Беларуская дыяспара: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[дагледжаная версія][дагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
др clean up, перанесена: Гейдэльберг → Гайдэльберг з дапамогай AWB
Радок 30: Радок 30:


=== Першая хваля масавай працоўнай міграцыі ===
=== Першая хваля масавай працоўнай міграцыі ===
Першая хваля масавай працоўнай эміграцыі беларускага насельніцтва ў іншаэтяічныя рэгіёны Расійскай імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы [[19 стагоддзе|XIX]] і [[20 стагоддзе|XX стст.]] Яна ўзмацніла працэс фарміравання беларускай дыяспары за межамі Бацькаўшчыны.
Першая хваля масавай працоўнай эміграцыі беларускага насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Расійскай імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы [[19 стагоддзе|XIX]] і [[20 стагоддзе|XX стст.]] Яна ўзмацніла працэс фарміравання беларускай дыяспары за межамі Бацькаўшчыны.


Як сталая з'ява, працэс эміграцыі пачаўся з 1880-х гадоў, а масавасць набыў пасля [[Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў у Расіі|рэвалюцыі 1905—1907]] і тых змен у грамадскім і сацыяльна-эканамічным развіцці, якія яна выклікала. Паскарэнне развіцця капіталістычных адносін, расслаенне і абеззямельванне сялянства, аграрная перанаселенасць, збядненне дробных вытворцаў абумовілі масавы выезд сялян у іншыя рэгіёны Расійскай імперыі ў пошуках вольнай або больш таннай зямлі. У [[1896]]—[[1912]] з беларускіх губерняў у Сібір перасялілася каля 700—800 тыс. чал.
Як сталая з'ява, працэс эміграцыі пачаўся з 1880-х гадоў, а масавасць набыў пасля [[Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў у Расіі|рэвалюцыі 1905—1907]] і тых змен у грамадскім і сацыяльна-эканамічным развіцці, якія яна выклікала. Паскарэнне развіцця капіталістычных адносін, расслаенне і абеззямельванне сялянства, аграрная перанаселенасць, збядненне дробных вытворцаў абумовілі масавы выезд сялян у іншыя рэгіёны Расійскай імперыі ў пошуках вольнай або больш таннай зямлі. У [[1896]]—[[1912]] з беларускіх губерняў у Сібір перасялілася каля 700—800 тыс. чал.

Версія ад 21:49, 9 студзеня 2018

Беларуская дыяспара — сталае, доўгатэрміновае ці часовае пражыванне значнай часткі народа (этнічнай супольнасці) па-за дзяржавай (гістарычнай тэрыторыяй) свайго паходжання. Фарміравалася ў выніку эміграцыі — выезду грамадзян са сваёй Бацькаўшчыны ў іншыя краіны на пастаяннае або доўгае пражыванне па палітычных, рэлігійных, эканамічных, этнічных ці іншых прычынах, а таксама ў выпадку сацыяльных (войны, рэвалюцыі) або прыродных катаклізмаў.

У канцы XIX ст. — 1980-я г. дыяспара ахоплівала ад 1/6 да амаль 1/3 часткі беларускай нацыі[1]. У пач. 1990-х г. за межамі Рэспублікі Беларусь пражывала 3—3,5 млн. беларусаў. Гэта лічба ўключае ў сябе нашчадкаў эканамічных эмігрантаў з Беларусі канца XIX стагоддзя і пачатку XX стагоддзя, эмігрантаў часоў Другой сусветнай вайны, а таксама эмігрантаў з хвалі, якая пачалася ў 1990-х гадах. Іншая група беларускай дыяспары — людзі, якія мігравалі ў СССР да 1991 года, а пасля яго распаду сталі жыхарамі постсавецкіх краін. Асобную групу складаюць карэнныя беларускія меншасці, якія пражываюць на межах Беларусі з Польшчай, Латвіяй, Літвой, Расіяй, Украінай.

Найбуйнейшыя і найбольш арганізаваныя беларускія дыяспары пражываюць у Расіі, Украіне, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, краінах Балтыі. Існуе тэндэнцыя да скарачэння колькасці людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы паводле афіцыйных перапісаў.

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» з'яўляецца міжнароднай арганізацыяй, якая аб'ядноўвае людзей беларускага паходжання з усяго свету. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні з 1919 года і дзейнічае ў якасці цэнтра кансалідацыі для многіх беларусаў за мяжой, асабліва ў Паўночнай Амерыцы і Заходняй Еўропе.

Хвалі эміграцыі

У розных гістарычных умовах па эканамічных, палітычных, канфесійных, ваенных і іншых прычынах насельніцтва беларускіх зямель перасялялася ў іншыя рэгіёны.

Ранняя эміграцыя

Насельніцтва пачало пакідаць беларускія землі ўжо ў часы існавання тут найстаражытнейшых дзяржаўных утварэнняў. У 11—12 ст. па-за межы родных мясцін выходзілі прадстаўнікі кіруючай эліты, якія пакідалі іх у сувязі з палітычнымі абставінамі (найчасцей ва ўмовах паражэння ў барацьбе за ўладу). Напрыклад, высылка з Полацкай зямлі ў Візантыйскую імперыю 5 князёў з дынастыі Рагвалодавічаў з жонкамі і дзецьмі па загадзе кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча ў 1129 (толькі 2 з 5 выгнаннікаў вярнуліся ў родныя мясціны ў 1140).

Падобны характар эмігацыя мела ў ранні перыяд існавання Вялікага Княства Літоўскага і ў часы яго росквіту (13 — 1-я пал. 15 ст.). Так полацкі князь Андрэй Альгердавіч, які адмовіўся прысягаць вялікаму князю Ягайлу, выехаў у 1377 у Маскоўскае княства. Туды ж перасяліўся ў 1408 сапернік вялікага князя Вітаўта северскі князь Свідрыгайла Альгердавіч, многія чарнігаўскія і северскія баяры. Пры дамінаванні ў ВКЛ дзвюх княжацкіх дынастый — Гедзімінавічаў і Рурыкавічаў — у выпадках супрацьстаяння апошнія знаходзілі разуменне з Рурыкавічамі Маскоўскага княства і перасяляліся туды са сваім войскам і сялянамі.

Натуральнай эміграцыі з белалускіх зямель садзейнічалі створаныя ў ВКЛ прававыя падставы. Паводле прывілея 1447 вялікага князя Казіміра IV (пазней замацаваны ў Статуце ВКЛ 1529) князі, рыцары, шляхта і баяры маглі пакідаць дзяржаву «для лепшого щастья набытья», навучання ваеннаму майстэрству. Першымі заканадаўчымі актамі, якія пацвердзілі права ўсіх свабодных людзей на выезд за мяжу, былі віцебскі (1503) і полацкі (1547) прывілеі. Магчымасць наведвання іншых зямель (акрамя «непрыяцельскіх») ужо вольнымі людзьмі розных саслоўяў для лячэння, набыцця адукацыі, навучання рамяству, азнаямлення з ваеннай справай прадугледжвалі Статуты ВКЛ 1566 і 1588.

Незадаволеныя палітыкай вялікага князя беглі з ВКЛ у «непрыяцельскія» краіны. У 1481 пасля няўдалай змовы супраць Казіміра IV у Маскоўскае княства перасяліліся князі Ф. Бельскі, Навасельскія, Адоеўскія, Варатынскія, Бялеўскія. У 1508 пасля задушэння мяцяжу супраць вялікага князя Жыгімонта I Старога туды выехалі князі Глінскія (Васіль атрымаў ва ўладанне Мядынь, Міхаіл — Малаяраславец і Бораўск). Многія з беглых князёў набылі ў Маскве значны ўплыў, знаходзіліся ў блізкім сваяцтве з велікакняжацкімі, а потым і царскімі родамі. Так, А. В. Глінская стала жонкай вялікага князя маскоўскага Васіля III, рэгенткай Рускай дзяржавы пры сваім малалетнім сыне вялікім князю Іване IV.

Беглі таксама сяляне і гараджане, вывозіліся захопленыя ў ходзе ваенных дзеянняў палонныя. Многія з вольных людзей, якія выязджалі ў замежныя краіны, пакідалі там добрую спадчыну, садзейнічалі пашырэнню кнігадрукавання і асветы (Францыск Скарына, Пётр Мсціславец, Сімяон Полацкі і інш.). У 15—16 ст. дзесяткі маладых людзей з беларускіх зямель ВКЛ вучыліся ва ўніверсітэтах Балонні, Падуі, Гайдэльберга, Інгальштата, Лейпцыга, Кёнігсберга, Цюбінгена, Вітэнберга, Лувена, Базеля, Кракава.

Значны рост перасяленняў на ўсход у канцы 16—17 ст. быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нацыянальна-рэлігійнага ўціску ў Рэчы Паспалітай. Абвясціўшы сябе спадкаемніцай Кіеўскай Русі (ужо Іван III назваў сябе «государем всея Русі») і пачаўшы наступ на землі ВКЛ, Маскоўская дзяржава заахвочвала эміграцыю беларусаў як «исконно русских» з мэтай каланізацыі далучаных ёю на ўсходзе рэгіёнаў, давала прытулак беглым (а многім прыгонным і волю), аказвала матэрыяльную падтрымку, прымала іх на службу (як і захопленых у палон).

У 17—18 ст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і іншымі дзяржавамі беларускія землі часта станавіліся арэнай жорсткіх бітваў, а іх жыхары масава выводзіліся ў глыб імперыі. Двойчы толькі на працягу стагоддзя (у час паўстання Б. Хмяльніцкага, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай вайны 1700—21) насельніцтва Беларусі скарачалася напалову: кожны другі жыхар загінуў або трапіў у палон і быў выселены ў Расію. На ўкраінскіх землях беглыя з ВКЛ уліваліся ў шэрагі казацкай вольніцы. На Украіну і ў Расію бегла насельніцтва ў галодныя неўрадлівыя гады (1588, 1601—02, 1655, 1690 і інш.), а таксама шукаючы паратунку ад эпідэмій (у 16—18 ст. іх было больш за 80). Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гаспадарчаму асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія ваенныя і дзяржаўныя пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культурнае жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з беларускіх зямель і іх нашчадкі былі ў ліку пачынальнікаў геаграфічнага і этнаграфічнага вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыўралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А. Каменскі, Л. Сеніцкі і інш.). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і іншых гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац і інш.

Падзелы Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. і далучэнне беларускіх зямель да Расійскай імперыі, развіццё ў сувязі з гэтым у канцы 18—19 ст. нацыянальна-вызвольнага руху на Беларусі вызначылі палітычныя прычыны эміграцыі. Боязь рэпрэсій з боку царскага ўрада выштурхнула з Бацькаўшчыны тысячы ўдзельнікаў паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64 гадоў, а таксама прыхільнікаў аднаўлення ВКЛ у час вайны 1812 года. Яны рассеяліся па свеце, некаторыя ўхлючыліся ў рэвалюцыйны і вызвольны рух у Еўропе і Амерыцы (Т. Касцюшка, В. Урублеўскі, М. Судзілоўскі, З. Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і беларускую спадчыну (І. Дамейка, Г. Дмахоўскі, Н. Орда, А. Рыпінскі, К. Ельскі і інш.). Беларускія карані мае французскі паэт Гіём Апалінэр, дзед якога М. Кастравіцкі як удзельнік паўстання 1863—64 эмігрыраваў у Італію.

У Расійскай імперыі фрміравалася ўсходняя дыяспара: фактычна беларускае насельніцтва, якое перасялялася ў цэнтральныя і паўднёвыя раёны Еўрапейскай Расіі, Сібір, Казахстан, на Далёкі Усход, пакідала сваю спрадвечную тэрыторыю і апыналася ў іншаэтнічным асяроддзі, але фармальна перамяшчэнні адбываліся ў межах адной дзяржавы. Паводле перапісу 1897 года, за межамі губерняў з пераважна беларускім насельніцтвам (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) пражывалі каля 500 тыс. беларусаў. Усходняя дыяспара таксама папаўнялася шляхам гвалтоўнага высялення найперш па палітычных матывах. У сувязі з нелаяльнымі адносінамі, у паўднёвыя губерні пасля паўстання 1830—31 была пераселена значная частка дваран, якая не змагла пацвердзіць сваю прыналежнасць да гэтага саслоўя і была пераведзена ў разрад дзяржаўных сялян-аднадворцаў. Тысячы ўдзельнікаў тайных таварыстваў патрыятычнай моладзі ў Літве і на Беларусі (філаматы, філарэты, прамяністыя і інш.), нацыянальна-вызвольных паўстанняў (1794, 1830—31, 1863—64 гадоў) былі сасланы на катаржныя работы і пасяленне. Сасланыя ў розныя куткі Расіі зарэкамендавалі сябе таленавітымі даследчыкамі прыроды, побыту, традыцый, мовы народаў Сібіры, Крайняй Поўначы, Далёкага Усходу, Казахстана (І. Чэрскі, Э. Пякарскі, А. Янушкевіч).

Першая хваля масавай працоўнай міграцыі

Першая хваля масавай працоўнай эміграцыі беларускага насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Расійскай імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы XIX і XX стст. Яна ўзмацніла працэс фарміравання беларускай дыяспары за межамі Бацькаўшчыны.

Як сталая з'ява, працэс эміграцыі пачаўся з 1880-х гадоў, а масавасць набыў пасля рэвалюцыі 1905—1907 і тых змен у грамадскім і сацыяльна-эканамічным развіцці, якія яна выклікала. Паскарэнне развіцця капіталістычных адносін, расслаенне і абеззямельванне сялянства, аграрная перанаселенасць, збядненне дробных вытворцаў абумовілі масавы выезд сялян у іншыя рэгіёны Расійскай імперыі ў пошуках вольнай або больш таннай зямлі. У 18961912 з беларускіх губерняў у Сібір перасялілася каля 700—800 тыс. чал.

Адсутнасць ці недастатковасць звестак аб іміграцыйных законах у краінах пасялення, стане працоўнага рынку, умовах найму, кошце праезду, няведанне мовы, а часамі і непісьменнасць моцна абцяжарвалі становішча эмігрантаў, хоць у асноўным ехалі здаровыя, працаздольныя, ініцыятыўныя людзі. У час масавых перасяленняў узнікла Таварыства апекі над эмігрантамі, віленская філія якога ў 1912 надрукавала на беларускай мове памятку з парадамі і змясціла ў ёй беларуска-англійскі размоўнік.

Асноўнымі краінамі пасялення беларусаў сталі ЗША і Канада. Кампактнымі асяродкамі сяліліся яны таксама ў Бразіліі і Аргенціне. Па розных крыніцах, да Першай сусветнай вайны з Беларусі вехала ад 100 тыс. да 1 млн. чал., прычым значная частка іх вярнулася дамоў. Большасць даследчыкаў схіляюцца да лічбы ў 500—600 тыс. эмігрантаў[2].

Першая сусветная вайна, рэвалюцыі і замежныя інтэрвенцыі

Першая сусветная вайна (1914—18), Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі (1917), германская і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток беларускага насельніцтва ва ўсходнія раёны Расіі, абумовілі новую хвалю вымушаных выездаў у замежныя краіны.

Са жніўня 1914 да вясны 1915 каля 318 тыс. жыхароў беларускіх губерняў трапілі ў палон або пра іх не было звестак. 3 акупіраванай тэрыторыі на работу ў Германію вывозіліся рабочыя і сяляне, а таксама ваеннапалонныя. У 1915 пры адступленні рускай арміі праводзілася тактыка «выпаленай зямлі», гвалтоўная эвакуацыя насельніцтва. Паводле акадэміка У. М. Ігнатоўскага, каля 2 млн. беларусаў добраахвотна ці прымусова перасяліліся ў цэнтральныя і ўсходнія рэгіёны Расіі (Калужская, Маскоўская, Пензенская, Разанская, Самарская, Тамбоўская, Тульская, Пскоўская, Петраградская і інш. губерні). Паводле даследаванняў беларускіх дэмографаў, 246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных не вярнуліся ў родныя мясціны, яшчэ 122 тыс. чал. выехалі за мяжу. Яны шукалі паратунку ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Чэхаславакіі, Фінляндыі, Турцыі, Германіі ад ваеннага ліхалецця, белага і чырвонага тэрору (у Германіі ў пач. 1919 знаходзілася, акрамя таго, 30—40 тыс. беларусаў-ваеннапалонных).

Міжваены перыяд

У міжваенны перыяд асаблівасці ўнутранай і знешняй беларускай міграцыі, яе характар і памеры, стан нацыянальнай самасвядомасці ў многім вызначыла афіцыйнай палітыка савецкай улады. Яна абумовіла першую арганізаваную палітычную эміграцыю, ядро якой склалі ўрад і вайсковыя фарміраванні Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), кіраўніцтва партыі беларускіх эсэраў і інш. Гэта выклікала новую з'яву ў сацыяльным складзе эміграцыі — пэўную прысутнасць інтэлігенцыі.

Другая плынь міжваеннай эміграцыі — працоўная, сялянская — звязана з выездам у Амерыку і Еўропу часткі насельніцтва Заходняй Беларусі. У пошуках працы і лепшых умоў жыцця з 1924 пачалася масавая эміграцыя. Яна абумоўлена шэрагам эканамічных, сацыяльных і палітычных абставін, у якіх апынуліся беларусы паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора (1921) паміж Савецкай Расіяй і Украінай з Польшчай. Нягледзячы на розныя меркаванні адносна колькасці эмігрантаў з Заходняй Беларусі, большасць айчынных і польскіх даследчыкаў схіляюцца да 180—250 тыс. чал.[3] У большасці сваёй эміграцыя была сялянскай і мела эканамічны характар. У невялікай колькасці эмігрыравалі інтэлігенцыя і ўдзельнікі рэвалюцыйнага руху — члены Беларускай сялянска-работніцкай грамады і КПЗБ, якія праследаваліся польскімі ўладамі. У канцы 1930-х г. за мяжу вымушаны былі выехаць беларускія каталіцкія святары з Друйскага кляштара айцоў марыянаў. Асноўная частка беларусаў накіроўвалася ў Канаду, ЗША, Францыю, Літву, Латвію, Аргенціну, Бразілію. Значная колькасць выхадцаў з Заходняй Беларусі пасялілася ў Францыі, на амерыканскім кантыненце. Некаторыя крыніцы дазваляюць зрабіць выснову, што ад агульнай колькасці эмігрантаў з Заходняй Беларусі ў краінах Паўднёвай Амерыкі, ЗША і Канадзе асела прыкладна трэцяя частка[3]. Адна з многіх прычын такой масавай эміграцыі беларусаў за акіян у тым, што шматлікія параходныя кампаніі з мэтай атрымаць найбольшы прыбытак прыкладалі вялікія намаганні ў агітацыі сялян да пераезду. Большая частка эмігрантаў з Заходняй Беларусі накіравалася ў Аргенціну.

Паміж рознымі палітычнымі плынямі беларускай эміграцыі існавалі разыходжанні па пытаннях барацьбы за незалежную дэмакратычную Беларусь, арыентацыі на тую ці іншую дзяржаву (Літву, Польшчу, краіны Антанты), адносін да Савецкай Беларусі. Палітыка савецкай улады і кіраўніцтва БССР у дачыненні да заходняй дыяспары вызначалася найперш ідэалагічнымі, палітычнымі матывамі — у першыя гады арыентаванасцю на сусветную рэвалюцыю, потым — на пашырэнне камуністычных ідэй, лаяльнасць да «сацыялістычнага», савецкага ладу. Гэтыя адносіны знайшлі адлюстраванне ў тэзісах ЦК КП(б)Б «Беларускі рух за кардонам» ад 16.10.1925. Прызнавалася неабходным з улікам існавання значнай працоўнай эміграцыі ў Паўночнай Амерыцы ўстанаўленне з ёю кантакту і «ажыццяўленне свайго кіраўніцтва праз мясцовую кампартыю і спецыяльна пасланых работнікаў». Адносна палітычнай эміграцыі вызначаліся меры па пашырэнні ў яе асяроддзі савецкага ўплыву, прыцягненні да супрацоўніцтва асобных груп і лідараў. Ставілася задача «працягваць работу па разлажэнню і драбленню беларускай эміграцыі, ні ў якім разе не дапускаць стварэння якіх бы там ні было беларускіх аб'яднанняў», бо гэта, на думку афіцыйных улад, затармозіць развіццё беларускага руху савецкай арыентацыі. Гэтыя высілкі ўлад далі пэўныя вынікі, але найбольш істотна на пазіцыі тагачаснай беларускай палітычнай эміграцыі паўплывалі працэсы беларусізацыі, поспехі ў адраджэнні нацыянальнай культуры, ажыццяўленні палітыкі нэпа, 1-е ўзбуйненне БССР (1924). Станоўчую ролю адыграла і прынятае ў ліпені 1923 рашэнне Прэзідыумаў ЦВК СССР і БССР аб амністыі, якая пашыралася на сялян і «выхадцаў з працоўнага асяроддзя» — удзедьнікаў антысавецкіх фарміраванняў у 1918—20, а таксама на беларускіх палітычных і культурных дзеячаў, членаў урада БНР, розных палітычных партый. 3 улікам гэтых абставін некаторыя замежныя лідары палічылі савецкую ўладу здольнай ажыццявіць нацыянальна-культурнае адраджэнне і аб'яднанне Беларусі, пайшлі на кантакты з кіраўніцтвам БССР і КП(б)Б, якое згаджалася на супрацоўніцтва толькі пры ўмове ліквідацыі ўрада на эміграцыі. Частка яго членаў на чале з А. Цвікевічам пачала перамовы з адпаведнымі органамі Савецкай Беларусі пра роспуск урада БНР. ЦК КП(б)Б у пастанове ад 14.8.1925 прызнаў неабходным з гэтай мэтай правядзенне канферэнцыі ў Берліне (гл. Другая Усебеларуская канферэнцыя) пры выкананні шэрагу ўмоў: яшчэ да канферэнцыі перадача паўнамоцтваў БНР ураду БССР у форме дэкларацыі; прызнанне Мінска адзіным культурным і палітычным цэнтрам, на які павінен арыентавацца беларускі рух за мяжой; адмова ад арыентацыі на Лігу Нацый і інш. На канферэнцыі (15.10.1925) адна частка членаў урада БНР прыняла ўсе гэтыя ўмовы, другая палічыла іх «здрадай незалежнасці Беларусі» і працягвала дзейнасць за мяжой. Раскол стаў адной з многіх прычын затухання дзейнасці беларускай эміграцыі, якая ў далейшым не змагла пераадолець рознагалоссі і супярэчнасці паміж рознымі фупамі і плынямі.

У 1930-я г. выезд з Савецкай Беларусі за мяжу быў практычна спынены, імкненне стала жыць у іншай дзяржаве ўспрымалася як варожасць да савецкай улады. Затое дзяржаўная палітыка садзейнічала рассяленню беларусаў па абшарах Савецкага Саюза. У 1926—38 з БССР, насельніцтва якой складала каля 5 млн. чал., у іншаэтнічныя рэгіёны СССР выехала 617 тыс. (пераважна жыхары сельскай мясцовасці). Гэта было вынікам планавага набору рабочай сілы ў аддаленыя і цяжкія для жыцця і працы рэгіёны, уцёкамі сялян у ходзе калектывізацыі, дэпартацыяй і палітычнымі рэспрэсіямі.

Другая сусветная вайна

Другая сусветная вайна, у час якой тэрыторыя Беларусі стала арэнай жорсткіх баёў і працяглай акупацыі, абумовіла трэцюю масавую хвалю ўнутранай і знешняй міграцыі.

3 пачаткам вайны прыток карэнным чынам змянілася становішча беларускіх эмігрантаў ў еўрапейскіх краінах. На акупіраваных немцамі тэрыторыях апынуліся сталыя беларускія асяродкі з арганізаваным нацыянальным жыццём (у Празе, Парыжы, Варшаве і інш.). Захоп Германіяй Польшчы і ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР выклікалі выезд на захад палітычных дзеячаў, якія не мелі даверу да палітыкі савецкай улады. У Германію і на акупіраваныя ёй тэрыторыі эмігрыравалі беларусы з віленскага і іншых асяродкаў прыбалтыйскіх дзяржаў. 70—80 тыс. беларусаў, што ваявалі ў складзе польскага войска, трапілі ў нямецкі палон, а потым з канца 1939 і на працягу 1940 атрымалі права ўладкоўвацца вольнымі работнікамі.

Перад вайной і ў яе пачатку павялічылася зацікаўленасць германскіх улад да беларускага пытання, рабіліся захады для выкарыстання ў сваіх мэтах рознагалоссяў, асабістых амбіцый, барацьбы за лідарства сярод беларускіх эмігрантаў, уцягвання іх у сферу ўплыву германскай палітыкі. У лістападзе 1939 пры Міністэрстве ўнутраных спраў створана Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне. Арганізацыю матэрыяльнай падтрымкі і культурна-асветнай працы ажыццяўлялі і грамадскія арганізацыі Беларускага камітэта самапомачы (створаны летам 1940 у Берліне) і Беларускага камітэта ў Генеральнай губерні (дзейнічаў са студзеня 1940 ў Варшаве). Нявызначанасць пазіцыі кіраўніцтва Германіі напярэдадні і ў пачатку вайны адносна статусу Беларусі, пэўная зацікаўленасць беларускім пытаннем спарадзілі надзею ў часткі лідэраў беларускай эміграцыі на падтрымку з боку Германіі іх памкненняў да незалежнасці Беларусі. 19.6.1941 у Берліне арганізаваны Беларускі нацыянальны цэнтр. Ва ўмовах вайны выявілася палітычнае размежаванне эміграцыі, існаванне дзвюх арыентацый. Лідары створанай летам 1940 у Варшаве Партыі беларускіх нацыяналістаў, наадварот, арыентаваліся на заходніх саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі.

Каля 1,5 млн. чал. былі эвакуіраваны на ўсход СССР, і толькі кожны трэці потым вярнуўся на Беларусь. У ліку савецкіх ваеннапалонных за мяжой апынуліся сотні тысяч беларусаў. Паводле афіцыйных даных, амаль 400 тыс. жыхароў рэспублікі (па іншых звестках каля 700 тыс.) былі вывезены акупантамі на працу ў Германію. Пасля рашэння СНК СССР (кастрычнік 1944) аб рэпатрыяцыі савецкіх грамадзян у краіну вярнуліся 520 тыс. беларусаў да сакавіка 1946, калі ў асноўным яна была закончана.

Пасляваенны час

Нягледзячы на прымусовы характар рэпатрыяцыі, якога Савецкі Саюз дамагаўся да сярэдзіны 1950-х г. ад саюзнікаў і міжнародных арганізацый, сотні тысяч беларусаў апынуліся на эміграцыі. Шукаць лепшай долі на чужыне многіх падштурхнула палітыка савецкай улады перад Другой сусветнай вайной, а таксама адносіны да ваеннапалонных, якія лічыліся здраднікамі. Рэпатрыянты-афіцэры, за рэдкім выключэннем, пасля фільтрацыйных лагераў траплялі ў сістэму ГУЛАГа або на спецпасяленне.

Пасля вайны на Захадзе склалася самая вялікая ў гісторыі беларуская эміграцыі палітычная плынь. Туды выехалі беларускія арганізацыі, установы і вайсковыя фарміраванні, створаныя на акупіраванай тэрыторыі: Беларуская цэнтральная рада (БЦР), галоўны штаб Саюза беларускай моладзі, Сабор епіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, атрады Беларускай краёвай абароны, частка інтэлігенцыі, святароў. Гэта хваля склала аснову беларускай заходняй дыяспары, якая практычна не папаўнялася ў наступны час у сувязі з адсутнасцю права на эміграцыю з СССР. Захавалі ўсведамленне сваіх нацыянальных каранёў многія нашчадкі (дзеці і ўнукі) папярэдніх эміграцыйных хваляў. Пасля вайны ў ЗША і Канадзе пасяліліся прыкладна па 50 тыс. імігрантаў беларускага паходжання. Дзесяткі тысяч іх аселі ў Францыі, Бельгіі, Германіі, а таксама ў новых цэнтрах — Англіі, Аўстраліі.

Беларусы ў Расіі

Згодна з перапісам насельніцтва 2010 года ў Расійскай Федэрацыі жыве 521 тысяча беларусаў. Найбольшыя беларускія групы пражываюць у Маскве і Маскоўскай вобласці, Санкт-Пецярбургу і вобласці, Калінінградскай вобласці, Карэліі. Буйная беларуская дыяспара існуе ў Сібіры.

Беларусы ва Украіне

Паводле перапісу насельніцтва 2001 года ва Украіне налічвалася 276 тысяч беларусаў. Большасць беларусаў перасялілася ў выніку міграцый, але невялікая частка з'яўляецца і аўтахтонамі (яны жывуць на поўначы Чарнігаўскай і Ровенскай абласцей).

Беларусы ў Польшчы

Згодна з вынікамі перапісу насельніцтва 2011 года ў Польшчы налічваліся 47 тысяч беларусаў. Абсалютная іх большасць жыве ва Усходняй Беласточчыне (на сваёй этнічнай тэрыторыі).

Беларусы ў ЗША

У ЗША беларусы жывуць пераважна ў штатах Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Агаё, Мічыган, Пенсільванія, Ілінойс, Каліфорнія.

Беларусы ў Вялікабрытаніі

Беларускія грамадскія цэнтры ў Вялікабрытаніі працуюць у Лондане, Манчэстэры, Брэдфардзе.

Гл. таксама

Зноскі

  1. ЭГБ. Т 3. С. 328
  2. Смоліч, А. Эканамічнае становішча Беларусі перад вайною і рэвалюцыяй // Беларусь: нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху: калектыўная праца пад агульнай рэдакцыяй А. Сташэўскага, З. Жылуновіча і У. Ігнатоўскага з дапамогай А. Смоліча, С. Некрашэвіча і Я. Пятровіча. — Менск [Мінск]: выданне Цэнтральнага выканаўчага камітэту Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 1924. — [2], 322, [1] с., [5] л. табл., партр. — С. 125; Kipel, V. The carby byelorussian presence in America // Запісы БІНіМ. — 1983. — № 17. — С. 113; Панютич В. П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. / В. П. Панютич; Науч. ред. П. Г. Козловский; Акад. наук БССР, Ин-т истории. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 373, [2] c. — С. 58; Советская Белоруссия. — 1990. — № . — 25 марта. — С.
  3. а б ЭГБ. Т. 6-2. С. 258.

Літаратура

Спасылкі