Перайсці да зместу

Вітольд Міхайлавіч Ашурак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вітольд Міхайлавіч Ашурак
Дата нараджэння 13 кастрычніка 1970(1970-10-13)
Месца нараджэння
Дата смерці 21 мая 2021(2021-05-21)[1] (50 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Партыя
Член у
Род дзейнасці палітычны актывіст, грамадскі актывіст
Месца працы
Узнагароды
Медаль Ордэна Пагоні Медаль «Гонар і Годнасць»
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вітольд Міхайлавіч Ашурак (нар. 13 кастрычніка 1970, в. Агароднікі, Лідскі раён — 21 мая 2021, Шклоў) — беларускі грамадскі і палітычны актывіст, палітычны зняволены.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Агароднікі, паблізу горада Бярозаўка (Лідскі раён). Пасля школы ўладкаваўся на шклозавод «Нёман», дзе працаваў выдзьмувальнікам. Затым звольніўся і пачаў зарабляць будаўнічымі працамі.

У 2010 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў удзельнічаў у пратэстах 19 снежня ў Мінску, яго затрымалі і асудзілі да 12 сутак арышту. Неўзабаве ўступіў у БНФ, потым стаў сябрам Сойма партыі. Ён пастаянна бываў на ўгодках ушанавання паўстанцаў у Свіслачы, прыязджаў на ўгодкі Слуцкага збройнага чыну.

Падымаў экалагічныя праблемы. Разам з паплечнікамі судзіўся са шклозаводам за парушэнне Орхускай канвенцыі, дамагаўся грамадскіх слуханняў па пытанні арганізацыі вытворчасці шкловаты — урэшце на заводзе пабудавалі больш бяспечную высокатэмпературную печ, дзе спальвалі шкодныя адкіды. Калі пачаўся мор рыбы ў Дзітве, каб прыцягнуць увагу да праблемы прыняў удзел у акцыі на прыступках райвыканкаму, за што атрымаў штраф, аднак неўзабаве пачалося пашырэнне лідскіх ачышчальных збудаванняў. У Лідскім раёне шмат зрабіў, каб жыла памяць пра паўстанцаў 1863 года. На працягу 2017—2018 гадоў Вітольд Ашурак разам са сваімі паплечнікамі аднавіў між вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы (Лідскі раён) мемарыял памяці паўстанцам Каліноўскага.

Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент.

Прымаў актыўны ўдзел у вулічных акцыях у Лідзе ў час масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Яго ўпершыню затрымалі 9 жніўня. Суд пакараў актывіста 20 суткамі: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і 5 за непавагу да суда, адмовіўся ўстаць, калі з’явіўся суддзя. Аднак праз 5 дзён яго адпусцілі, як і амаль усіх тагачасных палітвязняў, што адбывалі адміністрацыйнае пакаранне. Тым не менш крымінальная справа была заведзеная ўжо тады. 16 верасня Ашурка забралі паўторна, мала таго, што яму заставалася адбыць 15 сутак з мінулага, дык дадалі яшчэ 15 — за ўдзел у мерапрыемствах у Лідзе ў жніўні-верасні. Калі заставалася адбыць 2-3 сутак, яго перавялі ў гродзенскае СІЗА па крымінальным артыкуле.

Суд быў закрытым. Яго судзілі па двух артыкулах: 364 «Гвалт ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па першым артыкуле суд пастанавіў пакараць актывіста 4 гадамі калоніі, а па другім — 2 гадамі і 4 месяцамі. Шляхам частковага паглынання атрымалася 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму — адзін з самых строгіх прысудаў для ўдзельнікаў паслявыбарчых акцый пратэсту. Людзі пачалі крычаць суддзю Максім Філатаву «Ганьба!» і падтрымліваць асуджанага.

На наступны дзень пасля працэсу ў лідскім судзе 8 чалавек затрымалі па крымінальнай справе аб хуліганстве, якая была заведзеная па факце непрыстойных дзеянняў падчас абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку[2].

27 студзеня 2021 года сумеснай заяваю адзінадцацці арганізацыяў (праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт ды інш.) Вітольд Ашурак быў прызнаны палітычным зняволеным[3]. 4 лютага 2021 года шэфства над палітычным зняволеным узяў Шон Хогі, дэпутат Дойл Эрэн[4][5].

У сярэдзіне красавіка 2021 года стала вядома, што апеляцыя Ашурка на прысуд, якая разглядалася ў яго адсутнасць, была не задаволеная[6]. У адным з апошніх лістоў Ашурак паведаміў, што турэмнае начальства прымусіла яго і іншых палітычных зняволеных насіць жоўтую бірку, каб яна вылучала іх сярод вязняў[7].

21 мая 2021 года памёр у Шклоўскай калоніі ПК № 17[8]. Пахаваны 26 мая ў Бярозаўцы. На развітанні з Вітольдам Ашуркам яго цела атулілі бела-чырвона-белым сцягам паводле волі памерлага[9].

Гібель[правіць | правіць зыходнік]

Акцыя памяці Ашурка ў польскім Быдгашчы 22 мая 2021 года

Меркаваная афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца. Дакладная прычына смерці яшчэ павінна быць высветлена[10].

25 мая цела Вітольда Ашурка аддалі сваякам. У нябожчыка была «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, бачны толькі рот»[11]. Сваякі вырашылі не рабіць дадатковыя экспертызы, бо не давяралі магчымым вынікам і не жадалі зацягваць пахаванне[12]. 25 мая Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь апублікаваў відэа з прыкметамі мантажу з камеры ШІЗА, на якім адлюстраваныя два спантанных падзенні Ашурка[13]. Відэа вызвала ў экспертаў і былых вязняў Шклоўскай калоніі падазрэнні наконт непраўдзівасці інфармацыі (на відэа ня бачна, ці сапраўды чалавек у робе — Вітольд Ашурак; у камэру да асуджанага супрацоўніку аднаму ўваходзіць забаронена), а таксама сумненні ў добрым стане яго здароўя, перад тым як Вітольд Ашурак трапіў у гэтую камеру[14].

Рэакцыя[правіць | правіць зыходнік]

Быдгашч, 3 кастрычнка 2021. Акцыя салідарнасці з Беларуссю: Вітольд Ашурак (злева), Генадзь Шутаў (справа)

На думку Алеся Бяляцкага, адміністрацыя турмы ў Шклове аказвала наўмысны ціск на палітвязня, напрыклад, паводле дадзеных Следчага камітэта, Вітольд быў аштрафаваны 12 разоў за месяц нібыта за парушэнне турэмных правілаў[15]. Праваабаронца лічыць, што ліст Ашурка, дзе ён апісаў, што палітвязні былі вымушаныя насіць на вопратцы жоўтыя біркі, і які атрымаў шырокую агалоску ў СМІ, стаў прычынаю таго, што яго пасадзілі ў штрафны ізалятар, праз некалькі тыдняў у якім Ашурак, які раней не скардзіўся на здароўе, страціў прытомнасць і паваліўся мёртвым.[15] Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» таксама выказаў сумнеў, што Следчы камітэт, які «правёў „паспяховае“ расследаванне супраць Вітольда Ашурка і дапамог яму апынуцца ў турме» і які не распачаў ніводнай крымінальнай справы пасля таго, як сотні скардзіліся на катаванні пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года правядзе аб’ектыўнае расследаванне і высветліць праўду, да таго ж адміністрацыя Шклоўскай калоніі ПК № 17 зробіць усё, каб схаваць яе[15].

Смерць Вітольда Ашурка выклікала міжнародную рэакцыю[10]. Пітэр Стано, прэс-сакратар Вярхоўнага прадстаўніка Саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі  (укр.) Жазэпа Барэля, заклікаў неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных і адвольна затрыманых[10]. Святлана Ціханоўская адзначыла: «Людзі не толькі пакутуюць, але і гінуць пры рэжыме»[10]. Урад Ірландыі  (укр.) заклікаў правесці незалежнае расследаванне «вельмі падазронай», на думку Шона Хогі, смерці Ашурка, але безвынікова[5].

31 кастрычніка 2021 года ў беларускай царкве ў Антверпене ўсталявалі і асвяцілі памятны знак у гонар Вітольда Ашурка[16].

24 лістапада 2022 года Ашурак быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[17]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б https://nn.by/?c=ar&i=273305
  2. nn.by
  3. Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення 31 палітычнага зняволенага . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (27 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2021. Праверана 10 красавіка 2021.
  4. Members of Parliament from Switzerland, Germany and Ireland take over godparenthood for Yuliya Slutskaya, Katsiaryna Andreyeva and Vitold Ashurak (англ.). Libereco – Partnership for Human Rights  (ням.) (4 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2021. Праверана 24 лютага 2021.
  5. а б Cunningham, Paul  (англ.). Irish politicians sponsor Belarus political prisoners (англ.). RTÉ.ie  (англ.) (15 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 16 ліпеня 2021. Праверана 16 ліпеня 2021.
  6. "«Галоўную перамогу мы ўжо атрымалі»". Новы Час (15 (723)): 2. 2021-04-16.
  7. Активист БНФ Ашурок написал из колонии в Шклове, что «политических» заключённых обязали носить желтые бирки. Это законно? Архівавана 21 мая 2021. (руск.)
  8. У шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак . Наша Ніва (21 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 21 мая 2021. Праверана 21 мая 2021.
  9. Краіна развіталася з Вітольдам Ашуркам (фота)
  10. а б в г Belarussischer Aktivist Aschurok in Haft gestorben (ням.). Die Zeit (22 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 мая 2021. Праверана 22 мая 2021.
  11. Цела палітвязня Ашурка аддалі сваякам: галава забінтаваная. Пахаванне заўтра
  12. Родственникам отдали тело умершего в колонии политзаключенного Витольда Ашурка
  13. З’явілася відэа смерці Ашурка. Палітвязня трымалі ў ШІЗА АСЦЯРОЖНА! НА ВІДЭА ФРАГМЕНТ СМЕРЦІ!
  14. Якія пытаньні выклікае відэа меркаванай сьмерці Вітольда Ашурка. Камэнтуюць лекары і былыя палітвязьні
  15. а б в Bialiatski, Ales. Ales Bialiatski on the death of political prisoner Vitold Ashurak (англ.). Праваабарончы цэнтр «Вясна» (26 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 27 мая 2021. Праверана 27 мая 2021.
  16. Палітвязьню Вітольду Ашурку, які памёр у шклоўскай калёніі, усталявалі памятны знак. У Бэльгіі. Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (1 лістапада 2021). Праверана 3 лістапада 2021.
  17. Рада БНР абвяшчае пра абнаўленьне Статуту Ордэна Пагоні і заснаваньне Мэдаля Ордэну Пагоні

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]