Вітольд Ашурак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вітольд Ашурак
Дата нараджэння 1970
Месца нараджэння
Партыя

Вітольд Ашурак (нар. 1970, в. Агароднікі, Лідскі раён) — беларускі грамадскі і палітычны актывіст, палітычны зняволены.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Агароднікі, паблізу горада Бярозаўка (Лідскі раён). Пасля школы ўладкаваўся на шклозавод «Нёман», дзе працаваў выдзьмувальнікам. Затым звольніўся і пачаў зарабляць будаўнічымі працамі.

У 2010 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў удзельнічаў у пратэстах 19 снежня ў Мінску, яго затрымалі і асудзілі да 12 сутак арышту. Неўзабаве ўступіў у БНФ, потым стаў сябрам Сойма партыі. Ён пастаянна бываў на ўгодках ушанавання паўстанцаў у Свіслачы, прыязджаў на ўгодкі Слуцкага збройнага чыну.

Падымаў экалагічныя праблемы. Разам з паплечнікамі судзіўся са шклозаводам за парушэнне Орхускай канвенцыі, дамагаўся грамадзкіх слуханняў па пытанні арганізацыі вытворчасці шкловаты – урэшце на заводзе пабудавалі больш бяспечную высокатэмпературную печ, дзе спальвалі шкодныя адкіды. Калі пачаўся мор рыбы ў Дзітве, каб прыцягнуць увагу да праблемы прыняў удзел у акцыі на прыступках райвыканкаму, за што атрымаў штраф, аднак неўзабаве пачалося пашырэнне лідскіх ачышчальных збудаванняў. У Лідскім раёне шмат зрабіў, каб жыла памяць пра паўстанцаў 1863 года. На працягу 2017–2018 гадоў Вітольд Ашурак разам са сваімі паплечнікамі аднавіў між вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы (Лідскі раён) мемарыял памяці паўстанцам Каліноўскага.

Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент.

Прымаў актыўны ўдзел у вулічных акцыях у Лідзе ў час масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Яго ўпершыню затрымалі 9 жніўня. Суд пакараў актывіста 20 суткамі: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і 5 за непавагу да суда, адмовіўся ўстаць, калі з’явіўся суддзя. Аднак праз 5 дзён яго адпусцілі, як і амаль усіх тагачасных палітвязняў, што адбывалі адміністрацыйнае пакаранне. Тым не менш крымінальная справа была заведзеная ўжо тады. 16 верасня В. Ашурка забралі паўторна, мала таго, што яму заставалася адбыць 15 сутак з мінулага, дык дадалі яшчэ 15 — за ўдзел у мерапрыемствах у Лідзе ў жніўні-верасні. Калі заставалася адбыць 2–3 сутак, яго перавялі ў гродзенскае СІЗА па крымінальным артыкуле.

Суд быў закрытым. Яго судзілі па двух артыкулах: 364 «Гвалт ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па першым артыкуле суд пастанавіў пакараць актывіста 4 гадамі калоніі, а па другім — 2 гадамі і 4 месяцамі. Шляхам частковага паглынання атрымалася 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму — адзін з самых строгіх прысудаў для ўдзельнікаў паслявыбарчых акцый пратэсту. Людзі пачалі крычаць суддзе Максім Філатаву «Ганьба!» і падтрымліваць асуджанага.

На наступны дзень пасля працэсу ў лідскім судзе 8 чалавек затрымалі па крымінальнай справе аб хуліганстве, якая была заведзеная па факце непрыстойных дзеянняў падчас абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку[1].

27 студзеня 2021 года сумеснай заяваю адзінадцацці арганізацыяў (праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт ды інш.) Вітольд Ашурак быў прызнаны палітычным зняволеным[2].

4 лютага 2021 года шэфства над палітычным зняволеным узяў Шон Хогі, дэпутат Дойл Эрэн[3].

У сярэдзіне красавіка 2021 года стала вядома, што апеляцыя Ашурка на прысуд, якая разглядалася ў яго адсутнасць, была не задаволеная[4].

Зноскі

  1. nn.by
  2. Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення 31 палітычнага зняволенага (бел.) . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (27 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2021. Праверана 10 красавіка 2021.
  3. Members of Parliament from Switzerland, Germany and Ireland take over godparenthood for Yuliya Slutskaya, Katsiaryna Andreyeva and Vitold Ashurak (англ.) . Libereco (4 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2021. Праверана 24 лютага 2021.
  4. "«Галоўную перамогу мы ўжо атрымалі»" (in be). Новы Час (15 (723)): 2. 2021-04-16. 

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]