII стагоддзя адноўлены як базіліка ў стылі віленскага барока і захоўвае такі выгляд дагэтуль[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паштовы блок Рэспублікі Беларусь, прысвечаны Сафійскаму сабору ў Полацку.

Сафійскі сабор у Полацку быў пабудаваны ў XI ст. на тэрыторыі дзяцінца. Узвядзенне манументальнага сабора традыцыйна датуецца шырока, у межах пачатковага перыяду княжання Усяслава Брачыславіча — 10441066 гадамі[1]. Яго ўзводзілі з арыентацыяй на візантыйскія ўзоры і на такія ж храмы ў Кіеве і Ноўгарадзе. Існуе гіпотэза, што сабор быў пабудаваны на месце ранейшага капішча, прысвечанага Пяруну або Вялесу[2][3]. Асноўны даследчык храма, ленінградскі археолаг Валянцін Булкін у 1970-х гадах выявіў культурны слой са слядамі пажару, які папярэднічаў часу ўзвядзення храма і мог належаць першапачатковаму драўлянаму сабору[1].

Узвядзенне Полацкай Сафіі трэба тлумачыць, як амбіцыі Усяслава Брачыславіча на гегемонію ва ўсходнеславянскім свеце[4]. Будаўніцтвам сабора падкрэсліваўся не толькі незалежны статус Полацка адносна Кіева. Полацк таксама мог успрымацца як «Новы» Іерусалім, або «Другі Царград». Такім чынам, Полацк разам з Кіевам і Ноўгарадам прэтэндаваў на мадэляванне цэнтра хрысціянскага свету. Размяшчэнне Сафійскага сабора на ўскраіне мыса, на ўзгорку ў дзяцінцы было адной з асноўных рыс, акрамя трохвугольнай формы гарадоў у плане і размяшчэння іх на сямі ўзгорках, якая звязвала сталіцу ўсходнеславянскага княства з сусветным цэнтрам усходнехрысціянскай рэлігіі — горадам Канстанцінопалем, галоўны храм якога быў узведзены на акропалі грэчаскага горада Візантыя[3].

Полацкі Сафі́йскі сабор упершыню згадваецца ў Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх[прыбраць шаблон] канца XIV стагоддзя: «Полотескъ на Двине и на Полоте, древянъ, святая София камена о седми връсехъ»[1].

Уніяцкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Іканаграфія сабора XVI—XVIII ст.

Пасля вяртання Полацка пад юрысдыкцыю Вялікага Княства Літоўскага ў 1579 годзе войскамі караля Стэфана Баторыя Сафійскі сабор стаў адзіным храмам у горадзе, якія належаў праваслаўным. Пасля падпісання Берасцейскай уніі ў 1596 годзе сабор перайшоў да ўніятаў. Пасля пажару і частковага разбурэння 1607 года сабор быў у запусценні, у 1618 годзе ўніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч аднавіў і значна перабудаваў сабор.

У 1642 годзе сабор ізноў пацярпеў ад пажару, але быў неўзабаве адноўлены. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Полацк быў узяты расійскімі войскамі цара Аляксея Міхайлавіча, які ў 1654 годзе наведаў сабор. Да 1667 года Сафійскі сабор быў праваслаўным, а затым ізноў перайшоў да ўніятаў.

Узрыў сабора[правіць | правіць зыходнік]

11 ліпеня 1705 года, падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў, сабор быў зачынены расійскай арміяй (цар Пётр I перадаў сабор праваслаўнай абшчыне, але яна адмовілася прыняць яго, асцерагаючыся, што пасля таго як рускія войскі пакінуць горад, супраць іх пачнуцца рэпрэсіі[5]).

Паводле польскага гісторыка XIX стагоддзя Францішка Духінскага, п'яны Пётр I уварваўся разам з салдатамі ў Сабор Св. Сафіі ў Полацку, які належаў уніятам, дзе захоўваліся мошчы Іасафата Кунцэвіча. Цар запатрабаваў ключы ад царскіх варот, а калі базыльяне адмовіліся іх даць, асабіста забіў настаяцеля і чатырох манахаў-базыльян, а целы загадаў утапіць у Дзвіне[6]. Пра гэту падзею коратка паведамляе Віцебскі летапіс: Eodem anno [1705], mense Iulli 11 die in ecclesia S. Sofiae ipse occidit 4 basilianos in Polocia («У тым жа [1705] годзе месяца ліпеня 11 дня ў храме Св. Сафіі сам [цар Пётр I] забіў 4 базыльян у Полацку»[7]).

Па іншай версіі, канфлікт адбыўся пасля таго, як на пытанне цара пра тое, хто намаляваны на іконе, манахі адказалі, што гэта святы Іасафат, забіты ератыкамі.[8]. Цар загадаў арыштаваць манахаў, але яны аказалі супраціўленне, у выніку чаго адбылося сутыкненне, у якім яны і былі забіты. Дакументы Кабінета Пятра I, якія захоўваюцца ў РДАСА паведамляюць, што «здарэнне ў Полацку было спантанай праявай гневу цара, справакаванай дзёрзкімі паводзінамі ўніяцкіх манахаў»[5].

Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў у прытворы храма размяшчаўся парахавы склад, які 1 мая 1710 года узарваўся[8], пасля чаго Сафійскі сабор быў цалкам разбураны і праляжаў у руінах да 1738 года.

Аднаўленне і наступная гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Барочны інтэр'ер

Аднаўленне сабора здзейсніў уніяцкі архіепіскап Фларыян Грабніцкі. Да 1750 г. на захаваных заснаваннях сцен была збудавана двухвежавая базіліка ў стылі віленскага барока, якую асвяцілі ў гонар Сашэсця Святога Духа. Падчас Айчыннай вайны 1812 г. храм выкарыстоўваўся французскімі войскамі як стайня.

Полацк, малюнак Напалеона Орды

Пасля Полацкага царкоўнага сабору 1839 г. храм царквы быў вернуты праваслаўным. У 1911—1914 гадах быў праведзены капітальны рамонт сабора. У 1924 г. ў рамках савецкай атэістычнай палітыкі царкву зачынілі і размясцілі ў ёй краязнаўчы музей. У перыяд нямецкай акупацыі з 1942 г. па ліпень 1944 г. Сафійскі сабор дзейнічаў, а потым быў ізноў зачынены.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Арган на хорах сабора

Пэўны час сабор служыў як збожжасховішча, а потым як архіў. Адраджэнне Сафіі да новага жыцця адбылося ў 1983 годзе, тады храм стаў канцэртнай залай, аўтарам праекта рэстаўрацыі быў Валерый Слюнчанка[9]. У працах па вяртанню да жыцця Сафійскага сабора прымалі ўдзел беларускія і літоўскія рэстаўратары, расійскія археолагі (П. А. Рапапорт, Вал. А. Булкін), чэшскія майстры-арганісты)[10]. З 1983 года ў Сафійскім саборы дзейнічае канцэртная зала. У 1985 года ў саборы чэхаславацкай арганабудаўнічай фірмай «Rieger Kloss» быў збудаваны арган. Першы канцэрт быў дадзены 2 мая 1985 года арганістам Алегам Янчанкам. Штогод праходзіць Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі і міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі»[11].

У храме размяшчаецца Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, які ўваходзіць у склад Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Побач з саборам усталяваны адзін з Барысавых камянёў.

У адным з прыдзелов сабора на царкоўныя святы здзяйсняюцца праваслаўныя набажэнствы.[12]

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Арыгінальная пабудова[правіць | правіць зыходнік]

Макет сабора XI ст.

Узвядзенне храма звязана з пераносам цэнтра горада са старога гарадзішча. Архітэктурнае рашэнне полацкага Сафійскага сабора пераклікаецца з аднайменнымі храмамі Кіева і Ноўгарада. У плане сабор уяўляў сабой чатырохвугольнік з пяццю нефамі і трыма апсідамі гранёнай формы. Тры сярэднія нефы вылучаліся, што стварала ўражанне выцягнутасці і набліжала крыжова-купальны храм да базілікальнага тыпу. Над уваходам размяшчаліся княжацкія хоры, уздоўж сцен цэнтральнай апсіды ішоў сінтрон, галоўны купал меў у дыяметры 5,85 метра. Памеры Полацкай Сафіі з поўначы на поўдзень — 26,2 м, з захаду на ўсход — 25,5 м. Сцены храма былі выкладзены з цэглы ў тэхніцы візантыйскай кладкі «са схаваным радам». Аснову яе складала чаргаванне радоў цэглы (плінфы) — адзін супадаў знадворку з плоскасцю сцяны, другі ўтопліваўся на невялікую глыбіню адносна верхняга і ніжняга. Ніша, якая ўтваралася, запаўнялася вапняковым растворам з цагляным крошывам (цамянкай). Такі спосаб кладкі надаваў будынку маляўнічы выгляд. У некаторых месцах сістэмная кладка «са схаваным радам» чаргавалася ўстаўкамі з апрацаваных камянёў.

Да храма прылягалі прыбудовы: хрысцільня і лесвічная вежа на княжацкія хоры. Па летапісах, можна меркавана сказаць, што храм меў 7 глаў. 4 купалы размяшчаліся сіметрычна ад галоўнага, а хрысцільня і лесвічная вежа мелі свае главы, што стварала своеасаблівы вобраз храма. Галоўныя адрозненні ад Кіева і Ноўгарада — гэта адсутнасць галерэй. Храм меў тры апсіды, а не пяць. Княжацкія хоры адкрываліся ў цэнтральнае памяшканне падвойнымі аркамі, якія абапіраліся на 1 прамежкавы слуп. Ёсць віма (дадатковае дзяленне ў апсіднай частцы падкупальнай прасторы), характэрная для Візантыі.

Храм, як і наўгародскі, быў распісаны толькі фрэскамі, тады як у Кіеве спалучаліся фрэскавае і мазаічнае дэкаратыўнае аздабленне храма. Будаўніцтвам усіх трох храмаў, верагодна, займалася запрошаная з Канстанцінопаля арцель. Галоўная ідэя храма — гэта ўваходжанне жыхароў Полацкай зямлі ў Сусветную царкву, напамінак пра Сафійскі Сабор Канстанцінопаля, сімвал магутнасці княжацкай улады.

Рэшткі падмуркаў першапачатковага храма

Арыгінальны будынак сабора XI ст. не захаваўся, засталіся яго фрагменты: рэшткі ніжніх сцен і слупоў, і апсід вышынёй каля 11 метраў.

Барочны храм[правіць | правіць зыходнік]

Уваход
Вежы сабора

У выніку работ, праведзеных у саборы ў сярэдзіне XVIII ст., з паўднёвага боку была прыбудавана новая апсіда, на поўдні размешчаны ўваход і дзве вежы. Гэта прывяло да пераарыентацыі падоўжнай восі храма перпендыкулярна першапачатковаму выгляду. Сабор стаў уяўляць сабой трохнефную аднаапсідную базіліку, арыентаваную на поўнач. З паўднёвага боку знаходзяцца дзве сіметрычныя вежы вышынёй 50 м. Перабудаваны ў стылі віленскага барока сабор атрымаў і новае рашэнне інтэр'ера. Акрамя барочных калон з'явілася шмат ляпных упрыгажэнняў, фігурныя карнізы і некалькі нязвыклая каляровая гама. Алтарная частка храма была аддзелена ад цэнтральнага нефа высокай трох'яруснай перагародкай, да якой на скляпенні прылягала барэльефная выява Троіцы Новазапаветнай. Другі і першы ярусы былі распісаны і ўпрыгожаны драўлянай скульптурай. Ад роспісаў на алтарнай перашкодзе захаваліся: копія вядомай фрэскі Леанарда да Вінчы «Тайная вячэра» і Спас Нерукатворны.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Денис ДУК. ПОЛОЦК-1150. Истоки государственности на белорусских землях*
  2. Лобач, У. Да пытання аб сакральнай тапаграфіі старажытнага Полацка
  3. 3,0 3,1 Ю. М. КЕЖА. САКРАЛІЗАЦЫЯ КНЯЖАЦКАЙ УЛАДЫ ВА ЎСХОДНЕСЛАВЯНСКІМ ГРАМАДСТВЕ
  4. Марзалюк, І. А. Гістарычная самаідэнтычнасць насельніцтва Беларусі ў XI—XVII стст.
  5. 5,0 5,1 В. И. Петрушко (доктор церковной истории). Митрополит Лев Заленский и Униатская Церковь в Речи Посполитой в период его правления
  6. F. H. Duchiński, Historia o pozabiianiu bazilianów w połockiey cerkwi przez cara moskiewskiego etc. w roku 1705tym, dnia 30 Junia starego, Paryż 1863.
  7. Літопіс Панцирного й Аверки; Витебская ЛЂтопись, составленная витебскими мЂщанами Стефаномъ Гавриловичемъ АвЂркою 1578—1768
  8. 8,0 8,1 Собор Святой Софии, Премудрости Божией, в Полоцке // Патриархия.Ru
  9. Народная воля. Дзікунства Пятра I у Сафійскім саборы.
  10. Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора.
  11. Международный фестиваль органной музыки «Званы Сафіі» открывается в Полоцке
  12. Прадстаяцель Рускай Царквы наведаў Сафійскі сабор у Полацку

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Арлоў У. А.. Таямніцы Полацкай гісторыі. — Мінск: «Беларусь», 1994. — 463 с. — ISBN 5-338-01005-4 (перавыданні 2000 і 2002).
  • Лазука Б. А. Беларускае барока. — Мінск: «Беларусь», 2001.
  • Страчаная спадчына / Уклад. Габрусь Т. В. — Мінск: «Беларусь», 2003.
  • Комеч, А. И. Древнерусское зодчество конца Х — начала XII веков : Византийское наследие и становление самостоятельной традиции / А. И. Комеч. — М: Наука, 1987. — 319 с.
  • Раппопорт, П. А. Зодчество Древней Руси / П. А. Раппопорт. — Л: Наука, Ленинградское отделение, 1986. — 160 с.
  • Слюнченко, В. Г. Полоцкий Софийский собор : историко-архитектурный очерк / В. Г. Слюнченко. — Минск : Полымя, 1987. — 48 с.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 176-179.
  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]