Перайсці да зместу

Беларусы Чэхіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларусы Чэхіі — дыяспара беларусаў Чэшскай Рэспублікі. Паводле ацэнак МУС, у краіне знаходзіцца крыху больш за 4 тысяч беларускіх грамадзян.

Гісторыя і сучаснасць

У 20 стагоддзі Прага стала цэнтрам беларускага эмігранцкага руху. У 1918-25 консулам БНР быў М. Вяршынін. У 1920-30 гг. у Празе, Подзебрадзі, Пшыбраме, Брно дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы чэхаславацкага ўрада і грамадскага чэшска-украінскага камітэта дапамогі украінскім і беларускім студэнтам вучыліся каля 300 студэнтаў з Заходняй Беларусі, сярод іх — В. Вальтар, Я. Мамонька, С. Бусел, Я.Геніюш, Л. Красоўская, Л. Рыдлеўскі, М. Чарнецкі. Пры Украінскай гаспадарчай акадэміі ў Подзебрадзі ў 1925-27 гг. дзейнічаў Беларускі студэнцкі гурток. 1 лістапада 1923 г. у Прагу пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (У тым ліку П. Крачэўскі і В. Захарка), якія дзейнічалі да сакавіка 1943 года (як эмігранці ўрад да 1925 года). У міжваенны перыяд існаваў шэраг беларускіх устаноў: Аб'яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны, Беларускі навуковы кабінет, у 1928 г. заснаваны Беларускі загранічны архіў. У 1941 г. дзейнічалі Карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы.

Пасля Другой Сусветнай вайны ў Празе жылі 300 беларускіх сем'яў. Тут жылі і працавалі Ларыса Геніюш, Міхаіл Забэйда-Суміцкі.

Беларускае жыццё актывізавалася ў 1990-я гады. Гэтаму спрыяла культурная праграма "Беларусы ў Празе", у часы якой працавалі аднайменная выстава, Скарынаўскі семінар, заснавана Згуртаванне беларусаў Чэхіі імя Ф. Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Ф. Скарыне. У сакавіку 1998 года адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР.

25 сакавіка 1998 г. пры чэшскай арганізацыі "Чалавек у бядзе" адкрыты Беларускі цэнтр (каардынатар У. Яндзюк), а ў сакавіку 1999 г. - інфармацыйнае прадстаўніцтва грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя-97". З 2 па 6 чэрвеня 1998 г. у Празе адбыўся 7 Усеславянскі з'езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чалавек на чале з дэлегатам Нацыянальнага сходу С. І. Касцянам.

У 1999 г. зарэгістравана беларуская галерэя "Саламея", створаная мастачкай Н. Валавай.

У адпаведнасці з рашэннем Міністэрства адукацыі Чэхіі ў Пражскіх ВНУ у 2000 годзе працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі[1].

Аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта ўніверсітэта г. Брно працягвае падрыхтоўку спецыялістаў-беларусістаў, што праводзілася доўгі час пад кіраўніцтвам цяпер прафесара Вацлава Жыдліцкага, вядомага ў Беларусі не толькі бліскучымі ведамі беларускай мовы, але і сваімі працамі аб беларускай літаратуры.

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 11. — С. 530, 531. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2.