Перайсці да зместу

Антон Луцкевіч

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Антон Іванавіч Луцкевіч)
Антон Луцкевіч
Антон Луцкевіч, 1920-я гг.
Антон Луцкевіч, 1920-я гг.
Герб Навіна
Герб Навіна
Старшыня Рады Народных Міністраў БНР
11 лістапада 1918 — 13 снежня 1919
Старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР
14 снежня 1919 — 28 лютага 1920

Нараджэнне 17 (29) студзеня 1884
Смерць 23 сакавіка 1942(1942-03-23) (58 гадоў)
Месца пахавання
Род Луцкевічы
Імя пры нараджэнні польск.: Antoni Łuckiewicz
Бацька Ян Баляслаў Луцкевіч
Маці Зоф’я з Лычкоўскіх[d]
Жонка Зоф’я Абрамовіч[d]
Дзеці Лявон Антонавіч Луцкевіч і Юрый Луцкевіч
Веравызнанне каталіцтва, кальвінізм і атэізм
Партыя
Член у
Адукацыя
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Анто́н Іва́навіч Луцке́віч (29 студзеня 1884, Шаўлі, Ковенская губерня — 23 сакавіка 1942, перасыльны пункт Аткарска, Саратаўская вобласць) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, мовазнаўца, выдавец. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газет «Наша доля» і «Наша ніва», адзін з выдаўцоў газеты «Гоман». Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.

Ініцыятар абвяшчэння і аўтар праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай. З кастрычніка 1918 года старшыня Народнага сакратарыята БНР, з лістапада старшыня Рады Народных Міністраў (прэм’ер-міністр) і міністр замежных спраў. У снежні 1919 — лютым 1920 года старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР.

Дзеяч Заходняй Беларусі. Рэдактар адноўленай «Нашай нівы», старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта, выкладчык Віленскай беларускай гімназіі. Брат беларускага дзеяча Івана Луцкевіча.

Ян Баляслаў Луцкевіч.

Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду Мінскай губерні герба Навіна[1]. Бацька — Ян Баляслаў (Іван Якімавіч) Луцкевіч — вайсковец Расійскай імперыі, удзельнік Крымскай вайны ў чыне капітана, за баявыя заслугі ў абароне Севастопаля быў узнагароджаны крыжамі Святога Георгія і Святой Ганны і двума медалямі. На вайне быў паранены, з войска дэмабілізаваўся. Сваёй маёмасці Ян Баляслаў не меў[1]. Вядома, што ў 1860-х гадах быў арандатарам маёнтка пана Вайніловіча ў Тарасевічах Бабруйскага павета Мінскай губерні. Верагодна, у гэты час ён пазнаёміўся з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, з якім у далейшым меў прыяцельскія стасункі, Дунін-Марцінкевіч у 1868 годзе прысвяціў Луцкевічу верш па-беларуску[1]. Першай жонкай Яна Баляслава была Казіміра Асяцімская, у іх нарадзіліся дзве дачкі: Станіслава (1877—1953) і Марыя Алёйзія (1876—1914). Пані Казіміра памерла ў 1878 ці 1879 годзе[2].

Увесну 1880 года Ян Баляслаў павянчаўся другі раз[2], з Зоф’яй Лычкоўскай, дачкой уладальніка невялікага фальварка Ракуцёўшчына, каля мястэчка Краснага. Зоф’я да фальварка дачынення ўжо не мела, але ў спадчыну ёй застаўся невялікі драўляны дом на Садовай вуліцы ў Мінску[1]. У Яна Баляслава і Зоф’і было пяць дзяцей: Ян Герман (Іван; 1881—1919), Вікторыя (памерла ў маленстве; ?—?), Антон (1884—1942), Эмілія (1886—1974), Стэфан (Сцяпан; 1889—1947). Стэфан быў названы ў гонар дзядзькі — Стэфана Луцкевіча, удзельніка паўстання 1863—1864 гадоў, які загінуў у 1863 годзе[2].

Сям’я была каталіцкай, у хаце гаварылі па-польску[1]. Выхаваныя ў польскай культуры, сёстры Станіслава і Эмілія, пісалі пазней свае лісты Антону выключна па-польску[2]. Іван Луцкевіч наступным чынам згадвае светапогляд сям’і: «…сям’я жыла ўспамінамі аб напалеонаўскім паходзе і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў французскае рэвалюцыі і паўстанчаскімі настроямі, у ёй панаваў заўсёды шчыра дэмакратычны дух, — і гэтым духам былі прасякнуты дзеці, што шукалі ў школе дружбы не панічоў, a сыноў мужыцкіх»[3].

Антон Луцкевіч па заканчэнні Мінскай гімназіі, 1902 г.

Антон Луцкевіч нарадзіўся ў Шаўлях, дзе ягоны бацька працаваў на Лібава-Роменскай чыгунцы. У 1887 годзе Луцкевічы пераязджаюць у Лібаву, з прычыны пераводу туды бацькі. У 1895 годзе сям’я пераязджае ў Мінск, праз паўгода пасля пераезду бацька Ян Баляслаў памірае[3].

Антон Луцкевіч паступае ў Мінскую губернскую гімназію. Луцкевіч адзначаў, што яшчэ ў Мінскай гімназіі ён і яго брат Іван усвядоміліся і нацыянальна, і сацыяльна, і пачалі гуртаваць вакол сябе болей-меней свядомых беларусаў[3]. Пазнаёміўшыся з беларускім паэтам, мастаком і перакладчыкам Карусём Каганцом, браты Луцкевічы арганізавалі гімназічны гурток, у занятках якога значнае месца займала беларуская тэматыка. Браты мелі цесныя стасункі з Генрыхам Францішкам Татурам, беларускім гісторыкам, краязнаўцам і калекцыянерам[2]. Таксама ў братоў Луцкевічаў збіраўся і інтэрнацыянальны гурток, у якім яны займаліся сацыяльнымі пытаннямі[3]. Браты заклалі беларускую бібліятэчку з кніжкамі па беларускай гісторыі і этнаграфіі[3].

У 1902 годзе Антон Луцкевіч заканчвае Мінскую губернскую гімназію. У гэтым жа годзе ён з братам Іванам едзе на вучобу ў Санкт-Пецярбург, дзе слухае поўны курс фізіка-матэматычнага факультэта Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта[2]. У 1902 годзе браты Луцкевічы і Вацлаў Іваноўскі арганізавалі Беларускі кружок народнай асветы. Мэтай гуртка было стварэнне беларускай школьнай адукацыі і выдавецтва беларускіх кніг[3]. У 1903 годзе браты Луцкевічы разам з Вацлавам Іваноўскім засноўваюць палітычную арганізацыю Беларуская рэвалюцыйная грамада на базе ўжо існуючай Беларускай рэвалюцыйнай партыі. Мэтай арганізацыі з’яўлялася змаганне супраць самадзяржаўнай улады, за дэмакратычны лад: зямлю для сялян, фабрыкі і заводы для рабочых. Арганізацыя патрабуе свабоды для беларусаў: школы на беларускай мове і роўных правоў у краі[4].

Пераезд у Вільню

[правіць | правіць зыходнік]
Антон Луцкевіч у часе вучобы ў Юр’еўскім універсітэце. 1910-я гады.
Браты Луцкевічы і Аляксандр Уласаў.

У 1904 годзе Антон Луцкевіч арыштоўваецца ў Мінску за распаўсюджванне партыйнай літаратуры, выпушчаны з пазбаўленнем права пакідаць горад[5]. На II з’ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады ў 1905 годзе абіраецца сябрам яе ЦК[5]. У лютым 1906 года сумесна з братам Іванам пераходзяць на нелегальнае становішча, пераязджаюць у Вільню. Пераезд адбываецца з той прычыны, што распачалося следства ў справе замаху на мінскага губернатара Паўла Курлова. Замах здзейснілі Іван Пуліхаў і сёстры Аляксандра і Кацярына Ізмайловіч, якія былі частымі гасцямі на мінскай кватэры Луцкевічаў, таму апошнія аўтаматычна падпадалі пад падазрэнне[6]. Ёсць звесткі, што з віленскімі кантактамі Луцкевічам дапамог Вацлаў Іваноўскі, іх супрацоўнік па пецярбургскай студэнцкай дзейнасці[7]. На нелегальным становішчы ў Вільні браты жылі да 1908 года[3].

У верасні 1906 года пры непасрэдным удзеле Антона Луцкевіча, і з ініцыятывы яго брата Івана выходзіць першая легальная беларускамоўная газета «Наша доля», Антон стала ўваходзіць у склад рэдакцыі. Першы артыкул апублікаваў у 1906 годзе ў № 1 газеты «Наша доля»[8]. Неўзабаве «Наша доля» падпадае пад забарону, ствараецца газета «Наша ніва», Антон Луцкевіч у складзе яе рэдакцыі. Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Нашай нівы», з 1913 года з Беларускім выдавецкім таварыствам.

Разам з братам быў сярод заснавальнікаў у 1910 годзе ў Вільні масонскай ложы «Еднасць» (польск.: Jendość). Ложа была створаная паводле ініцыятывы расійскіх масонаў, сябраў партыі кадэтаў[3]. У «Еднасці» былі прадстаўлены ўсе асноўныя народы беларуска-літоўскага краю. Луцкевічы прытрымліваліся краёвай ідэалогіі[3]. Антон Луцкевіч актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці масонскіх ложаў у Вільні. Ён уваходзіў у склад лож «Літва» і «Беларусь». У рамках іх дзейнасці Луцкевіч актыўна займаўся выдавецкай дзейнасцю: ён з’яўляўся фактычным кіраўніком рускамоўнай «Вечерней газеты» і аўтарам бальшыні артыкулаў, самастойна распачаў выданне польскамоўнай газеты «Кур’ер краёвы» (польск.: Kurjer Krajowy), заклікаў усіх «грамадзян Краю» да працы на ягоную карысць і карысць народа[3].

3 1911 года саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веда»[9] Барыса Даніловіча, з 1914 года яе ўладальнік[5].

Першая сусветная вайна

[правіць | правіць зыходнік]
Віленскія беларускія настаўніцкія курсы, 1916 год. Сядзяць Іван Луцкевіч, Баляслаў Пачопка (кіраўнік курсаў), Антон Луцкевіч.

Пасля заняцця Вільні ў 1915 годзе нямецкімі войскамі ўзначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (БТДПВ). Адзін з выдаўцоў газеты «Гоман»[5]. Паколькі нямецкія ўлады забаранялі палітычную дзейнасць, БТДПВ стала прыкрыццём нелегальнага Беларускага народнага камітэта, кіраўніком якога таксама стаў Антон Луцкевіч[10]. Разам з братам Іванам і Алаізай Пашкевіч (Цёткай) браў удзел у стварэнні ў Вільні Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы (БСДРГ), або проста Беларускай работніцкай групы, у якую ўваходзілі працаўнікі віленскіх прадпрыемстваў. БСДРГ, як вынікае з матэрыялаў, была аўтаномнай адзінкай БСГ[10]. Узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК)[5]. Адзін з выкладчыкаў Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсаў, якія дзейнічалі ў снежні 1915 — верасні 1916 гадоў.

Адзін з ініцыятараў Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага[5]. У 1916 годзе БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года выказваўся за ўключэнне ў склад будучай беларуска-літоўскай дзяржавы ўсіх беларускіх зямель, за наданне дзяржаўнага статуса ўсім мясцовым мовам, школьнае навучанне на роднай мове[5].

У лютым 1917 года ў Стакгольме мелася адбыцца канферэнцыя народаў Расіі. У Берлін выехаў адзін беларус (Антон Луцкевіч) і тры літоўцы (Сцяпонас Кайрыс, Антанас Смятона, Юргіс Шаўліс). Прадугледжвалася, што з Берліна яны выедуць у Стакгольм. Але здарылася, як піша ва ўсласнаручных паказаннях Антон Луцкевіч, непрадбачанае: у Расіі было зрынутае самадзяржаўе. Немцы вырашылі, што патрэба ў канферэнцыі адпала, і Антон Луцкевіч выехаў у Вільню. Літоўская дэлегацыя засталася ў Берліне і была прынятая нямецкім канцлерам, вынікам чаго стала стварэнне ў верасні 1917 года Літоўскай Тарыбы[11].

Удзельнікі Беларускай канферэнцыі ў Вільні. 25—27 студзеня 1918 года. Антон Луцкевіч сядзіць у першым шэрагу пяты справа.
Прэзідыум беларускай канферэнцыі ў Вільні. Антон Луцкевіч сядзіць пяты злева.

Намаганнямі братоў Луцкевічаў у Вільні склікаецца Беларуская канферэнцыя. Канферэнцыя адбылася 25, 26 і 27 студзеня 1918 года, Антон Луцкевіч быў маршалкам канферэнцыі. Вынікам Канферэнцыі сталася стварэнне Беларускай рады (Віленская беларуская рада), старшынёй абраны Антон Луцкевіч[5]. У першай жа рэзалюцыі Беларускай канферэнцыі было запісана, што яе ўдзельнікі «выказваюць дамаганне, каб Беларуска-Літоўскія землі акупацыі станавілі незалежную сувэрэнную дэмакратычную дзяржавы, зложаную з дзвёх аснаўных аўтаномных нацыянальных тэрыторый: Беларускай і Літоўскай у найцяснейшай еднасці з незалежнай Курляндзіяй», і каб да гэтай дзяржавы былі далучаныя беларускія землі, якія на той час знаходзілі на другім баку фронту[11]. 26 лютага 1918 года Германія прад’явіла ўльтыматум бальшавіцкай Расіі, у той самы дзень Тарыба прыняла Акт пра незалежнасць Літвы. 18 сакавіка 1918 года, калі пачаўся нямецкі наступ на ўсход, Беларуская рада ў Вільні прыняла рэзалюцыю, у якой абвяшчала «разарваную дзяржаўную звязь між Беларуссю і Расеяй», але паўтарала ранейшы пастулат пра адбудову «дзяржаўнай незалежнасці колішняга Літоўска-Беларускага гасударства (Вялікага Княства Літоўскага)»[11]. У прамежку паміж 18 лютага і 23 сакавіка 1918 года адбываецца пераарыентацыя Антона Луцкевіча і Беларускай рады ў Вільні, якую ён узначальваў. Цяпер на парадак дня выйшла пытанне пра незалежнасць Беларусі, а не незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага[12].

Беларуская Народная Рэспубліка

[правіць | правіць зыходнік]
Антон Луцкевіч.

18 сакавіка кааптаваны ад Віленскай беларускай рады ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 22 сакавіка 1918 года ў складзе дэлегацыі Віленскай беларускай рады прыязджае ў Менск. Менавіта Антон Луцкевіч ініцыяваў Трэцюю Устаўную грамату і напісаў яе праект, паводле якой 25 сакавіка Беларускай народная рэспубліка была абвешчаная незалежнай дзяржавай[13]. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У верасні — лістападзе 1918 года ўзначальваў беларускую надзвычайную дэлегацыю, якая наведала Украіну, сустракалася з гетманам Паўлам Скарападскім. У часе наведвання Украіны Антон Луцкевіч таемна сустракаўся з Хрысціянам Ракоўскім, дзеячам бальшавіцкай партыі. У ходзе сустрэч Луцкевіч пераканаўся, што Савецкая Расія не прызнае Беларускую Народную Рэспубліку[13]. 12 кастрычніка 1918 года Антон Луцкевіч прызначаны Радай БНР Старшынёй Народнага сакратарыята, яму была давераная справа фармавання новага ўрада[14]. Арганізацыю новага ўрада Луцкевіч пачаў па прыездзе з Кіева, у лістападзе. Антон Луцкевіч мяняе назву Народны Сакратарыят на Раду Народных Міністраў БНР, ужывалася таксама Рада Міністраў БНР[15]. 11 лістапада Рада Рэспублікі зацвердзіла новы склад Рады Міністраў БНР, паводле пастановы Антон Луцкевіч стаў старшынёй Рады Міністраў (прэм’ер-міністрам) і міністрам замежных спраў[15]. 3 снежня 1918 года праз наступ бальшавікоў Рада і ўрад БНР на чале з Антонам Луцкевічам пераехалі ў Вільню, 27 снежня — у Гродна. 14 снежня 1918, 2 і 3 студзеня 1919 года Луцкевіч накіраваў ноты пратэсту польскаму ўраду супраць далучэння да Польшчы Беластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў. У канцы сакавіка 1919 года перад пагрозай польскай акупацыі Гродзеншчыны і Віленшчыны ён і некаторыя сябры ўрада БНР выехалі ў Берлін[8]. Дамагаўся таго, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. 22 студзеня 1919 года падпісаў мемарыял беларускага ўрада старшыні Парыжскай мірнай канферэнцыі, у якім абгрунтаваў права беларускага народа на дзяржаўнае існаванне, прадставіў гісторыі беларускага руху і дзяржаўнасці, выказаў просьбу ў справе допуску прадстаўнікоў БНР на канферэнцыю[16]. Мемарандум меўся весці ў Парыж генерал Кіпрыян Кандратовіч. 21 сакавіка 1919 года Рада народных міністраў БНР зацвердзіла афіцыйны склад дэлегацыі, у якую ўвайшлі Антон Луцкевіч, міністр юстыцыі Аляксандр Цвікевіч, радчыя — Кіпрыян Кандратовіч, Аляксей Азнабішын і Раман Скірмунт, аташэ — Ю. Янкоўскі, Аляксандр Галавінскі і Леанід Баркоў, кур’ер — Юрка Камарынец[17]. Аднак на самай справе, са спазненнем больш чым праз месяц выехалі Кандратовіч, Азнабішын, Баркоў. Антон Луцкевіч далучыўся да іх у канцы траўня і на месцы ўключыў у склад дэлегацыі Яўгена Ладнова, які прыехаў з беларускага асяродка ў Адэсе[17]. Мірная канферэнцыя працавала ўжо пяты месяц, паспеўшы прыняць мемарандумы ўрадаў суседніх Беларусі дзяржаў — Польшчы, Літвы, заслухаць іх дэлегацыі. Галоўнай прычынай спазнення дэлегацыі БНР было адсутнасць фінансавання. Па дарозе на мірную канферэнцыю Антон Луцкевіч заехаў у Прагу, дзе 17 красавіка прэзідэнт навастворанай рэспублікі Чэхаславакіі Томаш Масарык прыняў яго ў сябе ў рэзідэнцыі і паабяцаў дыпламатычную падтрымку БНР на міжнародным узроўні[18].

Антон Луцкевіч, 1918 г.

Антон Луцкевіч знаходзіўся ў Парыжы на працягу трох месяцаў. Першапачаткова Луцкевіч не шукаў кантактаў з прадстаўнікамі Польшчы, паколькі ацэньваў яе як сілу, варожую беларускай дзяржаўнасці[19]. Аднак ён змяніў пазіцыю, калі акупацыя Польшчай значнай часткі Беларусі пераўтварыла яе ў першаразрадны фактар міжнароднай палітыкі на беларускай геапалітычнай прасторы[19]. У ліпені ён наладзіў кантакт з кіраўніком польскай дэлегацыі на мірнай канферэнцыі, прэм’ер-міністрам Ігнацыем Падарэўскім, і неўзабаве сустрэўся з ім. Луцкевіч перадаў польскаму прэм’еру праект «Дагавора аб утварэнні саюза суверэнных дзяржаў — БНР і Польскай Рэспублікі»[20]. Меркавалася стварэнне гэтага саюза на аснове раўнапраўя яго суб’ектаў, агульнага кіравання знешняй палітыкай і абаронай, агульнай мытнай прасторы, узаемнага забеспячэння правоў грамадзян на тэрыторыі саюзных дзяржаў і г. д. Да праекта дагавора быў прыкладзены праект дадатковай сакрэтнай дамовы, якая спалучала ў сабе вайсковую канвенцыю і пагадненне аб сумеснай барацьбе за ўсталяванне граніц з суседзямі[20].

Акцэнтаванае наладжванне сувязяў з Польшчай было звязана з тым, што ўрад БНР быў упэўнены ў працягласці польскай акупацыі[21]. У сувязі з гэтым Антон Луцкевіч 25 жніўня едзе з урадавай місіяй з Парыжа ў Варшаву па запрашэнні Падарэўскага. З польскага боку сустрэчай займаўся граф Міхал Тышкевіч  (польск.)[21]. Луцкевіч разлічваў, што здолее атрымаць падтрымку польскага ўрада для БНР і згоду на арганізацыю беларускіх узброеных сілаў. Антон Луцкевіч прыбыў у Варшаву 1 верасня, аднак сустрэча з польскім прэм’ерам не адбылася, бо Падарэўскі выехаў у Парыж[21]. Неўзабаве таксама выявілася, што вяртанне Антона Луцкевіча ў Парыж немагчымае, бо Міністэрства замежных спраў Польшчы не прызнала пашпарт БНР (хоць ён дзейнічаў на тэрыторыі іншых дзяржаў) і адмовіла ў выдачы дыпламатычнай візы[22]. Луцкевіч сустрэўся ў Варшаве з Юзафам Пілсудскім, але перамовы не далі ніякага выніку ў справе падтрымкі БНР[22].

1 снежня 1919 года вярнуўся ў Менск. Пасля расколу Рады БНР 13 снежня 1919 года Старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР[8]. Не знайшоўшы паразумення з Польшчай, 28 лютага 1920 года падаў у адстаўку і выехаў у Вільню.

Дзейнасць у Заходняй Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]
Група 2-га выпуску 1-й Віленскай беларускай гімназіі, 1921 год. Антон Луцкевіч — настаўнік гімназіі, сядзіць у першым шэрагу другі справа.

У Вільні аднавіў выданне газеты «Наша ніва» (выйшла 9 нумароў), да канца 1920 года склаў і выдаў зборнікі «Наша ніва» і «Памяці Івана Луцкевіча». У ліпені 1920 года зняволены бальшавікамі, выпушчаны 31 ліпеня з падпіскай пра нявыезд[23][8]. З 1921 года старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. У ліпені 1921 года заснаваў Беларускую школьную раду, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) арганізаваны Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. У 1922 годзе ўзначаліў у Вільні Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, распрацаваў тактыку і структуру Беларускага пасольскага клуба[8]. Аўтар артыкулаў у газетах Наша ніва, Наша думка, Беларускія ведамасці, Беларускі звон, Наша будучына, Новае жыццё, Наш сцяг, Змаганне. Фактычна рэдагаваў выданні Беларускага пасольскага клуба (Сын беларуса, Сялянская праўда, Голас беларуса, Беларуская доля, Беларуская ніва, Іскра)[24]. Пасля ўтварэння ў 1925 годзе Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) працаваў у яе рэдакцыйным камітэце, куды быў запрошаны Сымонам Рак-Міхайлоўскім, рэдагаваў выданні Жыццё беларуса, Беларуская справа, Народная справа, Наш голас, Наша праўда[24].

«Літаратурная гарбатка» на кватэры Антона Неканды-Трэпкі ў Вільні, 1936 г. Злева направа: 1-шы шэраг— Мікола Шчорс, невядомая; 2-гі шэраг — Антон Неканда-Трэпка, Вячаслаў Багдановіч, Канстанцін Галкоўскі, Міхась Забэйда-Суміцкі, Рыгор Шырма, Антон Луцкевіч; 3-ці шэраг — Сяргей Паўловіч, Максім Танк, Станіслаў Станкевіч, а. Станіслаў Глякоўскі, Ян Станкевіч.

Арыштаваны польскімі ўладамі 12 кастрычніка 1927 года, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з нямецкай і савецкай выведкай. Апраўданы судом у пачатку 1928 года. У 1928 годзе арыштоўваўся яшчэ раз і зноў апраўданы. У сярэдзіне 1929 года Антон Луцкевіч выключаны з ТБШ, дзе камуністы мелі моцныя пазіцыі. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), які адмаўляў рэвалюцыйныя метады змагання з санацыйным рэжымам Юзафа Пілсудскага і выступаў за парламенцкія метады барацьбы. Незадавальненне КПЗБ выклікала крытыка Антонам Луцкевічам нацыянальнай і аграрнай палітыкі, якую савецкае кіраўніцтва пачало ў 1929 годзе, асабліва артыкул «Цень Азефа» (1930), дзе ён даў рэзка адмоўную характарыстыку Іосіфу Сталіну і яго акружэнню[8]. У 1930 годзе польскія ўлады забаранілі дзейнасць Беларускага выдавецкага таварыства, якім кіраваў Антон Луцкевіч. У 1931 годзе звольнены з работы ў Віленскай беларускай гімназіі. Антон Луцкевіч стаў аб’ектам палітычных спекуляцый і нападаў. У гэты час выявіліся супярэчнасці паміж лідарамі Цэнтрасаюза. Яго старшыня Фабіян Акінчыц крытыкаваў Антона Луцкевіча за марксісцкі светапогляд. 3 абвінавачваннямі ў палітычных праліках выступілі ў друку і хрысціянскія дэмакраты. У другой палове 1932 года наведаў латвійскія Дзвінск і Рыгу, дзе ў рамках зладжанага Таварыствам беларускіх вучыцялёў «тыдня культуры» чытаў лекцыі на літаратурныя тэмы. У часе наведвання Латвіі таксама сустрэўся з міністрам асветы Ацісам Кеніньшам  (лат.)[25]. У 1933—1939 гадах беларускія газеты Луцкевіча не друкавалі. Антон Луцкевіч выступаў пераважна ў газеце «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), часопісе «Калоссе», «Гадавіку» Беларускага навуковага таварыства". Адышоў ад палітычнай дзейнасці, працаваў у БНТ і Беларускім музеі, выступаў з лекцыямі і рэфератамі[8].

Здымкі з крымінальнай справы.

Пасля заняцця Вільні Чырвонай Арміі ўдзельнічаў у сходзе беларускай інтэлігенцыі, дзе выступіў з заклікам да адраджэння беларускай школы, культуры і мастацтва, падтрымаў курс на аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР[26]. Арыштаваны савецкімі ўладамі 30 верасня 1939 года ў Вільні ў сваёй кватэры па адрасе вуліца Піўная, 2, кв. 6[27]. Утрымліваўся ў віленскай Лукішскай турме, пасля перадачы Вільні Літве праз Вілейскую турму этапаваны ў Мінск[27]. Пастановай 3 аддзела УДБ НКУС БССР ад 8 жніўня 1940 года абвінавачваўся ў тым, што «ў перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны арганізоўваў контррэвалюцыйныя сілы з беларускага нацыяналістычнага асяродка, у часе знаходжання на тэрыторыі Заходняй Беларусі, з’яўляўся агентам 2-га аддзела Польгалоўштаба, арганізоўваў контррэвалюцыйны элемент для барацьбы з камуністычным рэвалюцыйным рухам у Заходняй Беларусі і СССР»[28]. Таксама абвінавачаны ў «стварэнні Беларускага нацыянальнага цэнтра[A] і стварэнні „ўрада“ буржуазнай Беларусі на чале з нацфашыстам Луцкевічам»[29].

Рашэннем Асобай нарады пры НКУС СССР 14 чэрвеня 1941 за антысавецкую дзейнасць прыгавораны да 8 гадоў у Варкуцінскім працоўна-папраўчым лагеры  (руск.)[29][23]. 4 лютага 1942 года з Балашоўскай турмы № 3 прыбыў у перасыльны пункт горада Аткарска Свярдлоўскай вобласці. 18 лютага начальнік санчасці Аткарскага перасыльнага пункта дакладваў начальніку перасылкі пра тое, што вязень Луцкевіч падлягае шпіталізацыі з дыягназам «міякардыт, знясіленне». Памёр 23 сакавіка 1942 года а 12-й гадзіне дня, пахаваны ў той жа дзень у спецсектары камунальных могілак Аткарска[30].

31 сакавіка 1989 года рэабілітаваны пракуратурай Літоўскай ССР[27].

З жонкай і дзецьмі, пачатак 1920-х.

У часе знаходжання ў Парыжы Антон Луцкевіч пазнаёміўся з выпускніцай медыцынскага ўніверсітэта ў Манпелье Сэркай (у хрысціянскім асяродку яе называлі Зоф’яй) Абрамовіч[31]. Магчыма, ён быў знаёмы з ёй яшчэ ў Вільні, а ў Парыжы ўлетку 1919 года яны зблізіліся[32]. Сям’я Луцкевіча была супраць яго шлюбу з іўдзейкай, а касцёл не пагаджаўся на такі таемны шлюб[31]. Тады Луцкевіч перайшоў у кальвінізм, шлюб адбыўся ў кальвінісцкай царкве Вільні па вуліцы Завальнай у канцы 1919 ці пачатку 1920 года[31]. У пары было двое сыноў: Лявон Луцкевіч (1922—1997), Юрый Луцкевіч (1920—1992). 5 сакавіка 1929 года, калі Луцкевіч быў у апеляцыйным судзе па чарговым працэсе, Зоф’я здзейсніла дома самагубства[31]. У верасні 1939 года, калі Антона Луцкевіча арыштавалі, апеку над яго сынамі ўзяў Клаўдзій Дуж-Душэўскі[31].

Навуковая дзейнасць, публіцыстыка

[правіць | правіць зыходнік]
Вокладка кнігі Антона Луцкевіча «Як правільна пісаць па беларуску» (бел. лацін.: Jak prawilna pisać pa biełarusku), 1917.

Першы артыкул «Што будзе?» надрукаваў у газеце «Наша доля» (1906, № 1). Паступова стаў вядучым беларускім публіцыстам. У артыкулах і нататках пачатку ХХ ст. крытыкаваў аграрную і нацыянальную палітыку царызму, выказваўся за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа, асуджаў нацыяналізм («Краёвае становішча», 1914). Развіццё беларускага вызваленчага руху звязаў з развіццём капіталістычных адносін і станаўленнем нацыянальнай буржуазіі («Эканамічная эвалюцыя і беларускі рух», 1917). Склаў курсы лекцый па фанетыцы і этымалогіі. У 1916 годзе стварыў першую «Беларускую граматыку», якая ў рукапісным выглядзе захоўваецца ў бібліятэцы Літоўскай акадэміі навук у Вільні[B][33]. У 1917 годзе выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 годзе (разам з Янам Станкевічам) — «Беларускі правапіс»[8]. Аўтар брашуры «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), працы «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысвечана гісторыі БРГ і БСГ). Даследаваў гісторыю нарадавольніцкага руху, выступаў з дакладамі і рэфератамі па гэтым пытанні. Вывучаў мову скарынаўскіх выданняў і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 («Чатырохсотлецце першага кодэксу беларускага права», 1929; «Статут Вялікага Княства Літоўскага на фоне эвалюцыі нацыянальных адносін у Беларусі», 1930, і інш.). Аўтар зборнікаў літаратурна-крытычных прац «Нашы песняры» (1918), «Адбітае жыццё» (1929). Апублікаваў шэраг прац па гісторыі беларускай культуры, мастацтва і літаратуры: «Пуцяводныя ідэі літаратуры», «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (абедзве 1921), «Вязніца Адама Міцкевіча» (1923), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалогіі і адбіцце яе ў літаратуры» (1926) і інш. Асобныя артыкулы і нататкі прысвяціў жыццю і творчасці Максіма Багдановіча, Алеся Бурбіса, Максіма Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Цёткі, Казіміра Сваяка і інш. Пераклаў на беларускую мову працу Мітрафана Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919), «Элементарную алгебру» Андрэя Кісялёва і падручнік Вальдэмара Остэрлёфа і Язэпа Шустэра «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (1921), адзін з перакладчыкаў Новага Запавета і Псалтыра (Хельсінкі, 1931) і інш[8].

Адзін з першых, хто звярнуўся да асобы Кастуся Каліноўскага, як да пачынальніка беларускага палітычнага вызвалення. У канцы 1920 года асоба Каліноўскага згадваецца ў артыкуле Антона Луцкевіча «Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры». У 1924 годзе прысвяціў Каліноўскаму адмысловае эсэ «Дыктатар Літвы». У эсэ і прадмове да ўспамінаў «За дваццаць пяць гадоў» Антон Луцкевіч глядзеў на Кастуся Каліноўскага як на краёўца, адзначаючы пры тым, што «Каліноўскі бадай, ці ня першы… разглядае беларускае пытанне ў чыста палітычнай плашчыні, але ўжо не як частку „польскага пытання“ (як рабілі ягоныя папярэднікі), а як пытанне зусім самастойнае, ды стараецца збудзіць прыспаныя сялянскія масы дзеля барацьбы за палітычнае вызваленне Беларусі й Літвы (былога Вялікага Княства Літоўскага) — у імя нацыянальнай і рэлігійнай свабоды, у імя сацыяльных інтарэсаў беларускага сялянства…»[34].

Асобныя артыкулы Антона Луцкевіча перакладаліся на ідыш[31].

Карыстаўся псеўданімамі: Антон Навіна; А. Иванов; Антон Белорус; Генрык Букавецкі; Кумельган; Ів. Мялешка; крыптанімы: А. Л.; А. Н.; А. Н-А; А. Н-а; А-н-а; Б. Г.; Г. Б.; Г-бэ; Г.; Г. В.; Н.; Н-а-А; Н. А.; A. L.; A. N.; H. B.

Пажыццёвыя выданні

[правіць | правіць зыходнік]
  • Белорусы. СПб., 1909;
  • Jak prawilna pisać pa biełarusku. Wilnia, 1917:
  • Нашы песняры: літаратурна-сацыяльныя нарысы. Вільня, 1918;
  • Ekanamičnaja ewalucyja i biełaruski ruch. Wilnia, 1918;
  • Польская акупацыя Беларусі. — Вільня, 1920;
  • Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры. Вільня, 1921;
  • Вільня ў беларускай літаратуры. Вільня, 1925;
  • За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых беларускіх паліт. арганізацый. Вільня, 1928 (перавыданне: Мн., 1991);
  • Адбітае жыццё. Вільня, 1929;
  • Янка Купала як прарок адраджэння: Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзвінску. Вільня, 1932(33);
  • Białorusini i ich organ «Homan». Lwów, 1935;

Пасмяротныя выданні

[правіць | правіць зыходнік]

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]
Памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў у парку імя Янкі Купалы, Мінск

7 сакавіка 2018 года ў Мінску ў рамках мерапрыемстваў да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі быў усталяваны памятны знак у гонар братоў Антона і Івана Луцкевічаў. Памятны знак размешчаны на месцы дамоў Зоф’і Луцкевіч па колішняй Садовай вуліцы (цяпер парк імя Янкі Купалы), дзе браты жылі ў 1896—1906 гадах[35]. У прыватным музеі Анатоля Белага ёсць памятная дошка «Заснавальнікам БНР», на якой размешчаны, сярод іншых, барэльеф Антона Луцкевіча[36]. На віленскіх могілках Роса месціцца кенатаф Антона Луцкевіча, пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне магілы ў Аткарску невядомае.

  1. Беларускі нацыянальны цэнтр — сфабрыкаваная ў 1933 годзе АДПУ БССР справа «контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі.
  2. Навуковая апрацоўка граматыкі была выдадзеная ў 2017 годзе аўстрыйскім славістам Германам Бідэрам. Bieder Hermann. Edition und Kommentar: Anton Luckevič. Belaruskaja hramatyka. Studia Slavica Oldenburgsia.
  1. а б в г д Крывіцкі Л. 1991, с. 10.
  2. а б в г д е Сідарэвіч А. 2014.
  3. а б в г д е ё ж з і Серыкава В. 2009.
  4. Крывіцкі Л. 1991, с. 13.
  5. а б в г д е ё ж Сідарэвіч А. 1997, с. 402.
  6. Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху: выбраныя творы 2003, с. 90.
  7. Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху: выбраныя творы 2003, с. 11.
  8. а б в г д е ё ж з Сідарэвіч А. 1997, с. 403.
  9. Сяргей Паўлоўскі. Дом, у якім прыдумалі краіну. nashaniva.by (28 траўня 2000). Архівавана з першакрыніцы 6 лістапада 2017. Праверана 6 лістапада 2017.
  10. а б Сідарэвіч А. 2010, с. 18.
  11. а б в Сідарэвіч А. 2010, с. 12.
  12. Сідарэвіч А. 2010, с. 13.
  13. а б Сідарэвіч А. 2010, с. 19.
  14. Міхалюк Д. 2015, с. 288.
  15. а б Міхалюк Д. 2015, с. 290.
  16. Лазько Р. 2009, с. 104.
  17. а б Лазько Р. 2009, с. 105.
  18. Успаміны аб прэзыдэнту Масарыку.
  19. а б Лазько Р. 2009, с. 108.
  20. а б Лазько Р. 2009, с. 109.
  21. а б в Міхалюк Д. 2015, с. 396.
  22. а б Міхалюк Д. 2015, с. 397.
  23. а б Анатоль Сідарэвіч. Бацька дзяржаўнасці. Антону Луцкевічу — 130(недаступная спасылка). novychas.by (29 студзеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 5 студзеня 2019. Праверана 05-01-2019.
  24. а б Сідарэвіч А. 2010, с. 20.
  25. Анатоль Сідарэвіч. Маленькая містыфікацыя (бел. (тар.)). nashaniva.by (3 лютага 2006). Архівавана з першакрыніцы 07-01-2019. Праверана 07-01-2019.
  26. На сходзе культурна-асветных работнікаў-беларусаў. Віленская праўда № 4 (26 верасня 1939).(недаступная спасылка)
  27. а б в Леанід Дранько-Майсюк. Не знаць перад карай страху. krytyka.by (22 лютага 2014). Архівавана з першакрыніцы 05-01-2019. Праверана 05-01-2019.
  28. Сідарэвіч А. 2006, с. 83.
  29. а б Сідарэвіч А. 2006, с. 84.
  30. Сідарэвіч А. 2006, с. 86.
  31. а б в г д е Анатоль Сідарэвіч. Адналюб. belisrael.info (21 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 27 снежня 2017. Праверана 27 снежня 2017.
  32. Анатоль Сідарэвіч. Антон Луцкевіч і ягонае «падвойнае жанімства»(недаступная спасылка). nashaniva.by (8 студзеня 2010). Архівавана з першакрыніцы 24 кастрычніка 2020. Праверана 20 студзеня 2018.
  33. Міхась Скобла. У Нямеччыне выйшла ў сьвет першая беларуская граматыка, напісаная 100 гадоў таму (бел. (тар.)). svaboda.org (5 ліпеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 21-3-2019. Праверана 21-3-2019.
  34. Сідарэвіч А. 2010, с. 8.
  35. Максім Ляшко. У парку Янкі Купалы ў Мінску ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар братоў Луцкевічаў. nashaniva.by (7 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2018. Праверана 7 сакавіка 2018.
  36. Вячаслаў Кулік. Створаны першы помнік заснавальнікам БНР. svaboda.org (14 сакавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2018.
  • Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху: выбраныя творы / укладанне, прадмова, каментарыі, анатаваны індэкс імёнаў А. Сідарэвіча. — Беларускі кнігазбор, 2003. — 287 с. — 300 экз. — ISBN 985-6730-09-0.
  • Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР / Подг. к печати, введение и комментарии В. Н. Михнюка, Н. М. Климовича и А. Н. Гесь. Мн., 1997;
  • БП, т. 4;
  • Бяляцкі А. У іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
  • Бяляцкі А. Антон Луцкевіч // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. Мн., 1999. Т. 2;
  • За дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Дакументы і матэрыялы… Лёндан, 1960;
  • Каханоўскі Г. Бацька Івана і Антона // ЛіМ. 1990. 2 лістап.;
  • Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыка нац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;
  • Крывіцкі Л. Нельга абысці маўчаннем // Спадчына. — 1991. — № 1. — С. 10—17. — ISSN 0236-1019. Архівавана з першакрыніцы 20 чэрвеня 2017.
  • Лазько Р. Антон Луцкевіч у Парыжы летам 1919 г. // Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны: навук. зб. Вып. 5 / Рэдкал. У. Н. Сідарцоў (адк. рэд.), С. М. Ходзін (нам. адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БДУ, 2009. — С. 102—110. — 187 с. — ISBN 978-985-518-175-1.
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
  • Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. Станіслаў Рудовіч; пераклад з польскай мовы Алесь Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-00076-016-1.
  • Серыкава В. Браты Луцкевічы як стваральнікі і захавальнікі Беларускага музея ў Вільні (1921—1945) // pawet.net. — 2009. Архівавана з першакрыніцы 28 сакавіка 2016.
  • Сідарэвіч А. М. Антон Луцкевіч: ад краёвасці да незалежніцтва (1916—1918) (агляд крыніцаў БДАЛМ) // Архіўныя чытанні І-III: матэрыялы навуковых канферэнцый, Мінск, 2003—2005 гг. / Укл.: Г. В. Запартыка і інш.; навук. рэд. А. В. Мальдзіс. Мінск: РІВШ, 2006. С. 209—222.
  • Сідарэвіч А. Антон Луцкевіч і яго роля ў беларускім руху // Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху / Сідарэвіч Анатоль укладанне, прадмова, каментар, індэкс імёнаў. — Вільня—Беласток: Інстытут беларусісістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 7—21. — 346 с. — ISBN 83-60456-26-7. Архівавана 18 снежня 2019.
  • Сідарэвіч А. Антон Луцкевіч і Янка Купала // Тэрмапілы. 2003. № 7. С. 161—204.
  • Сідарэвіч А. Антону Луцкевічу — 120 // Наша слова. 2004. 25 студзеня. № 4. С. 5.
  • Сідарэвіч А. Апошнія дні Антона Луцкевіча // ARCHE 10(50)2006. — 2006. — С. 82—87. — ISSN 1392-9682. Архівавана з першакрыніцы 6 лютага 2012.
  • Сідарэвіч А. Вучаніца і настаўнік: супраца // Дзеяслоў. 2003. № 7. С. 177—181.
  • Сідарэвіч А. 3 жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18, 25 студз., 1 лют.;
  • Сідарэвіч А. Луцкевіч Антон Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл. / эдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1997. — С. 402—403. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Сідарэвіч А. Луцкевічы і Луцэвіч. Мінск: Фонд імя братоў Луцкевічаў, 2003. 58 с.
  • Сідарэвіч А. Маленькая містыфікацыя // Наша ніва. 2006. 3 лютага. № 5. С. 34-36;
  • Сідарэвіч А. Падзеі ў Віленскай Беларускай гімназіі і А.Луцкевіч. Беларуская санацыя і нацыянал-фашызм // Наша слова. 2004. 28 красавіка. № 16. С. 3-4.
  • Сідарэвіч А. М. Сям’я Луцкевічаў: у якіх умовах гадаваліся стваральнікі беларускай незалежнасці // nashaniva.by. — 2014.
  • Сідарэвіч А. Хроніка пераломнага часу: А.Луцкевіч як ідэолаг і правадыр нацыянал-фашызму і нацыянал-дэмакратыі // Дзеяслоў. 2004. № 1. С. 167—192;
  • Сидоревич А. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990, № 7;
  • Тарасюк Л. Беларуская паэзія пачатку XX ст. у ацэнках А. Навіны (Луцкевіча) // Веснік БДУ. Сер. 4. 1994. № 2;
  • Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Вып. 4. Мн., 1994;
  • Bergman A. Antoni Łuckiewicz (1884—1946). Szkic biograficzny // Przegląd Historyczny. 1974. T. LXV, y. 4.