Белсат

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з БЕЛСАТ)
Jump to navigation Jump to search
Белсат
Тэлеканал «Белсат»
Logo Biełsat TV.png
Краіна Flag of Poland.svg Польшча
Зона вяшчання Newworldmap.svg Планета Зямля
Час вяшчання 07:00 — 02:30
Мова вяшчання беларуская, руская
Фармат выявы 16:9
Тэматыка канала Серыялы, фільмы, дакументальныя фільмы, а таксама пазнавальныя, эканамічныя і шматлікія іншыя праграмы.
Дата пачатку вяшчання 10 снежня 2007 года
Уладальнік TVP
Кіраўнікі Агнешка Рамашэўска-Гузы (генеральны дырэктар)
Голас канала Юрый Салодкі (2016 - цяпер), Дзмітрый Гурневіч (2007-2016)
Сеткавыя партнёры TVP
Слоган Белсат — нам блізкія вашыя справы
Сайт belsat.eu

«Белсат» (польск.: Biełsat) — тэлевізійны канал з трансляцыямі на беларускай і рускай мовах[1], структурная частка Польскага тэлебачання (TVP S.A.) і з самага пачатку быў супольна фінансаваны праз Міністэрства замежных справаў Польшчы ды міжнародных донараў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Канал пачаў працу ў адказ на запыт з боку беларускай дэмакратычнай супольнасці наконт сродку, які б быў надзейнаю крыніцай інфармацыі ды прамаваў родную культуру і мову ў Беларусі.

«Белсат» пачаў спадарожнікавую трансляцыю 10 снежня 2007 года, у Сусветны дзень правоў чалавека. Над стварэннем каналу працавала група журналістаў з Польшчы і Беларусі пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, якую прызначылі дырэктарам (займае пасаду кіраўніка каналу дагэтуль). Юрыдычна «Белсат» — структурная адзінка Польскага тэлебачання.

«Белсат» паставіў сабе за мэту спрыяць еўрапеізацыі і дэмакратызацыі Беларусі.

Пры канцы 2008 года сфарміравалася грамадская Назіральная рада каналу. У яе склад увайшлі такія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, як Валянцін Акудовіч, Міхаіл Анемпадыстаў, Зінаіда Бандарэнка, Генадзь Бураўкін, Анатоль Гуляеў, Святлана Калінкіна, Уладзімір Колас (старшыня), Алег Трусаў, Юрый Хашчавацкі.

Аляксандр Баразенка бярэ інтэрв’ю ў Міхаіла Тумелі. 24 верасня 2013 г.

Як глядзець[правіць | правіць зыходнік]

«Белсат» транслюе ў сярэднім 19 гадзінаў на дзень. Трансляцыя пачынаецца а 7:00 раніцы паводле менскага часу (UTC +3) і канчаецца пасля 2:00 ночы, у залежнасці ад працягласці эфірных праграмаў. Праграмы «Белсату» можна глядзець у інтэрнэце на старонцы belsat.eu і на «YouTube». У мінулым здараліся выпадкі кароткатэрміновых скарачэнняў штодзённага эфірнага часу ў сувязі з фінансавым крызісам.

Прымаць «Белсат» можна праз спадарожнік «Астра 4А» (пазіцыя 5˚ E, палярызацыя H, частата 12 379,6 МHz). Усе зацікаўленыя аператары кабельных сетак могуць трансляваць канал на ўмовах бясплатнай ліцэнзіі.

Праграмы[правіць | правіць зыходнік]

  • «Аб’ектыў» — Галоўная інфармацыйная праграма «Белсату» ў жывым эфіры, якая выходзіць штодзённа з самага пачатку існавання каналу. Падае матэрыялы пра галоўныя падзеі, пераважна з Беларусі ды краінаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
  • «Беларускі свет» — Праграма пра лёсы беларусаў, якія жывуць за мяжою, з асабліваю ўвагай да жыцця беларускай нацыянальнай меншасці з Падляшша. Праграма рыхтуецца рэдакцыяй «Белсат ТВ» у Беластоку.
  • «Вандроўкі па Гарадзеншчыне» — Разам з правадніком Аляксеем Шотам гледачы наведваюць малавядомыя гістарычныя мясціны Гарадзеншчыны — сядзібы мясцовай арыстакратыі ды шляхты, касцёлы і цэрквы, а таксама рэшткі габрэйскай культуры.
  • «Вечаровы шпіль» (рас. «Вечерний шпиль») — Сатырычны агляд падзеяў тыдня, якія здарыліся ў краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Вядоўца Алесь Карніенка выбірае найсмяшнейшыя і найбольш абсурдныя навіны, каб іх бязлітасна пракаментаваць.
  • «Вось так» (рас. «Вот так») — Штодзённы інфармацыйны сэрвіс у жывым эфіры на расейскай мове, скіраваны да жыхароў постсавецкай прасторы. Праграма мае сваю сетку карэспандэнтаў у Расейскай Федэрацыі, Украіне, Казахстане і Арменіі.
  • «Давайце разбірацца» — Праграма Станіслава Івашкевіча, прысвечаная карупцыі ў Беларусі. Створаная ў супрацы з Міжнародным кансорцыумам журналісцкіх расследаванняў, на рахунку якога, напрыклад, выкрыццё аферы «Панамскія дакументы».
  • «Даты праўды» — Цыкл праграмаў Вячаслава Ракіцкага, прысвечаных стагоддзю беларускай дзяржаўнасці, закладзенай у 1918 годзе стварэннем Беларускай Народнай Рэспублікі. У кожным эпізодзе дэманструюцца фота- і відэаматэрыялы з прыватных архіваў, якія не публікаваліся раней.
  • «Загадкі беларускай гісторыі» — Аўтар і вядоўца — гісторык Аляксандр Краўцэвіч — папулярызуе сярод гледачоў гісторыю Беларусі. Ён падарожнічае па краіне і распавядае пра падзеі мінулага, якія застаюцца невядомыя шырокай грамадскасці ды наўмысна замоўчваюцца на занятках у беларускіх школах.
  • «Кожны з нас» — Галоўнае ток-шоу «Белсату», якое вядзе знаны беларускі грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка. У кожным выданні запрошаныя ў студыю госці дыскутуюць на розныя тэмы, якія на гэты момант баламуцяць эмоцыі беларусаў.
  • «Лабірынты» — Цыкл гістарычных праграмаў, зрэалізаваных у стылі сюжэтна-дакументальных фільмаў. Кожная распавядае пра малавядомыя эпізоды з жыцця выбітных беларускіх літаратураў ды інтэлектуалаў, якія жылі ў першай палове мінулага стагоддзя.
  • «Мaю прaвa» — Штотыднёвая праграма, дзе журналісты разам з экспертамі з розных вобласцяў шукаюць развязання праблемаў, з якімі часам доўгімі гадамі безвынікова змагаюцца жыхары Беларусі.
  • «Мова нанова» — Тэлевізійная версія папулярных у Беларусі курсаў, што прасоўваюць беларускую мову сярод людзей, якія штодзень размаўляюць па-расейску. У кожным эпізодзе падаецца лексіка на выбраную тэму. Праграму вядуць Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка.
  • «Над Нёмнам» — Адзіная польскамоўная праграма ў эфіры каналу, выходзіць з беларускімі субтытрамі. Аўтары апавядаюць пра падзеі з жыцця польскай меншасці ў Беларусі ды наведваюць месцы, звязаныя з польскаю гісторыяй і культурай. Праграму выдае «TVP Polonia».
  • «ПраСвет» — Аналітычная праграма пад рэдакцыяй Аліны Коўшык і Сяргея Пелясы. Тэлерубрыкі разглядаюць найбольш важныя падзеі, якія адбыліся ў свеце за тыдзень, а прысутныя ў студыі эксперты абмяркоўваюць іх пад прызмаю інтарэсаў беларускай дзяржавы і народу.
  • «Размова» — Вечаровая публіцыстычная праграма, якая выходзіць з панядзелка да чацвярга. Вядоўцы — знаныя палітычныя аглядальнікі Святлана Калінкіна, Уладзімір Мацкевіч і Віталь Цыганкоў — абмяркоўваюць са сваймі гасцьмі самыя істотныя ды актуальныя беларускія падзеі.
  • «Сведкі» — Цыкл дакументальных фільмаў Вячаслава Ракіцкага, прысвечаных барацьбе за незалежнасць Беларусі ў 1980-2000-ых. Пра гістарычныя падзеі распавядаюць грамадскія і палітычныя дзеячы, якія бралі ў іх удзел.
  • «Студыя Белсат» — Інфармацыйны блок, які выходзіць у жывым эфіры з панядзелка да пятніцы. У яго ўваходзяць сталыя рубрыкі, такія, як навіны, прагноз надвор’я, спартовыя навіны, агляд беларускіх медыяў, прэзентацыя культурніцкіх падзеяў і абмеркаванне найноўшых тэхналогіяў.
  • «Тэрыторыя праўды» (рас. «Территория правды») — Два цыклы міжнародных дэбатаў з удзелам экспертаў. Першы цыкл быў прысвечаны прэзідэнцкім выбарам у Расеі ў 2018 годзе, другі — дваццатай гадавіне пашырэння NATO на краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
  • «Хай так TV» — Сатырычная праграма аб працы фікцыйнага падпольнага тэлеканалу. Тройка вядоўцаў каментуюць сённяшнія падзеі ды запрашаюць у студыю вядомых беларусаў, каб паразмаўляць з імі на нетыповыя тэмы.
  • «Эксперт. Міністэрства праўды» — Анімаваны сатырычны серыял Юрыя Хашчавацкага, праз крывое люстра якога паказваецца функцыянаванне беларускай дзяржавы і дачыненні адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі з суседнімі краінамі.
  • «Я не буду гэтага есці» (рас. «Я не буду это есть») — Папулярныя шэф-кухары Вольга Прігарова і Аляксандр Чыкілеўскі выкарыстоўваюць свае прафесійныя навыкі напоўніцу, каб дапамагчы гасцям — знаным персонам з беларускага шоу-бізнесу — перамагчы кулінарныя траўмы дзяцінства.
  • «Belsat Music Live» — Агляд найцікавейшых выканаўцаў сучаснай беларускай музычнай сцэны. Папулярныя журналісты Міра Шульц і Сяргей Будкін размаўляюць з музыкамі пра іхную творчасць ды разам з запрошанымі ў студыю гледачамі слухаюць іхныя творы, граныя ўжывую.
  • «Intermarium» — Аўтарская праграма Паўла Мажэйкі. Запрошаныя ім гісторыкі ды публіцысты дыскутуюць на найскладанейшыя тэмы супольнай гісторыі краінаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы і абмяркоўваюць, які гэта мае ўплыў на сучасныя міжнародныя стасункі.
  • «Welcome ў Беларусь» — Праграма, што выходзіць у летні перыяд, — пра замежнікаў, якія з розных прычынаў апынуліся ў Беларусі і адкрываюць для сябе гэтую краіну, параўноўваючы свае папярэднія веды пра яе са сваймі адкрыццямі.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • У 2010 г. Агнешка Рамашэўская-Гузы і каманда тэлеканалy «Белсат» уганараваныя прэміяй імя Ежы Гедройца.
  • «Найвышэйшая мера», рэж. Сяргей Ісакаў, Юлія Хлашчанкова:

узнагарода ў конкурсе «Рэпарцёры для рэпарцёраў» для журналістаў з дзяржаў «Усходняга партнёрства» (Варшава, Польшча, 2012).

  • «Архімандрыт», рэж. Юрый Каліна:

узнагарода «за аператарскае майстэрства» — XI міжнародны фестываль дакументальных фільмаў «Кінолітопис» (Кіеў, Украіна, 2012); узнагарода журы — VIII міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат» (Мінск, 2012); 1-ае месца ў намінацыі «дакументальнае кіно» — Х міжнародны фестываль праваслаўнага кіно «Покров» (Кіеў, Украіна, 2012); узнагарода «Залаты мельхіёр» — VIII агульнапольскі конкурс рэпарцёраў польскага радыё «Melchiory» (Польшча, 2012); узнагарода «Бронзавы турань» — Міжнародны фестываль «Этнафільм» (Чадца, Славакія, 2012); 1-ая ўзнагарода ў намінацыі «дакументальны фільм» — Міжнародны дабрачынны фестываль «Светлы ангел» (Масква, Расія, 2012).

  • «Даволі! Да Волі…», рэж. Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла:

узнагарода публікі за найлепшы дакументальны фільм — кінафестываль «Off» (Опузен, Харватыя, 2012).

першая ўзнагарода ў катэгорыі замежных кароткаметражных дакументальных фільмаў — Міжнародны фестываль дакументальнага кіно «Cinema du Reel» (Парыж, Францыя, 2012).

  • «Рэаліці-шоу: выбары», рэж. Мікалай Ваўранюк:

галоўная ўзнагарода — агульнапольскі конкурс Міжнароднага фестывалю мастацтва рэпартажу «Camera Obscura» (Быдгашч, Польшча, 2011).

  • «Лобатамія», рэж. Юрый Хашчавацкі:

узнагароды на XXI міжнародным кінафестывалі «Arsenals» за найлепшы балтыйскі фільм і адмысловая ўзнагарода фірмы «Nikon» (Рыга, Латвія, 2011); прыз глядацкіх сімпатыяў і адмысловы прыз журы за «экспрэсіўнасць аўтара і яго грамадзянскае сумленне» — IX міжнародны фестываль дакументальных фільмаў «Хранограф» (Кішынёў, Малдова, 2011).

  • «Тры кіламетры да неба», рэж. Вольга Дашук:

узнагарода за найлепшую рэжысуру — VІI міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат» (Глыбокае-Мінск, 2011).

  • «Дзеці ксяндза Шаплевіча», рэж. Зоя Катовіч і Алена Антанішына:

прыз старшыні польскага Інстытуту нацыянальнай памяці (ІPN) у намінацыі «за ўвасабленне сапраўднага вобразу пастыра ў беларускім кінематографе» — VІI міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат» (Глыбокае-Мінск, 2011).

  • «Сальда», аўт. Аляксей Мінчонак і Пётр Дзякоўскі:

прэмія ў катэгорыі «эканамічны бюлетэнь» за «прафесіяналізм у скрайне цяжкіх умовах вытворчасці» — XIV агульнапольскі агляд дакументальных формаў «Базар» (Познань, Польшча, 2009).

галоўная ўзнагарода — VIII міжнародны фестываль крэатыўных дакументальных фільмаў «Escales Documentaire» (Ля-Рашэль, Францыя, 2008); прыз «Залатая багіня» ў намінацыі «Нацыянальны характар» — Міжнародны фестываль тэлевізійных праграм і фільмаў «Залаты бубен» (Ханты-Мансійск, Расія, 2008).

  • «Сэрца за кратамі», рэж. Вольга Нікалайчык:

прыз «Залатая багіня» ў намінацыі «Публіцыстыка» — Міжнародны фестываль тэлевізійных праграм і фільмаў «Залаты бубен» (Ханты-Мансійск, Расія, 2008).

  • «Днюка», дак. фільм, рэж. Андрэй Куціла і Аляксандр Налівайка:

першая ўзнагарода — IV міжнародны фестываль дакументальных фільмаў «Транзіт» (Познань, Польшча, 2011); узнагарода за найлепшы дакументальны фільм — V міжнародны фестываль незалежнага кіно (Львоў, Украіна, 2010); галоўная ўзнагарода «Залаты жабрак» для найлепшага рэгіянальнага тэлеканалу «за спосаб рэпрэзентацыі часам жудаснай рэчаіснасці штодзённага жыцця ў Беларусі і за выдатны выбар герояў і здымкі» — XVI міжнародны фестываль рэгіянальных тэлевізіяў (Кошыцэ, Славакія, 2010).

Фінансаванне[правіць | правіць зыходнік]

У 2009 г. польскі ўрад вылучыў тэлеканалу 5655 тыс. долараў з мэтавага рэзервовага фонда, прызначанага для падтрымкі дэмакратыі і грамадзянскага грамадства за мяжой. У 2010 г. Еўрапейская камісія вылучылі каля 10 млн. еўра[2]. У 2011 г. каштарыс склаў 9 млн долараў, зь якіх 6 выдаткавала МЗС Польшчы, рэшту — урад Швецыі[3].

У 2017 г. польскі МЗС, па прычыне павелічэння выдаткаў на польскія консульскія службы і падтрымку сірыйскіх бежанцаў(англ.) бел., вырашыў на дзве траціны скараціць фінансавую падтрымку тэлеканала у 2018 г. У пачатку снежня стала вядома, што фінансавая камісія сената Польшчы(польск.) бел. ўхваліла папраўкі, якія дазволяць Міністэрству фінансаў Польшчы(польск.) бел. выдзеліць для «Белсата» сродкі на наступны год[4]. Акрамя таго, «Белсат» атрымае дадатковае фінансаванне ў рамках сумеснай праграмы Польшчы і Вялікабрытаніі па супрацьдзеянні расійскай дэзінфармацыі ў рэгіёне[5].

Дачыненні з беларускімі ўладамі[правіць | правіць зыходнік]

У 2007 г. прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праект трансляцыі незалежнага беларускага канала з Польшчы — «глупы, бязглузды і нетаварыскі»[6].

Канал неаднаразова звяртаўся па акрэдытацыю сваіх карэспандэнтаў на Беларусі, але атрымліваў адмовы. Праз адсутнасць акрэдытацыі карэспандэнтам «Белсату» перыядычна прысуджаюць у Беларусі штрафы за «незаконны выраб і пашырэнне прадукцыі СМІ». Некаторым выпісваюць па дзесяць штрафаў на год, але яны надалей працуюць[7].

Тэлеканал востра адрэагаваў на падзеі 19 снежня 2010 г., у дзень абвешчэння вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. «Белсат» вёў наўпроставую трансляцыю.

Спачатку супрацоўнікаў тэлеканала не штрафавалі на тэрыторыі краіны, а толькі выносілі папярэджанні за працу без акрэдытацыі. Але з красавіка 2016 г. к журналістам пачалі ўжываць ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ), штрафы па якой вар’іруюцца ад 20 да 50 базавых велічынь[4]. За 2017 г. беларускія суды выносілі 70 рашэнняў супраць журналістаў, якія супрацоўнічалі з тэлеканалам «Белсат» — сума штрафаў перавысіла 50 тысяч беларускіх рублёў[8].

У сакавіку 2017 г. ў мінскім офісе тэлеканала прайшоў ператрус, была канфіскаваная тэхніка на 20 тысяч еўра[9]. Супрацоўнікаў тэлеканала штрафавалі за тое, што «трымаў мікрафон»[10], нібыта «за нецэнзурную лаянку»[11], за "парушэнне аўтарскага права на гандлёвы знак «Белсат»[12] і інш.

Міжнароднае падтрыманне і партнёры[правіць | правіць зыходнік]

«Белсат ТВ» — структурная частка Польскага тэлебачання, якая фінансуе канал разам з Міністэрствам замежных справаў і забяспечвае яго інфраструктурную базу. З самага пачатку «Белсат» карыстаўся фінансавым падтрыманнем шэрагу інстытуцыяў, між іншым, «Swedish International Development Cooperation Agency» («SIDA»), Рады міністраў паўночных краінаў, Міністэрстваў замежных справаў Нарвегіі, Нідэрландаў, Канады і Літвы, урадаў Вялікай Брытаніі ды Ірландыі, а таксама Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША. Медыйныя арганізацыі, такія, як «Radio Free Europe» / «Radio Liberty» (якое працуе на беларускім рынку пад назваю «Свабода») і «Нямецкая хваля» бязвыплатна давалі «Белсату» ліцэнзіі на выбраныя праграмы.

На сёння стратэгічныя партнёры «Белсату»:

  • амбасада Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве, якая падтрымлівае, між іншым, навучанне працаўнікоў «Белсату» і даследаванні аглядальнасці каналу;
  • «British Broadcasting Corporation», якая бязвыплатна дае «Белсату» сваю тэлевізійную прадукцыю — мастацкія і адукацыйныя серыялы, стварае эксклюзіўная матэрыялы для расейскамоўнага сэрвісу «Белсату» «Вось так», а таксама праводзіць трэнінгі для працаўнікоў і кіроўнага персаналу «Белсату»;
  • «European Endowmend for Democracy» фінансуе вытворчасць некаторых праграмаў «Белсату»;
  • «National Democratic Institute for International Affairs» (NDI), які суфінансаваў цыкл дэбатаў «Тэрыторыя праўды»;
  • «Organized Crime and Corruption Reporting Project» — асацыяцыя следчых журналістаў, якая супрацуе з аўтарамі праграмы «Давайце разбірацца»;
  • «Thomson Reuters», які падтрымаў структурную рэформу «Белсат ТВ» і трэнінгі для працаўнікоў каналу, а таксама суфінансаваў праграмы «Тэрыторыя праўды» і спецвыданні «ПраСвет».

У межах грамадскай кампаніі для прасоўвання беларускае мовы «Беларускамоўны» «Белсат» супрацуе з такімі арганізацыямі, як культурніцкая пляцоўка «Арт Сядзіба», Беларускі ПЭН-Цэнтр (чалец міжнароднага ПЭН-клубу) і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 2018 года з тэлеканала быў звольнены былы актывіст Іван Шыла пасля таго, як апублікаваў у сваім профілі на Facebook пратакольны фотаздымак з сустрэчы прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Фотаздымак суправаджаўся крытычным каментарыям, што прадстаўнікі кіраўніцтва тэлеканала і асабіста Агнешка Рамашэўска-Гузы ў дыскусіі пад допісам ахарактарыхавалі як праяву нелаяльнасці да «Белсата».[13] На наступны пасля гэтага дзень Шыла быў выключаны з рабочай перапіскі і атрымаў паведамленне аб звальненні.[13] Сітуацыя выклікала скандал і атрымала асвятленне ў беларускіх і буйных замежных СМІ.[14][13][15].

Супрацоўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Тэлеканал «Белсат» запускае перадачу па-расейску. svaboda.org (31 траўня 2017).
  2. Туркоў, Р. Тое, з чым зараз сутыкнулася Расія, даўно выкарыстоўваецца ў Беларусі
  3. Крывашэеў, А. Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту — адна з тэм, якая найбольш абмяркоўваецца ў Інтэрнэце
  4. 4,0 4,1 Коровенкова, Т. «Белсат» перестал быть каналом только для белорусской оппозиции
  5. Грошы на «Белсат» выдзеліць Вялікабрытанія
  6. Лукашэнка: Незалежны тэлеканал — "глупы, бязглузды і нетаварыскі " праект
  7. svaboda.org
  8. Няпросты год «Белсату»: саджалі ў турмы, адбіралі дзяцей // Белсат
  9. Забралі ўсё: у менскіх офісах тэлеканалу «Белсат» прайшлі ператрусы // Радыё Свабода
  10. «Трымаў мікрафон». Суд аштрафаваў журналіста-фрылансэра за сюжэт для «Белсату» // Радыё Свабода
  11. Журналісту «Белсату» Алесю Баразенку прысудзілі 15 сутак // РАдыё Свабода
  12. Суд пастанавіў аштрафаваць журналіста Алеся Баразенку і канфіскаваць абсталяваньне тэлеканалу «Белсат» // Радыё Свабода
  13. 13,0 13,1 13,2 Polish leader resists view that he was disrespected by Trump // Washington Post, 23 верасня 2018 г.
  14. Івана Шылу звольнілі з Белсата за жарт з прэзідэнта Польшчы ў фэйсбуку // Наша Ніва, 20 верасня 2018
  15. Pracownik Biełsatu zwolniony po tym, jak pokazał zdjęcie Dudy przy biurku Trumpa // Gazeta Wyborcza, 21 верасня 2018 г.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]