Тадэвуш Кандрусевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Тадэвуш Кандрусевіч

Герб
Quis ut Deus
Хто ж як Бог
2-і Арцыбіскуп-Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
21 верасня 2007 — 3 студзеня 2021
Царква Рымска-Каталіцкая Царква
Папярэднік Казімір Свёнтак
Пераемнік Іосіф Станеўскі
3-і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
3 чэрвеня 2015 — 3 студзеня 2021
Царква Каталіцкая Царква
Папярэднік Аляксандр Кашкевіч
Пераемнік Алег Буткевіч
4-ы Апостальскі адміністратар sede vacante і ad nutum Sanctae Sedis Пінскай дыяцэзіі
30 чэрвеня 2011 — 16 чэрвеня 2012
Царква Рымска-Каталіцкая Царква
Папярэднік Казімір Свёнтак
2-і Апостальскі адміністратар[1] sede vacante і ad nutum Sanctae Sedis Мінскай дыяцэзіі
10 мая 1989 — 13 красавіка 1991
Царква Рымска-Каталіцкая Царква
Папярэднік Баляслаў Слосканс
29-ы Тытулярны біскуп Гіпон-Дыярыцкі
10 мая 1989 — 11 лютага 2002
Царква Каталіцкая Царква
Папярэднік Франсішку Мануэл Віейра
Пераемнік Хасэ Паала Саласар OP
1-ы Арцыбіскуп-Мітрапаліт мітраполіі Маці Божай з цэнтрам у Маскве
11 лютага 2002 — 21 верасня 2007
Царква Рымска-Каталіцкая Царква
Пераемнік Паала Пецы
1-ы Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі
2 сакавіка 1999 — 21 студзеня 2005
Царква Каталіцкая Царква
Пераемнік Іосіф Верт
Апостальскі адміністратар для каталікоў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі
13 красавіка 1991 — 11 лютага 2002
Царква Рымска-Каталіцкая Царква

Адукацыя
Навуковая ступень доктар багаслоўя[d]
Дзейнасць каталіцкі святар, каталіцкі біскуп
Нараджэнне 3 студзеня 1946(1946-01-03) (78 гадоў)
Бацька Ігнат Кандрусевіч
Маці Ганна, народ. Шуста
Прэсвітарская хіратонія 31 мая 1981 ад Людаса Павілоніса MIC
Епіскапская хіратонія 20 кастрычніка 1989 ад Яна Паўла II (разам з Эдуардам Ідрысам Касідзі і Франчэска Каласуона)

Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Яго Эксцэленцыя Тадэ́вуш Кандрусе́віч (нар. 3 студзеня 1946) — рымска-каталіцкі іерарх, які служыў у Літве, Расіі і Беларусі. У апошніх дзвюх краінах аднаўляў рымска-каталіцкія царкоўныя структуры падчас Перабудовы і пасля падзення камуністычнай сістэмы. Адзін з нямногіх іерархаў Каталіцкай Царквы, які два разы запар быў арцыбіскупам-мітрапалітам у дзвюх рымска-каталіцкіх мітраполіях, што знаходзяцца на тэрыторыі суседніх краін. Пакінуў пасаду Арцыбіскупа-Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага 3 студзеня 2021 года.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сын Ігнацыя (1906—1985) і Ганны з Шустаў (1911—1999) Кандрусевічаў, меў сястру Марыю Бурыху (1949—1997). Бацькі будучага арцыбіскупа лічылі сябе палякамі, сам жа ён вызначае сваю нацыянальную і этнічную прыналежнасць як «хрысціянін»[2].

У 1962 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, адкуль праз год вымушаны быў сысці ў сувязі з абвінавачваннямі ў рэгулярным наведванні касцёла і ўдзеле ў набажэнствах. Адпрацаваўшы год у праектна-будаўнічай арганізацыі ў Гродна, у 1964 годзе паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які скончыў у 1970 на «выдатна», атрымаў дыплом інжынера-механіка па спецыяльнасці «гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі». Працаваў інжынерам на Вільнюскім заводзе шліфавальных станкоў: напачатку ў зборачным цэху, потым — у канструктарскім бюро. У складзе групы інжынераў атрымаў аўтарскае пасведчанне на вынаходку «Прамысловы ўзор спецыяльнага высакаскораснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».

Служба ў Літве і Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У 1976—1981 навучаўся ў Духоўнай семінарыі ў Каўнасе. 31 мая 1981 прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Людаса Павілоніса. У 1981—1986 быў вікарыем у віленскім касцёле Св. Тэрэзы пры Вострай Браме, у 1986—1987 — парафіі Маці Божай Шкаплернай у Друскеніках, у 1987—1988 — у віленскім касцёле Святога Духа. 13 лютага 1988 прызначаны пробашчам гарадзенскіх парафій Маці Божай Анёльскай і святога Францішка Ксаверыя (кафедра). У 1985 на тэалагічным факультэце ў Каўнасе атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі, абараніўшы працу на тэму «Вучэнне Дагматычнай канстытуцыі II Ватыканскага Сабора Lumen Gentium пра Касцёл». У 1988 тамсама абараніў дысертацыю на тэму «Паглыбленне вучэння пра Касцёл у працах II Ватыканскага Сабору і ў яго дакументах» і атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі.

25 ліпеня 1989 года Папа Ян Павел II прызначыў яго тытулярным біскупам Гіпона-Зарыцкім і апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі. Біскупскае пасвячэнне, якое адбылося 20 кастрычніка 1989 у базіліцы Святога Пятра ў Рыме, узначаліў Папа Ян Павел II. Біскупскі дэвіз Тадэвуша Кандрусевіча Quis ut Deus — «Хто ж як Бог». Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў і прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізіса» на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі.

Служба ў Расіі[правіць | правіць зыходнік]

13 красавіка 1991 названы архібіскупам і прызначаны Апостальскім адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі. У 1994—1999 — член Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў. За час яго біскупскага служэння ў Расіі ў Міністэрстве юстыцыі РФ была афіцыйна зарэгістраваная Апостальская Адміністратура для каталікоў лацінскага абраду, што дало ёй правы юрыдычнай асобы; была праведзена юрыдычная рэгістрацыя вялікай колькасці адноўленых парафій і іншых касцёльных структур. У 1991 у Маскве быў заснаваны Каледж каталіцкае тэалогіі імя святога Тамаша Аквінскага, 3 філіялы якога дзейнічаюць у іншых гарадах (выдаецца часопіс «Puncta…», раней — «Theologia»); у Санкт-Пецярбургу заснавана «Радыё Марыя»; у 1993 у Санкт-Пецярбургу адкрытая Вышэйшая духоўная семінарыя «Марыя — Каралева Апосталаў».

Пасля падзелу Адміністратуры 23 лістапада 1999 прызначаны Апостальскім Адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду Поўначы Еўрапейскай часткі Расіі. У лютым 1999 абраны Старшынёй навастворанае Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расійскай Федэрацыі. 11 лютага 2002 апостальская адміністратура была ўзведзена ў ранг архідыяцэзіі з назвай архідыяцэзія Маці Божай з цэнтрам у Маскве, і Тадэвуш Кандрусевіч стаў яе першым ардынарыем (і, адпаведна, мітрапалітам аднайменнай мітраполіі). Дзякуючы яго намаганням у Расіі распачала працу дабрачынная арганізацыя «Caritas», былі створаны інфармацыйна-выдавецкі цэнтр «Истина и жизнь», салезіянскі і францысканскі выдавецкія цэнтры, а таксама Духоўная бібліятэка (выдадзена больш за 600 найменняў тэалагічнай, рэлігійнай, філасофскай і літургічнай літаратуры), заснаваныя штотыднёвая каталіцкая газета «Свет Евангелия», Літургічная камісія, якая рыхтуе пераклады літургічных тэкстаў на рускую мову, Катэхетычная камісія і камісія па справах сям’і. У 1999 абраны сапраўдным сябрам (акадэмікам) Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Архіпастырская служба ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

21 верасня 2007 Папа Бенедыкт XVI вызваліў архібіскупа Тадэвуша ад кіраўніцтва архідыяцэзіяй Маці Божай і прызначыў яго архібіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. 10 лістапада 2007 адбылося кананічнае ўступленне на пасаду. Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уваходзіць у адмысловую раду па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў, у Кангрэгацыю па справах духавенства, а таксама ў Папскую Раду «Справядлівасць і мір». З'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС). 25 кастрычніка 2009 у мінскай архікафедры быў урачыста прыняты ў Мальтыйскі ордэн. 30 чэрвеня 2011 года быў прызначаны Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. 3 чэрвеня 2015 года быў абраны старшыней Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі іерарх заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, прычыніўся да выдання літургічнай літаратуры[3]

У 2018 г. з нагоды 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі выступіў з казаннем, дзе назваў БНР «Звеставаннем беларускай незалежнасці».[4]

У 2019 годзе арцыбіскуп стаў цэнтральнай фігурай кампаніі па зборы подпісаў да Адміністрацыі прэзідэнта А. Лукашэнкі з просьбай увесці крымінальную адказнасць за прапаганду гомасэксуалізму сярод непаўналетніх. Кампанія атрымала шырокі розгалас, асвятлялася ў каталіцкіх, пралайф і некаторых незалежных СМІ.[5][6] Архібіскуп выступіў на выніковай прэс-канферэнцыі, дзе былі прадстаўлены 55 тысяч сабраных подпісаў.[7][8]

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, 14 жніўня архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам распачаць канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян[9]. 18 жніўня архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да міністра ўнутранных спраў Юрыя Караева з просьбай дазволіць святарам наведваць людзей, затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў, каб аказаць ім патрэбную дапамогу, перадусім духоўную, і прыняць яго, каб абмеркаваць цяперашнюю складаную сітуацыю з мэтай прадухілення насілля ў будучыні, а таксама заклікаў міністра неадкладна вызваліць затрыманых[10].

19 жніўня архібіскуп памаліўся пад сценамі ізалятараў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, якія сталі сімвалам катаванняў мірных грамадзян, нязгодных з фальсіфікацыямі на выбарах[11]. 21 жніўня ў МУС адбылася сустрэча міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам[12].

22 жніўня Аляксандр Лукашэнка на мітынгу ў сваю падтрымку ў Гродне заявіў, што яго здзіўляе пазіцыя канфесій, у храмы людзі павінны прыходзіць маліцца, а не для палітыкі, і заклікаў не ісці на павадзе ў «адшчапенцаў». У той жа дзень у Браславе падчас урачыстасцяў у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў архібіскуп сказаў[13]:

" Згодна з духам Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла, улада павінна служыць людзям і дбаць пра агульнае дабро ўсіх без выключэння грамадзянаў. У сучасным дэмакратычным грамадстве нармальнай справай павінна быць розніца поглядаў, а іншадумцаў ні ў якім выпадку нельга лічыць «адшчапенцамі» ці ворагамі — гэта шлях да канфрантацыі. Пры гэтым кожная палітычная і грамадская сіла павінна служыць не сваім вузкім інтарэсам і выгодам, а ўсяму народу. "

31 жніўня 2020 года, пасля вяртання з паездкі ў Польшчу, беларускія памежнікі на памежным пераходзе Кузніца Беластоцкая – Брузгі[pl] адмовілі мітрапаліту ва ўездзе ў краіну без тлумачэння прычыны[14]. Ніводнае з ведамства не пракаментавала сітуацыю[15]. У час знаходжання ў Польшчы Кандрусевіч заявіў аб наяўных падставах меркаваць, што прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі праходзілі несумленна[16].

1 верасня Аляксандр Лукашэнка сказаў, што кіраўнік каталіцкай царквы выехаў з краіны для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь і трапіў у спіс неўязных[15].

" Нам не важна, хто ён – галоўны каталік, галоўны праваслаўны ці галоўны мусульманін. Павінен жыць па законе. А калі ты яшчэ і ў палітыку ўлез і пацягнуў за сабой вернікаў, каталікоў, якія цудоўныя людзі, тады двайная адказнасць[15]. "

Пасля было заяўлена, што МУС Беларусі прызнала пашпарт Т. Кандрусевіча несапраўдным. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі часова пражываў у парафіі Святога Антонія ў польскай Саколцы, непадалёк ад беларускай мяжы[17].

18 снежня з візітам у Беларусь прыбыў пасланнік Папы Рымскага, Апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі Клаўдзіа Гуджэроці, які прывёз ліст, адрасаваны кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку. У ім выкладалася просьба, звязаная з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам[18]. Хутка стала вядома, што А. Лукашэнка даручыў знайсці вырашэнне сітуацыі. 22 снежня Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь атрымала інфармацыю аб адсутнасці перашкод для вяртання арцыбіскупа Т. Кандрусевіча на тэрыторыю краіны[19], а 24 снежня ён вярнуўся ў Беларусь[20].

Падаў прашэнне аб адстаўцы 3 студзеня 2021 года па дасягненні 75 гадоў, як тое рэкамендуецца Кодэксам кананічнага права. Прашэнне было прынята Папам Францыскам у той жа дзень. Адначасова Пантыфік прызначыў Апостальскім Адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на перыяд sede vacante біскупа Казіміра Велікасельца OP[3].

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Валоданне мовамі[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская мова
  • Руская мова
  • Польская мова
  • Англійская мова
  • Італьянская мова
  • Літоўская мова

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • Ганаровы канвентуальны каплан Вялікага крыжа Мальтыйскага ордэна — Cappellano Gran Croce Conventuale «ad honorem» (2009 год)
  • Медаль «У памяць 300-годдзя Санкт-Пецярбурга»
  • Нагрудны знак «200 гадоў МУС Расіі»
  • «Doctoratum in Sacra Teologia, honoris causa», St. Mary’s Seminary and University, Baltimore (USA), 02.03.1993.
  • «Doctor of Humane Letters, honoris causa», Catholic University of America, Washington (USA), 08.03.1993.
  • Ганаровы медаль імя святога брата Альберта (Варшава, Польшча, 2008 год) — за пастырскую, дабрачынную і экуменічную дзейнасць
  • Ганаровы доктар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта (Польшча)

Зноскі

  1. Для каталікоў рымскага абраду на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
  2. Мітрапаліт Кандрусевіч сыходзіць у адстаўку — вялікая архіўная гутарка
  3. а б catholic.by
  4. Беларускія цэрквы і Дзень волі 2018 года. Царква і крызіс у Беларусі (25 сакавіка 2021).
  5. «Гэта ініцыятыва Кандрусевіча». Навошта каталікі зьбіраюць подпісы за закон супраць прапаганды аднаполых адносін. Радыё Свабода (1 кастрычніка 2019).
  6. Андрэй Стэцкевіч. Касцёл падтрымлівае збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта ў абарону традыцыйнай сям’і. Catholic.by (24 верасня 2019). Праверана 7 лютага 2021.
  7. Мікола Гракаў. Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Людзі з гомасексуальнасцю — нашыя браты і сёстры». Catholic.by (9 сакавіка 2020). Праверана 7 лютага 2021.
  8. Мікола Гракаў. Сямейныя каштоўнасці — праява беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Catholic.by (9 сакавіка 2020). Праверана 7 лютага 2021.
  9. Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь
  10. Арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся да Караева: Патрабуе вызваліць затрыманых
  11. Арцыбіскуп Кандрусевіч памаліўся ля ізалятараў на Акрэсціна
  12. Караеў — Кандрусевічу: Акцыі пратэсту былі добра прадуманы і не былі мірнымі
  13. Арцыбіскуп Кандрусевіч: Іншадумцаў ні ў якім выпадку нельга лічыць «адшчапенцамі» ці ворагамі — гэта шлях да канфрантацыі
  14. Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь. 31.08.2020
  15. а б в «Ты ў палітыку ўлез, уцягнуў каталікоў»: Лукашэнка сказаў, што Кандрусевіч аказаўся ў спісе неўязных
  16. Лібералізм не вядзе да духоўнага дабра. Архібіскуп Кандрусевіч выступіў на польскім хрысціянскім тэлеканале
  17. news.tut.by Архівавана 23 снежня 2020.
  18. nn.by
  19. catholic.by
  20. interfax.by Архівавана 24 снежня 2020.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]