Перайсці да зместу

Францыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Французская Рэспубліка
фр.: République française
Герб Францыі
Сцяг Францыі Герб Францыі
Размяшчэнне Францыі (цёмна-зялёны):
— у Еўропе (светла-зялёны і цёмна-шэры)
— у Еўрапейскім саюзе (светла-зялёны)
Дэвіз: «Liberté, Égalité, Fraternité»
«Свабода, роўнасць, братэрства»
Гімн: «Марсельеза»
Заснавана 843 (Вердэнскі дагавор)
1958 (Пятая рэспубліка)
Афіцыйная мова Французская
Сталіца Парыж
Найбуйнейшыя гарады Парыж, Марсель, Ліён, Тулуза, Бардо, Ліль
Форма кіравання Прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Старшыня Сената
Старшыня Нацыянальнай Асамблеі
Эмануэль Макрон
Элізабет Борн
Жэрар Ларшэ
Клод Барталон
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
47-я ў свеце
674 843[1] км²/547 030[2] км²
0,26 %
Насельніцтва
• Ацэнка (2022)
Шчыльнасць

68 038 тыс. чал. (20-я)
116 чал./км²
ВУП
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$3,081  (10-ы)
$47,113
ІРЧП (2017) 0,901 (вельмі высокі) (24-ы)
Этнахаронім француз, францужанка, французы
Валюта Еўра[3], ціхаакіянскі франк[4]
Інтэрнэт-дамен .fr, .eu[5]
Код ISO (Alpha-2) FR
Код ISO (Alpha-3) FRA
Код МАК FRA
Тэлефонны код +33
Часавыя паясы -10..+12
  1. Для ўсёй Францыі.
  2. Для еўрапейскай часткі Францыі.
  3. У метраполіі
  4. У заморскіх тэрыторыях
  5. Як член Еўрасаюза
  6. Journal officiel de la République française, Journal officiel de la République française. Document administratif — 1979. — ISSN 0242-6773

Фра́нцыя (фр.: France, МФА (фр.): [fʁɑ̃s]), Францу́зская Рэспу́бліка (фр.: République française, МФА (фр.): [ʁe.py.blik fʁɑ̃.sɛz]) — краіна ў Заходняй Еўропе, што ўключае ў сябе таксама некалькі заморскіх рэгіёнаў і тэрыторый. Метрапольная Францыя мяжуе з Бельгіяй, Люксембургам, Германіяй, Швейцарыяй, Італіяй і Манака на ўсходзе, Андорай і Іспаніяй на поўдні, і аддзеленая пралівам Ла-Манш ад Вялікабрытаніі на поўначы. Таксама ў Францыю ўваходзяць тэрыторыі, размешчаныя ў розных частках свету.

Францыя з’яўляецца ўнітарнай паўпрэзідэнцкай рэспублікай са сталіцай у Парыжы, найбуйнейшым горадзе краіны і галоўным культурным і эканамічным цэнтры. Падзяляецца на 18 рэгіёнаў, 5 з якіх адносяцца да заморскіх.[1] Найбуйнейшая заморская тэрыторыя — Французская Гвіяна — знаходзіцца ў Паўднёвай Амерыцы.

Увесь жалезны век тэрыторыю сучаснай Францыі насялялі кельцкія плямёны галаў. Пад уладу Рыму Галія трапіла ў 51 годзе да н.э. У 476—843 з’яўлялася асновай дзяржавы Франкаў, з заходняга кавалка якой — Заходне-Франкскага каралеўства — у 987 годзе паўстала каралеўства Францыя. Усё наступнае Сярэднявечча, асабліва пасля перамогі ў Стогадовай вайне, Францыя была магутнай рэгіянальнай сілай. Эпоха Адраджэння прынесла росквіт французскай культуры, а таксама падаравала дзяржаве багатыя калоніі па ўсім свеце. Падчас праўлення караля-сонца Людовіка XIV Францыя была самай магутнай дзяржавай Еўропы. Рэвалюцыя канца XVIII стагоддзя зрынула абсалютную манархію і ўпершыню ў свеце дэкларавала правы чалавека і грамадзяніна на дзяржаўным узроўні. У XIX стагоддзі Францыя была двойчы імперыяй (Напалеон I і Напалеон III), аднойчы каралеўствам і двойчы рэспублікай. У XX стагоддзі Францыя стала арэнай дзвюх сусветных войн, падчас другой зведала чатырохгадовую фашысцкую акупацыю. З 1958 Французская дзяржава вядома як Пятая Рэспубліка.

Па памерах тэрыторыі Францыя з’яўляецца 42-й краінай у свеце, пры тым самай вялікай у Заходняй Еўропе і Еўрапейскім саюзе і трэцяй у Еўропе ў цэлым. Насельніцтва краіны складае 67 млн чалавек, гэта 21-ы паказчык паводле колькасці насельніцтва ў свеце і 2-і ў ЕС. Для Францыі характэрны высокі па еўрапейскіх мерках натуральны прырост насельніцтва, гэтаксама краіна з’яўляецца магнітам для мігрантаў. Этнічны склад стракаты. Дзяржаўная мова — французская, самая распаўсюджаная рэлігія — каталіцтва. Найбуйнейшыя гарады — Парыж, Ліён, Марсель, Ліль.

Францыя застаецца вялікай дзяржавай са значным культурным, эканамічным, ваенным і палітычным уплывам як у Еўропе, гэтак і ва ўсім свеце[2]. Дзяржава мае пяты ў свеце па велічыні ваенны бюджэт[3], трэці арсенал ядзернай зброі[4], і другі па велічыні дыпламатычны корпус[5]. Касмічная дзяржава, мае ўласны касмадром у Французскай Гвіяне.

Францыя з’яўляецца развітай краінай і мае сёмую па аб’ёме эканоміку ў свеце паводле намінальнага ВУПу і дзясятую паводле велічыні па парытэце пакупніцкай здольнасці.[6]. Развітая хімічная прамысловасць цягне за сабой усе іншыя галіны. Найбуйнейшы ў ЕС вытворца і экспарцёр сельскагаспадарчай прадукцыі. Самая наведвальная турыстамі краіна свету.

Назва Францыя (Francia) пайшла з лаціны, дзе з III ст. н.э. ужывалася для абазначэння тэрыторыі, населенай франкамі, і літаральна азначала «зямля франкаў». Пасля распаду Рымскай імперыі тэрыторыя, у дачыненні да якой прымянялася назва, пашыралася разам з дзяржавай Франкаў. У першаснай форме тапонім захаваўся у італьянскай і іспанскай мовах, амаль нязменным быў пераняты славянскімі.

Што тычыцца паходжання імя племені, то паводле Гібана, слова франк таго ж кораня, што і слова frank (free) у англійскай мове — абодва азначаюць «свабодны». Гібан тлумачыць такую этымалогію тым, што франкі — адзіныя сярод скоранай рымлянамі Галіі — былі вызваленыя ад падаткаў. Паводле іншай версіі, франкі абавязаны сваім імем протагерманскаму frankon (дзіда). Цяпер гэтая версія прызнаная даследчыкамі няслушнай, паколькі даказана, што слова francisca, якім пазначалі кідальнікаў дзіды, пайшло ад франкаў, а не наадварот.

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

Метрапольная тэрыторыя Францыі распасціраецца ад Міжземнага мора да Ла-Манша і Паўночнага мора, і ад Рэйна да Атлантычнага акіяна. Гэта адна з трох краін, разам з Марока і Іспаніяй, якая мае выхад да Атлантыкі і Міжземнага мора адначасова. Францыя мяжуе з Бельгіяй, Люксембургам, Германіяй, Швейцарыяй, Італіяй і Манака на ўсходзе, Андорай і Іспаніяй на поўдні, і аддзеленая пралівам Ла-Манш ад Вялікабрытаніі на поўначы. Таксама ў Францыю ўваходзяць тэрыторыі, размешчаныя ў розных частках свету. Да заморскіх тэрыторый адносіцца Французская Гвіяна і шэраг астравоў у Карыбскім моры, Індыйскім і Ціхім акіянах.

Пюі-дэ-Дом, малады патухлы вулкан на поўначы Цэнтральнага масіву

Асноўныя горныя масівы: Альпы, Пірэнеі, Юра, Ардэны, Цэнтральны масіў і Вагезы. Пірэнеі, Альпы і Юра — горы альпійскай сістэмы. Манблан — найвышэйшы пункт Заходняй Еўропы (4807 м) — размяшчаецца на мяжы з Італіяй. Цэнтральны Французскі масіў, Армарыканскі масіў, Вагезы і Ардэны — разбураныя рэшткі старажытных герцынскіх гор. На поўначы і захадзе краіны размешчаны раўніны і нізкагор’і, якія займаюць 2/3 ад усёй тэрыторыі. Найбуйнейшыя раўніны — Парыжскі басейн (Паўночна-Французская нізіна), Гаронская нізіна (Аквітанскі басейн) і грабен Роны і Соны. Ланды — трохкутная нізіна на паўднёвым захадзе ад ніжняй плыні Гароны — вылучаюцца меней урадлівымі глебамі і засаджаны хваёвымі лясамі.

Францыя знаходзіцца ва ўмераным (поўнач і цэнтр) і субтрапічным (поўдзень) кліматычных паясах.

Умераны клімат мае выразны марскі характар: мяккія тэмпературныя кантрасты і багатыя ўстойлівыя ападкі на працягу ўсяго года. Заходнія паветраныя масы, праходзячы над цёплымі водамі Паўночна-Атлантычнага цячэння (працяг Гальфстрыму), насычаюцца вільгаццю. Пры распаўсюджванні заходніх паветраных мас рэдка назіраюцца экстрэмальныя тэмпературы. Напрыклад, у Брэсце сярэдняя тэмпература студзеня 7 °C, ліпеня — 17 °C, сума ападкаў дасягае 840 мм. Большая частка ападкаў церусіць зацяжным дробным дажджом. Неба звычайна зацягнута аблокамі, снегапады і маразы бываюць рэдка.

На ўсход кантынентальнасць клімату павялічваецца. Паветраныя масы, якія паступаюць з шырокіх унутраных частак Еўразіі, прыносяць мала вільгаці. Пры гэтым узімку ўсталёўваецца халоднае надвор’е, а ўлетку — гарачае. Напрыклад, у Страсбургу сярэдняя тэмпература студзеня −1 °C, і ўзімку перыяд з тэмпературамі ніжэй 0 °C звычайна складае 80 дзён.

Субтрапічны пояс класічна міжземнаморскі: гарачае сухое лета і вільготная прахалодная зіма. Міжземнаморскі ўплыў распаўсюджваецца на прыморскую зону шырынёй 160 км на поўдні Францыі. Напрыклад, у Марселі сярэдняя тэмпература студзеня 7 °C, а ліпеня 22 °C, хоць днём тэмпература часам павышаецца да 38 °C. Сярэдняя гадавая сума ападкаў складае 580 мм, выпадаюць яны ўзімку. Ахлоджвае праванскую зіму містраль — халодны вецер, які часам дзьме з паўночных гор.

Унутраныя воды

[правіць | правіць зыходнік]
возера Жанто

У Францыі чатыры вялікіх ракі — Сена, Луара (найдаўжэйшая, 1012 км), Гарона і Рона. Сена дрэнуе Парыжскі басейн і ўпадае ў Атлантычны акіян паблізу Гаўра. Яна адрозніваецца раўнамерным размеркаваннем сцёку на працягу года, што спрыяе суднаходству, і злучаная каналамі з іншымі рэкамі. Луара бярэ пачатак у Цэнтральным Французскім масіве, перасякае паўднёвую частку Парыжскага басейна і ўпадае ў Атлантычны акіян каля Нанта. Узровень вады ў гэтай рацэ моцна вагаецца, таму часта бываюць паводкі. Гэта характэрна і для Гароны, якая пачынаецца ў Пірэнеях, перасякае Гароннскую нізіну і ўпадае ў Атлантычны акіян каля Бардо. Рона бярэ пачатак у Швейцарыі і, выцякаючы з Жэнеўскага возера, трапляе на тэрыторыю Францыі. Яна злучаецца з Сонай паблізу Ліёна і ўпадае ў Міжземнае мора каля Марселя. Рона адрозніваецца хуткай плынню і валодае вялікім гідраэнергетычным патэнцыялам. Сістэма каналаў злучае паміж сабой асноўныя рэкі краіны, уключаючы раку Рэйн, па якой збольшага праходзіць мяжа з Германіяй і якая з’яўляецца адным з найважнейшых унутраных шляхоў зносін у Еўропе. Рэкі і каналы маюць вялікае значэнне для эканомікі Францыі.

У Францыі захаваліся толькі рэшткі велічных лясоў, якія некалі пакрывалі раўніны і нізкія горы. Большая частка раўнін разараная, а ўчасткі лесу прымеркаваныя да бяднейшых глеб. Аднак раўнінныя раёны Францыі зусім не пазбаўленыя дрэў: уздоўж дарог і каналаў звычайна цягнуцца лесапасадкі. Яны асабліва тыповыя для краявідаў Нармандыі і Брэтані.

Найбольш своеасаблівая расліннасць міжземнаморскага ўзбярэжжа, дзе могуць існаваць толькі расліны, здольныя пераносіць працяглую летнюю засуху. Замест лясоў тут растуць ізаляваныя невысокія дрэвы і хмызнякі, паміж якімі сустракаюцца выхады скальных парод. Самыя характэрныя дрэвы — масліна, коркавы дуб і алепская хвоя.

Для Альпаў і Пірэней характэрна вышынная пояснасць.

Жывёльны свет

[правіць | правіць зыходнік]

Дзікая фаўна ў Францыі захавалася лепш, чым у суседніх краінах. З драпежных жывёл на тэрыторыі Францыі распаўсюджаныя лісіца, барсук, выдра, а на поўдні — генета. З грызуноў характэрныя вавёркі, пацукі і мышы. У паўднёвых раёнах шмат кажаноў. Месцамі захаваліся зайцы, а з капытных у асобных буйных лясных масівах сустракаюцца высакародны алень, казуля, дзік і бабёр. На в. Корсіка ў гарах водзяцца муфлоны, або дзікія бараны (ад якіх, верагодна, пайшлі хатнія авечкі). Вельмі багаты і разнастайны свет птушак. У гарах Францыі захаваліся буйныя птушыныя драпежнікі. Выключным багаццем вадаплаўных і іншых птушак адрозніваецца раён Камарг у дэльце Роны. Асабліва багатая фаўна ў запаведніках і нацыянальных парках. Напрыклад, у Заходне-Пірэнейскім парку жывуць бурыя мядзведзі і сарны, у Нацыянальным парку Вануаз у Савоі — горныя казлы.

Верцынгеторыкс здаецца Цэзару пасля паразы ў бітве пры Алезіі

Францыя ў дагістарычны перыяд была месцам старажытных стаянак неандартальцаў і краманьёнцаў. У эпоху неаліту на тэрыторыі Францыі існавала некалькі багатых помнікамі дагістарычных культур. Дагістарычная Брэтань была культурна звязана з суседняй Брытаніяй, на яе тэрыторыі выяўлена вялікая колькасць мегалітаў. У перыяд позняга бронзавага і ранняга жалезнага веку тэрыторыю Францыі засялялі кельцкія плямёны галаў, паўднёвы захад сучаснай Францыі — іберы, плямёны невядомага паходжання. У выніку паэтапнага заваявання, якое было завершана ў 1 стагоддзі да н.э. у выніку Гальскай вайны Юлія Цэзара, сучасная тэрыторыя Францыі ўвайшла ў склад Рымскай імперыі як правінцыя Галія. Насельніцтва было раманізавана і да 5 стагоддзя размаўляла на народнай латыні, якая стала асновай сучаснай французскага мовы.

Цудоўны часаслоў герцага Берыйскага, 1410-1490-я гг.
Карл Вялікі (768—814), спачатку кароль франкаў, потым каранаваны як імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі

У 486 Галія была заваявана франкамі пад кіраўніцтвам Хлодвіга. Тым самым была створана Франкская дзяржава, а Хлодвіг стаў першым каралём дынастыі Меравінгаў. У 7 стагоддзі ўлада караля істотна аслабла, а рэальнай сілай у дзяржаве завалодалі мажардомы, аднаму з якіх, Карлу Мартэлу, удалося ў 732 у бітве пры Пуацье разбіць арабскае войска і прадухіліць заваяванне арабамі Заходняй Еўропы. Сын Карла Мартэла, Піпін Кароткі, стаў першым каралём дынастыі Каралінгаў, а пры сыне Піпіна, Карле Вялікім, франкская дзяржава дасягнула найвышэйшага росквіту за ўсю гісторыю і займала большую частку тэрыторыі цяперашняй Заходняй і Паўднёвай Еўропы.

Пасля смерці сына Карла Вялікага — Людовіка Пабожнага — яго імперыя была падзелена на тры часткі. У 843 паводле Вярдэнскага дагавора было створана Заходне-Франкскае каралеўства на чале з Карлам Лысым. Яно займала прыблізна тэрыторыю сучаснай Францыі. У 10 стагоддзі краіна стала называцца Францыяй.

Змяненне межаў Францыі з 985 па 1947 гады

Пазней цэнтральная ўлада істотна аслабла. У 9 стагоддзі Францыя рэгулярна падвяргалася набегам вікінгаў, у 886 апошнія асаджвалі Парыж. У 911 вікінгі заснавалі герцагства Нармандыя на поўначы Францыі. Да канца 10 стагоддзя краіна была практычна цалкам раздробленая, а каралі не мелі рэальнай улады за межамі сваіх феадальных уладанняў (Парыж і Арлеан). Дынастыю Каралінгаў у 987 змяніла дынастыя Капетынгаў, па імені першага яе караля Гуго Капета. Праўленне Капетынгаў адзначана крыжовымі паходамі, рэлігійнымі войнамі ў самой Францыі (спачатку ў 1170 г. рух вальденсаў, а ў 1209—1229 — Альбігойскія войны), скліканнем парламента — Генеральных штатаў — упершыню ў 1302, а таксама Авіньёнскім палонам пап, калі Папа Рымскі быў арыштаваны ў 1303 каралём Філіпам IV Прыгожым, і Папы вымушаныя былі заставацца ў Авіньёне да 1378. У 1328 Капетынгаў змяніла бакавая галіна дынастыі, вядомая як дынастыя Валуа.

У 1337 пачалася Стагадовая вайна з Англіяй, у якой спачатку поспех спадарожнічаў англічанам, якія здолелі захапіць істотную частку тэрыторыі Францыі, але ў рэшце рэшт, асабліва пасля прышэсця Жаны д’Арк, у вайне наступіў пералом, і ў 1453 англічане капітулявалі.

Перыяд Абсалютызму

[правіць | правіць зыходнік]
Людовік XIV, «кароль-сонца», які зрабіў Францыю лідарам сусветнай палітыкі
Узяцце Бастыліі, з якога пачалася Вялікая Французская рэвалюцыя

Да перыяду праўлення Людовіка XI (1461—1483) адносіцца фактычная ліквідацыя феадальнай раздробненасці Францыі і ператварэнне краіны ў абсалютную манархію. У далейшым Францыя пастаянна імкнулася граць прыкметную ролю ў Еўропе. Так, з 1494 па 1559 яна вяла Італьянскія войны з Іспаніяй за кантроль над Італіяй. У канцы 16 стагоддзя ў пераважна каталіцкай Францыі атрымаў распаўсюджанне пратэстантызм кальвінісцкага толку (пратэстанты ў Францыі называліся гугеноты). Гэта выклікала рэлігійныя войны паміж католікамі і пратэстантамі, пікам якіх у 1572 стала Варфаламееўская ноч у Парыжы — масавае забойства пратэстантаў. У 1589 дынастыя Валуа абарвалася, і Генрых IV стаў заснавальнікам новай дынастыі Бурбонаў.

Французская манархія дасягнула свайго росквіту ў 17 стагоддзі за часам панавання Людовіка XIV. Удзельнічаючы ў шматлікіх войнах, Францыя стала вядучай еўрапейскай сілай. Да таго ж у Францыі пражывала найбольшая ў Еўропе колькасць насельніцтва і дзяржава мела вялікі ўплыў на еўрапейскую палітыку, эканоміку і культуру. Французская мова стала найбольш выкарыстоўваемай мовай у дыпламатыі, навуцы, літаратуры і міжнародных справах, і заставалася такой да 20 стагоддзя[7]. Францыя значна пашырыла сваю тэрыторыю, дзякуючы заморскім уладанням у Амерыцы, Афрыцы і Азіі. Людовік XIV адмяніў Нанцкі эдыкт змусіўшы тысячы гугенотаў адправіцца ў выгнанне.

Пры Людовіку XV Францыя страціла Новую Францыю і большасць сваіх індыйскіх уладанняў пасля паражэнні ў Сямігадовай вайне, якая скончылася ў 1763 годзе, аднак яе кантынентальная тэрыторыя працягвала расці, дзякуючы далучэнню да краіны Латарынгіі (1766) і на Корсікі (1770). Непапулярны кароль Людовік XV, сваімі неабдуманым фінансавымі, палітычнымі і ваеннымі рашэннямі, дыскрэдытаваў манархію і, магчыма, менавіта яго праўленне вылілася ў французскую рэвалюцыю праз 15 гадоў пасля яго смерці[8].

Людовік XVI, унук Людовіка XV, актыўна падтрымліваў змаганне амерыканцаў да незалежнасць ад Вялікабрытаніі, што было рэалізавана Парыжскай дамовай 1783 года. Па іроніі лёсу, прыклад Амерыканскай рэвалюцыі, а таксама фінансавы крызіс, які пачаўся ў Францыі, сталі адным з прычын пачатку французскай рэвалюцыі.

Вялікая Французская рэвалюцыя

[правіць | правіць зыходнік]
Напалеон Банапарт, імператар Францыі, і яго войска

Пасля ўзяцця Бастыліі 14 ліпеня 1789 года абсалютная манархія была скасавана і Францыя стала канстытуцыйнай манархіяй. Праз Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна Францыя аб’явіла пра знішчэнне арыстакратычных прывілеяў і абвясціла свабоду і роўныя правы для ўсіх мужчын, а таксама доступ да дзяржаўнай службы на аснове таленту і здольнасцей, а не нараджэння. Улада караля была абмежавана, і Людовік XVI паспрабаваў здзейсніць контрарэвалюцыю пры падрымцы еўрапейскіх манархаў. Аднак спроба не ўдалася, аўтарытэт караля быў падарваны, ён быў пакараны смерцю і Францыя стала рэспублікай 22 верасня 1792 года.

Пад ціскам з боку іншых еўрапейскіх манархій, унутраных партызанскіх войнаў (напрыклад, Вандэйскае паўстанне) і контрарэвалюцыі, у маладой рэспубліцы пачаўся тэрор. Паміж 1793 і 1794 гадамі было пакарана смерцю ад 16 тысяч да 40 тысяч чалавек. У Заходняй Францыі грамадзянская вайна доўжылася з 1793 па 1796 гады, у гэты перыяд загінула ад 200 тысяч да 450 тысяч чалавек[9]. Аднак рэспубліка здолела выжыць і разграміць контрарэвалюцыю. У выніку Тэрмадарыянскага перавароту быў пакладзены канец панаванню Рабесп’ера і тэрору. Адмена рабства і мужчынскае ўсеагульнае выбарчае права, што было прынятыя за часам радыкальнай фазы рэвалюцыі, былі адменены наступнымі ўрадамі.

XIX — XX стагоддзі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля нядоўгага часу кіравання ўрада, Напалеон Банапарт захапіў кантроль над рэспублікай, у 1799 годзе стаўшы першым консулам, а затым у 1804 годзе імператарам Французскай імперыі. Наступны перыяд гісторыі мае назва Напалеонаўскія войны, калі Францыя ваявала супраць кааліцыі еўрапейскіх манархій. Пры гэтым напалеонаўскія войскі захапілі большую частку кантынентальнай Еўропы, а члены сям’і Банапартаў былі прызначаны манархамі ў некаторых ізноў створаных каралеўствах[10]. Гэтыя перамогі прывялі да сусветнай экспансіі французскіх рэвалюцыйных ідэалаў і рэформ, выражаных у Кодэксе Напалеона і Дэкларацыі правоў чалавека; прывялі да усталявання метрычнай сістэмы. Пасля катастрафічнай расійскай кампаніі, Напалеон пацярпеў паражэнне і манархія Бурбонаў была адноўлена. Каля мільёна французаў загінулі падчас напалеонаўскіх войнаў[10].

Французская каланіяльная імперыя пасля Першай сусветнай вайны
Парыжане вітаюць саюзнікаў на Елісейскіх Палях, 26 жніўня 1944 года
  • 18521870 — У 1852 годзе Шарль-Луі абвяшчае сябе імператарам Напалеонам III. Падчас яго 18-гадовага кіравання Францыя здабыла перамогу ў Крымскай вайне, пабудавала Суэцкі канал. Аднак імператар пераацаніў здольнасці сваёй арміі супрацьстаяць нованароджанай магутнай Прускай дзяржаве. У 1870 Напалеон капітуляваў пры Седане, немцы асадзілі Парыж і імперыя скончылася, на гэты раз канчаткова.
  • 18701940 — Трэцяя рэспубліка, абвешчаная пасля таго, як Напалеон III трапіў у палон пад Седанам у Франка-прускай вайне (1870-71). У сакавіку — маі 1871 года існавала Парыжская камуна. У канцы 19 — пачатку 20 стагоддзя ўтварыліся шматлікія сацыялістычныя партыі. У канцы 19 стагоддзя скончылася фарміраванне французская каланіяльнай імперыі, якая ўключала ў сябе вялізныя ўладанні ў Афрыцы і Азіі. У 1914—1918 Францыя на баку Антанты ваявала з дзяржавамі Траістага саюзу. На тэрыторыі краіны разгортваліся ўсе асноўныя ваенныя падзеі Заходняга тэатра Першай сусветнай вайны.
  • 19401944 — германская акупацыя паўночнай Францыі, рэжым Вішы ў паўднёвай Францыі.
  • 1944 — вызваленне Францыі войскамі антыгітлераўскай кааліцыі і рухам Супраціву.
  • 19461958 — Чацвёртая рэспубліка.

Пятая рэспубліка

[правіць | правіць зыходнік]

У 1958 годзе прынята канстытуцыя Пятай рэспублікі, якая пашырыла правы выканаўчай ўлады. Прэзідэнтам Францыі быў абраны Шарль дэ Голь, генерал Супраціву, герой Першай і Другой сусветных войн. На 1960 год, у сітуацыі распаду каланіяльнай сістэмы большасць французскіх калоній атрымала незалежнасць. У 1962 годзе, пасля крывавай вайны набыў незалежнасць Алжыр. Прафранцузскія алжырцы перасяліліся ў Францыю, дзе склалі мусульманскую меншасць, якая з тых часоў імкліва расце.

Масавыя хваляванні моладзі і студэнтаў у 1968 годзе, якія выклікала абвастрэнне эканамічных і сацыяльных супярэчнасцяў, а таксама ўсеагульная забастоўна прывялі да вострага палітычнага крызісу; прэзідэнт Шарль дэ Голь, заснавальнік Пятай рэспублікі, сышоў у адстаўку ў 1969 годзе і 9 лістапада 1970 года, праз год, памёр. Другім прэзідэнтам Пятай рэспублікі быў у 1969 абраны Жорж Пампіду. У 1974 яго смяніў Валеры Жыскар д’Эстэн. З 1981 па 1995 прэзідэнтам Францыі быў Франсуа Мітэран, пры якім пачаўся доўгачасовы эканамічны ўздым. З 1995 па 2007 — прэзідэнт Жак Шырак. Па яго ініцыятыве ў Францыі быў праведзены рэферэндум аб скарачэнні тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта з сямі да пяці гадоў, 73 % французаў выказаліся за прапанову Шырака. У 2007 прэзідэнтам быў абраны Нікаля Сарказі. 6 мая 2012 24-м прэзідэнтам Францыі быў абраны Франсуа Аланд. 14 траўня 2017 новым прэзідэнтам стаў лідар руху «Наперад» Эманюэль Макрон.

Прэідэнт Францыі Эмануэль Макрон з прэзідэнтам Харватыі падчас фіналу ЧМ па футболе 2018

Францыя — суверэнная ўнітарная дэмакратычная рэспубліка. Сістэма палітычных устаноў сучаснай Францыі вызначана Канстытуцыяй V Рэспублікі, прынятай 4 кастрычніка 1958. Дзейная Канстытуцыя ўсталёўвае рэспубліканскую прэзідэнцка-парламенцкую форму кіравання (Канстытуцыя Французскай Рэспаблікі, разд. 2). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які абіраецца на пяць гадоў шляхам прамога ўсеагульнага галасавання (пяцігадовы тэрмін прэзідэнцкага мандату быў вызначаны рэферэндумам 27 верасня 2000). Адпаведна Артыкулу 16 Канстытуцыі, прэзідэнт кіруе Радай міністраў, ратыфікуе законы, а таксама выконвае абавязкі галоўнакамандуючага. Прэзідэнт мае права распусціць Нацыянальны сход Французскай рэспублікі і, у выпадку сур’ёзнага палітычнага крызісу, узяць надзвычайныя паўнамоцтвы. На сёння прэзідэнтам Францыі з’яўляецца Эмануэль Макрон ад цэнтрысцкага руху «Наперад!». Гэта восьмы па ліку прэзідэнт пятай рэспублікі. Яго папярэднікам быў Франсуа Аланд ад Сацыялістычнай партыі.

Заканадаўчая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]
Люксембургскі палац у Люксембургскім садзе — месца паседжання Сенату

Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які абіраецца ўсеагульным галасаваннем. Парламент уключае ў сябе дзве палаты — Сенат і Нацыянальны сход. Сенат Рэспублікі складаецца з 348 сентараў (да 2011 года іх было 321), 305 з якіх прадстаўляюць метраполію, 9 — заморскія тэрыторыі, 5 — тэрыторыі Французскай супольнасці і 12 — французскіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой. Сенатары мусяць быць старэйшымі за 24 гады і абіраюцца на шасцігадовы тэрмін калегіяй выбаршчыкаў, якая складаецца з дэпутатаў Нацыянальнага сходу, генеральных саветнікаў і дэлегатаў ад муніцыпальных саветаў, пры гэтым Сенат абнаўляецца на адну траціну кожныя тры гады. Нацыянальны сход складаецца з 577 дэпутатаў, 555 з якіх прадстаўляюць метраполію, а 22 — заморскія тэрыторыі. Дэпутаты Нацыянальнага сходу абіраюцца на прамых усеагульных выбарах на 5 гадоў па мажарытарнай сістэме.

Акрамя кантролю над урадам, абедзве палаты распрацоўваюць і галасуюць за тыя ці іншыя законы. У выпадку нязгоды палат адна з адной канчатковае рашэнне выносіць Нацыянальны сход.

Выканаўчая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]

Галава ўрада — прэм’ер-міністр. Адпаведна Артыкулу 8 Канстытуцыі, прэзідэнт прызначае прэм'ер-міністра. Зацвярджэнне яго кандыдатуры Нацыянальным сходам не патрабуецца, але праз тое, што Нацыянальна сход мае права ў любы момант аб’явіць ураду вотум-недаверу. Звычайна прэм’ер прадстаўле адну партыю, якая мае большасць месцаў у НС. Прэм’ер-міністр складае спіс міністраў свайго кабінета і прадстаўляе яго на зацвярджэнне прэзідэнту і прэзідэнт па яго прапанове зацвярджае членаў урада (раду міністраў). Пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра ўрад вызначае і праводзіць палітыку французскай нацыі. Прэм’ер-міністр адказвае за бягучую ўнутраную і эканамічную палітыку, а таксама мае права выдаваць загады агульнага характару. Ён лічыцца адказным асабіста за палітыку дзяржавы. Прэм’ер-міністр ажыццяўляе кіраванне дзейнасцю ўрада і забяспечвае выкананне законаў (артыкул 21 Канстытуцыі). 16 мая 2017 года прэм’ер-міністрам Францыі быў прызначаны Эдуар Філіп.

Мясцовае самакіраванне

[правіць | правіць зыходнік]

Сістэма мясцовых органаў самакіравання ў Францыі будуецца ў адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам. Яны прадстаўленыя камунамі, дэпартаментамі і рэгіёнамі, дзе з’яўляюцца выбранымі органамі.

Камуна (усяго іх налічваецца каля 36 тыс.), кіруецца муніцыпальным саветам і мэрам, які з’яўляецца главой выканаўчай улады. Савет кіруе справамі камуны, прымае рашэнні па пытаннях, якія закранаюць інтарэсы яе грамадзян па ўсіх сацыяльных праблемах: распараджэнне маёмасцю, стварэнне неабходных службаў. Дэпартаменты — асноўная адзінка адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу — прадстаўленыя 96 унутранымі і пяццю так званымі заморскімі дэпартаментамі. Да кампетэнцый дэпартаменцкага савета адносіцца прыняцце мясцовага бюджэту і кантроль за яго выкананнем, арганізацыя дэпартаменцкіх службаў, кіраванне маёмасцю. Кіраўніком дэпартамента з’яўляецца старшыня генеральнага савета. Найбуйнейшай адзнкай у адміністрацыйным падзеле краіны з’яўляецца рэгіён. У кожным рэгіёне заснаваныя эканамічныя і сацыяльныя камітэты і рэгіянальны камітэт па займах. У рэгіёне дзейнічае свая рахункавая палата. Рэгіянальны савет абірае свайго старшыню, які з’яўляецца выканаўчай уладай у рэгіёне

Знешняя палітыка

[правіць | правіць зыходнік]
Інаўгурацыя новага складу Еўрапарламента, 2014

Францыя — адна з вядучых і найбольш аўтарытэтных дзяржаў на сусветнай арэне. Францыя стаяла ля вытокаў ААН у 1945 годзе, сёння яна сталы член Савета Бяспекі гэтай арганізацыі з правам вета. Ядзерная дзяржава. Разам з Вялікабрытаніяй дзеліць другое месца ў спісе найбуйнейшых эканомік Еўропы. Францыя з’яўляецца заснавальнікам і актыўным удзельнікам Еўрапейскага саюза, у Страсбургу засядае Еўрапарламент. А ўвогуле ў 2015 Францыя была названа самай «інтэграванай» (the best networked) краінай свету, паколькі ўваходзіць у найбольшую колькасць міжнародных арганізацый.[11]

Францыя застаецца культурнай сталіцай свету. Менавіта ў Парыжы знаходзіцца штаб-кватэра ЮНЕСКА. Французская мова — адна з афіцыйных моў ААН. Франкафонія аб’ядноўвае больш за восем дзясяткаў краін па ўсім свеце, дзе французская мова альбо афіцыйная, ці хаця б проста папулярная. Францыя — сталіца не толькі ЮНЕСКА і Франкафоніі: тут размясціліся таксама штаб-кватэры АЭСР, Міжнароднага Бюро Вагаў і Мер, Інтэрполу.

Адносіны з Беларуссю

[правіць | правіць зыходнік]

3 студзеня 1992 Французская Рэспубліка афіцыйна прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Дыпламатычныя адносіны ўстаноўлены 25 студзеня 1992 года. У сакавіку 1992 года ў Парыжы адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь, у маі 1992 г. — Пасольства Францыі ў Мінску. 11-13 ліпеня 1996 г адбыўся візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ў Францыю — першы афіцыйны візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў краіны далёкага замежжа, у ходзе якога быў падпісаны Дагавор аб супрацоўніцтве і паразуменні паміж краінамі. У Нацыянальным сходзе Францыі ў кастрычніку 1993 г. была створана парламенцкая група дружбы «Францыя — Беларусь». У 2012—2019 гг.. паслом Беларусі ў Францыі быў Павел Латушка. Развіваецца супрацоўніцтва пародненых гарадоў Беларусі і Францыі: Мінск — Ліён, Гомель — Клермон-Феран, Гродна — Лімож, Магілёў — Вілербан, Брэст — Брэст.

Узброеныя сілы і паліцыя

[правіць | правіць зыходнік]
Віды французскіх войскаў

У цэлым Францыя з’яўляецца адной з нешматлікіх краін, у складзе ўзброеных сіл якой ёсць амаль поўны спектр сучаснай зброі і ваеннай тэхнікі ўласнай вытворчасці — ад стралковай зброі да ўдарных атамных авіяносцаў.

Францыя таксама з’яўляецца краінай-уладальніцай ядзернай зброі. Афіцыйна пазіцыяй французскага ўрада было стварэнне «абмежаванага ядзернага арсеналу на мінімальна неабходным узроўні». На сённяшні дзень гэты ўзровень складае чатыры атамных падводных лодкі і каля ста самалётаў з ядзернымм ракетамі.

У рэспубліке дзейнічае кантрактная сістэма прахаджэння службы і адсутнічае воінская павіннасць. Ваенны персанал, якія ўключае ў сябе ўсе падраздзяленні, складае каля 270 тыс. чалавек. Пры гэтым паводле рэформы, распачатай прэзідэнтам рэспублікі Нікаля Сарказі, з арміі павінна быць звольнена 24 % служачых, у асноўным на адміністрацыйных пасадах.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[правіць | правіць зыходнік]
Рэгіёны Францыі, 2016

Францыя падзяляецца на 18 рэгіёнаў (фр.: régions). Рэгіён уяўляе сабой пэўную тэрыторыю, якая характарызуецца ўласнай культурай ці сацыяльнай ідэнтычнасцю. Краіна да 2016 года была падзелена на 26 рэгіёнаў (21 + Корсіка + 4 заморскіх). У 2014 быў зацверджаны новы адміністрацыйны падзел, які ўступіў у сілу ў пачатку 2016. Адміністрацыйныя адзінкі былі ўзбуйнены і цяпер метрапольная Францыя дзеліцца на 13 рэгіёнаў (разам з Корсікай). Да 4-х заморскіх рэгіёнаў быў дададзены пяты — Маёта.[1]

Французскія рэгіёны падзяляюцца на 100 дэпартаментаў. Усяго ў Францыі існуе 5 узроўняў адміністрацыйнага падзелу: за дэпартаментамі ідуць акругі, кантоны і камуны.

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

З насельніцтвам у 67 мільёнаў чалавек паводле звестак на студзень 2019 года Францыя з’яўляецца 21-й у свеце краінай паводле колькасці насельніцтва і трэцяй паводле колькасці насельніцтва ў Еўропе[12]. Нізкі, але станоўчы (і адзін з найвышэйшых у Еўропе!) каэфіцыент натуральнага прыросту насельніцтва (3—4 на 1000) абумоўлены высокай нараджальнасцю сярод шматлікіх імігрантаў з былых калоній. Удзельная вага асоб замежнага паходжання, якія не з’яўляліся грамадзянамі Францыі на момант нараджэння, перавышае 10 %.

Афіцыйнай этнічнай статыстыкі ў Францыі не існуе. Па розных ацэнках, каля 80 % насельніцтва складаюць французы. У французскім народзе гістарычна перапляліся кельцкія, лацінскія, аквітанскія і германскія карані. Астатнія 20 % — гэта нацыянальныя меншасці (брэтонцы, карсіканцы, эльзасцы) і імігранты. Увогуле сёння этнічны склад Франціі стаў надзвычай стракатым, галоўным чынам, дзякуючы буйнамаштабнай іміграцыі на працягу апошняга стагоддзя.

Згодна з другім артыкулам Канстытуцыі дзяржаўная мова Францыі — французская, раманская мова, што паходзіць ад лацінскай. З сярэдзіны XVII па першую палову XX стагоддзя французская была мовай міжнародных зносін і лінгва франка для адукаваных еўрапейцаў. Пагроза англізацыі ў XX ст. падштурхнула ўлады Пятай Рэспублікі да ўмацавання пазіцый французскай мовы ў Францыі і папулярызацыі яе за межамі дзяржавы праз Франкафонію.

Рэймскі сабор, да 1825 года служыў месцам каранацыі французскіх манархаў

Сёння на французскай па ўсім свеце ўмее размаўляць ад 300 да 500 млн чалавек. Да рэгіянальных моў французскі ўрад адносіць аскітанскую, брэтонскую, каталанскую, баскскую, фламандскую, эльзаскі дыялект. Паводле даследавання 2007 года другой па колькасці носьбітаў (2,3 млн) матчынай мовай стала арабская.

Свабода веравызнання адносіцца да правоў, дэклараваных Канстытуцыяй. Падчас даследвання 2016 года 51,1 % французаў назвалі сябе хрысціянамі (пераважная большасць — каталікі, а з 47 000 французскіх культавых пабудоў 94 % — каталіцкія); 39,6 % заявілі аб сваім атэізме або агнастыцызме, 5,6 пацвердзілі сваю прыхільнасць да ісламу, 0,8 % назваліся іўдаістамі (гэта трэцяя ў свеце пасля ЗША і Ізраіля іўдзейская абшчына).[13]

Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва па еўрапейскіх мерках невысокая — 116 чал/км². Для краіны характэрны высокі ўзровень урбанізацыі. Гараджане складаюць 77 % насельніцтва краіны. У Францыі налічваецца 73 агламерацыі, у кожнай з якіх жывуць больш за 100 тысяч чалавек. Найбольш буйнымі агламерацыямі (больш за 1 мн жыхароў) з’яўляюцца Парыж, Марсель, Ліён і Ліль, Тулуза, Бардо. Ад 500 тыс. да 1 млн чалавек жывуць у агламерацыях Ніцы, Нанта, Рэна і Страсбурга. Колькасць насельніцтва ў гарадскіх агламерацыях значна перавышае колькасць жыхароў у адпаведных гарадскіх ядрах. Так у Вялікім Парыжы пражывае каля 12,4 млн чал. (18,5 % насельніцтва краіны), у горадзе Парыжы — 2,2 млн.

Дахі Ліёна
Найбуйнейшыя агламерацыі Насельніцтва ў 2012 годзе[14]
Парыж 12,4 мільёны
Ліён 2,2 мільёны
Марсель 1,8 мільёнаў
Ліль 1,4 мільёны
Тулуза 1 мільён
Дэфанс, фінансавы хаб Парыжа

Францыя — буйная высокаразвітая краіна, член Вялікай Сямёркі. У Парыжы размешчана штаб-кватэра АЭСР. Па памерах ВУП па ППЗ (каля 3 трлн даляраў у 2019) Францыя адносіцца да еўрапейскіх лідараў і замыкае сусветную дзясятку. Краіну характарызуюць вельмі высокія значэнні ВУПу на душу насельніцтва (47 000 даляраў) і ІЧР (0,901). Гаспадарка Францыі мае постіндустрыяльную галіновую структуру. На сферу паслуг прыходзіцца 78,8 % ВУП краіны, тут працуе больш за 77 % занятага насельніцтва.[15] У шматгаліновай прамысловасці вядучую ролю адыгрываюць машынабудаванне і хімічная прамысловасць. Адметная роля Францыі ў авіяракетнай індустрыі (еўрапейскі кансорцыум Airbus, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Тулузе). У спіс Fortune Global 500 у 2015 уваходзіла 31 французская кампанія, што ставіць Францыю вышэй за Германію і Злучанае Каралеўства. У 1999—2002 годзе разам з яшчэ 11 еўрапейскімі краінамі перайшла на еўра (старая валюта — французскі франк); з’яўляецца часткай Еўрапейскага адзінага рынку.

У Францыі змяшаная эканоміка з перавагай прыватнага сектара і значным дзяржаўным складнікам у такіх галінах як чыгуначны транспарт, атамная энергетыка, авіябудаўніцтва і тэлекамунікацыі. Пачынаючы з 1990-х роля дзяржавы ў эканоміцы няўхільна зніжаецца. Францыя з’яўляецца адным з найбуйнейшых магнітаў для інвестыцый сярод развітых краін, сама ж уваходзіць у дзясятку сусветных інвестараў. Парыжская фондавая біржа, заснаваная яшчэ Людовікам XV, (з 2007 года філіял NYSE Euronext group) у Еўропе па масштабах саступае толькі Лонданскай. Французскімі з’яўляюцца найбуйнешае страхавое агенства свету AXA і банкі BNP Paribas ды the Crédit Agricole, што ўваходзяць у сусветную дзясятку. Непадалёк ад Ніцы размяшчаецца тэхнапарк Сафія-Антыпаліс.

Маюцца значныя эканамічныя праблемы. Узровень беспрацоўя ў 2016—2017 складаў каля 10 %, у 2015 каля 15 % насельніцтва жылі за рысай беднасці. Усё гэта час ад часу выліваецца ў вулічныя пратэсты, самымі масавымі з якіх у бягучым дзесяцігоддзі стаў Рух жоўтых камізэлек, што распачаўся ў канцы 2018 пасля чарговага павышэння цаны на бензін.

АЭС Катэном. Францыя мае найвышэйшы ў свеце % электраэнергіі, выпрацаваны на АЭС

Францыя — адзін з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў электраэнергіі ў Еўропе і свеце. Энергетыка Францыі функцыянуе ва ўмовах вострага недахопу ўласных паліўных рэсурсаў. Аднак наяўнасць буйных запасаў уранавай сыравіны спрыяла развіццю атамнай электраэнергетыкі, па маштабах якой Францыя саступае толькі ЗША. У 2016 годзе ў Францыі працавала 58 ядзерных рэактараў, на якіх ў 2017 годзе было выпрацавана 71,6 % электраэнергіі.[16] Дзякуючы атамнай энергетыцы, Францыя займае апошняе месца ў G7 па выкідах дыяксіду вугляроду. Вуглевадародная электраэнергетыка ў 2016 забяспечвала ўсяго 8,6 % патрэб краіны. На ўзнаўляльныя крыніцы прыходзіцца 19,8 % выпрацаванай электраэнергіі (2016). Большая іх палова (12,2 % у 2014 годзе) прыпадае на невялікія ГЭС у Цэнтральным масіве, Пірэнеях і Альпах. Хуткімі, але павальнейшымі чым у Германіі ці Іспаніі, тэмпамі развіваюцца ветравая і сонечная энергетыка.

У партовых гарадах дзейнічаюць нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Французскім нафтавым гігантам і адной з найбуйнейшых ТНК у свеце з’яўляецца кампанія Total.

Металургія, якая некалі адыгрывала вырашальную ролю ў структуры прамысловасці, сёння страціла сваё вызначальнае значэнне. У 2018 Францыя выплавіла 15,4 млн тон сталі — 15 месца ў свеце і 3-е ў ЕС пасля Германіі і Італіі.[17] Выкарыстанне пераважна імпартнай сыравіны абумовіла зрух вытворчасці ў прыморскія раёны. Буйныя металургічныя камбінаты працуюць у партовых цэнтрах Дзюнкерк і Фос (раён Марселя).

Штаб-кватэра Пежо-Сітраэн

Машынабудаванне забяспечвае каля 40 % кошту прадукцыі апрацоўчай прамысловасці. Вядучую ролю ў ім адыгрывае транспартнае машынабудаванне, якое спецыялізуецца на вытворчасці аўтамабіляў (канцэрны «Пежо-Сітраэн» — 6-ы ў свеце і другі ў Еўропе аўтаканцэрн і «Рэно»), авіяцыйнай («Аэробус») і ракетнай («Аэраспэйс») тэхнікі, у меншай ступені — суднаў (ваенных і спецыялізаваных). Найбуйнейшыя цэнтры размешчаны ў Ліёнскай і Парыжскай агламерацыі. У 2010-х Францыя штогод вырабляе каля 2 млн аўтамабіляў (2,2 млн і 10-е месца ў свеце ў 2018, у 1990-х французскі аўтапрам быў чацвёртым у свеце) Па вытворчасці прадукцыі авіяракетнай прамысловасці (цэнтры Тулуза, Бардо, Буржэ) Францыя лідзіруе ў Еўропе. Развіта вытворчасць электронікі і электратэхнікі.

І ўсё ж такі найбольш развітай і маштабнай галіной недарэмна лічыцца хімічная прамысловасць. Францыя — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў хімічнай і нафтахімічнай прадукцыі, у тым ліку каўстычнай соды, сінтэтычнага каўчуку, пластмас, мінеральных угнаенняў, фармацэўтычных тавараў (самы значны вытворца — кампанія Sanofi). Кампанія «Мішлен» уваходзіць у Топ-3 сусветных вытворцаў шын. Вялікай папулярнасцю на сусветным рынку карыстаюцца французская парфумерыя і касметыка. На апошняй спецялізуецца кампанія L’Oreal, якая па маштабах вытворчасці не мае роўных у свеце.

Выпускаюцца спажывецкія тавары і тавары раскошы (канцэрны «Луі Вітон» і Kering S.A.Гучы», «Іў Сен Ларан», «Брыёні» ды інш.)). «Данон» — найбуйнейшы харчовы канцэрн, сусветны лідар у вырабе мінеральнай вады.

Сельская гаспадарка

[правіць | правіць зыходнік]

Францыя — найбуйнейшы ў Еўропе вытворца сельскагаспадарчай прадукцыі (20 % ад усёй вытворчасці ў ЕС). Гэтаму спрыяюць выдатныя агракліматычныя рэсурсы, прымяненне сучасных тэхналогій ды аграрная палітыка ЕС. Па экспарце прадукцыі сельскай гаспадаркі займае першае месца ў ЕС і трэцяе ў свеце. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае прыкладна 2 % ВУП, на долю аграпрамысловага комплексу — больш за 4 %. У 2007 сельская гаспадарка Францыі атрымала 8 млрд еўра еўрапейскіх субсідый, у агарарным жа комплексе было створана прадукцыі на 33 млрд еўра. У структуры сельскай гаспадаркі Францыі суадносіны раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна роўныя.

У раслінаводстве вядучай з’яўляецца збожжавая гаспадарка. Занальны характар размяшчэння ўласцівы для пасеваў пшаніцы, кукурузы і ячменю. Значныя пасевы бульбы і цукровых буракоў, па вытворчасці якіх Францыя — сусветны лідар. Асноўны раён іх вытворчасці — Паўночна-Французская нізіна, тут жа размяшчаецца і большасць цукровых заводаў. Паўсюдна развіта агародніцтва і пладаводства. Францыі належыць 2-е месца ў Еўропе і 4-е ў свеце па вытворчасці вінаграду.[18] Галоўны раён вінаградарства — Лангедок. Асноўная частка ўраджаю выкарыстоўваецца ў вінаробстве. Экспартныя марачныя віны вырабляюцца ў раёне Бардо, у Шампані, даліне ракі Луары. Самі ж французы аддаюць перавагу ружовым вінам. Заморскія тэрыторыі (Марцініка, Рэюньён) слаўныя зборам цукровага трыснягу і вытворчасцю рому з яго.

Галоўная галіна жывёлагадоўлі — развядзенне буйной рагатай жывёлы мяса-малочнага кірунку. Развіты птушкагадоўля, свінагадоўля і конегадоўля. Францыя ўваходзіць у групу сусветных лідараў па пагалоўі буйной рагатай жывёлы, свіней, птушкі, вытворчасці малака, яек, мяса.

Рыбныя рэсурсы Францыі моцна спустошаны. Большую частку ўлову ў рэках і азёрах складае стронга, якую разводзяць штучна. У Біскайскім заліве вядзецца здабыча сардзін, камбалы і селядцоў, а таксама амараў, крэветак і малюскаў.

Банкаўскі сектар

[правіць | правіць зыходнік]

Найбольшае значэнне ў сферы паслуг краіны мае фінансавая дзейнасць. Банкі Францыі яшчэ з сярэдзіны XIX ст. займалі вядучыя пазіцыі не толькі ў эканоміцы краіны, але і ў свеце. Па ўзроўні канцэнтрацыі банкаўскай дзейнасці Францыя ўваходзіць у лік вядучых сусветных дзяржаў. З 50 найбуйнейшых банкаў свету шэсць з’яўляюцца французскімі.

Двухпавярховы цягнік TGV ляціць па віядуку Сіз-Балазон

Адной з найбольш развітых і збалансаваных у свеце з’яўляецца транспартная сістэма Францыі. Найбуйнейшым транспартным вузлом краіны з’яўляецца Парыж. Ад яго ў радыяльным напрамку разыходзяцца найважнейшыя аўтамабільныя і чыгуначныя шляхі, якія злучаюць сталіцу з найбуйнейшымі гарадамі Францыі і сталіцамі іншых еўрапейскіх дзяржаў. У Парыжы знаходзяцца і найбуйнейшыя міжнародныя аэрапорты.

Сустветную вядомасць атрымалі цягнікі TGV (фр.: train à grande vitesse) — сетка хуткасных электрацягнікоў. Першая лінія была адкрыта ў 1981 годзе паміж Парыжам і Ліёнам. Цягнікі рухаюцца з хуткасцю да 320 км/гадз.

Ва ўнутраных пасажыра- і грузаперавозках лідзіруюць аўтамабільны і чыгуначны транспарт. Большасць гарадоў звязаны паміж сабой сеткай высакахуткасных магістралей. Імпарт вялікіх аб’ёмаў нафты і газу абумовіў развіццё разгалінаванай сістэмы трубаправодаў. Марскі і авіятранспарт абслугоўваюць пераважна знешнія сувязі. Галоўныя марскія парты — Гаўр, Бардо, Марсель.

Сад de Marqueyssac, адзін з Выбітных садоў Францыі

Францыя — сусветны лідар па развіцці турызму. Маючы мноства прывабных прыродных ландшафтаў і шмат помнікаў культуры, Францыя ператварыла турызм у адну з найважнейшых галін сваёй гаспадаркі, якая дае не менш за 9 % ВУП і забяспечвае больш за 2,9 млн працоўных месцаў.[19] Штогод краіну наведваюць больш за 80 млн замежных турыстаў, якія накіроўваюцца на Французскае Міжземнамор’е, Французскія Альпы і ў Парыж — найбуйнейшы цэнтр не толькі замежнага, але і ўнутранага турызму. Галоўны міжземнаморскі турысцка-рэкрэацыйны раён Францыі — Французская Рыўера, або Блакітны бераг (Côte d’Azur) — участак узбярэжжа, які працягнуўся на 115 км ад Тулона на Ментоны ля франка-італьянскай мяжы. «Сталіца» Французскай Рыўеры — курортны горад Ніца, у якім турызм дае працу палове насельніцтва. Яшчэ адным буйным турысцкім раёнам з’яўляецца даліна Луары са шматлікімі сярэднявечнымі і пазнейшага часу замкамі.

Самымі папулярнымі сярод турыстаў аб’ектамі ў XXI стагоддзі застаюцца Эйфелева вежа, Версальскі палацава-паркавы комплекс, Нацыянальны музей натуральнай гісторыі, акведук Пон-дзю-Гар, Трыумфальная арка і Сент-Шапель, Мон-Сен-Мішэль. Асобна можна выдзеліць музеі, паміж якіх вылучаецца парыжская тройка — Луўр, Арсэ з імпрэсіяністамі, і Цэнтр Пампіду з сучасным мастацтвам. Выклікае цікавасць праект пад назвай «Выбітныя сады Францыі», які ўключае каля 200 помнікаў ландшафтна-паркавага дызайну.

Знешні гандаль

[правіць | правіць зыходнік]

Францыя экспартуе транспартныя сродкі, прадукцыю харчовай прамысловасці, фармацэўтыку і касметыку, турыстычныя і IT-паслугі; імпартуе нафту і іншае паліва ды сыравіну, камп’ютарную тэхніку і смартфоны, аўтамабілі, трапічную садавіну, IT-паслугі. Асноўныя гандлёвыя партнёры — дзяржавы ЕС (Германія (15 % экспарту, 18 % імпарту), Бельгія (8 % і 10 %) Іспанія (7 % і 7 %), Італія); а таксама Вялікабрытанія, ЗША, Кітай.[20]

Выяўленчае мастацтва

[правіць | правіць зыходнік]
«Арэлі», карціна Франагора (1767 год), якая лічыцца адным з сімвалаў стылю ракако
Эдуард Манэ, «Снеданне на траве» (1863 год). З гэтай карціны фактычна пачаўся французскі імпрэсіянізм

Хаця Францыя стварылі выбітныя ўзоры сярэднявечнага мастацтва (скульптуры гатычных сабораў, жывапіс Жана Фуке), кніжнай мініацюры, і мастацтва Адраджэння Франсуа Клуэ, Клода Ларэна, французскае мастацтва доўгі час знаходзілася ў цені іншых краін, найперш Італіі і Нідэрландаў. У XVII найбуйнейшыя французскія майстры (Нікаля Пусэн, Клод Ларэн), скульптары Пьер Пюжэ значную частку жыцця праводзілі ў Італіі, якая ў той час лічылася цэнтрам сусветнага мастацтва. Першым стылем, які ўзнік у Францыі, быў ракако, найбуйнейшыя прадстаўнікі якога — Антуан Вато і Франсуа Бушэ.

У Сярэднявеччы і да канца XIV стагоддзя французская філасофія была вядучай у Еўропе, таму што амаль усе выдатныя філосафы навучаліся або выкладалі, па меншай меры некаторы час, у Палаціне ў Парыжы або Парыжскім універсітэце, які быў заснаваны ў 1206 годзе. Французская філасофія вядомая ва ўсім свеце дзякуючы свайму арыгінальнаму стылю і тэматыцы. Для яе характэрна яснасць мыслення, майстэрскае вар’іраванне выразаў і ўражлівыя вобразы, якія спалучаюцца з незвычайнай філасофскай сур’ёзнасцю і вастрынёй, цесная сувязь з грамадскім і палітычным жыццём нацыі[21]. Спецыфіка французскай філасофіі абумоўлена яе мовай, надае ёй паэтычнасць і мастацкасць.

Французская музыка вядомая з часоў Карла Вялікага, але кампазітары сусветнага маштабу: Жан-Батыст Люлі, Луі Куперэн, Жан-Філіп Рамо — з’явіліся толькі ў эпоху барока. Росквіт французскай класічнай музыкі наступіў у XIX стагоддзі. Эпоха рамантызму прадстаўленая ў Францыі творамі Гектара Берліёза. У XX стагоддзі класічная музыка Францыі развіваецца ў агульным рэчышчы сусветнай музыкі. У 1920-х гадах у Францыі распаўсюдзіўся джаз, найбуйнейшым прадстаўніком якога стаў Стэфан Грапэлі. У другой палове XX стагоддзя ў Францыі атрымала распаўсюджанне звычайная эстрадная музыка, выканаўцамі якой былі, напрыклад, Мірэй Мацьё, Даліда, Джо Дасэн, Патрысія Каас, Мілен Фармер, Лара Фабіян, Грэгары Лемаршаль.

  1. а б https://www.lemonde.fr/politique/article/2014/12/17/la-carte-a-13-regions-definitivement-adoptee_4542278_823448.html
  2. Great Powers — Encarta. MSN. 2008. Webcitation.org.
  3. Trends in world military expenditure, 2013. SIPRI
  4. Status of World Nuclear Forces. Federation of American Scientists — Fas.org.
  5. France-Diplomatie. Diplomatie.gouv.fr.
  6. https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/02/weodata/weorept.aspx?sy=2019&ey=2019&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&pr1.x=74&pr1.y=15&c=132&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  7. Language and Diplomacy Архівавана 21 ліпеня 2011.. Nakedtranslations.com.
  8. BBC History : Louis XV (1710—1774). BBC.
  9. Dr Linton, Marisa. The Terror in the French Revolution Архівавана 17 студзеня 2012.. Kingston University.
  10. а б Blanning, Tim. Napoleon and German identity Архівавана 13 мая 2012.. History Today 48 (London).
  11. https://web.archive.org/web/20151120204008/http://www.comres.co.uk/wp-content/uploads/2015/07/Report_Final-published.pdf
  12. The World Factbook: France Архівавана 24 снежня 2018.. Central Intelligence Agency.
  13. https://web.archive.org/web/20170915201551/http://www.institutmontaigne.org/res/files/publications/a-french-islam-is-possible-report.pdf
  14. https://web.archive.org/web/20151229184234/http://www.pss-archi.eu/aires_urbaines.html
  15. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/fr.html Архівавана 30 мая 2015.
  16. World Nuclear Association
  17. World Crude Steel Production — Summary Архівавана 2 лютага 2019.
  18. http://www.fao.org/faostat/en/#data/QC/visualize
  19. https://web.archive.org/web/20131202222828/http://wttc.org/site_media/uploads/downloads/france2013.pdf
  20. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=77&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&tradeDirection=import&year=2016
  21. Философская Энциклопедия. В 5-х т. — М.: Советская энциклопедия. Под редакцией Ф. В. Константинова. 1960—1970.