Беларускі нацыяналізм
Белару́скі нацыяналі́зм — беларуская форма нацыяналізму: ідэалогіі і кірунку палітыкі, заснаваным на тэзе пра каштоўнасць беларускай нацыі як вышэйшай формы грамадскага адзінства, яе першаснасці ў дзяржаватворчым працэсе. Часта беларускі нацыяналізм памылкова вызначаюць як ідэалогію перавагі беларускай нацыі над астатнімі, наўмысна ці не зроўніваючы з нацызмам[1].
Як палітычны рух беларускі нацыяналізм імкнецца да абароны інтарэсаў тытульнай нацыі ў адносінах з дзяржаўнай уладай: абарона беларускай мовы, звяртанне ўвагі на яе прыніжэнне з боку дзяржаўнай улады[2], прыняцце ў якасці дзяржаўных сімвалаў гістарычных бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня»[3][4], развіццё беларускай нацыянальнай самасвядомасці.
Сімволіка беларускага нацыяналізму грунтуецца на старажытным гербе «Пагоня» (ХIII ст.), і бел-чырвона-белым сцягу (распрацаваны Клаўдзіем Дуж-Душэўскім у 1917 годзе). Беларускія нацыяналісты карыстаюцца лозунгам-клічам: «Жыве Беларусь!», і зваротным адказам: «Жыве вечна!». Музычным спевам беларускіх нацыяналістаў з’яляюцца «Ваяцкі марш», гімн «Пагоня» і духоўны гімн «Магутны Божа».
Гістарычныя перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычны падмурак беларускага нацыяналізму: фарміраванне беларускай дзяржаўнасці з Полацкага княства, гістарычная спадчына Вялікага Княства Літоўскага, паўстанне 1863-1864 гадоў і дзейнасць яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе, дзейнасць Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» з 1988 года, дзейнасць партыі БНФ[5].
Ліцвінства
[правіць | правіць зыходнік]Ліцвінства — меркаваная ідэалагічная плынь у Беларусі, якая грунтуе гісторыю нацыянальнай дзяржавы на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага. Галоўная ідэя ліцвінства палягае ў вяртанні этноніма «ліцвіны» ва ўжытак датычна цяперашніх беларусаў. Этнонім «ліцвіны», а разам з ім і назва краіны «Літва», супрацьпастаўляюцца этноніму «беларусы» і назве краіны «Беларусь», якія называюць каланіяльнымі перажыткамі мінуўшчыны, спробай знішчыць самасвядомасць народа[6].
Нацыянал-анархізм
[правіць | правіць зыходнік]Нацыянал-анархізм у Беларусі — з’ява новая. Да арганізацый, якія трымаюцца гэтай ідэалогіі, адносіцца «Пошуг», які ўважае за сваю ідэалогію «этна-анархізм»[7]. Арганізацыя заснавана ў канцы 2012[8] або ў 2013 годзе[7]. Стала шырока вядома ў 2014 годзе пасля відэа, дзе невядомыя здзіраюць з майкі хлопца надпіс «Я рускі» (руск.: Я русский)[7]. Этна-анархісты з «Пошугу» выступаюць супраць «культурнага генацыду», які вядзе «да акупацыі ўсходняй імперыяй»[7]. Таксама арганізацыя прапануе не плаціць падаткі і штрафы, хаваць справаздачнасць пра эканамічную дзейнасці, актыўна ўдзельнічаць у шэрым і чорным рынках[8]. Арганізацыя таксама стаіць на экацэнтрычных пазіцыях, таму яе сябры трымаюцца веганства і вегетарыянства[7].
Нацыянал-сацыялізм
[правіць | правіць зыходнік]1930-я
[правіць | правіць зыходнік]Партыя беларускіх нацыянал-сацыялістаў была ўтвораная ў Вільні ў 1933 годзе. Яе ідэолагамі сталі вядомыя беларускія дзеячы: Фабіян Акінчыц, Уладзіслаў Казлоўскі, Альбін Стаповіч, Лявон Дубейкаўскі. Быў таксама заснаваны часопіс «Новы Шлях». Вялікі ўплыў на развіццё беларускай нацыянал-сацыялістычнай думкі мела папулярная ў Еўропе, асабліва ў Германіі, нацыянал-сацыялістычная ідэя, заснаваная на нацыяналізме і антысемітызме.
Спалучэнне нацыянальнай ідэі з сацыялістычнай бачылася як галоўная ўмова аб’яднання і незалежнасці беларускага народа. Будучы адначасна нацыяналістамі і сацыялістамі, беларускія нацыянал-сацыялісты выпрацавалі адпаведную канцэпцыю беларускай дзяржаўнасці і яе ладу.
Беларускі нацыяналізм патрэбны быў як супраціўленне палітыцы паланізацыі і русіфікацыі. Сацыялістычныя погляды вынікалі з крытыкі марксізму, гаспадаркі і палітыкі ў Савецкім Саюзе. Крытыкуючы марксізм, беларускія нацыянал-сацыялісты ставілі яму ў віну ідэю дыктатуры пралетарыяту як зусім не прыдатную ў беларускім, збольшага аграрным, грамадстве. Лічылі, што асновай гаспадаркі павінны быць кааператывы. Адкідалі марксізм, даказваючы, што кожная нацыя мае свае асаблівасці, і сацыялістычная ідэя мусіць з імі лічыцца. Крытыкуючы сацыялістычнае будаўніцтва ў савецкіх вёсках (калектывізацыю, непісьменнасць старшынь калгасаў), сацыялістычны лад на вёсцы ўяўлялі як такі стан, пры якім сяляне пазбыліся б усялякай эксплуатацыі, ці то буржуазнай, ці пралетарскай.
Галоўныя вехі беларускага нацыянал-сацыялізму зводзіліся да змагання за незалежнасць і паляпшэнне жыцця, за дабрабыт усяго беларускага народа. Найбольш шкодным для беларусаў лічыўся інтэрнацыяналізм (міжнародны сацыялізм). У ім бачылі пагрозу для самастойнага існавання народаў, асабліва тых, якія мелі нізкую нацыянальную свядомасць.
Галоўнымі лозунгам беларускай нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі было: «Супраць чужога і свайго капіталізму — свой сацыялізм, супраць чужога нацыяналізму — свой нацыяналізм»[9].
Асаблівае месца нацыянал-сацыялісты ў сваёй ідэалогіі адводзілі яўрэям — лічылі іх галоўнымі віноўнікамі эканамічнага заняпаду беларусаў. Палякаў абвінавачвалі ў паланізацыі, а рускіх — у русіфікацыі беларускага народу.
Стаўленне да рэлігіі вызначалі паводле карысці або шкоднасці для беларускай нацыі. Сцвярджалі, што каталіцкае і праваслаўнае духавенства на беларускіх землях галоўным чынам прычынілася да паланізацыі і русіфікацыі, а таксама падтрымкі цікавасці памешчыкаў і капіталістаў. Заклікалі весці рашучую барацьбу з «польска-каталіцкім і маскоўска-праваслаўным клерам»[9].
1990-я
[правіць | правіць зыходнік]У 1994 годзе ў Беларусі была заснаваная беларуская рэгіянальная арганізацыя РНА. Арганізацыя мела прарасійскі характар, прытрымлівалася рускага нацыяналізму і ідэі трыадзінства. Назіральнікі адзначаюць, што пасля смерці ў 2000 годзе тагачаснага лідара беларускага філіяла РНА Самойлава арганізацыя заняпала. Паводле незалежных крыніц, на 2007 год у РНА было ўсяго 20 сяброў[10].
У 1995 годзе быў заснаваны гурт «Apraxia». Паводле заявы лідара гурту ў інтэрв’ю аднаму з правых часопісаў, «Apraxia» (з 2003 пад назвай «Молат») да ўзнікнення гурту «Оскал» з Віцебска (прыкладна ў 2005) з’яўляўся адзіным гуртам з Беларусі, які адкрыта і пэўна заявіў пра належнасць да нацыянал-сацыялістычнага руху[11].
2000-я
[правіць | правіць зыходнік]У 2002 годзе ў Мінску быў створаны НСБМ-гурт «P.D. SS. Totenkopf». Асноўнай тэматыкай песень гурту з’яўляецца антысемітызм ды нацыяналізм. У тым жа 2002 годзе быў заснаваны РСК-гурт «Камаедзіца». Удзельнікі «Камаедзіцы» ўважаюць сябе за нацыянал-сацыялістаў, прытрымліваюцца антыхрысціянскіх пазіцый, падтрымліваюць ідэі трыадзінства (аб’яднання народаў Украіны, Расіі ды Беларусі, лічачы іх за адзін народ).
У лістападзе 2005 года была створаная ультраправая арганізацыя скінхэдаў «Белай Воля». Для яе ідэалогіі ўласцівыя папулізм, а таксама спекуляцыя на тэмы сацыяльных праблем — ад нелегальнай міграцыі да падзення ўзроўню нараджальнасці. Натхняльнікі «Белай Волі» вызначылі некалькі патэнцыйных пагроз для беларускага грамадства: транснацыянальныя карпарацыі, расійскія алігархі, лібералізм. Арганізацыя цалкам заняпала ўжо ў 2010 годзе.
2010-я
[правіць | правіць зыходнік]У 2010-я было створана некалькі НСБМ-гуртоў: «Wehrwolf» (2011), «Dies Nefastus» (2012), «Ulvkros» (2015).
Падзеі
[правіць | правіць зыходнік]Святкаванне 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з Вітаўтам разам з войскамі Польскай Кароны разграмілі войскі Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе, што паклала канец гегемоніі ордэна і змяніла геапалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага.
500 гадоў бітвы пад Оршай у 2014 годзе. Бітва 8 верасня 1514 года ў час маскоўска-літоўскай вайны (1512—1522) паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага.
У Беларусі 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы неафіцыйна пачалі адзначаць яшчэ за часамі Перабудовы[12]. А ў гадавіну перамогі 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці 12 беларускіх афіцэраў і каля 3000 салдат запасу ўрачыста прысягнулі на вернасць свайму народу і Айчыне[13]. У прыняцці прысягі прымалі ўдзел і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту. Побач стаялі знакаміты пісьменнік Васіль Быкаў, Зянон Пазняк і Анатоль Грыцкевіч.
Штогод адзначаюцца Дзяды (Курапаты), Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях і Ноч расстраляных паэтаў.
Палітычны стан
[правіць | правіць зыходнік]Беларускі нацыяналізм праяўляецца не як этнічны, а як грамадзянскі нацыяналізм.
У сучасных умовах у Беларусі існуе шэраг арганізацый з ідэалагічнай асновай беларускага нацыяналізму, у тым ліку Партыя БНФ, Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ, Малады фронт і іншыя. Таксама ёсць шэраг арганізацый у беларусаў замежжа. У канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў значным дзеячам беларускага нацыяналізму быў Зянон Пазняк, які з 1996 года знаходзіцца ў эміграцыі[крыніца?].
Беларускі нацыяналізм таксама гістарычна можа быць звязаны з праявамі русафобіі[крыніца?]. Пасля пачатку вайны на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе шэраг беларускіх нацыяналістаў ваявалі разам з украінскімі ўрадавымі войскамі[14][15][16] Помнік беларусам, якія загінулі за Украіну быў адкрыты 28 сакавіка 2016 года ў сталіцы Украіны Кіеве[17].
Нацыяналізм меў папулярнасць у пачатку 1990-х гадоў на хвалі крызісу камуністычнай ідэалогіі і эканамічнага крызісу ў краіне, пасля Еўрамайдана ва Украіне (2014), пасля жніўня 2020 года[крыніца?].
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Значная частка беларускіх нацыяналістаў карыстаецца беларускай моўнай нормай, распрацаванай Браніславам Тарашкевічам у 1918 годзе, т. зв. «тарашкевіцай», у меншым памеры, найчасцей беларусы замежжа, «лацінкай»[крыніца?] (гл. беларускі лацінскі алфавіт) — варыянтам запісу беларускай мовы лацінскім алфавітам.
Зноскі
- ↑ Прапаганда называе бчб нацысцкім сцягам (руск.).
- ↑ Ці патрэбны беларусам беларускамоўныя школы?(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2011.
- ↑ У Мінске затрыманы Зміцер Дашкевіч (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2016. Праверана 04.10.2016.
- ↑ "Завітала на акцыю, а яны на мяне пратакол!" "Малады Фронт" собраў подпісы за БЧБ-сцяг (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2016. Праверана 04.10.2016.
- ↑ Разбор хлусні пра беларускі нацыяналізм (руск.).
- ↑ Пра ліцвінаў
- ↑ а б в г д Алесь Кіркевіч. «Пошуг» — новае слова ў нацыянальным лексіконе // Новы Час. — 08-11-2014.
- ↑ а б Влад Шведович. «Прамень» против «Пошуга», «Черная роза» и «Черный крест» — чем отличаются группы белорусских анархистов(руск.) // Наша Ніва. — 29.03.2017.
- ↑ а б Лена Глагоўская. БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛ-САЦЫЯЛІЗМ і АСЯРОДЗЬДЗЕ “НОВАГА ШЛЯХУ”(бел. (тар.)). — Ліпень 9, 2006.
- ↑ Алег Груздзіловіч (17 жніўня 2007). "Рускі фашызм у Беларусі". Беларуская служба Радыё «Свабода». Праверана 6 сакавіка 2017.
- ↑ Гутарка з беларускай WP-NS бандай малацілі Архівавана 8 кастрычніка 2011 года, Часопіс «Белае Паволжа», № 1, 2005 года (копія артыкула на правым партале wpmusic.ru)
- ↑ 8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы . Наша Ніва (8 верасня 2007).
- ↑ Івашкевіч, Стась. Аршанская бітва: гісторыкі ваююць і па сёньня(недаступная спасылка). Naviny.by (3 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 9 красавіка 2010. Праверана 22 сакавіка 2021.
- ↑ Belarusian ‘Vayar’ vs. ‘Black Hundred’ (англ.). ІнфармНапалм.
- ↑ Belarusians are fighting in Avdeevka? // WeapoNews.com
- ↑ Belarus Slowly and Carefully Walks Along the Ukrainian Path Архівавана 14 красавіка 2021. // stalkerzone.org
- ↑ Monument to Belarusians who died for Ukraine was opened in Kyiv . Belsat.