Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета
Фатаграфія будынка тэатра ў 2010 годзе.
Фатаграфія будынка тэатра ў 2010 годзе.
Заснаваны 25 мая 1933
Наведвальнікі
  • 247 200 чал. (2018)[1]
Будынак тэатра
Месцазнаходжанне Мінск, пл. Парыжскай камуны, 1
Адрас Площадь Парижской Коммуны
Кіраўніцтва
Дырэктар Вячаслаў Гарбузаў
Мастацкі кіраўнік Маргарыта Ізворска-Елізар’ева
Галоўны дырыжор Віктар Пласкіна
Галоўны балетмайстар Юрый Траян
Галоўны хормайстар Ніна Ламановіч
Сайт bolshoibelarus.by

Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Нацыяна́льны акадэмі́чны Вялі́кі тэа́тр о́перы і бале́та ў Мінску — адзіны ў Беларусі тэатр оперы і балета, адзін з двух музычных тэатраў краіны (разам з Музычным тэатрам), галоўная музычная і тэатральная пляцоўка краіны.

Размешчаны ў гістарычным раёне Мінска — Траецкім прадмесці ў велічным будынку, акружаным маляўнічым паркам, па адрасе пл. Парыжскай камуны, дом 1.

Будынак оперы — помнік міжнароднага значэння[2], узор савецкага канструктывізму з элементамі ар-дэко[3] (арх. І. Р. Лангбард, Г. Л. Лаўроў).

Пастаноўкі большасці спектакляў у тэатры ідуць на мове арыгінала, а таксама на абедзвюх дзяржаўных мовах краіны — на беларускай і рускай.

Гісторыя будынка

Конкурс і будаўніцтва

Першапачаткова будаўніцтва тэатра планавалася па праекце архітэктара Георгія Лаўрова. У 1932 годзе ў часопісе «Искусство и революция» быў апублікаваны яго артыкул «Да пабудовы Беларускага дзяржаўнага тэатру ў г. Мінску», дзе падрабязна апісваўся гэты праект. Новы будынак павінен быў быць абсталяваны па апошнім слове тэхнікі з адзінай залай на 3400 чалавек[4].

Макет Беларускага дзяржаўнага тэатра архітэктара Георгія Лаўрова, 1932

11 чэрвеня 1933 года ў дзень святкавання вызвалення сталіцы БССР ад белапалякаў на плошчы Парыжскай камуны адбылася ўрачыстая закладка будынка[4].

У сувязі з новымі патрабаваннямі праект Георгія Лаўрова быў перагледжаны і адхілены. У 1933 годзе быў абвешчаны новы конкурс на праект тэатра ў Мінску. У ім удзельнічалі бачныя савецкія дойліды М. Р.  (руск.) и Б. Р. Бархіны  (руск.), Н.А. Троцкі  (руск.), Л. У. Руднеў?!, І. Р. Лангбард і інш., беларускія архітэктары А. П. Воінаў, У. М. Вараксін, Н. М. Макляцова. Па ўмовах конкурсу неабходна было прадставіць праект тэатра з глядзельнай залай на 3000 месцаў і звышмеханізаванай сцэнай[4].

Па выніках конкурсу новым архітэктарам стаў І. Лангбард[5]. Умяшчальнасць была паменшана да 1200 гледачоў[5]. Існуе легенда, што Янка Купала, убачыўшы праект, выклікнуў: «А летуценны хлопец гэты Лангбард!»[6]. Будаўніцтва тэатра завяршылася ў 1938[7] годзе (паводле іншых звестак у 1937).

Будынак тэатра адкрыўся 10 мая 1939 года прэм’ерай оперы беларускага кампазітара Яўгена Цікоцкага «Міхась Падгорны».

Праект інтэр’еру галоўнага вестыбюля са скульптурай Сталіна, 1935

Унутранае ўбранне даваеннага тэатра было досыць аскетычным: глядзельная зала, вырашаная ў выглядзе амфітэатра, невялікія балконы і аркестравая яма. Партал сцэны меў вузкую паласу ляпных дэкаратыўных элементаў. З першапачатковых інтэр'ераў захаваліся толькі нахільная кесаніраваная частка столі з прафіляваным карнізам, а таксама люстра глядзельнай залы[8].

Таму ўжо ў 1941 годзе пачаліся першыя перабудовы аскетычных інтэр’ераў[8].

Падчас Вялікай Айчыннай вайны

Інтэр’ер глядзельнай залы, май 1943

У 1941 годзе ў тэатр трапіла бомба і пашкодзіла глядзельную залу[9]. Падчас нямецкай акупацыі 19411944 гадоў тэатр быў пераўтвораны ў стайню і сховішча[9]. Інтэр’еры і ўпрыгожванні былі разрабаваны: у Германію вывезлі люстэркі, мэблю, люстры, дываны, карціны, унікальныя рэчы з тэатральнага рэквізіту і дэкарацый. Люстра глядзельнай залы ў гады вайны страціла каля 40 % шкляных дэталяў[8]. Сам будынак немцамі планавалася падарваць, усе памяшканні былі замінаваны[9].

Пасляваенны перыяд

Па вяртанні ў Мінск пасля вызвалення яго ад нямецкіх акупантаў І. Р. Лангбарда, ён распрацаваў практычна новае рашэнне інтэр’ераў: замест амфітэатра выканана класічная тэатральная зала з партэрам, ложамі ў бельпаверсе, бенуарам і яруснымі балконамі. Былі выдзелены цэнтральная і бакавыя ложы, павялічана аркестравая яма, выкладзены новы паркет, праведзена частковая рэканструкцыя парадных лесвіц. У інтэр’еры фае з’явілася вялікая колькасць ляпных дэкаратыўных элементаў: шэраг медальёнаў, размешчаных на фрызах, з барэльефнымі партрэтамі дзеячаў культуры, гіпсавыя капітэлі калон. Агароджы балконаў фае і глядзельнай залы ўпрыгожвалі ляпныя гірлянды з кветкавым арнаментам, якія чаргуюцца з крыштальнымі бра і маскаронамі. Паводле праекта, усю ляпніну новых інтэр’ераў, выкананую скульптарам Андрэям Бембелем, прапанавалася пазалаціць[8].

Дэкаратыўныя элементы старой партальнай аркі былі разабраны і ўстаноўлены новыя. Новы партал уяўляў сабою шэсць палос з ляпнымі дэкаратыўнымі элементамі. У цэнтральнай частцы знаходзіўся герб БССР са сцягамі па баках[8].

Рэканструкцыя доўжылася тры гады і скончылася 7 лістапада 1947 года. Тэрміны адкрыцця тэатра ўвесь час зрываліся, акрамя будматэрыялаў не хапала таксама працоўных рук, да ўсяго тэатр быў пераўтвораны «…з аднаўляльнага аб’екта ў стацыянарны лагер… ваеннапалонных…»[10]. Больш таго, кіраўніцтва тэатра ў лютым 1947 года жалілася Старшыне Савета Міністраў, што «…са жніўня 1946 г. паступленне праектных матэрыялаў фактычна спынілася… ад аўтарскага нагляду без спецыяльнай аплаты прафесар Лангбард адмовіўся…»[11]. Сродкі для аплаты аўтарскага нагляду былі выдзелены толькі ў маі[12]. Навокал тэатра падчас рэканструкцыі быў разбіты парк, спраектаваны І. Лангбардам.

У 1967 годзе адбылася рэканструкцыя завяршэння тэатру, у выніку чаго апошні атрымаў досыць невыразны нізкі шаломападобны дах, які мастацтвазнаўцы жартаўліва ахрысцілі яе «безгустоўным парасонам»[13], а таксама тэхнічнае пераабсталяванне — упершыню пасля вайны. Падчас рэканструкцыі будынка ў яго сутарэннях была знойдзена зброя часоў Айчыннай вайны, прадметы побыту і муміфікаваны труп нямецкага салдата[14].

Падчас рэканструкцыі ў 19771981 гадах (арх. В. Аладаў) сцены ў вестыбюлі і фае былі аздоблены натуральным мармурам. Адбыліся змены і ў дэкаратыўным рашэнні глядзельнай залы, так у 1981 годзе на агароджах балкона і бенуара на месцы згубленага ляпнога ўстаноўлены новы, пазалочаны дэкор, выразаны з дрэва (арх. Т. Куцапалава)[8].

Рэканструкцыя

Рэканструкцыя тэатра, кастрычнік 2006

4 чэрвеня 2005 года пастановай Саўміна № 595 зацверджаны архітэктурны праект «Рэстаўрацыя і рэканструкцыя помніка архітэктуры — будынка творчага аб’яднання „Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета РБ“»[15].

Генеральнай праектнай арганізацыяй стаў інстытут «Белпраект» (кіраўнік праекта архітэктар Анатоль Шабалін). У распрацоўцы праекта бралі ўдзел звыш 30 субпадрадчыкаў. Заказчыкам праектавання выступіла творчае аб’яднанне «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета РБ». З функцыянальных запатрабаванняў, аб’ект быў разбіты на 3 пускавыя комплексы. Першы складаўся з малой рэпетыцыйная залы, грымёрныя, гаспадарчых і інжынерных памяшканняў. Другі — з памяшканняў абслугоўвання, падрыхтоўкі спектакляў і дэкарацый. У трэці ўвайшлі сцэнічны[16] і гледачовы[17] блокі[15].

У 20062009 гадах будынак мінскай оперы быў зачынены на рэканструкцыю, падчас якой адбылося вяртанне да першапачатковага варыянта Іосіфа Лангбарда. За кошт пераўтварэння гарышчаў дадалося 3 паверхі карыснай плошчы, пад будынкам з’явілася прастора, роўная вышыні 6-павярховага дома, дзе размясціліся новыя механізмы сцэны[9].

Усе працы абыйшліся дзяржаве ў 260 мільярдаў беларускіх рублёў, уключаючы выдаткі і па добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый[13].

Архітэктура

Перспектыва цэнтральнага ўваходу

Будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры канструктывізму міжваеннага перыяду. Архітэктурнае рашэнне оперы мае шмат агульнага са знакавым для савецкай архітэктуры праектам Палаца Саветаў  (руск.) у Маскве (арх. Б.М. Іафан  (руск.), 1933), аб’ём якога яшчэ не пераўтвораны ў пастамент для статуі Леніна[3]. Гэты аб’ём складаецца з некалькіх як бы часткова вылучаных з асноўнай масы элементаў рознага геаметрычнага віду: паўцыліндраў рознай вышыні і дыяметра, некалькіх паралелепіпедаў[18].

Аксанаметрыя

Ярусная пабудова кампазіцыі, у якой ураўнаважаны манументальнасць і дынамізм, з аформленымі рытмічным строем лапатак паверхнямі фасадаў, з’яўляецца свабодным пераасэнсаваннем класічных узораў цэнтрычных збудаванняў, у якім прыкметны ўплыў стылю ар-дэко — у праекце прасочваецца характэрная тэндэнцыя да дэкаратывізму, аднак гэта скульптурнае афармленне фасадаў не было рэалізавана ў жыццё з-за недахопу сродкаў у рэспубліканскім буджэце[9]. У афармленні партала сцэны, фае і вестыбюляў выскарыстана дэкаратыўная пластыка[3]. Сіметрычнае рашэнне аб’ёмнай формы і наяўнасць прасторнай плошчы перад акцэнтаваным выхадам паказваюць на асноўныя пункты ўспрымання збудавання[18]. Дамінаванне вертыкалі ў кампазіцыі будынка адпавядае яго ролі горадабудаўнічага акцэнту ў панараме[3].

Інтэр’еры

Інтэр’ер глядзельнай залы
Праект аднаўлення інтэр’еру 2-га паверху, 1947
" Калі заходзіш у тэатр і глядзіш суцэльную безыдэйна барочную ляпніну, і яна абвальваецца на вашу свядомасць[19] "
" Я чую шмат папрокаў па адрасе маіх прац. У стаўленні да Вялікага беларускага тэатра гэтыя папрокі зусім правільныя. Нават наадварот. Я б сказаў, што яны пераменшаны. Таму што гэта такая агіднасць, калі я праходжу, я сарамліва адварочваюся ад гэтага. Але з вас ніхто не ведае, што тэатр рабіўся без мяне. Я толькі пачаў унутранае аздабленне, а потым працавалі без мяне… Таму вы цяпер і маеце такую агіднасць. Прычым, усё зроблена бесталкова, брыдка, выродліва… Я глядзеў, як распісваюцца сцены тэатра… Дазвольце папрокі вярнуць, таму што гэты тэатр я не рабіў…[19]
І. Лангбард
"

Падчас апошняй рэстаўрацыі былі адноўлены згубленыя дэкаратыўныя ляпныя элементы ўнутранага ўбрання глядзельнай залы і фае ў адпаведнасці з наяўнымі графічнымі матэрыяламі, выкананымі самім І. Р. Лангбардам, і гістарычнымі фатаграфіямі канца 40 — пачатку 50-х гадоў XX стагоддзя[8].

Стылістыка інтэр’ераў была максімальна набліжана да першапачатковай. Аздабленне было выканана пераважна з натуральнага мармуру і граніту. Значная частка дэкору глядзельнай залы была пазалочана. З чырвонага аксаміту адноўлены генеральная заслона, драпіроўкі на ложах, балконах і дзвярных праёмах. На столі выканыны альфрэйны жывапіс, адрэстаўравана цэнтральная люстра і вялікія люстры фае. Свяцільні 19601970-х гадоў заменены на крыштальныя люстры і бронзавыя люстры з плафонамі з матавага шкла, якія адпавядаюць стылістыцы 1950-х гадоў. Падлога фае выканана з дзевяці відаў граніту з арнаментальным рысункам, на балконах фае і ў глядзельнай зале — з наборнага паркета. У глядзельнай зале захаваўся партал 19461948 гадоў, на якім адсутнічае толькі герб са сцягамі[8].

Скульптурнае афармленне

Верагодна, на пэўных этапах будаўнічых прац разглядалася магчымасць стварэння скульптур[20]. Але ў сувязі з памяншэннем каласальных памераў першапачатковага праекта Лангбарда і скарачэннем выдаткаў з дзяржбюжэту ў канчатковым выніку архітэктар адмовіўся ад статуй. Выключэннем стала статуя Сталіна, якая дамінавала ў афармленні фае да пачатку 1950-х гадоў[21].

Пад час апошняй рэканструкцыі тэатра скульптурнае афармленне фасадаў выканалі скульптары Генадзь Буралкін, Аляксандр Фінскі і Міхаіл Шкробат. Кожная са скульптур муз, Каліёпы — заступніцы эпічнай паэзіі і Тэрпсіхоры — заступніцы танца, мае ў вышыню 5 метраў і важыць 5 тон, а цэнтральная скульптура гэчаскага бога Апалона, заступніка мастацтва, паэзіі і музыкі, мае ў вышыню 4,7 метраў[22] важыць каля 7 тон. Першапачаткова меркавалася ўстанавіць на порціку над уваходам Апалона, які кіруе квадрыгай, але абралі скульптуру бога з двума вянкамі, якія славяць оперу і балет. Па абодва бакі ад яго размешчаны німфы, кожная 4 метра ў вышыню[22], якія ляцяць і трубяць аб прыходзе заступніка мастацтваў[9].

Новае скульптурнае афармленне фасадаў па матывах старажытнагрэчаскай міфалогіі было сустрэта крытыкай: па першае, на эскізных праектах немагчыма разгледзець якія менавіта статуі прадугледжваў архітэктар, па другое, зыходзячы з функцыянальных задач пабудовы падобнага роду скульптуры не маглі мець места ў той час, бо акрамя ўласна тэатральных гледзішчаў будынак выкарыстоўваўся для буйных грамадскіх мерапрыемстваў да 1966 года, пакуль не быў уведзены ў эксплуатацыю Палац спорту, па трэцяе, багатае скульптурнае афармленне супярэчыць стылістыцы будынка, яго прастаце і строгасці канструктывізму, а таксама парушае важную для Лангбарда вертыкальнасць чляненняў будынка[21].

Сквер Траецкая гара

Праект добраўпарадкавання парку і тэатра оперы і балета, 1948 г.

Пасля вайны, у 1949 годзе пачаліся працы па добраўпарадкаванні прылеглай да тэатра тэрыторыі па праекту І. Лангбарда, быў ліквідаваны Тэатральны праезд, які ішоў ад параднай лесвіцы цэнтральнага ўваходу тэатра да вуліцы Янкі Купалы — замест яго з’явілася Цэнтральная алея[23].

Падчас апошняй рэканструкцыі тэатра на галоўнай алеі быў размешчаны святлодынамічны каскадны фантан, струмені якога паўтараюць сілуэт самога будынка, з’явіліся дадатковыя алеі — Балетная і Оперная, якія былі ўпрыгожаны скульптурнымі групамі «Балет» (скульптар С. Гумілеўскі) і «Оперная муза» (скульптары Л. і С. Гумілеўскія)[13][24]. Алеі асвятляюцца ліхтарамі, выкананымі ў стылі XVIII стагоддзя[23].

Вячэрняе падсвятленне тэатра.

У чэрвені 2008 г. на новае месца пасля рэстаўрацыі быў перанесены помнік Максіму Багдановічу (скульптар С. Вакар, архітэктары Ю. Казакоў, Л. Маскалевіч), які быў усталяваны у скверы 9 снежня 1981 г. ў гонар 90-годдзя са дня нараджэння класіка і да 2008 г. знаходзіўся насупраць галоўнага ўваходу ў тэатр[2]. Месца для помніка абрана невыпадкова: праз вуліцу, якая носіць цяпер яго імя, стаяў дом, дзе нарадзіўся паэт[25].

14 мая 2009 г. камісія па найменню і пераназванню праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак сталіцы прыняла рашэнне надаць безназоўнаму скверу ў межах вул. Куйбышава — А. Пашкевіч — М. Багдановіча — Я. Купалы гістарычную назву Траецкая гара: менавіта так называлася пл. Парыжскай камуны да будаўніцтва на ёй тэатра оперы і балета ў 1930-х гадах[26].

Гісторыя тэатра

Зараджэнне

Балет «Стварэнне Сусвету» А. П. Пятрова?!

Гісторыя тэатра пачалася яшчэ ў 1920-я гады на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра (БДТ—1), які меў у сваім складзе салістаў оперы, харавую і балетную групы і невялікі сімфанічны аркестр. Ужо тады ставіліся музычна-драматычныя спектаклі, урыўкі з опер «Князь Ігар» А. Барадзіна, «Зачараваны лес» Р. Дрыго  (руск.), «Фея лялек  (ням.)» Ё. Баера  (ням.) і балетаў, гучала народная музыка. У 1927 годзе опера А. Даргамыжскага «Русалка  (руск.)» была пастаўлена цалкам[27]. Пераклад «Русалкі» на беларускую мову зрабіў Ф. Ждановіч, пастаноўка В. Селяха). Першай спробай да ўвасаблення арыгінальнай беларускай камічнай оперы з`віўся твор М. Аладава «Тарас на Парнасе» (лібрэта Ю. Дрэйзіна).

У той жа час К. Алексютовіч спрабуе ставіць першы нацыянальны балет «У чэрвеньскую ноч» (лібрэта і музыка К. Алексютовіча і Маркевіча).

У 1930 годзе оперны клас Мінскага музычнага тэхнікума, які ажыццявіў да таго часу пастаноўку шэрагу опер, быў пераўтвораны ў Дзяржаўную студыю оперы і балета[27], якую ўзначаліў спявак Антон Баначыч — у мінулым партнёр Фёдара Шаляпіна па выступленнях у Марыінскім тэатры. За тры гады ў студыі былі падрыхтаваны прафесійныя артысты і пастаўлены оперы «Залаты пеўнік  (руск.)», «Кармэн», «Яўген Анегін», «Царская нявеста  (руск.)»[27].

Адкрыццё тэатра

Дзяржаўны тэатр оперы і балета быў адкрыты у Мінску 25 мая 1933 года спектаклем «Кармэн» з Ларысай Александроўскай у галоўнай ролі, пастаўлены рэжысёрам Б. Нордам[5]. У ліку першых пастановак калектыву былі оперы «Яўген Анегін» у пастаноўцы В. Барысевіч і «Пікавая дама» у пастаноўцы Б. Мардвінава[27], балет «Чырвоны мак?!». Першым беларускім балетам стаў «Салавей» М. Крошнера, пастаўлены ў 1939 годзе[28]. Ужо ў чэрвені 1940 года тэатр гучна заявіў пра сябе ў Маскве, дзе з поспехам былі паказаны тры нацыянальныя оперы: «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага, «У пушчах Палесся» Анатоля Багатырова і «Кветка шчасця» Аляксея Туранкова.

Падчас вайны

Падчас Вялікай Айчыннай вайны шмат артыстаў тэатра пайшлі на фронт або далучыліся да партызанскага руху. Астатні калектыў тэатра, які складаўся з 50 чалавек, эвакуіраваўся ў Паволжа Расіі. Трупа працавала ў Горкім, а затым у Каўрове[5]. Артысты розных жанраў стваралі франтавыя канцэртныя брыгады і выступалі на перадавой перад салдатамі Савецкай Арміі. Адразу пасля вызвалення сталіцы калектыў вярнуўся ў Мінск[5] і 21 снежня 1944 года адкрыў сезон прэм’ерай оперы Яўгена Цікоцкага «Алеся» на сцэне Дома афіцэраў, які цудам уцалеў пасля бамбардзіроўкі[5].

Паваенныя гады

Вяртанне ў сталіцу БССР адзначыла адраджэнне Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі. Пасля рамонту і рэканструкцыі будынка тэатра, пашкоджанага бамбёжкай, адбылося ўрачыстае адкрыццё 7 лістапада 1947 года операй «Кастусь Каліноўскі» Дзмітрыя Лукаса[5]. Вельмі хутка Беларускі тэатр оперы і балета ўвайшоў у лік прызнаных лідараў на культурнай прасторы СССР, меў устойлівую рэпутацыю аднаго з самых яскравых і творча жыццяздольных оперных калектываў.

Тэатр шмат разоў гастраляваў на самай прэстыжнай сцэне былога СССР — у Вялікім тэатры ў Маскве. Паспяховыя гастролі 1940 года прынеслі тэатру ганаровае званне «Вялікі», 1964 года — «акадэмічны»[29].

Першы беларускі дзіцячы оперны спектакль «Марынка» кампазітара Р. К. Пукста быў пастаўлены ў 1955 годзе[5][27].

На сцэне тэатра актыўна ставіліся нацыянальныя оперы, створаныя беларускімі кампазітарамі: «Надзея Дурава» Анатоля Багатырова (1956), «Зорка Венера» (1970) і «Новая зямля» (1982) Юрыя Семянякі, «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Генрыха Вагнера (1980), «Джардана Бруна» (1977), «Візіт дамы» (1995) і «Юбілей» (2002) Сяргея Картэса, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана (1989), «Майстар і Маргарыта» Яўгена Глебава, «Князь Наваградскі» Андрэя Бандарэнкі (1992), «Нататкі вар’ята» Вячаслава Кузняцова (2005), «Сіняя Барада і яго жонкі» Віктара Капыцько  (руск.) (2006) і шэраг іншых. У 76-м тэатральным сезоне (2008/2009) адбылася прэм’ера беларускай камічнай оперы «Чужое багацце», рэканструяванай Уладзімірам Байдавым і Віктарам Скарабагатавым за сілу партытурах кампазітара Яна Голанда,

У 1989 годзе была пастаўлена опера «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана, якая атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі.

Значнай падзеяй у гісторыі Беларускай оперы сталі маштабныя пастаноўкі опер «Вайна і мір» Сяргея Пракоф’ева, «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дзмітрыя Шастаковіча, «Барыс Гадуноў» Мадэста Мусаргскага.

Дзейнасці балетнай трупы ў 1980-я — 1990-я гг уласціва ўзбагачэнне рэпертуару і засваення сучаснай харэаграфіі — у гэты час па яркія пастаноўкі Валянціна Елізар’ева «Кармэн-сюіта», «Стварэнне свету», «Тыль Уленшпігель», «Спартак», «Шчаўкунок», «Кармін Бурана», «Балеро», «Рамэа і Джульета», «Страсці», «Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная». Сведчаннем прызнання беларускага балета стала прэмія Міжнароднай асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ля данс  (англ.)», якую атрымаў у 1996 годзе балет «Страсці» («Рагнеда») Андрэя Мдзівані-Валянціна Елізар’ева, прысвечаны лёсу полацкай княгіні[5].

Падзеі 2020 года

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў тэатра выходзіў на акцыі пратэсту 14[30] і 15 жніўня[31]. Пасля ціску на Купалаўскі тэатр з боку ўладаў і звальнення яго дырэктара Паўла Латушкі больш за 300[32] артыстаў і супрацоўнікаў Вялікага тэатра падпісалася пад зваротам у падтрымку купалаўцаў[33]:

" Звальненне прафесіянала такога ўзроўню будзе вялікай памылкай. Акрамя таго, мы можам страціць адзін з найлепшых тэатральных калектываў краіны, бо супрацоўнікі Купалаўскага тэатра збіраюцца звольніцца разам са сваім дырэктарам. І гэта будзе непапраўнай стратай для беларускай культуры. "

24 жніўня галоўным дырыжорам Нацыянальнага тэатра оперы і балета быў прызначаны Вячаслаў Чарнуха-Воліч. Але ўжо 26 жніўня ён пакінуў сваю пасаду. Паводле афіцыйнай інфармацыі — праз каранавірусную інфекцыю, але паводле некаторых супрацоўнікаў тэатра, сыход Чарнухі-Воліча ніяк не быў звязаны са станам яго здароўя[32].

27 кастрычніка артысты правялі акцыю салідарнасці з беларускім народам, звярнуўшыся перад пачаткам спектакля «Царская нявеста» да прысутных: «У гэты пераломны момант, калі ў нашай краіне адбываецца беззаконне і несправядлівасць, мы не можам маўчаць…». Пасля звароту яны выканалі песню «Магутны Божа», гледачы падтрымалі артыстаў авацыямі[34].

28 кастрычніка «Беларускі фонд культурнай салідарнасці» паведаміў пра звальненне 4 супрацоўнікаў тэатра: дырыжора тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі і ўладальніка медаля імя Францішка Скарыны Андрэя Галанава і першую скрыпку аркестра Рэгіну Саркісаву. Раней яны падпісалі зварот культурных дзеячаў з нагоды ўльтыматуму С. Ціханоўскай. Таксама звольнілі скрыпачку Алу Джыган і альтыстку Аляксандру Пацёміну, якія 27 кастрычніка перад пачаткам спектаклю выказаліся супраць гвалту і беззаконня ў Беларусі[35]. У той жа дзень «у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй» былі адменены ўсе спектаклі, а таксама канцэрты ў малой залі з 29 кастрычніка па 20 лістапада[36].

Зоркі мінулага

Народныя артысты СССР:

Народныя артысты Беларусі:

Заслужаныя артысты Беларусі:

Выканаўцы без ганаровых званняў:

Сучаснасць

У 1996 годзе ў выніку рэарганізацыі адзіны тэатр падзяліўся на самастойныя структуры: тэатр оперы і тэатр балета. У 2009 годзе пасля капітальнай рэканструкцыі будынка было прынята рашэнне зноў аб’яднаць трупы ў адзіны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета.

Оперны рэпертуар

Эскіз дэкарацыі да оперы «Севільскі цырульнік  (руск.)» (1949). Мастак Міхаіл Блішч

Аснову опернага рэпертуару[37] Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь складаюць пераважна класічныя оперы.

Асаблівым попытам карыстаюцца творы прадстаўнікоў італьянскай і рускай кампазітарскай школы. У тым ліку «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні, «Набука», «Баль-маскарад», «Аіда» і «Травіята» Джузэпэ Вердзі, «Мадам Батэрфляй», «Тоска», «Багема» і «Турандот» Джакама Пучыні. Сярод рускіх кампазітараў — «Князь Ігар» Аляксандра Барадзіна, «Іаланта» і «Яўген Анегін» Пятра Чайкоўскага.

З нацыянальных твораў на сцэне ідуць «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана, прызнаная адной з лепшых беларускіх оперных пастановак[38], «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага, «Мядзведзь» Сяргея Картэса, «Доктар Айбаліт» Марыны Марозавай (на аснове лібрэта Таццяны Мушынскай)[39].

Балетны рэпертуар

Балет «Страсці» («Рагнеда») на паштовай марцы

Аснову рэпертуара складаюць класічныя пастаноўкі, а таксама балеты Валянціна Елізар’ева. Пастаноўкі іншых харэографаў (напрыклад, «Марная засцярога», пастаўлены нямецкім харэографам Дзітмарам Зайфэртам, «Папялушка» у пастаноўцы маскоўскага харэографа Юрыя Пузакова, «Трыстан і Ізольда» у версіі Юрыя Траяна, «Шчаўкунок», пастаўлены Аляксандрай Ціхаміравай) прыкмента саступаюць ім па ўзроўню.

Трупа

Дырыжоры

Запрошаныя дырыжоры
Паштовая марка Беларусі. Артысты балета Вольга Гайко і Ігар Артамонаў у балеце «Лебядзінае возера» і салісты оперы Сяргей Франкоўскі і Аксана Волкава ў оперы «Набука»

Рэжысёры

Рэжысёр-пастаноўшчык
Рэжысёры

Балетная трупа

Галоўны балетмайстар — Траян Антонавіч

Загадчык балетнай трупай — Таццяна Шаметавец

Юрый Кавалёў ў ролі Краса (балет Спартак)
Вядучыя майстры сцэны
Салісты
Балетмайстры-пастаноўшчыкі
Балетмайстры-рэпетытары

Оперная трупа

Уладзімір Пятроў і Настасся Масквіна. Опера «Князь Ігар»

Загадчык трупы оперы — Наталля Акініна

Сапрана
Аксана Волкава ў выкананні оперы «Кармэн»
Мецца-сапрана
Тэнара
Барытоны
Басы
Запрошаныя салісты

Кіраўнік групы стажораў — Ніна Шарубіна

Хор

Хормайстары

Канцэртмайстры

Канцэртмайстры оперы
Канцэртмайстры балета
Канцэртмайстры хора

Мастакі

Мастакi-пастаноўшчыкi
Мастакі па святлу

Кіраўніцтва

Дырэктары

Мастацкія кіраўнікі, галоўныя рэжысёры

Галоўныя дырыжоры

Галоўныя балетмайстры

Галоўныя хармайстары

У культуры

Скульптура «Дойлід»

Будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета адлюстраваны ў скульптуры «Дойлід» Уладзіміра Жбанава, устаноўленай у 2007 годзе на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Зноскі

  1. Тэатры Беларусі | 27.03.2019
  2. а б склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  3. а б в г А.С. Шамрук. Архітэктура Беларусі XX-пачатку XXI ст.:эвалюцыя стыляў і мастацкіх канцэпцый = Архитектура Беларуси XX-начала XXI в.:эволюция стилей и художественных концепций. — Мн.: Белорус. Наука, 2007. — 335 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-08-0868-4.
  4. а б в Театр оперы и балета «…зерно будущего и плевелы настоящего»
  5. а б в г д е ё ж з Фотаздымкі і інфармацыя на вэбсайце www.minsk-old-new.com («Мінск Старый і Новы») (руск.)
  6. Неизвестный Лангбард
  7. Беларусы: у 13 т. Т. 2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 320
  8. а б в г д е ё ж Реконструкция театра оперы и балета: Интерьеры до и после
  9. а б в г д е В Театре оперы и балета в Минске нашли… мумифицированный труп немца
  10. Да праекта пастановы ГЛ БССР «Аб завяршэнні аднаўленчых прац і ўводзе ў эксплуатацыю будынка Беларускага дзяржаўнага ордэна Леніна тэатра оперы і балета». Оперны тэатр. Перапіска з СМ БССР аб аднаўленні тэатра. 1947 г. // БДАМЛМ, ф. 20, оп. 1, д. 28, з. 7.
  11. Аб аднаўленні будынка Беларускага дзяржаўнага ордэна Леніна тэатра оперы і балета… Оперны тэатр. Перапіска з СМ БССР аб аднаўленні тэатра. 1947 г. // БДАМЛМ, ф. 20, оп. 1, д. 28, з. 13.
  12. Оперны тэатр. Перапіска з СМ БССР аб аднаўленні тэатра. 1947 г. // БДАМЛМ, ф. 20, оп. 1, д. 28, з. 24.
  13. а б в Большие перемены в Большом
  14. Национальный Академический Большой Театр Оперы и Балета Республики Беларусь
  15. а б В здании Лангбарда будет лучшая сценическая площадка Беларуси
  16. сцэна і яе кішэні, механічнае абсталяванне, усталявальнае асвятленне, акустычныя прылады
  17. глядзельная зала, фае, вестыбюль, гардэробная, буфет, санвузлы
  18. а б Ю.Н. Кишик. Архітэктурная кампазіцыя = Архитектурная копмпозиция. — Мн.: Вышэйшая школа, 2010. — 191 с. — 1 100 экз. — ISBN 978-985-06-1352-3.
  19. а б Квартет Лангбарда, или Момент истины
  20. Напрыклад, першапачатковы лангбардаўскі праект, які перамог у конкурсе 1934 г. на стварэнне тады яшчэ Вялікага дзяржаўнага тэатра (не «Оперы і балета» — меркавалася выкарыстоўваць новабудоўлю для грандыёзных тэатральна-агітацыйных пастановак), уключаў не толькі скульптурную групу са сцягамі перад уваходам, але таксама і вялікую трыбуну для прывітання парадаў і дэманстрацый
  21. а б Черным по белому: скульптуры на здании театра
  22. а б Белорусские воятели Геннадий Буралкин, Александр Финский и Михаил Шкробот создают композицию в виде Аполлона и двух нимф для Большого театра оперы и балета.
  23. а б Как задумал Лангбард…
  24. CКУЛЬПТУРНАЯ КОМПОЗИЦИЯ
  25. 120 лет со дня рождения Максима Богдановича
  26. Десять безымянных скверов Минска обрели названия
  27. а б в г д Большой театр оперы и балета Республики Беларусь (руск.)
  28. Соловей (руск.)
  29. Гісторыя тэатра на Афіцыйным сайце (руск.)
  30. Пратэст на прыступках опернага тэатра
  31. Пратэст каля помніка М. Багдановічу
  32. а б Галоўны дырыжор пайшоў з Опернага праз два дні пасля прызначэння. Салідарнасць з Купалаўскім і Латушкам 26.08.2020 / 19:14
  33. Супрацоўнікі Опернага тэатра запатрабавалі аднавіць на пасадзе Паўла Латушку 25.08.2020
  34. У Оперы перад «Царскай нявестай» пад авацыю выканалі «Магутны Божа» ВІДЭА
  35. Пасьля акцыі салідарнасьці з Опэрнага звольнілі дырыжора, першую скрыпку аркестра, скрыпачку і альтыстку. Радыё Свабоды (28 кастрычніка 2020). Праверана 28 кастрычніка 2020.
  36. Пасьля акцыі салідарнасьці ў Опэрным тэатры адмянілі спэктаклі. Афіцыйна: каранавірус
  37. Рэпертуар на Афіцыйнай старонцы тэатра
  38. Театр оперы и балета (руск.)
  39. Дзіцячая опера: што «Доктар…» прапісаў?
  40. https://news.tut.by/culture/729937.html
  41. https://nashaniva.by/?c=ar&i=242852&lang=ru
  42. https://news.tut.by/culture/719423.html

Літаратура

  • Мушынская Т. М. Валянцін Елізар’еў. — Мн., 2003.
  • Мушынская Т. М.Гармония дуэта". — Мн., 1987.
  • Мушынская Т. М.«Гаркавы смак ісціны». — Мн., 1993.
  • Мушынская Т. М. «Жарсці» («Рагнеда»). — Мн., 1997.
  • Смольский Б. С. Белорусский государственный ордена Ленина Большой театр оперы и балета. — Мн., 1963.
  • Чурко Ю. М. Белорусский балет, Минск, 1966.

Спасылкі