Японія
| |||||
Гімн: «君が代» | |||||
Заснавана | 11 лютага 660 да н.э.[заўв 1] | ||||
Афіцыйная мова | японская[заўв 2] | ||||
Сталіца | Токіа | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Токіа, Іакагама, Осака | ||||
Форма кіравання | канстытуцыйная манархія | ||||
Імператар Прэм’ер-міністр |
Нарухіта Сігэру Ісіба | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
377.944[1] км² 0,8 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2019) • Перапіс (2010) • Шчыльнасць |
126.320.000[2] чал. (11-я) 128.056.026 чал. 334,2 чал./км² (41-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$5,632 трлн (4-ы) $44.500 (27-ы) | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2014) • На душу насельніцтва |
$5,228 трлн (3-ы) $41.150 (23-ы) | ||||
ІРЧП (2018) | ▲0,915[3] (вельмі высокі) (10-ы) | ||||
Этнахаронім | японцы | ||||
Валюта | Іена (¥, JPY) | ||||
Інтэрнэт-дамен | .jp | ||||
Код ISO (Alpha-2) | JP | ||||
Код ISO (Alpha-3) | JPN | ||||
Код МАК | JPN | ||||
Тэлефонны код | +81 | ||||
Часавыя паясы | +9 |
Япо́нія або Дзяржа́ва Япо́нія (яп.: 日本, Nihon ці Nippon) — астраўная дзяржава ва Усходняй Азіі на астравах паўночна-заходняй часткі Ціхага акіяна на ўсходзе ад Кітая і Карэі, чацвёртая па памерах астраўная дзяржава свету (пасля Інданезіі, Мадагаскара і Папуа — Новай Гвінеі). У склад Японіі ўваходзіць больш за 6 800 астравоў, найвялікшыя з якіх — Хакайда, Хонсю, Сікоку, Кюсю.
Становішча Японсіх астравоў на сутыку літасферных пліт вызначае гарысты характар, сейсмічнасць і вулканізм тэрыторыі. Клімат астравоў умераны і субтрапічны мусонны, спрыяльны для жыцця. Рэкі кароткія, але паўнаводныя, багатыя на гідраэнергію. Дзве траціны плошчы Японіі пакрыта хваёвымі і шыракалістымі лясамі. Багаты і разнастайны жывёльны свет астравоў.
Японскія астравы населены ад часу верхняга палеаліту. Першыя ўзгадкі пра Японію ў кітайскіх летапісах адносяцца да І стагоддзя н.э. Кітайская цывілізыя аказала вялікі ўплыў на Японію. У XIII стагоддзі Японія двойчы ўратавалася ад мангольскага ярма. Нядоўгія кантакты з еўрапейцамі, што пачаліся ў XVI стагоддзі, скончыліся працяглым перыядам ізаляцыі. У сярэдзіне XIX стагоддзя Японія стала на шлях адкрытасці, мадэрнізацыі і экспансіі. Паражэнне у Другой сусветнай вайне прывяло да страты ўсіх калоній. У 1945 годзе Японія стала першай і апошняй краінай, супраць якой была прыменена атамная зброя.
Сённяшняя Японія — дэмакратычная канстытуцыйная манархія на чале з адзіным у свеце імператарам. Японія — унітарная краіна, дзеліцца на 47 прэфектур. Сучасная афіцыйная назва краіны — «Ніхон коку» або «Ніпон коку» (日本国).
З насельніцтвам 126 млн чалавек мае 11 месца ў спісе самых населеных краін свету. 80 % насельніцтва жыве на востраве Хонсю. У Японіі самая высокая ў свеце працягласць жыцця (84,5 гады ў 2018) і адзін з самых нізкіх паказчыкаў дзіцячай смяротнасці. Монанацыянальная краіна: 99 % насельніцтва складаюць японцы. Сталіца — горад Токіа — разам з прылеглымі гарадамі ўтварае найвялікушую ў свеце агламерацыю з насельніцтвам каля 38 млн чал.
Высокаразвітая краіна. Па паказчыку намінальнага ВУПу саступае толькі ЗША і Кітаю, па парытэце пакупніцкай здольнасці — яшчэ і Індыі. Займае другое месца ў свеце па ўзроўні развіцця прамысловасці пасля ЗША. Рабочыя японскіх прадпрыемстваў атрымліваюць найвышэйшы ў свеце сярэдні заробак. Вялікая дзяржава сучаснага свету, Японія ўваходзіць у Вялікую сямёрку, G20, АЭСР, а таксама рэгулярна абіраецца нясталым членам Савета Бяспекі ААН. На рэгіянальным узроўні ўваходзіць у АЦЭС, падтрымлівае фармат АСЕАН +3. Хоць Японія афіцыйна адмовілася ад свайго права аб’яўляць вайну, яна мае вялікую сучасную армію, якая выкарыстоўваецца ў мэтах самаабароны і ў міратворчых аперацыях.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Саманазва краіны гучыць як «Ніхон» або «Ніпон» (на кандзі — 日本), што літаральна азначае «Радзіма сонца». Еўрапейцы трансфармавалі гэтае спалучэнне ва ўсім добра знаёмае «краіна ўзыходзячага сонца». Назва «Ніхон» упершыню сустракаецца на старонках кітайскай Кнігі Тан, якая распавядае пра японскую дэлегацыю ў Кітай канцы VII ст. н.э. У больш глыбокай старажытнасці ў дачыненні да Японіі выкарыстоўваліся такія тапонімы як Ямата (大和) і Вакоку (倭国).
Доўгі шлях назвы «Краіна, дзе ўзыходзіць сонца» да беларускай мовы ляжаў праз кітайскую мову (Cipangu) — паўднёва-кітайскі дыялект — малайскую (Japun або Japang) — партугальскую — англійскую (або французскую) мовы.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Японія займае ўвесь Японскі архіпелаг, а таксама прылеглыя астравы Рукю (уключаючы Акінаву) і Нампо. У яе склад уваходзіць больш за 6.800 астравоў, найвялікшыя з якіх — Хакайда, Хонсю, Сікоку, Кюсю. Астравы ляжаць паміж 46° і 24° пн.ш. і працягнуліся на 3000 км ад Ахоцкага мора на поўначы да Філіпінскага на поўдні. Даўжыня берагавой лініі Японіі складае каля 30 тысяч кіламетраў. Заходнія берагі зрэзаны слаба, у той час як усходнія і паўднёвыя маюць шмат заліваў і бухтаў.
Японія не пагадзілася з рашэннем Ялцінскай канферэнцыі аб перадачы Савецкаму Саюзу паўднёвых Курыльскіх астравоў (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і з таго часу выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 г. — з Расіяй як ягонай правапераемніцай. Гэтае балючае для ўзаемных адносін дзвюх краін пытанне ў Японіі мае назву «Праблемы Паўночных тэрыторый». Японія не рэкамендуе сваім грамадзянам наведваць Курылы, а расійскаму насельніцтву абяцае паважаць яго правы ў выпадку перадачы астравоў Японіі.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Для Японіі характэрны горны рэльеф — каля 75 % тэрыторыі займаюць горы і ўзвышшы. На востраве Хакайда галоўныя хрыбты (Токаты, Хідака, Кітамі) выцягнуты з поўначы на поўдзень. На поўначы вострава Хонсю 3 паласы сярэдневышынных гор — Дэва і Асахі на захадзе, Оу — у цэнтры, Кітакамі і Абукума — на ўсходзе; на поўдні хрыбты Хіда, Акаісі, Кісо, у цэнтры — тэктанічная ўпадзіна Фоса-Магна. Найвышэйшы пункт Японіі — вулкан Фудзіяма (3776 м.). Горны рэльеф пераважае і на астравах Кюсю, Сікоку і Рукю. На нізіны і міжгорныя ўпадзіны прыпадае каля 20 % тэрыторыі, найбуйнейшыя — Канто і Этыга (на востраве Хонсю) і Ісікары (на востраве Хакайда). Актыўная вулканічная дзейнасць назіраецца на заходнім узбярэжжы астравоў. Больш за 150 вулканаў, у т.л. 15 дзеючых: (Асама, Бандай, Токаты, Міхара і іншыя). На ўсходнім узбярэжжы частыя землетрасенні (да 1,5 тысяч у год), адны з найбольш разбуральных — землетрасенне 1923 года, землетрасенне 2011 года. Падводныя землетрасенні правакуюць цунамі, недарэмна гэтыя хвалі вядомы на ўвесь свет пад японскім імем.
Японія бедная на карысныя выкапні. У невялікай колькасці маюцца каменны вугаль, жалезная руда, марганец, храміты, медзь, цынк, волава, ртуць, сурма, вапнякі, каалін, невялікія запасы нафты і газу.
Клімат мусонны, на большай частцы тэрыторыі субтрапічны, на поўначы — умераны, на поўдні — трапічны. На клімат Японіі ўплываюць цячэнні Курасіа на поўдні і ўсходзе, Цусімскае — на захадзе, халоднае Аясіа — на паўночным усходзе. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −5 °C на Хакайда да 6 °C на поўдні Японскіх астравоў і 16 °C на архіпелагу Рукю, ліпеня адпаведна 22 °C, 27 °C і 28 °C. Ападкаў на большай частцы тэрыторыі 1700—2000 мм, на поўдні да 4000 мм за год. Штогод бывае 15—20 тайфунаў, пераважна восенню.
Рэкі кароткія, паўнаводныя, багатыя на гідраэнергію; найбуйнейшыя — Сінана, Тонэ, Ісікары, Тэсіа. Шмат азёр, найбуйнейшае — Біва (716 км²).
Глебы на поўначы падзолістыя і балотна-лугавыя, на поўдні і поўначы Хонсю — буразёмы, на поўдні — жаўтазёмы і чырваназёмы. Расліннасць пераважна лясная — лесам і хмызнякамі занята 66 % тэрыторыі. На поўначы Хакайда пераважаюць хвойныя лясы (елка і піхта), на паўднёвым захадзе Хакайда і на Хонсю — субтрапічныя вечназялёныя лясы (магнолія, бамбук), у гарах — хвоя, кіпарыс, туя. На поўдні Кюсю і на архіпелазе Рукю пануюць трапічныя лясы з пальмаў, фікусаў, сагаўнікаў, папарацей і інш. Жывёльны свет разнастайны, ёсць эндэмікі і рэлікты. З млекакормячых трапляюцца воўк, барсук, янотападобны сабака, японскі чорны мядзведзь, японскі макак; з птушак — дзяцел, сойка, жураўлі, дрозд, арол. Пашыраны паўзуны, яшчаркі, чарапахі. Прыбярэжныя раёны багаты рыбай, крабамі, малюскамі.
Каля 25 % плошчы — ахоўныя тэрыторыі. 28 нацыянальных паркаў (Бандай-Асахі, Іосіна-Кумана, Сайкай, Сікоцу-Тоя, Фудзі-Хаконэ-Ідзу) і 55 квазінацыянальных паркаў (падпарадкоўваюцца прэфектурным урадам); маецца шэраг падводных паркаў на мелкаводдзях, запаведнікі, рэзерваты і заказнікі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Аўтахтонным насельніцтвам Японскага архіпелага лічацца айны. На астравах Кюсю і Сікоку і на поўдні Хонсю айнскае насельніцтва асімілявалася аўстранезійскімі плямёнамі. У сярэдзіне 1-га тысячагоддзя да н.э. з поўдня Карэйскага паўвострава на Японскія астравы праніклі т.зв. протаяпонскія плямёны, што змяшаліся з айнамі на Хакайда і паўночным Хонсю. З іх прыходам тут з’явіліся свойскія жывёлы — конь, карова; узнікла культура паліўнога рысу. Працэс развіцця прышлых плямён, іх узаемадзеянне з мясцовым аўстранезійска-айнскім насельніцтвам адбываўся да V стагоддзя да н.э.
Паводле кітайскіх хронік легендарны імператар Дзіму-Тэно — нашчадак багіні Аматэрасу — у 660 годзе да н.э. стаў родапачынальнікам дасюль бесперарыўнай дынастыі японскіх імператараў. У канцы ІІІ стагоддзя н.э. цэнтр улады размяшчаўся на месцы сучаснага горада Нара на раўніне Ямата. У другой палове IV стагоддзя імператары Ямата павялі экспансію на поўдзень, што паспрыяла кантактам з высокаразвітым Кітаем. Развіццё японскай цывілізацыі стымулявалі імпарт жалеза, пранікненне кітайскай мовы, літаратуры, філасофіі, канфуцыянства і будызму, апошні ў канцы VI стагоддзя пры імператарах дынастыі Сога будызм зрабіўся нацыянальнай рэлігіяй. Сінтаізм захаваў цырыманіяльнае значэнне. Працэс далучэння да кітайскай культуры распаўсюдзіўся і на палітычныя інстытуты. Унутраная палітыка імператараў Ямата была накіравана на аб’яднанне краіны і афармленне ідэалогіі адзінаўладдзя. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгралі ўведзеныя ў 604 годзе прынцам Сётоку Тайсі «Законапалажэнні з 17 артыкулаў», дзе ў якасці галоўнага палітычнага прынцыпу былі сфармуляваны вышэйшы суверэнітэт і строгае падпарадкаванне малодшых старэйшым; усталёўвалася сістэма чыноўніцкіх рангаў і прыдворнага цырыманіялу.
Для гісторыі фарміравання японскай дзяржаўнасці вялікае значэнне мела эпоха Фудзівара (645—1192). Пачатак ёй паклаў «пераварот Тайка» (ад назвы года, калі ён адбыўся), у час якога прынц Наканаоэ скінуў уладу дынастыі Сога (645). Другая палова VII стагоддзя прайшла пад знакам «рэформ Тайка», у выніку якіх былі рэарганізаваны ўсе сферы адносін у краіне і ўмацавана імператарская ўлада паводле кітайскай танскай мадэлі. Усе землі перайшлі ва ўласнасць дзяржавы, краіна была падзелена на правінцыі і паветы на чале з губернатарамі і павятовымі начальнікамі. У 694 годзе пабудаваны першы сталічны горад Фудзівара-к’ё. Працэс афармлення сярэднявечнай японскай дзяржавы завершыўся ў VIII стагоддзі, на працягу якога тройчы пераносілася сталіца: у 710 годзе ў Нара, у 784 годзе ў Нагаока і ў 794 годзе ў Кіёта. Станаўленне грамадства суправаджалася адыходам ад класічнага ўзору дзяржаўнага ўладкавання, абазначылася тэндэнцыя да дэцэнтралізацыі ўлады. У канцы IX стагоддзя ўлада належала прадстаўнікам роду Фудзівара, якія з 858 года кіравалі краінай як рэгенты пры малалетніх імператарах, а з 888 года — у якасці канцлераў пры паўналетніх. Характэрнай рысай сацыяльнага жыцця стала фарміраванне саслоўя самураяў.
Круты паварот у гісторыі Японіі адбыўся ў 1192 годзе, калі вярхоўным правіцелем краіны з тытулам сёгун стаў Мінамота-но Ёрытома. З таго часу да 1868 года Японіяй кіравалі сёгуны, а імператары выконвалі толькі цырыманіяльныя функцыі. Першы сёгунат Мінамота праіснаваў да 1335 года. Гэта быў час росквіту гарадоў, рамёстваў і гандлю. У 1274 і 1281 гадах японцы адбілі ўварванні мангольскай арміі. Другі сёгунат Асікага (1335—1573) узнік у ходзе працяглых міжусобных войн. У пачатку XV стагоддзя ўзмацнілася цэнтральная ўлада. Аднак пасля забойства Асікага Ёсіноры ў Японіі зноў разгарэліся міжусобныя войны, якія перараслі ў феадальную вайну 1467—1477. Місію аб’яднання краіны выканалі 3 палітычныя дзеячы: Ода Набунага, Таётомі Хідэёсі і Такугава Іэясу. У 1573 годзе Ода скінуў апошняга сёгуна з роду Асікага. Ён валодаў паловай правінцый і сталіцай Кіёта, здзейсніў рэформы, якія ліквідавалі раздробленнасць і спрыялі развіццю гарадоў. Аб’яднанне Японіі завяршыў пераемнік Ода — Таётомі Хідэёсі, які ў ходзе Імдзінскай вайны беспаспяхова спрабаваў заваяваць Карэю. Яго паплечнік Такугава Іэясу ў 1603 годзе абвясціў сябе сёгунам. Пачаўся апошні, трэці (1603—1867) сёгунат Такугава, асноўныя намаганні якога былі накіраваны на абмежаванне ўсеўладдзя даймё (уладарных князёў). Сёгуны з дынастыі Такугава стварылі цэнтралізаваную дзяржаву і ўсталявалі рэжым спадчыннай ваеннай дыктатуры. За імператарам захаваліся толькі цырыманільныя і рэлігійныя функцыі. Аграрная рэформа замацавала сялян за іх землямі. Пры першых Такугава строга былі размежаваны саслоўі: самураі, сяляне, рамеснікі, гандляры. Цэнтральнай фігурай ў дзяржаве стаў воін-самурай. Асноўную масу насельніцтва складала сялянства. Імкнучыся ўмацаваць сваю ўладу і пазбегнуць залежнасці ад еўрапейскіх дзяржаў, Такугава забаранілі любыя зносіны, у т.л. гандлёвыя, японцаў з еўрапейцамі (акрамя галандцаў; для абмежаванага гандлю з Галандыяй і Кітаем быў пакінуты адзіны порт — Нагасакі); кожны еўрапеец, які пранікаў на астравы Японіі, падлягаў смяротнаму пакаранню. XVII стагоддзе для Японіі было часам стабільнасці і росквіту. З канца XVIII стагоддзя пачаўся эканамічны крызіс. Толькі ў XIX стагоддзі адбылося больш за 1000 сялянскіх паўстанняў.
У 1853-54 гг.. амерыканская эскадра адмірала Мэцью Пэры двойчы ўвайшла ў заліў Эда і навязала Японіі «дамову аб міры і сяброўстве». Прыклад ЗША перанялі і іншыя магутныя дзяржавы, такім гвалтоўным чынам скончыўшы працяглую ізаляцыю Японіі. На хвалі ксенафобскіх настрояў заходнеяпонскія княствы Сацума-хан і Цёсю-хан развязалі сацумска-брытанскую і сіманасекскую войны 1863 года, але пацярпелі паражэнне. Усвядоміўшы тэхнічную адсталасць Японіі ад Захаду і небяспеку каланізацыі, княствы пачалі мадэрнізацыю арміі і перамовы з імператарскім дваром. 3 студзеня 1868 года антысёгунская апазіцыя ў аднабаковым парадку сфарміравала новы ўрад і прыняла ад імя імператара Мэйдзі ўказ аб рэстаўрацыі імператарскага кіравання. Сёгунат Такугава ліквідаваўся, а былы сёгун адхіляўся ад улады і губляў тытулы і землі. Гэта падзея завяршыла перыяд Эда і адзначыла канец пяцісотгадовага дамінавання самураяў у японскай палітыцы.
Рэстаўрацыя Мэйдзі ператварыла Японскую імперыю ў індустрыяльную сусветную дзяржаву. Пасля перамогі ў япона-кітайскай (1894—1895) і руска-японскай (1904—1905) войнах Японія забяспечыла сабе панаванне на Японскім і Жоўтым морах і далучыла да сябе Карэю, Тайвань і паўднёвы Сахалін.
У 1931 годзе, працягваючы сваю палітыку экспансіянізму, Японская імперыя заняла Маньчжурыю і стварыла марыянетачную дзяржаву Маньчжоу-Го. Пасля дакладу Літана ў 1933 годзе Ліга Нацый асудзіла яе дзеянні, у адказ Японія дэманстратыўна пакінула арганізацыю[5]. У 1936 годзе Японія падпісала Антыкамінтэрнаўскі пакт з нацысцкай Германіяй, а ў 1941 годзе далучылася да краін «Восі»[6]. 7 снежня 1941 года Японія напала на Пёрл-Харбар і абвясціла вайну ЗША і Вялікабрытаніі. Гэта прывяло да ўдзелу ЗША ў Другой сусветнай вайне. Японская імперыя заваявала Ганконг, Філіпіны і Малаку, але ў 1942 годзе паражэнне ў Каралавым моры пазбавіла яе перавагі на моры[7]. Пасля атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі 6 і 9 жніўня 1945 года авіяцыяй ЗША, а таксама пасля далучэння СССР да ваенных дзеянняў, 2 верасня 1945 года Японія падпісала Акт аб безумоўнай капітуляцыі[8].
У 1947 годзе Японія прыняла новую пацыфісцкую канстытуцыю, у якой робіцца акцэнт на ліберальную дэмакратыю. Акупацыя Японіі саюзнымі войскамі скончылася з прыняццем Сан-Францыскага мірнага дагавора, які набыў моц у 1952 годзе[9], а ў 1956 годзе Японія ўступіла ў ААН. Пазней Японія дамаглася рэкорднага эканамічнага росту, які працягваўся чатыры дзесяцігоддзі і складаў у сярэднім 10 % штогод.
Палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Японія — канстытуцыйная манархія. Паводле Канстытуцыі 1947 года кіраўнік дзяржавы — імператар, які ў Канстытуцыі завецца «сімвалам Дзяржавы і еднасці народа». А перадусім, згодна з Канстытуцыяй, носьбітам суверэнітэту з’яўляецца японскі народ. Імператар, чые паўнамоцтвы сур’ёзна абмежаваны, ажыццяўляе дзяржаўныя справы па парадзе і з ухвалення кабінета міністраў, які нясе за іх адказнасць. У 1989 годзе пасля смерці імператара Хірахіта новым імператарам стаў яго сын Акіхіта. 8 жніўня 2016 Акіхіта афіцыйна заявіў аб намеры саступіць сталец свайму сыну Нарухіта. Цырымонія адрачэння прайшла 30 красавіка 2019 года.[10]
Вышэйшая заканадаўчая ўлада належыць парламенту (яп. 国会, Какай), які складаецца з 2 палат: прадстаўнікоў (465 дэпутатаў) і саветнікаў (242 дэпутаты). Тэрмін паўнамоцтваў палаты прадстаўнікоў 4 гады, палаты саветнікаў — 6 гадоў (з перавыбраннем паловы складу кожныя 3 гады). У палату прадстаўнікоў выбіраецца 300 дэпутатаў ад 11 аднамандатных акруг і 200 ад партый па прапарцыянальнай сістэме, у палату саветнікаў — 152 дэпутаты ад 47 прэфектур і 100 па прапарцыянальнай сістэме ад усёй краіны. Квартаруецца Какай у такійскім раёне Тыёда, непадалёк ад Імператарскага палаца. Японскія выбаршчыкі маюць права галасаваць з 18 гадоў, галасаванне таемнае і свабоднае.
Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога са свайго складу выбірае парламент. Загад імператара зацвярджае прэм’ера на пасадзе. У сваю чаргу, прэм’ер-міністр прызначае ўсіх астатніх міністраў. Судовая ўлада складаецца з Вярхоўнага суда і судоў трох ніжэйшых узроўняў.
Сярод палітычных партый найбольшым даверам карыстаецца кансерватыўная Ліберальна-Дэмакратычная Партыя (ЛДП), што знаходзіцца ва ўладзе з 1955, за выняткам перапынкаў у 1993—1994 і 2009—2012 гадах. Па стане на 2024 год ва ўладзе знаходзяцца ліберал-дэмакраты. Бягучы прэм’ер — Сігэру Ісіба — таксама паўстаў з шыхтоў Ліберальна-Дэмакратычнай партыі. Апазіцыю вакол сябе гуртуе левацэнтрысцкая Канстытуцыйна-Дэмакратычная партыя.
Што тычыцца гісторыі права, то да перыяду Эда японская юрысдыкцыя фармавалася пад моцным кітайскім уплывам. З канца ХІХ стагоддзя Японія шукала ўласны шлях, але відавочна не змагла адмовіцца ад прагрэсіўных запазычанняў з еўрапейскага — асабліва германскага — права. Натхнёны германскім заканадаўствам Грамадзянскі кодэкс 1896 года з пасляваеннымі дапаўненнямі ляжыць у аснове сённяшняй прававой Японіі.
Знешняя палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Японія мае дыпламатычныя адносіны з большасцю краін свету і з’яўляецца актыўным удзельнікам ААН са снежня 1956 года. Японія ўваходзіць у склад Вялікай сямёркі, G20, АЭСР, а таксама рэгулярна абіраецца нясталым членам Савета Бяспекі ААН. На рэгіянальным узроўні ўваходзіць у АЦЭС, падтрымлівае фармат АСЕАН +3. Галоўным саюзнікам Японіі пасля другой сусветнай вайны сталі ЗША, якія застаюцца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Японіі, а амерыканскія ваенныя базы ахоўваюць бяспеку краіны ўзыходзячага сонца.
Тэрытарыяльныя спрэчкі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля другой сусветнай вайны Злучаным Штатам адышлі Паўночныя Марыянскія астравы, з чым Японія пагаджаецца. Затое занятыя ў 1945 савецкімі войскамі бліжэйшыя да Хакайда астравы Курыльскага архіпелага — Кунашыр, Шыкатан, Ітуруп і града Хабамаі — лічыць сваімі. Аспрэчвае Японія і карэйскую прыпіску драбнюткіх скалістых астраўкоў Ліянкур (яп. Takeshima, кар. Dokdo) у Японскім моры. У 1972 Японія атрымала ў валоданне астравы Сенкаку на поўдні ад Рукю. На гэтыя астравы прэтэндуе Тайвань, і, натуральна, Кітай, які прэтэндуе на Тайвань.
Беларуска-японскія адносіны
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Японіяй ўстаноўлены 26 студзеня 1992 года. Са студзеня 1993 года функцыянуе Пасольства Японіі ў г. Мінску. У чэрвені 1995 года адкрыта Пасольства Беларусі ў Токіа. Трагічная роднаснасць дзвюх дзяржаў звязана з тым, што і Беларусь, і Японія моцна пацярпелі ад радыяцыі. Тым не менш, за 27 гадоў афіцыйныя сустрэчы адбываліся на ўзроўні максімум дэпутатаў парламентаў, саветнікаў і замміністраў замежных справаў.
У чэрвені 2004 года была заснавана Асацыяцыя дружбы і парламенцкіх сувязей з Рэспублікай Беларусь Палаты прадстаўнікоў японскага парламента. Кіраўніком Асацыяцыі з’яўляецца дэпутат Е.Аона. Пачынаючы з 2000 года, праведзена сем раўндаў беларуска-японскіх кансультацый паміж МЗС, апошні з якіх адбыўся ў снежні 2009 года.
З кожным годам пашыраецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва: на 2018 гэта Мінская вобласць — прэфектура Міягі, Магілёўская вобласць — прэфектура Осака, гарады Мінск і Сэндай, Шклоў і Таке, Нясвіж і Сіраісі). У гонар Сэндая ў Мінску быў разбіты Сэндайскі сквер.[11].
У 2018 беларускія візы атрымала каля 1100 японцаў, што стала рэкорднай колькасцю.
У 2017 годзе горад Мінск быў афіцыйна ўключаны ў спіс гарадоў, дзе праводзіцца Nihongo Nōryoku Shiken. Арганізатарам правядзення экзамену ў Мінску з’яўляецца Арганізацыйны камітэт па правядзенню Nihongo Nōryoku Shiken ў Беларусі, і рэалізацыя праекта ажыццяўляецца пры падтрымцы Асацыяцыі выкладчыкаў японскай мовы Беларусі. У дадзены момант у Мінску экзамен Nihongo Nōryoku Shiken праводзіцца адзін раз на год, у першую нядзелю ліпеня.
Адміністрацыйна-тэрытарыялны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Японія дзеліцца на 47 прэфектур, кожная пад началам выбарнага губернатара, заканадаўчай і адміністрацыйнай бюракратыі. Кожная прэфектура дзеліцца на гарады, мястэчкі і вёскі. Сёння агламерацыйныя працэсы садзейнічаюць зліццю гарадоў у больш вялікія цэлыя, што змяншае колькасць адзінак на ніжэйшых узроўнях і скарачае бюракратычныя выдаткі.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Для Японіі канца ХХ — пачатку ХХІ ст. характэрная стабільная колькасць насельніцтва з паступовым змяненнем яго ўзроставай структуры ў бок старэння, што абумоўлена вялікай нараджальнасцю ў 1950-х і адной з найрэкорднейшых у свеце працягласцяў жыцця (84,5 гадоў у 2018). У 2018 узрост сярэдняга японца складае 47,7 гадоў, доля дзяцей да 15 гадоў — 12,7 %, людзей старэйшых за 65 гадоў — 28,4 %.[12] Усе прыведзеныя паказчыкі робяць Японію самай старой нацыяй у свеце. Старэнне насельніцтва скарачае і так нізкую нараджальнасць, якая сёння складае 7,5 чалавек на 1000. У канцы 2010-х насельніцтва Японіі пачало скарачацца. У 2018 Японія саступіла Мексіцы месца ў дзясятцы самых населеных краін свету. Калі ўрад не прастымулюе іміграцыю, у 2020-30-х дэпапуляцыя пойдзе імклівымі тэмпамі. У бліжэйшым жа будучым Японію непазбежна абыйдуць таксама Эфіопія, Філіпіны, В’етнам.
Нацыянальны склад насельніцтва аднародны: 98,1 % складаюць японцы, якія называюць сябе ніхондзін (日本人), а сваю мову — ніхонга (日本語); невялікая колькасць карэйцаў (0,4 %), кітайцаў (0,5 %); яшчэ каля 1 % філіпінцаў, в’етнамцаў, а таксама бразільцаў і перуанцаў японскага паходжання. Увогуле, Японія не вельмі ахвотна прымае мігрантаў, асабліва бежанцаў. У Японіі, пераважна на востраве Хакайда, пражывае каля 25 000 айнаў — самабытнага, але сёння практычна асіміляванага народа. На астравах Рукю жывуць рукюйцы, якіх японцы разглядаюць як субэтнас японскага народа. Да сацыяльных меншасцяў адносяцца буракуміны — японскія «недатыкальныя», што дыскрымінуюцца і ў наш час.
99 % жыхароў краіны размаўляюць на японскай мове — аглюцінатыўнай мове, што ўтварае асобную сям’ю. Для пісьмовай перадачы японскай мовы выкарыстоўваюць іерагліфічнае пісьмо кандзі. На айнскай мове, што знаходзіцца на мяжы знікнення, размаўляе невялікая колькасць старых на востраве Хакайда.
Асноўныя рэлігіі — сінтаізм і будызм. Многія японцы арганічна спалучаюць вызнанне дзвюх гэтых вераў, аб чым сведчыць статыстыка: 70,4 % вернікаў з’яўляюцца прыхільнікамі сінтаіму, 69,8 % — будызму. У Японіі каля 100 тыс. сінтаісцкіх храмаў, прычым даследванні сцвярджаюць, што японцы ахвотней удзельнічаюць у рэлігійных рытуалах, чым з’яўляюцца шчырымі вернікамі. Каля 1,5 % японцаў вызнаюць хрысціянства, якое было завезена місіянерамі яшчэ ў XVI ст.. Сёння многія святы і традыцыі, вытокі якіх ляжаць у хрысціянстве, набылі папулярнасць у Японіі: японцы дораць падарункі на Раство Хрыстова, адзначаюць Дзень святога Валянціна, бяруць шлюб на еўрапейскі манер. Вялікі ўплыў на жыццё грамадства аказалі завезеныя з Кітая даасізм і канфуцыянства. Для айнаў дагэтуль не страцілі значэння анімістычныя традыцыі.
Пры высокім сярэднім паказчыку шчыльнасці насельніцтва (334 чал. на 1 км²) большасць жыхароў канцэнтруецца на раўнінах паўднёва-ўсходняга Хонсю. Найбольш шчыльна заселена раўніна Канто. Гарадскога насельніцтва 91 %, невялікая доля сельскага насельніцтва тлумачыцца не толькі тэхнагеннасцю сучаснай японскай цывілізацыі, але і слабым сельскагаспадарчым асваеннем гарыстых і лясістых астравоў. Буйныя гарады: Токіа, Іакагама, Осака, Нагоя, Сапара, Кобэ, Кіёта, Фукуока, Кавасакі, Хірасіма. У Японіі сфарміравалася некалькі агламерацый, якія ўтвараюць адзін з буйнейшых сусветных мегалаполісаў — Такайда (больш за 60 млн чал.), што канцэнтруе 48 % насельніцтва краіны[13].
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]На 2018 год Японія займала трэцяе месца ў свеце па намінальным значэнні ВУП, што склаў больш за 5 трлн долараў ЗША. Доўгі час па магутнасці эканомікі Японія саступала толькі ЗША, аднак, паводле дадзеных экспертаў, у жніўні 2010-га кітайская эканоміка абагнала японскую па памерах[14]. Што датычыцца агульнага абъёму ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці, то тут Японія чацвёртая, прапусціўшы наперад яшчэ і Індыю. Японія чацвёртая ў свеце па памерах экспарту, шостая — імпарту. Японія мае вялікую колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва (65 млн чалавек), працоўныя рэсурсы адрозніваюцца высокай якасцю. Для Японіі характэрны вельмі нізкі ўзровень беспрацоўя (2,9 % у 2017[12]). Да слабых бакоў эканомікі адносіцца дзяржаўная запазычынасць, якая ў 2016 склала 239 % ВУП — найвышэйшы працэнт у свеце — і якая не дазваляе Японіі заняць высокае месца ў крэдытных рэйтынгах. Асабліва хуткі рост запазычансці быў выкліканы рэцэсіяй 2009 года і наступствамі цунамі 2011 года.
Японія — постіндустрыяльная дзяржава. У прамысловасці занята 26 % эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 3 %. Сектар паслуг складае тры чвэрці унутранага валавога прадукту. Банкаўскія паслугі, страхаванне, нерухомасць, транспарт, дробны гандаль, тэлекамунікацыі і будаўніцтва граюць значную ролю ў эканоміцы краіны[15]. Тут размяшчаецца некалькі найбуйнейшых банкаў і Такійская фондавая біржа, якая займае другое месца ў свеце па рынкавай капіталізацыі[16].
Японія валодае буйнымі вытворчымі магутнасцямі, і ў ёй знаходзяцца некалькі найбуйнейшых вытворцаў механічных транспартных сродкаў, электронікі, станкоў, сталі, суднаў, хімічных рэчываў, тэкстылю і харчовых прадуктаў[17]. Сярод найбуйнейшых кампаній — Toyota Motor Corporation, Nintendo, NTT DoCoMo, Canon, Honda, Takeda Pharmaceutical, Sony, Nippon Steel, Tepco, Mitsubishi Motors і 711[18]. У 2018 годзе 228 японскіх кампаній ўваходзілі ў Forbes 2000, што складае 11 % спісу, у 2006 такіх кампаній было 326.[19]. Спецыфіка японскага капіталізму заключаецца ў існаванні сістэмы кэйрэцу — буйных фінансава-прамыловых груп, такіх як Mitsubishi, Sumitomo Group і інш; пажыццёвым наёме і кар’ерным росце ў межах аднаго прадпрыемства; а таксама ў такіх метадах мэнэджменту як «Таятызм» (The Toyota Way), што прадугледжвае бесперапыннае ўдасканаленне і павагу да спажыўцоў. Станам на 2007 год Японія займала 19-е месца па адносінах ВУП да адпрацаваных гадзін[20]. Паводле індэксу Біг-Мака японскія рабочыя атрымліваюць самую высокую пагадзінную зарплату ў свеце.
Энергетыка Японіі базуецца на імпартных нафце з Персідскага заліва і вугалі з Аўстраліі. Вугаль выкарыстоўваецца ў цеплаэнергетыцы і чорнай металургіі. Японія — найбуйнейшы ў свеце спажывец звадкаванага прыроднага газу, што пастаўляецца з Катара, Аўстраліі, Інданезіі. Да 2011 каля траціны электраэнергіі выпрацоўвалася на АЭС, аднак пасля Фукусімскай аварыі большасць АЭС прыпыніла працу, што адбілася на паказчыках сусветнай атамнай энергетыкі. Нягледзячы на экалагічныя пратэсты, урад Японіі мяркуе перагледзець стандарты бяспекі і перазапусціць станцыі у 2020-х. У 2017 было заяўлена, што ў бліжэйшы час чакаецца ўзнаўленне працы 21 рэактара а ў 2030 — яшчэ 30, што сумарна пераўзыйдзе «дафукусімскія» магутнасці. Японскія рэкі багатыя на гідраэнергію, аднак іх патэнцыял практычна выкарыстаны і не можа здаволіць нават дзясятай часткі патрэб краіны.
Японія — другі пасля Кітая вытворца сталі. Металургія працуе пераважна на аўстралійскай сыравіне. Па вытворчасці легкавых аўтамабіляў Японія ў 1980-х-2000-х апярэджвала ўсе краіны свету, але ў 2011 саступіла першынства Кітаю. У 2010-х Японія выпускае 9-10 млн аўтамабіляў штогод, займаючы трэцяе месца ў свеце, а па легкавых — другое; японскі канцэрн Toyota канкуруе з Volkswagen Group за званне найбуйнейшага аўтавытворцы ў свеце. Японія разам з Паўднёвай Карэяй ды Кітаем з’яўляюцца найбуйнейшымі суднабудаўнічымі дзяржавамі. Японская электроніка і электратэхніка карпарацый Sony, Toshiba, Cannon займае трывалыя пазіцыі на сусветным рынку. У канцы ХХ стагоддзя Японія стала піянерам робатабудавання і застаецца сусветным лідарам у гэтай тэхналагічнай галіне.
Сельская гаспадарка адрозніваецца надзвычайнай інтэнсіўнасцю: за харчовую бяспеку 126 млн чалавек адказваюць усяго 5 мільёнаў га (13 % тэрыторыі). Дзякуючы высокай ураджайнасці і перадавым тэхналогіям, Японія напалову забяспечвае сябе ўласнымі прадукткамі харчавання. Асноўная збожжавая культура — рыс. Таксама вырошчваецца чай, пераважна зялёных гатункаў. Традыцыйна развітае рыбалоўства, аква- і марыкультура.
У 2016 годзе асноўнымі партнёрамі Японіі па экспарце былі ЗША (18,8 %), Кітай (18,4 %), Паўднёвая Карэя (6,7 %), Тайвань (5,7 %), Ганконг (4,7 %), а па імпарце — Кітай (24,2 %), ЗША (11,2 %), Аўстралія (4,6 %), Паўднёвая Карэя (4,2 %), Саудаўская Аравія (3,2 %), ААЭ (2,9 %) і Інданезія (2,9 %). Японія экспартуе механічныя транспартныя сродкі, электроніку і хімічныя рэчывы. У краіну ўвозяцца камп’ютары і бытавая тэхніка, выкапнёвая паліва і руды, ежа (у асаблівасці ялавічына і свініна), хімічныя рэчывы, тэкстыль і прамысловая сыравіна[21].
Традыцыйнымі экспартнымі таварамі Беларусі ў Японію з’яўляюцца калійныя ўгнаенні, шкловалакно, лазеры, прылады на вадкіх крышталях, дазіметры; імпартуе Беларусь абсталяванне для прамысловых прадпрыемстваў, запчасткі для аўтамабіляў, электроніку. Агульны тавараабарот у 2017 склаў 42 млн даляраў, са слабаадмоўным для Беларусі сальда (- 2,2 млн).[22]
Культура
[правіць | правіць зыходнік]У Японіі з канца I тысячагоддзя н. э. існуе развітая літаратура (так, тэкст японскага гімна датуецца IX—X стагоддзем). Да нашых дзён захоўваюцца помнікі жывапісу і архітэктуры з пачатку II тысячагоддзя. Вялікі ўплыў на японскую культуру ў перыяд яе станаўлення мела кітайская, а пасля Рэстаўрацыі Мэйдзі — заходнееўрапейская. У XX стагоддзі японскія анімэ і манга заваявалі прызнанне ў сусветным маштабе.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Тэатр
[правіць | правіць зыходнік]Вытокі японскага тэатра ў старажытных абрадах, культавых урачыстасцях. У VII—VIII стагоддзях у Японію пранікаюць тэатральныя формы Карэі, Кітая, Індыі (музычна-танцавальныя паказы гагаку і бугаку), што садзейнічала фарміраванню класічнага тэатра Японіі. У канцы XIV стагоддзя на аснове запазычаных і мясцовых уяўленняў узнік тэатр но, які ўключаў музыку, танец і драматычнае дзеянне. Галоўныя дзеючыя асобы выступалі ў масках, акрамя выпадку, калі была рэалістычная роля; большасць сцэн — хор карцэнтаваў падзеі. Тэкст акцёры дэкламавалі ці гартанна спявалі. Усе ролі па традыцыі выконвалі мужчыны.
У пачатку XVII стагоддзя з ростам гарадоў пашырыліся тэатральныя жанры — тэатр лялек дзёруры (спалучаў мастацтва лялечнікаў, спевакоў-казачнікаў і музыкантаў) і тэатр кабукі. У пачатку 20 стагоддзя ўзніклі новыя жанры, створаныя ў выніку абнаўлення традыцыйнага тэатру (сімпа, сінкакугэкі) і еўрапейскіх форм (сучасная драма сінгэкі, опера, балет). Тэатральнае мастацтва падзяляецца на традыцыйнае (бугаку, но, кабукі, дзёруры) і еўрапейскае (драма, опера, балет).
Своеасаблівая праслойка паміж імі — сімпа (японская гарадская меладрама) і сінкакугэкі (драма, асновай якой — сцэны бітваў на мячах). Рэпертуар сучасных тэатраў складаюць пераклады п’ес еўрапейскіх і амерыканскіх драматургаў, а таксама творы сучасных японскіх аўтараў.
Жывапіс
[правіць | правіць зыходнік]Японскі жывапіс — адзін з найбольш старажытных і вытанчаных з японскіх відаў мастацтваў, характарызуецца шырокай разнастайнасцю жанраў і стыляў.
Для японскага жывапісу, як і для літаратуры, уласціва адвядзенне вядучага месца прыродзе і адлюстраванне яе ў якасці носьбіта чароўнага пачатку.
Пачынаючы з X стагоддзя ў японскім жывапісе вылучаюць кірунак ямато-э, карціны ўяўляюць сабой гарызантальныя скруткі, якімі ілюстравалі літаратурныя творы. У XIV стагоддзі развіваецца стыль гохуа (манахромная акварэль), а ў першай палове XVII стагоддзя мастакі пачынаюць друкаваць укіё-э — гравюры на дрэве, на якіх малявалі гейш, папулярных акцёраў тэатра кабукі і пейзажы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Развіваецца на японскай мове. Першыя паэтычныя помнікі на японскай мове з VIII стагоддзя; летапіс «Кодзікі» — збор народнай эпічнай творчасці і паэтычная анталогія пераважна ў жанры танка «Ман’ёсю» («Збор мірыяд пялёсткаў»). У стагоддзі выйшла анталогія класічнай паэзіі ранняга Сярэднявечча «Збор даўніх і новых песень». Таксама з X стагоддзя пачынаецца жанр дзённікавых запісаў нікі (Сэй Сёнагон, Нідзё). Вяршыня класічнай літаратуры Японіі — раман у жанры манагатары «Аповесць пра Гэндзі» (XI стагоддзе) Мурасакі Сікібу. У XIII—XV стагоддзях зарадзіўся жанр гункі — ваенная эпапея «Хэйкэ манагатары» («Паданне пра дом Тайра»). У XIV—XV стагоддзях расквітнеў паэтычны жанр рэнга («нанізанне страфы»), узніклі тэатр масак но і першыя п’есы ёкёку на сюжэты народных паданняў і гераічных эпапей (драматург і акцёр Матакіё Дзэамі). У XVI стагоддзі зарадзілася гарадская літаратура; майстар гарадской навелы укіёдзосі — Іхара Сайкаку. Драматургія XVII—XVIII стагоддзяў арыентавалася на тэатр лялек дзёруры і тэатр кабукі. Найбуйнейшы прадстаўнік — Цікамацу Мандзаэмон. У паэзіі панаваў жанр хайку (Мацуа Басё, Ёса Бусон, Кабаясі Іса). На мяжы XVIII—XIX стагоддзяў развівалася апавядальная літаратура (Уэда Акінары).
У пачатку XIX стагоддзя рэалістычныя традыцыі гарадской літаратуры прадаўжаў Дзіпэнся Іку. Быў створаны самы вялікі раман класічнай японскай літаратуры Хаккэндэн. Пасля незавершанай рэвалюцыі 1867—1868 гадоў адбыліся вялікія зрухі ў развіцці літаратуры, шырока перакладаліся творы заходнееўрапейскіх пісьменнікаў. Пачатак новай літаратуры даў трактат «Сутнасць рамана» Цубауці Сёё, які паставіў на першы план пачуццёвасць і індывідуальнае жыццё. У аснове японскага рэалізму — раман «Плывучае воблака» Футабатэя Сімэя. З паяўленнем паэтычны зборнік «Сінтайсісё» («Зборнік вершаў новай формы») усталяваўся жанр свабоднага верша — сі (Акіка Ёсана, Кітамура Такоку). Паралельна з рамантычнай паэзіяй развіваўся рэалістычны кірунак, у якім сцвердзіўся размоўны свабодны верш (дзіюсі), што стаў пануючай паэтычнай формай XX стагоддзя.
У пачатку XX стагоддзя пад уплывам творчасці Э. Заля ўзнік рух за натуралізм (Кафу Нагаі). Сацыяльная праблематыка, разрыў паміж ідэалам і рэчаіснасцю — галоўныя тэмы японскіх рэалістаў (Кунікіда Допа, Нацумэ Сосэкі, Тасон Сімадзакі, Катай Таяма, Асаму Дадзай, Ічыё Хігучы). У 1920—1930-я гады ўзніклі плыні пралетарскай літаратуры (Такунага Сунаа, Ёсікі Хаяма), неарамантызму (Дзюн’іціра Танідзакі), неагуманізму, «школа новага майстэрства» (неарэалізму; Р. Акутагава). Прынцыпы мадэрнісцкай эстэтыкі адбіліся на творчасці групы «неасенсуалістаў» (Рыіцы Ёкаміцу). У пачатку XXI стагоддзя папулярнымі пісьменнікамі з’яўляюцца Харукі Муракамі, Дзякуцё Сэтоуці.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Japan Statistical Yearbook 2010 (англ.)
- ↑ http://www.stat.go.jp/english/data/jinsui/tsuki/index.html
- ↑ http://hdr.undp.org/en/content/2019-human-development-index-ranking Архівавана 22 сакавіка 2017.
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
- ↑ Елисеефф В., Елисеефф Д. Японская цивилизация. — М.: АСТ, 2008. — С. 108. — 528 с. — ISBN 978-5-9713-7611-8.
- ↑ Kelley L. Ross. The Pearl Harbor Strike Force (англ.)(недаступная спасылка). friesian.com. Архівавана з першакрыніцы 19 жніўня 2011. Праверана 20010-01-21.
- ↑ Елисеефф В., Елисеефф Д. Японская цивилизация. — М.: АСТ, 2008. — С. 109. — 528 с. — ISBN 978-5-9713-7611-8.
- ↑ "Падпісанне акту аб капітуляцыі Японіі". Известия. 2 верасня 1945. Архівавана з арыгінала 19 студзеня 2012. Праверана 2010-01-21. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2012. Праверана 30 студзеня 2019.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2012. Праверана 30 студзеня 2019.
- ↑ Joseph Coleman. '52 coup plot bid to rearm Japan: CIA (англ.)(недаступная спасылка). The Japan Times (6 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2012. Праверана 21 студзеня 2010.
- ↑ https://www.bbc.com/russian/features-48103147
- ↑ https://www.belta.by/interview/view/proshedshij-2018-god-stal-perelomnym-v-razvitii-belorussko-japonskih-otnoshenij-6657/
- ↑ а б https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ja.html Архівавана 21 снежня 2020.
- ↑ Геаграфія мацерыкоў і краін: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / Н. У. Навуменка, М. Л. Страха; пад рэд. Н. У. Навуменка; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1594-6
- ↑ China Passes Japan to Become No. 2 Economy — NYTimes.com
- ↑ er 6 Manufacturing and Construction, Statistical Handbook of Japan, Ministry of Internal Affairs and Communications
- ↑ Market data. Архівавана 11 кастрычніка 2007. New York Stock Exchange (2006-01-31). Retrieved on 2007-08-11.
- ↑ World Factbook; Japan—Economy(недаступная спасылка). CIA (19 снежня 2006). Архівавана з першакрыніцы 28 снежня 2010. Праверана 28 снежня 2006.
- ↑ Japan 500 2007(недаступная спасылка), Financial Times
- ↑ https://www.forbes.com/global2000/#4dda7b38335d
- ↑ Groningen Growth and Development Centre (GGDC)(недаступная спасылка). GGDC (26 студзеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 29 снежня 2021. Праверана 30 лістапада 2009.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=114&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2019. Праверана 28 лютага 2019.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн — С. 281—293.
- Геаграфія мацерыкоў і краін: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / Н. У. Навуменка, М. Л. Страха; пад рэд. Н. У. Навуменка; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1594-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Японія