Вільнюс
Прапануецца перанесці ў Вільня. Магчыма, назва не адпавядае нормам мовы або правілам наймення артыкулаў у Вікіпедыі. Абмеркаваць перанос можна на старонцы размоў, старонцы Вікіпедыя:Да перайменавання. Перайменаваць у прапанаваную назву. |
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Ві́льнюс (літ.: Vilnius; беларуская назва — Ві́льня) — сталіца і самы вялікі горад Літвы.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва горада паходзіць ад ракі Вільня, на ўтоку якой у Вілію (Нярыс) узнікла паселішча.
Корань Viln- таксама ў назвах літоўскіх рэк тыпу Vilnoja, Vilnutis, балацін Vilnaujė, Vilnia-raistis[2].
Значэнне «хваля» ў літоўскіх слоў vilnià [= вільня́], vilnius (засведчана ўжо ў XVII стагоддзі), vilnė, vilnis. Адсюль vilnyti «хвалявацца, ісці хвалямі; наплываць (хвалямі)».
Далей да аднаго са значэнняў шматзначнага індаеўрапейскага *ṷel- «круціць, віць, каціць»[3].
Рачная назва Вільня матывавана хуткаплыннасцю ракі, якая хутка «накатвае» хвалямі. Такой самай семантыкі і назва Віліі, якая ад таго ж кораня *ṷel-.
Упершыню горад пад назвай Вільня (у форме Vilna) згаданы ў лісце вялікага князя Гедзіміна ад 25 студзеня 1323 года[4] да ганзейскіх гарадоў Любека, Магдэбурга і Кёльна, дзе гаворыцца, што горад існаваў здаўна. У літоўскіх помніках пісьменнасці 1600, 1653 і пазнейшых гадоў сустракаецца варыянт Vilnius.
Афіцыйная назва Vilnius з 1940 года.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Вільнюс размешчаны ў паўднёва-ўсходняй Літве, пры зліцці рэк Вільня і Нярыс (Вілія). Горад займае тэрасы старажытнай даліны Віліі, абмежаваны двума марэннымі ўзвышшамі.
Горад знаходзіцца за 312 кіламетраў ад Балтыйскага мора і горада Клайпеды, галоўнага літоўскага марскога порта. Таксама звязаны дарогамі з іншымі галоўнымі гарадамі: Каўнас (102 км), Шаўляй (214 км) і Панявежыс (135 км).
Плошча горада — 402 км². Будынкі займаюць 29,1 % горада, зялёныя насаджэнні займаюць 68,8 %, воды 2,1 %.
Міфалогія
[правіць | правіць зыходнік]З Вільняй звязаныя два міфалагічныя цыклы. Адзін — пра перадгісторыю Вільні (цыкл Швінтарога), другі — пра заснаванне Вільні (цыкл Гедыміна).
Згодна з летапіснымі сведчаннямі, яшчэ да таго, як Вільня стала горадам, на яе месцы па паганскім звычаі спальвалі князёў і баяраў. Гэты звычай быў заснаваны міфічным князем Швінтарогам, які папрасіў свайго сына Скірманта спаліць цела пасля сваёй смерці. Пасля гэтага целы тагачаснай пляменнай арыстакратыі спальвалі толькі тут, што лічаць сведчаннем працэсаў цэнтралізацыі. На думку Ул. Тапарова, «Швінтарогам» першапачаткова называлі месца, дзе спальвалі, а потым у працэсе міфалагізацыі назва месца ўвасобілася ў імя князя. Назву «Швінтарог» даследчык тлумачыць ад літоўскага šventas «святы» і ragas «рог, вугал, мыс» і параўноўвае з літоўскімі тапонімамі Šventragis, Šventragiai[5].
Менавіта «на луцэ на Швінтарозе» заснаваў Вільню князь Гедымін. Згодна з летапіснымі сведчаннямі, у часе палявання Гедымін забіў у тамтэйшых лясах тура, там жа заначаваў і ўбачыў сон: на Крывой (Лысай) гары стаіць жалезны воўк, а ў ім раве быццам сто ваўкоў раўло. Гедымін спытаў у свайго варажбіта Ліздзейкі і той растлумачыў, што сэнс сна — у тым, што тут узнікне магутны сталічны горад[6].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]X тысячагоддзе да н.э. — XIII стагоддзе
[правіць | правіць зыходнік]Паводле археалагічных даследаванняў, тэрыторыя сучаснага горада была заселена яшчэ ў палеаліце (X тыс. да н.э.) і неаліце (IV—III тыс. да н.э.).
На думку літоўскага лінгвіста Казіміра Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у VI—VII стагоддзях. Яны жылі цераспалосна з балцкім насельніцтвам. Каля падэшвы сучаснай Замкавай гары выяўлены сляды старажытнага паселішча V—IX стагоддзяў, выцягнутага ўздоўж гразкай даліны Вільні.
XIII—XV стагоддзі
[правіць | правіць зыходнік]У XIII—XIV стагоддзях блізу вусця Вільні закладзены комплекс умацаванняў, які складаўся з трох замкаў: Верхняга (Гедзімінаў), Ніжняга і Крывога. Першапачаткова горад размяшчаўся на так званай Крывой (Лысай) гары, што дало паселішчу назву, зафіксаваную ў пісьмовых крыніцах XIV стагоддзя. Значную колькасць тагачасных жыхароў горада складалі ўсходнія славяне насельніцтва, жылі тут таксама тубыльцы-літоўцы. Пад аховай Крывога замка на левым беразе Вільні і вакол Крывой гары, на якой пазней узнік Верхні замак, пачало разрастацца паселішча. Тут выяўлены культурныя пласты таўшчынёй каля 8 м, ніжні з іх датуецца XIII стагоддзем.
Паводле пісьмовых крыніц Вільня стала сталіцай Вялікага Княства Літоўскага ў часы праўлення вялікага князя Гедзіміна (1316—1341). У гэты час дасылаліся запрашэнні рамеснікам і купцам з Заходняй Еўропы, каб яны прыязджалі ў Вільню на сталае жыццё. Падчас кіравання вялікага князя Альгерда горад набыў новую планіровачную структуру. На эканамічнае развіццё станоўча паўплывала наданне гораду магдэбургскага права (1387). Гэта ўзмацніла і пашырыла гандлёвыя сувязі з іншымі гарадамі Вялікага Княства Літоўскага, а таксама Польшчы і Ганзы.
Моцна цярпела Вільня ад спусташальных набегаў крыжакоў у 1321, 1365, 1375 гадоў і інш. У 1377 годзе яны спалілі частку горада. У 1377 годзе пасля 6-дзённай аблогі крыжакі ўзялі штурмам і спалілі Крывы замак, аднак, нягледзечы на працяглую асаду, Ніжнім замкам каля падножжа гары Гедзіміна не авалодалі. У 1391 годзе напад паўтарыўся і прывёў да сутычкі з літоўскім войскам. Апошні раз крыжакі былі пад сценамі горада ў 1402 годзе. У 1399 і 1419 гадах горад моцна пацярпеў ад пажараў.
Паводле апісання французскага падарожніка Жыльбера дэ Лануа за 1413 года, горад быў неўмацаваны, выцягнуты вузкай паласой уздоўж р. Вільня, забудаваны драўлянымі дамамі, сярод якіх зрэдку трапляліся мураваныя храмы. На Высокай гары размяшчаўся замак, умацаваны «каменнем, зямлёй і мурам».
З 1413 года Вільня — цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 года ў горадзе знаходзілася рэзідэнцыя літоўскага праваслаўнага мітрапаліта. Паступова горад набыў статус важнага палітычнага цэнтра Усходняй Еўропы, куды прыязджалі пасольствы з розных краін. У 1492 годзе тут заснаваны Віленскі манетны двор і першая аптэка. З канца XV стагоддзя ў глыб Вялікага Княства Літоўскага пачалі рабіць рэйды крымскія татары і войскі маскоўскіх вялікіх князёў, што стварала небяспеку для сталіцы. У сувязі з гэтым магістрат і гарадская абшчына прынялі рашэнне пабудаваць вакол горада абарончую сцяну, будаўніцтва якой скончылася ў 1522 годзе, даўжыня склала 2,4 км.
XVI—XVII стагоддзі
[правіць | правіць зыходнік]У XVI стагоддзі адбываўся далейшы росквіт горада, расшырэнне яго тэрыторыі. На месцы драўляных дамоў і храмаў, мясцовыя і замежныя дойліды і будаўнікі пачалі ствараць раскошныя рэнесансныя мураваныя палацы. Сярод якіх вылучаліся палацавыя комплексы Радзівілаў, Кішкаў, Хадкевічаў, Сапегаў, Астрожскіх і інш. магнатаў вялікага княства. На актывізацыю мураванага будаўніцтва паўплывалі пажары ў 1419, 1513, 1520, 1530 і 1557 гадоў, у выніку якіх выгарала значная частка горада. Навокал пышных палацаў ляжалі прадмесці пераважна драўлянага горада з хаатычнай забудовай курнымі хатамі. У 1536 годзе праз Вілію перакінуты першы мураваны мост, які пазней атрымаў назву Зялёны. У 1511 годзе ў Вільні было 7 касцёлаў і 14 цэркваў. З 1524 года пачала дзейнічаць паперня, каля 1540 года арсенал і гарматная ліцейня, з сярэдзіны XVI стагоддзя — вадаправод у драўляных трубах. У 1547 годзе Марцін Палецкі заснаваў шкляную гуту. У 1596 годзе ў Вільні было 15 праваслаўных цэркваў, 14 каталіцкіх касцёлаў, адзін лютэранскі і два кальвінісцкія зборы, а таксама некалькі сінагог[7]. У 1579 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый заснаваў езуіцкую акадэмію.
Моцны пажар у 1610 года знішчыў у Вільнюсе 4700 дамоў, замкі і 10 храмаў. Аднак пры падтрымцы вялікага князя і польскага караля Уладзіслава Вазы і канцлера Льва Сапегі горад быў адбудаваны. Цэнтр горада забудоўваўся ў асноўным мураванымі будынкамі, узніклі новыя вуліцы і плошчы. К сярэдзіне XVII стагоддзя ў горадзе налічвалася каля 840 крам, 37 храмаў розных канфесій, дзейнічалі калегіі езуітаў і ўніятаў, школы евангельскіх рэфарматараў і праваслаўныя, 10 друкарняў.
У перыяд вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў у ліпені 1655 года пасля жорсткага бою на подступах да горада і зацятай абароны з вулічнымі баямі, сталіца Вялікага Княства Літоўскага была занята расійскімі войскамі. Горад гарэў 17 дзён. У сувязі з заключэннем у кастрычніку 1656 года Віленскага перамір’я, вайна скончылася, але не надоўга, летам 1658 года царскія войскі зноў занялі горад, акупацыя працягнулася да 1661 года. З ліхалецця Вільня выйшла разбуранай і спаленай, са стратай паловы насельніцтва. Толькі ў канцы XVII стагоддзя горад пачаў ажываць. Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў многія жыхары загінулі ад голаду і эпідэміі чумы.
XVIII — пачатак XX стагоддзяў
[правіць | правіць зыходнік]З цягам часу горад паступова адрадзіўся. У 1773 годзе пасля ліквідацыі езуіцкага ордэна заснавана Адукацыйная камісія, якая рэарганізавала сістэму адукацыі на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Вільня з’яўлялася адным з цэнтраў паўстання 1794 года. 22—23 красавіка 1794 года паўстанцы адваявалі горад у рускіх і ўтрымлівалі яго да 11 жніўня (Віленскае паўстанне).
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) горад увайшоў у склад Расійскай імперыі і стаў цэнтрам спачатку Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. У пачатку XIX стагоддзя Вільня — трэці па велічыні (пасля Санкт-Пецярбурга і Масквы) горад царскай Расіі. Пазбаўлены статуса сталіцы горад, аднак, да пачатку XX стагоддзя заставаўся культурным і ў значнай ступені палітычна-адміністрацыйным цэнтрам, горад захоўваў некаторыя прывілеі магдэбургскага права.
Напярэдадні вайны 1812 года ў Вільнюсе было каля 36 тыс. жыхароў, больш за 700 мураваных і столькі ж драўляных дамоў, 25 цэркваў і 23 манастыры. У выніку Віленскай аперацыі горад 16 чэрвеня акупіраваны французскімі войскамі. Яшчэ да пачатку вайны ў Пскоў былі перавезены, геаграфічныя карты, архівы, казённыя грошы, планы і інш. дакументы. У дзень прыбыцця Напалеона, кіраўнікі магістрата ўручылі ключы ад гарадской брамы. Няглядзечы на прыязныя адносіны польскай і вялікалітоўскай шляхты да французаў, горад рабаваўся. 1(13) ліпеня 1812 года Напалеон у Вільнюсе падпісаў дэкрэт аб стварэнні Часовага Урада Вялікага Княства Літоўскага ў складз 7 членаў і сакратара. Галоўным камендантам горада быў прызначаны французскі генерал Жаміні. Па загаду Напалеона ў жніўні 1812 года з прадстаўнікоў мясцовай моладзі ўтворана Віленская нацыянальная гвардыя, якая выконвала паліцэйскія функцыі. Гандлёвае жыццё ў горадзе вельмі моцна аслабла. Вынікам рабаванняў з’явіўся голад. Пачаліся захворванні дызентырыяй, сыпным тыфам, цынгой. Восенню 1812 года толькі ў ваенных шпіталях горада налічвалася каля 1 тыс. хворых. 28 лістапада 1812 года горад заняты рускімі войскамі.
Пасля вайны горад паступова пачаў абуджацца, ствараліся патрыятычныя таварыствы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў і інш. Падчас паўстання 1830—1831 гадоў у горадзе дзейнічаў Віленскі паўстанскі камітэт, арганізоўваліся атрады для барацьбы з царскімі войскамі. Пасля задушэння паўстання быў закрыты Віленскі ўніверсітэт, пакінуты толькі медыцынскі і тэалагічны факультэты.
У 1835 годзе з склад Вільні ўваходзіла 10 прадмесцяў: Антокаль, Папоўшчына, Зарэчча, Паплавы, Роса, Востры Канец, Руднішкі, Пагулянка, Лукішкі, Сніпішкі. У горадзе пражывала каля 50 тыс. чал., з іх 6658 шляхцічаў, 272 купцы, 4930 мяшчан, 20 642 яўрэі, былі 1552 дамы, 6 рынкаў. Дзейнічалі 25 касцёлаў, 20 кляштараў і 7 капліц, 2 уніяцкія царквы і 2 кляштары, евангельскія касцёл і капліца, мячэць, 4 сінагогі і 2 царквы.
З сярэдзіны XIX стагоддзя пачала развівацца прамысловасць. У 1860—1862 гадах праз горад пракладзена чыгунка Пецярбург-Варшава, у 1874 годзе — Лібава-Роменская. У 1864 годзе адкрыта першая фабрыка (газавая), пачаў дзейнічаць чыгуналіцейны завод Цымермана. Найбуйнейшае прадпрыемства таго часу — тытунёвае таварыства Дурунчы і Шмемана — створана ў 1865 годзе. У пачатку 1880-х гадоў адкрыўся шэраг прадпрыемстваў метала- і дрэваапрацоўкі, гарбарнай, харчовай прамысловасці. У 1894—1895 гадах у горадзе дзейнічалі 286 прадпрыемстваў, у 1906 годзе — 225, у 1914 годзе — 266. У 1897 годзе створана акцыянернае таварыства піваварнага завода Шопэна, у 1900 годзе пачаў працаваць металаапрацоўчы завод. З пачаткам дзейнасці газавай фабрыкі, цэнтральная частка горада асвятлялася газай; спіртава-шкіпінарныя і алейныя ліхтары былі заменены на іншых вуліцах на газавыя ў 1876 годзе. У 1879—1882 гадах замест драўляных вадаправодных труб былі пракладзены жалезныя. З 1893 года пачала працаваць конка, з 1896 года — тэлеграфная станцыі і тэлефонная сетка. У 1905 годзе з’явіліся першыя аўтамабілі, у 1908 годзе — трамвай.
У пачатку XX стагоддзя ў горадзе было ўжо некалькі навучальных устаноў, у тым ліку настаўніцкі інстытут, 2 мужчынскія і 1 жаночая гімназія, рэальнае, гарадское, чыгуначнае, класічнае, пяхотна-юнкерскае, камерцыйнае і хіміка-тэхналагічнае вучылішчы, паштова-тэлеграфная школа, Літоўская духоўная і Рымска-каталіцкая епархіяльныя семінарыі, Марыінскія вышэйшыя жаночыя курсы, і інш.
XX стагоддзе
[правіць | правіць зыходнік]У час Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе горад заняты германскімі войскамі. Цэнтр адміністрацыйнай акругі ў складзе Обер-Ост. Нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі правесці канферэнцыю ў Вільні 18—23 верасня 1917 года, падчас яе была абраная Рада Літвы (Літоўская Тарыба), якая пачала сваю дзейнасць у мэтах стварэння Літоўскай дзяржавы. 16 лютага 1918 года Вільня абвешчана сталіцай незалежнай Літвы, але не ўдалося сфарміраваць урад і іншыя дзяржаўныя ўстановы з-за прысутнасці нямецкіх войскаў. 11 ліпеня 1918 года абвешчана Каралеўства Літва, у якім прапанавана пасада манарха нямецкаму прынцу і ваеннаму Вільгельму Карлу фон Ураху (прыняў імя Міндоўг II). Пасля капітуляцыі Германіі ў вайне, у студзені 1918 — лютым 1919 сталіца Літоўскай савецкай рэспублікі, у лютым — красавіку 1919 года — Літоўска-Беларускай ССР.
19 красавіка 1919 года Вільня была занята польскімі войскамі. 14 ліпеня 1920 года горад заняты Чырвонай Арміяй. 9 кастрычніка 1920 года польскія войскі пад камандаваннеем генерала Л. Жалігоўскага, зноў захапілі Вільню, стварыўшы тым самым Віленскі канфлікт (1920—1939). З кастрычніка 1920 года горад у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 года ў складзе Польскай Рэспублікі. У 1926—1937 гадах каля горада размяшчаўся штаб брыгады Корпуса аховы памежжа «Вільна».
У выніку паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), горад быў заняты савецкімі войскамі. Было створана Часовае кіраванне Вільнюса і Віленскай вобласці. Пад націскам сталінскага кіраўніцтва Савецкага Саюза ўрад Літвы быў вымушаны падпісаць 10.10.1939 савецка-літоўскі дагавор аб узаемадапамозе. Паводле яго Вільнюс і Віленская вобласць перадаваліся Літве, а ўзамен на літоўскай тэрыторыі былі размешчаны савецкія ваенныя базы. У лістападзе 1939 г. літоўская адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. На першай сесіі Народнага сейма Літвы былі прыняты дэкларацыі ад устанаўленні Савецкай улады і абвяшчэнні Літоўскай ССР. Літва ўвайшла ў склад СССР. Вярхоўны савет Літвы прыняў рашэнне аб пераводзе ў Вільнюс літоўскага ўрада і дзяржаўных устаноў. Адбываўся вялікі прыток літоўскага насельніцтва.
24 чэрвеня 1941 года горад акупіраваны нямецкімі вайскамі. Аднавілася дзейнеасці літоўскай дасавецкай адміністрацыі. 13 ліпеня 1944 года Вільнюс вызвалены Чырвонай арміяй і польскай Арміяй Краёвай. Пры адступлені гітлераўцы знішчылі каля 40 % жылога фонду горада, 30 % буйных прамысловых прадпрыемстваў. За час нямецкай акупацыі загінула прыблізна 70 тыс. жыхароў. Пасля вайны горад паціху пачаў аднаўляцца.
Канец XX — пачатак XXI стагоддзяў
[правіць | правіць зыходнік]11 сакавіка 1990 г. Вышэйшая Рада Літоўскай ССР абвясціла аддзяленне ад Савецкага Саюза і намер аднавіць незалежную Рэспубліку Літву.
Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР прыняў 29 сакавіка 1990 года заяву «Аб вяртанні БССР беларускіх зямель пры выхадзе Літоўскай ССР з Саюза ССР», паводле яе, у выпадку выхаду Літвы са складу СССР Беларуская ССР будзе патрабаваць вярнуць ёй беларускія землі — горад Вільню і Віленскую вобласць, Свянцянскі і часткі тэрыторыі яшчэ пяці раёнаў Літвы[8], якія ў 1939—1940 гадах Літве перадаў Сталін як дар за ўваходжанне ў склад СССР. Гэта заява, зробленая па загадзе з Крамля, не мела пазітыўных водгукаў з боку беларускіх грамадска-палітычных колаў. Тэрытарыяльныя патрабаванні да Літвы не падтрымаў новы склад Вярхоўнага Савета БССР, які пачаў працаваць у маі 1990 года. Аднак заяву ад 29 сакавіка 1990 года ўскосна ўхваліў прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, які на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне 3 чэрвеня 1990 года заявіў, што тэрыторыя Літвы ўключае пяць раёнаў, якія раней належалі Беларусі[9][10].
Пасля дэкларацый Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР ад 9 студзеня 1991 года Савецкі Саюз увёў войска ў Вільнюс. Напружанне дасягнула найвышэйшага пункта 13 студзеня пры нападзе на дзяржаўную радыёстанцыю і Вільнюскую тэлевізійную вежу, калі былі забіты прынамсі чатырнаццаць грамадзянскіх асоб і сур’ёзна пацярпелі яшчэ 700. Савецкі Саюз нарэшце прызнаў літоўскую незалежнасць у жніўні 1991 года.
Вільнюс быў хутка перабудаваны і набыў выгляд сучаснага еўрапейскага горада. Шматлікія з яго старэйшых будынкаў былі адрамантаваны, а дзелавая і камерцыйная актыўнасць пачалі развівацца ў Новым Цэнтры горада.
Вільнюс быў адабраны ў 2009 г. як еўрапейская сталіца культуры, нараўне з Лінцам, сталіцай Верхняй Аўстрыі.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Клімат Вільнюса — вільготны еўрапейскі. Тэмпературны ўлік вядзецца з 1777. Сярэдняя штогадовая тэмпература +6.1 °C (43 °F); у студзені сярэдняя тэмпература −4.9 °C (23 °F), у ліпені +17.0 °C (62.6 °F). Сярэдняя колькасць ападкаў, прыблізна 661 мм.
Лета можа быць гарачым, з тэмпературай вышэй +30 °C, на працягу дня. Зімы звычайна халодныя, з тэмпературамі, якія нярэдка дасягаюць рыскі −25 °C. У гэты час усе рэкі і азёры горада пакрываюцца тоўшчай лёду.
Месяц | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Сярэдні максімум °C | −3.5 | −1.7 | 3.3 | 10.7 | 18.2 | 21.1 | 22.1 | 21.6 | 16.4 | 10.2 | 3.5 | −0.5 | 10.1 |
Сярэдні мінімум °C | −8.7 | −7.6 | −3.8 | 1.6 | 7.5 | 10.8 | 12.3 | 11.5 | 7.7 | 3.4 | −0.9 | −5.2 | 3.4 |
Крыніца: The World Meteorological Organization |
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Горад здаўна вылучаўся шматнацыянальным насельніцтвам, яшчэ з часоў праўлення вялікага князя Альгерда тут пачалі асядаць немцы і яўрэі. Вялікі князь Вітаўт пасяліў тут частку крымскіх татар, пры вялікім князі Жыгімонце Кейстутавічы ў горадзе з’явіліся перасяленцы рамеснікі з Польшчы, Італіі і Венгрыі.
Паводле перапісу ад 14 снежня 1916 г., у Вільнюсе жыло агулам 138.794 жыхароў. Гэты лік складалі наступныя нацыі: палякі 53,67 % (74.466 чал.), яўрэі 41,45 % (57.516 чал.), літоўцы 2,09 % (2.909 чал.), рускія 1,59 % (2.219 чал.), немцы 0,63 % (880 чал.), беларусы 0,44 % (644 чал.) і іншыя ў 0,13 % (193 чал.).
Перапіс ад 9 снежня 1931 паказвае, што палякі складалі 65,9 % поўнага гарадскога насельніцтва (128.600 чал.), яўрэі 28 % (54.600 чал.), рускія 3,8 % (7.400 чал.), беларусы 0,9 % (1.700 чал.), літоўцы 0,8 % (1.579 чал.), немцы 0,3 % (600 чал.), украінцы 0,1 % (200 чал.), іншыя 0,2 % (прыблізна 400 чал.).
Па дадзеных усеагульнага перапісу насельніцтва 2001, з 542 287 жыхароў 57,8 % складалі літоўцы, 18,7 % — палякі, 14 % — рускія, 4 % — беларусы, 0,5 % — яўрэі, астатнія 5 % — прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.
У 2024 годзе насельніцтва склала 602 400 чалавек.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Вільнюс — галоўны эканамічны цэнтр Літвы і адзін з найбольшых фінансавых цэнтраў Балтыйскіх дзяржаў. Нават пры тым, што ў горадзе жыве толькі 15 % насельніцтва Літвы, на Вільнюс прыпадае прыблізна траціна валавога ўнутранага прадукта ўсёй краіны[11].
Меркаваны валавы ўнутраны прадукт Вільнюса, на душу насельніцтва, заснаваны на парытэце пакупной здольнасці валют, у 2005 г. з’яўляўся прыблізна 33 100 $, што вышэй сярэдняга ліку Еўрапейскага саюза.
Вільнюс унёс больш за 10 015 мільярдаў літаў у нацыянальны бюджэт 2008 г. Гэта прыкладна 37 % ад усяго бюджэту. Каўнас, другі па велічыні горад, занёс толькі 1.5 мільярда. Праходзіць штогадовы кірмаш Казюкі.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Музеі
[правіць | правіць зыходнік]У Вільні дзенічаюць Нацыянальны музей Літвы (заснаваны ў 1855 як Музей старажытнасцей; з 1992 сучасная назва), Дзяржаўны яўрэйскі музей Віленскага гаона (1913, некалькі разоў зачыняўся; узноўлены ў 1989), Літоўскі мастацкі музей (1941), які ўключае таксама Карцінную галерэю са зборам жывапісу 15–19 стст. і палац Радзівілаў (канец 17 ст.), музей тэатра, музыкі і кіно (1926, 1964), музей царкоўнай спадчыны (заснаваны ў 1968 у касцёле Св. Міхаіла), прыкладнога мастацтва (1987; у будынку Старога арсенала), бурштыну (1995)[12].
Тэатры і музычныя калектывы
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічаюць Літоўскі тэатр оперы і балета, Нацыянальны тэатр драмы (1940), Рускі драматычны (1946), «Meno Fortas» (1998), два лялечныя тэатры і інш.; Нацыянальная філармонія (1940), пры ёй – Нацыянальны сімфанічны аркестр (1940–41, з 1958), Літоўскі камерны аркестр. Працуе Цэнтр духоўнай музыкі ордэна езуітаў (1995)[12].
Фестывалі і конкурсы
[правіць | правіць зыходнік]Праводзяцца Міжнародны конкурс піяністаў і арганістаў імя М. Чурлёніса (з 1965), Міжнародны арганны фестываль (1968), рэспубліканскія спеўныя святы (1946, 1950, далей 1 раз на 5 гадоў, з 1990 1 раз на 4 гады)[12].
Спорт
[правіць | правіць зыходнік]- БК Летувас Рытас — баскетбольны клуб.
- ФК Жальгірыс Вільнюс — футбольны клуб.
- Стадыён ЛФФ па футболу.
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Горад мае шмат універсітэтаў. Найбольшы і самы стары — Віленскі ўніверсітэт з 23 000 студэнтаў. Наступныя:
- Універсітэт імя М. Ромера (19 000 студэнтаў)
- Віленскі Гедзімінаўскі Тэхнічны ўніверсітэт (13 500 студэнтаў)
- Віленскі педагагічны ўніверсітэт (12 500 студэнтаў).
Існуюць таксама спецыялізаваныя высокія школы з універсітэцкім статутам:
- Ваеннае вучылішча Літвы
- Віленская акадэмія мастацтваў
- Нацыянальная школа мастацтваў
- Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт
- Віленская акадэмія бізнесу
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Сталіца Літвы ляжыць блізка да мяжы ЕС з Беларуссю ў пэўным «мёртвым куце» з боку ад транспартных шляхоў. Праз Вільнюс ідуць транзітныя цягнікі з Расіі праз Беларусь у Калінінград. Іншыя важныя транспартныя шляхі ідуць праз гістарычную сталіцу Літвы — Каўнас. Да яе з Вільнюса ідзе хуткасная магістраль.
Вільня мае міжнародны аэрапорт.
З Вільні аўтастрады вядуць праз Каўнас да Балтыйскага мора да паромаў Клайпеды і ў Панявежыс з выхадам на Via Baltica. Таксама важная аўтастрада ідзе на Мінск.
Грамадскі транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Вільня не мае ані метрапалітэна, ані трамвайнай сістэмы. У грамадскім транспарце дамінуюць аўтобусы і тралейбусы. Будаўніцтва трамвайных ліній плануецца. Электрацягнікі злучаюць Вільню з прыгарадамі. Віленскі метрапалітэн таксама яшчэ толькі праектуецца і будзе адкрыты прыкладна ў 2027 годзе.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Віленская ратуша
- Касцёл Святой Ганны
- Касцёл Святога Варфаламея
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
- Касцёл Святых Францыска і Бернарда, Вільнюс
- Кафедральны сабор у імя Унебаўзяцця Прачыстай Маці Божай (Прачысценскі сабор)
- Помнік Міндоўгу
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Палацы Вільні
[правіць | правіць зыходнік]Вільня і беларусы
[правіць | правіць зыходнік]3 часоў ВКЛ да I сусветнай вайны сацыяльна-эканамічнае, нацыянальнае і культурнае развіцце беларусаў і літоўцаў праходзіла ў адзінай дзяржаўнай прасторы. Галоўным беларускім асяродкам тут здаўна была Вільня, дзе існавалі агульныя дзяржаўныя і культурныя ўстановы, у т. л. Віленскі ўніверсітэт, Віленская брацкая друкарня, тут выдаваў кнігі Францыск Скарына. Пасля далучэння ў канцы XVIII стагоддзя беларускіх і літоўскіх зямель да Расійскай імперыі беларусы і літоўцы разам удзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым руху. Тут быў арыштаваны і пакараны смерцю Кастусь Каліноўскі.
У пачатку XX стагоддзя дзейнічалі Віленскае мастацка-прамысловае таварыства, Віленскае мастацкае таварыства, выдавецтва «Нашай нівы», Беларускае выдавецкае таварыства (працягвала дзейнасць у 1919—1930 гадах), Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі настаўніцкі саюз, выдаваліся газеты «Наша доля» і «Наша ніва». 12 лютага 1910 года ў клубе чыгуначнікаў адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні. У Першую сусветную вайну, пасля акупацыі германскімі войскамі, у Вільні ў 1915 быў арганізаваны Беларускі клуб. 3 абвяшчэннем незалежнасці Літвы (люты 1918) дзейнасць беларуcкіх арганізацый каардынавала Віленская беларуская рада, прадстаўнікі якой увайшлі ў Літоўскую Тарыбу. У снежні 1918 года ў Вільні знаходзіўся ўрад БНР.
У кастрычніку 1920 года войскі польскага генерала Л. Жалігоўскага захапілі Вільню, абвешчана Сярэдняя Літва. 9 кастрычніка 1920 года ў Вільні на нарадзе беларускіх дзеячаў, у якой прынялі ўдзел Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Антон Луцкевіч і інш., было вырашана выкарыстаць спрыяльныя палітычныя абставіны для развіцця беларускай адукацыі і асветы. У 1921 годзе А. Луцкевіч стварае Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Па прапанове ўрада Б. Тарашкевіч заняў пасаду старшага рэферэнта ў Дэпартаменце асветы. У 1921 годзе па ініцыятыве Тарашкевіча створана Таварыства беларускай школы.
У пачатку 1922 года сейм зацвердзіў уключэнне Віленшчыны ў склад Польшчы. 3 гэтага часу і да канца 1939 года Вільня была грамадскім, асветным і культурным цэнтрам беларусаў. У горадзе ствараліся палітычныя, гаспадарча-эканамічныя, асветныя арганізацыі, установы і таварыствы.
У горадзе ствараліся і дзейнічалі беларускія палітычныя партыі, гаспадарча-эканамічныя, асветныя арганізацыі, установы і таварыствы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцей і інш. У 1920—1930-я гады ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х гадоў тут знаходзіліся Галоўны сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады; выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А. Луцкевіч, М. Гарэцкі, Б. Тарашкевіч, У. Самойла, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, І. Дварчанін, Р. Шырма, Г. Цітовіч, М. Танк, П. Сергіевіч, Я. Драздовіч, І. Канчэўскі (Абдзіраловіч) і інш.
У пачатку Другой сусветнай вайны, калі Вільня і Віленскі край былі перададзены ў склад Літвы (кастрычнік 1939), спынілі дзейнасць віленскія Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз. Падчас нацысцкай акупацыі (1941—1944) яшчэ дзейнічалі Віленская беларуская гімназія, беларуская настаўніпкая семінарыя, Беларускі музей (закрыты ў 1945 годзе), выдавалася газета «Беларускі голас» (рэд. Ф. Аляхновіч). Пасля вызвалення Літвы савецкімі войскамі частка беларусаў Віленшчыны на падставе літоўска-польскага пагаднення аб узаемнай эвакуацыі насельніцтва ад 22 верасня 1944 года перасялілася ў Польшчу.
У пасляваенны перыяд беларускае палітычнае жыццё амаль поўнасцю было спынена. Практычна ўсе беларускія дзеячы і іх сем’і папалі пажд арышты і дэпартацыю. Аднаўленне дзейнасці нават у галіне беларускай культуры было немагчыма з-за рэпрэсій КДБ і амаль поўнай змены этнічнай структуры насельніцтва горада.
3 1945 года ў Літву па вярбоўцы, на новабудоўлі і інш. прыбывалі беларусы з БССР. Іх колькасць павялічылася, аднак арганізаванага нацыянальнага жыцця яны практычна не мелі. У Вільні працягвалі сваю дзейнасць П. Сергіевіч, З. Верас, Л. Луцкевіч, Я. Шутовіч і інш.
Актывізацыя грамадскага жыцця беларусаў пачалася ў часы лібералізацыі ў СССР (другая палова 1980-х гадоў), калі ўзнік шэраг беларускіх культурна-асветных арганізацый. У 1988 годзе Зоська Верас разам з Лявонам Луцкевічам, сынам Антона Луцкевіча, утварылі спачатку клуб «Сябрына», а 4 лютага 1989 года было заснавана Таварыства беларускай культуры ў Літве[13]. З 1989 года трансліруюцца беларускія перадачы на радыё і тэлебачанні. З 1993 года дзейнічае беларуская сярэдняя школа імя Ф. Скарыны.
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
[правіць | правіць зыходнік]- Францыск Скарына — беларускі першадрукар, ён выдаў тут «малую падарожную кніжку» і «Апостал».
- Пётр Мсціславец — паслядоўнік Скарыны, адкрыў тут друкарню з кірылічным шрыфтам.
- Іеранім Пражскі — быў прыяты пры двары вял. кн. Вітаўта, амаль год жыў у ВКЛ і распаўсюджваў гуманістычныя ідэі гусітаў.
- Войцех з Брудзева — астраном, жыў пры двары вял. кн. Аляксандра.
- Адам Кіркор — у горадзе жыў у перыяд з 1836—1868, аўтар прац пра гісторыю і прыроду Беларусі, матэрыяльную і духоўную культуру беларускага народа.
- Ян Чачот — беларуска-польскі паэт.
- Эразм Вітэлій — публіцыст, жыў пры двары вял. кн. Аляксандра.
- Людас Гіра (1884—1946) — літоўскі паэт, драматург, літаратурны крытык, перакладчык, публіцыст, грамадскі дзеяч.
- Ігнат Уладзіміравіч Канчэўскі (Ігнат Абдзіраловіч; 1896—1923) — беларускі філосаф, паэт, публіцыст; аўтар праграмнага эсэ «Адвечным шляхам».
- Францішак Аляхновіч (1883—1944) — беларускі драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст.
- Юліяна Вітан-Дубейкаўская (1886—1970) — беларуская мастацтвазнаўца, педагог, мемуарыстка.
- Канстанцыя Буйло (1893—1986) — беларуская паэтка.
- Барыс Каверда (1907—1987) — антыкамуністычны дзеяч беларускага паходжання, які ў 1927 годзе здзейсніў забойства прадстаўніка СССР у Польшчы Войкава.
- Марыя Ямант (1842—1908) — удзельніца паўстання 1863—1864 гадоў,
- Людвік Звяждоўскі (1829—1864) — капітан расійскай арміі, член тайнага таварыства Зыгмунта Серакоўскага, удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў.
- Рамуальд Падбярэскі (1812/1813 — 1856) — беларускі выдавец, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст.
- Эмілія Плятэр (1806—1831) — беларуская фалькларыстка, прадстаўніца шляхецкага роду і ўдзельніца паўстання 1830—1831 гадоў.
- Лявон Луцкевіч (1922—1997) — беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог, мемуарыст
- Аляксандр Бурбіс (1885—1922) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, акцёр, рэжысёр
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Віленскае княства
- Вільнюскі метрапалітэн
- Віленская канферэнцыя
- Вуліца Савічаус
- Змаганне польскай Самаабароны за Вільню
- Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў
- Віленская друкарня Зарэцкіх
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Resident population by city / town at the beginning of the year — State Data Agency of Lithuania, 2023. Праверана 12 лютага 2023.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 384.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1140—1143.
- ↑ В. Н. Топоров. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф // Балто-славянские этноязыковые контакты. Москва, 1980. С. 11—15.
- ↑ Топоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф. С. 16-18, 28-30.
- ↑ Топоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф. С. 40-44.
- ↑ Котлярчук, А. Православная церковь в Великом княжестве Литовском // Вестник Белорусского православного экзархата. — 1998. — № 1. — С. 7 — 25.
- ↑ Заява Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб вяртанні БССР беларускіх зямель пры выхадзе Літоўскай ССР з Саюза ССР // Звязда. 1990. 1 крас. С. 1.
- ↑ Снапковский В. Е. История внешней политики Беларуси. Минск: БГУ, 2013. С. 393
- ↑ В. Е. Снапковский. Историческая политика в Беларуси в период перестройки и парламентской республики (1985—1994 гг.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 ліпеня 2020. Праверана 30 снежня 2015.
- ↑ https://web.archive.org/web/20080703204949/http://www.vilnius.lt/new/en/investicijos.php
- ↑ а б в ВИЛЬНЮС • Большая российская энциклопедия - электронная версия . old.bigenc.ru. Праверана 5 снежня 2024.
- ↑ Мы стаім ніжэй за цыганоў
- ↑ а б в г д е ё ж з і http://www.ivilnius.lt/pazink/apie-vilniu/miestai-partneriai
- ↑ http://static.pohjoiskarjala.net/jns/ilmastotori/www.joensuu.fi/ystavyyskaupungit.html
- ↑ https://vilnius.lt/lt/tarptautinis-bendradarbiavimas/#tab1
- ↑ а б в г д е ё ж з і к https://vilnius.lt/lt/tarptautinis-bendradarbiavimas/
- ↑ https://bc-rada.gov.ua/node/1918
- ↑ https://www.gdansk.pl/urzad-miejski/biuro-prezydenta/wilno-litwa,a,1667
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вайткявичюс Г. Вильнюс: от поселения до королевского города // Археология и история Литвы и северо-запада России в Средневековье. Доклады российско-литовского семинара. Вильнюс, 28-30 марта 2011 г. Вильнюс, 2013. — С. 81-107
- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Выдавецтва таварыства беларускай культуры, 1998. ISBN 9986-9228-2-8
- Stosunki litewsko-polskie w Djecezji Wileńskiej i nadużycia Partji Wszechpolskiej. Memorjał duchowieństwa litewskiego. — Wilno : Druk. J. Zawadzkiego, 1913. — 66 s.
- Крачковский Ю. Предисловие к т. 20. АВАК (история Вильны) // АВАК. Вильна, 1893. Т. XX. С. XXI — CCXXVI. // на pawet.net
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Вільнюс у Вікіцытатніку | |
Вільнюс на Вікісховішчы |
- vilnius.lt — афіцыйны сайт
- Вільня ў фотаздымках на Radzima.org
- І. Воранаў — Вільня-Вільно-Вільнюс (Гісторыя аднаго горада)
- Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні Архівавана 8 жніўня 2009.
- Вільня — westki.info Архівавана 3 сакавіка 2009.
- Василий фон Роткирх. XIII. Алцис. Легендарный богатырь в гербе города Вильны // Литовско-языческие очерки. Историческия изследования Теобальда. Вильна: Типография п. ф. О. Завадскаго, Замк. п. № 149. 1890. С. 146—156. Архівавана 18 кастрычніка 2010.
- «Рабі пільна — і тут будзе Вільня» // Радыё Свабода. 2009.08.07. (Фота.)
- Virtual Historical Vilnius (літ.) (англ.)
- Вільня Беларуская: усе спасылкі пра беларускую спадчыну ў адным месцы Архівавана 16 лютага 2015.
- Старонка ў Facebook «Вільня Беларуская»
- В. Я. Вільня. Кароткі гістарычны нарыс. Б.м., (ЗША?), 1984. // на pawet.net