Перайсці да зместу

Азербайджан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Азербайджанская Рэспубліка
азерб.: Azərbaycan Respublikası
Герб Азербайджана
Сцяг Азербайджана Герб Азербайджана
Дэвіз: «Odlar Yurdu
(Краіна Агнёў)»
Гімн: «Azərbaycan Marşı»
Заснавана 28 мая 1918 як АДР
28 красавіка 1920 як АзССР
Дата незалежнасці 18 кастрычніка 1991 (ад СССР)
Афіцыйная мова Азербайджанская[1]
Сталіца Баку
Найбуйнейшыя гарады Баку, Гянджа, Сумгаіт, Ленкарань, Нахічэвань[2], Ханкендзі
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка[3]
Прэзідэнт
Прэм’ер-міністр
Ільхам Аліеў
Алі Асадаў
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
114-я ў свеце
86 600 км²
1,6 %
Насельніцтва
• Ацэнка (2019)
Шчыльнасць

10 000 000[4] чал. (89-я)
115 чал./км²  (99-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$188,9 млрд [5]  (73-ы)
$18 776  (75-ы)
ІРЧП (2017) 0,757 [6] (высокі) (80-ы)
Валюта Азербайджанскі манат
(AZN, код 944)
Авіякампанія AZAL
Інтэрнэт-дамен .az
Код ISO (Alpha-2) AZ
Код ISO (Alpha-3) AZE
Код МАК AZE
Тэлефонны код +994
Часавыя паясы +4

Азербайджа́н (азерб.: Azərbaycan), Азербайджа́нская Рэспу́бліка (азерб.: Azərbaycan Respublikası) — дзяржава ва ўсходняй частцы паўднёвага Каўказа. З усходу абмываецца Каспійскім морам. Мяжуе на паўночным захадзе з Грузіяй, на поўначы з Расіяй, на паўднёвым захадзе Арменіяй і Турцыяй, на поўдні з Іранам. У склад Азербайджана ўваходзіць Нахічэванская Аўтаномная Рэспубліка — эксклаў, аддзелены ад асноўнай масы краіны тэрыторыяй Арменіі. Частку тэрыторыя Азербайджана кантралюе Арменія (эксклавы Кяркі, Бархударлы, і інш), Азербайджан кантралюе частку тэрыторыі Арменіі (анклаў Арцвашэн).

Падзяляецца на 66 раёнаў, 11 гарадоў рэспубліканскага падпарадкавання і 1 аўтаномную рэспубліку (Нахічэванскую). У эканамічных мэтах Азербайджан дзеліцца на 10 эканамічных раёнаў.

Нацыянальнае свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).

Першапачатковая форма тапоніма — Атрапатэн (ад Атрапата, сатрапа Мідыі часоў пазнейшых Ахеменідаў). У сваю чаргу, ягонае імя ўзыходзіць да састаўнога стараіранскага «абаронены свяшчэнным агнём». Назва распаўсюджвалася на тэрыторыю вакол возера Урмія і на поўнач — ажно да ракі Аракс (сёння гэта Іранскі Азербайджан). У 1918 назва Азербайджан была ўпершыню прыменена да дзяржавы — Азербайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі, што ўзнікла на абломках Расійскай імперыі ў амаль што сённяшніх межах. Іранскі Азербайджан працягвае заставацца ў складзе Ірана.

Геаграфічна належыць да Паўднёва-Заходняй або Пярэдняй Азіі. Калі разглядаць Вялікі Каўказ як мяжу паміж Азіяй і Еўропай, некалькі паўночных раёнаў Азербайджана апынуцца ў Еўропе. З усходу абмываецца Каспійскім морам, працягласць берагавой лініі — 825 км.

Для Азербайджана характэрна чаргаванне гор (Вялікі Каўказ, Малы Каўказ, Талышскія горы) і нізін. Краіна мае вельмі значныя запасы вуглевадародаў, асабліва нафты. У Азербайджане знаходзіцца палова гразевых вулканаў свету.

Рэкі адносяцца да басейна Куры.

Тапаграфічная карта Азербайджана.

Азербайджан — горная краіна, дзе высокія хрыбты і пласкагор’і спалучаюцца з раўнінамі і нізінамі. Каля 60 % усёй тэрыторыі займаюць горы, а 40 % — нізіны (пераважна Кура-Араксінская нізіна). Тэрыторыя спадае з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход — у бок Каспійскага мора. У рэльефе вылучаюцца 4 часткі: горная сістэма Вялікі Каўказ (г. Базардзюзю, 4 466 м); горная сістэма Малы Каўказ; Ленкаранская горная сістэма (або Талышскія горы, да 2 477 м); Кура-Араксінская нізіна, размешчаная ў цэнтры рэспублікі, усходняй ускраінай ляжыць ніжэй за ўзровень акіяна (да — 28 м).

Гара Базардзюзю з вышыні 4 466 м, самая высокая гара ў Азербайджане.

У краіне маецца больш за 400 гразевых вулканаў. Утварыліся яны 25 млн гадоў таму і нярэдка вывяргаюцца, працэс суправаджаюць гул і выбухі, часам нават з языкамі полымя.

Клімат раўніннага Азербайджана ў асноўным цёплы, пераходны ад умеранага да субтрапічнага. На Кура-Араксінскай нізіне — сухі (студзень +1 °C, ліпеня +26 °C; ападкаў 200—400 мм у год). На Ленкаранская нізіне — вільготны субтрапічны, з ападкамі 1 400—1 700 мм. У перадгорных і горных раёнах — умераны, умерана халодны і халодны (сярэдняя тэмпература студзеня ад 0 °C да −10 °C; ліпеня — ад +20 °C да +10 °C і ніжэй, ападкаў — ад 400 да 1 300 мм) .

Горная рака ў Масалінскім раёне.

Азербайджан з’яўляецца краінай малых горных рэк (больш за 1000). Большасць рэк Азербайджана належаць басейну Куры. Уздоўж паўднёвай мяжы цячэ Аракс — самы значны правы прыток Куры. У Азербайджане ёсць 250 азёр, самыя буйныя з іх — возера Хаджыкабюль (16 км²) і возера Беюкшор (10 км²). На Куры створана Мінгечавірскае вадасховішча плошчай 605 км².

Глебы і расліннасць разнастайныя. У нізінах пераважна шэразёмы і лугавыя глебы, саланчакі з паўпустыннай і стэпавай расліннасцю, вышэй, да 500 м, — каштанавыя, на схілах гор, да 2 000 — 2 200 м, — бурыя горныя з шырокалістымі лясамі (бук, граб, дуб). Асабліва развіта лясная расліннасць на паўднёвых схілах Галоўнага Каўказскага хрыбта. Вышэй за 2 000 — 2 200 м — субальпійскія і альпійскія лугі, яйлагы — летнія пашы. У шыракалістых лясах вільготных субтропікаў сустракаюцца рэлікты неагену (жалезнае дрэва, дуб каштаналістны, дзелква, шаўковая акацыя і інш). Пад імі развіты жаўтазёмныя субтрапічныя глебы, якія выкарыстоўваюцца для вырошчвання чаю, цытрусавых і інш. У Азербайджане налічваецца больш за 400 відаў дрэў і кустоў. Жывёльны свет гор: дагестанскі тур, муфлон, дзікабраз, сарна. Самыя вядомыя прыродаахоўныя тэрыторыі — Кызылагачскі запаведнік і Шырванскі нацыянальны парк.

Азербайджан удзельнічае ў гісторыі чалавецтва ледзь не ад самага яе пачатку і на працягу тысячагоддзяў уваходзіў у склад безлічы дзяржаў, пераважна іранскіх, што паўплывала на культуру краіны.

На тэрыторыі сучаснага Азербайджана да ІХ ст да н.э. жылі плямёны скіфаў. У VII ст.да н.э. землі на поўдзень ад Аракса ўвайшлі у склад Мідыі, якую ў VI ст.да н.э. зваявала Персія. У складзе дзяржавы Ахеменідаў прыкаспійскія землі ўтварылі правінцыю Атрапатэн, ад якой пайшла сучасная назва краіны. Пасля падзення Персіі ў вайне з Аляксандрам Македонскім і смерці грэчаскага палкаводца Атрапатэн дастаўся Селеўкідам.

Палац Шырваншахаў, Баку

У гэты час распаўсюджваецца зараастрызм. Час радыусам у чвэрць староддзя вакол новай эры прыпадае на дзяржаву Каўказская Албанія. У 252 годзе н.э. яна была акупавана Сасанідскім Іранам, зрэшты, захаваўшы шырокія аўтаномныя правы.

У VII ст.на тэрыторыю Азербайджана пранік іслам. У VIII—X стагоддзях тэрыторыя Азербайджана трапіла пад уладу Арабскага халіфата. На гэты час прыпадае культурны росквіт краю. На стараазербайджанскай мове — дарэчы, не цюркскай а іранскай — ствараў вялікі паэт Нізамі (1141—1209). У XI—XIV стагоддзях тэрыторыя падвяргалася нашэсцям турак-сельджукаў, мангола-татараў. Са складу Залатой Арды Азербайджан выйшаў пад началам дынастыі Шырваншахаў, што пасля ўмудрыліся заставацца ў сяброўскіх адносінах з бязлітасным Цімурам.

Палац шэкінскіх ханаў

У 1501 на некалькі стагоддзяў трапляе пад уладу Сефевідскага Ірана, часам адыходзячы да Асманскай імперыі. У XV стагоддзі азербайджанцы сфармаваліся як народ. У XVIII стагоддзі тут узнікла больш за 10 дзяржаўных утварэнняў, што карысталіся аўтаноміяй, сярод якіх — Шэкінскае і Кубінскае ханствы. У тым жа стагоддзі пачалася экспансія Расіі. Упершыню Баку быў узяты рускімі войскамі ў 1722—1723. У XIX стагоддзі ў выніку руска-іранскіх войнаў 1805—1813 і 1826—1828 гадоў Паўночны Азербайджан увайшоў у склад Расійскай імперыі паводле Туркманчайскага дагавора. Баку ператварыўся ў адзін з найвялікшых гарадоў імперыі.

У 1917 годзе ў Баку была ўстаноўлена савецкая ўлада. 28 мая 1918 года была абвешчана Азербайджанская Дэмакратычная Рэспубліка, якая праіснавала да 1920 года, і якую называюць першай свецкай рэспублікай у ісламскім свеце. У красавіку 1920 года Баку заняла Чырвоная армія і была адноўлена савецкая ўлада і ўтворана Азербайджанская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. 30 снежня 1922 года Азербайджан увайшоў у СССР спачатку ў складзе Закаўказскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі разам з Грузіяй і Арменіяй; а пасля яе скасавання ў 1936 годзе — як саюзная рэспубліка. У 1937 годзе была ўтворана Нагорна-Карабахская аўтаномная вобласць.

Бягучыя межы ў Нагорным Карабаху

У лютым 1988 года НКАВ звярнулася ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай аб ўз’яднанні з Арменіяй, у выніку чаго пачаліся армянскія і азербайджанскія пагромы. 30 жніўня 1991 была атрымана незалежнасць ад СССР, што было замацавана 18 кастрычніка 1991 года Канстытуцыйным актам аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай Рэспублікі. Гэтым актам Азербайджанская Рэспубліка аб’яўлена пераемніцай Азербайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Азербайджанская Рэспубліка стала членам СНД 21 снежня 1991 года.

У верасні 1991 года адбылася сэцэсія Нагорна-Карабаскага рэгіёна, дзе была абвешчана незалежная рэспубліка Арцах. Пасля вываду войскаў СССР канфлікт перарос у грамадзянскую вайну. Даволі пасрэдныя прэзідэнты — партыец Аяз Муталібаў і Абульфаз Эльчыбей — не здолелі перамагчы «армянскіх захопнікаў», і ў 1993 Эльчыбей паклікаў на дапамогу генерала Гейдара Аліева з Нахічэвані. Карабах усё адно стаў дэ-факта незалежным (хоць і не прызнаным сусветнай супольнасцю) ад Азербайджана ў 1994 годзе («Кантракт стагоддзя»), а вось генерал Аліеў у 1993 годзе стаў трэцім прэзідэнтам маладой рэспублікі. Пасля яго смерці у снежні 2003 прэзідэнтам стаў ягоны сын Ільхам Аліеў, які ўспадкаваў аўтарытарны стыль кіравання.

Палітыка і дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]
Ільхам і Мехрыбан Аліевы на цырымоніі адкрыцця Першых Еўрапейскіх гульняў, Баку, 2015

Азербайджан — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт (з 2003 — Ільхам Аліеў), які выбіраецца на тэрмін 7 гадоў усеагульным галасаваннем. Выканаўчая ўлада таксама належыць яму. Жонка Ільхама Аліева Мехрыбан, займае пасаду віцэ-прэзідэнта. Кіраўнік урада — прэм'ер-міністр.

Вышэйшы заканадаўчы орган — Нацыянальны сход (Мілі Меджліс, азерб.: Milli Məclis) Азербайджанскай Рэспублікі, 125-месны аднапалатны парламент, які выбіраецца на 5 гадоў усеагульным галасаваннем. Большасць крэслаў у парламенце мае прапрэзідэнцкая партыя «Новы Азербайджан». Судовая ўлада належыць незалежным судам: Канстытуцыйнаму Суду, Вярхоўнаму Суду, Вышэйшаму Эканамічнаму Суду.

Знешняя палітыка

[правіць | правіць зыходнік]
Ільхам Аліеў сустракаецца з прэзідэнтам Турцыі Эрдаганам

Азербайджан мае дыпламатычныя адносіны з 158 краінамі свету і сяброўства ў 38 міжнародных арганізацыях. Асабліва блізкія адносіны ў Айзербайджана з Турцыяй: краіны звязваюць іслам, панцюркізм, складаныя адносіны з Арменіяй і стабільна высокія месцы на конкурсе Еўрабачанне, дзе яны амаль заўсёды дораць адно аднаму 12 балаў.

Айзербайджан уваходзіць у шэраг міжнародных арганізацый: СНД, ГУАМ, Савет Еўропы, АБСЕ, Усходняе партнёрства, Партнёрства дзеля міру, Рух недалучэння.

Беларуска-азербайджанскія адносіны

[правіць | правіць зыходнік]

Дыпламатычныя адносіны ўрады ўстанавілі 11 чэрвеня 1993 года[7]. У 2006 годзе падпісаны Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікай аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2015 года. 2 мая 2007 года ў Баку Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў падпісалі Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве[8]. Усяго ў 2006—2018 адбылося 10 сустрэч нязменных прэзідэнтаў Беларусі і Азербайджана.

Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікі на ўзроўні пасольстваў адкрыты адпаведна ў Баку і Мінску ў 2006 годзе. Пасол Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы — Генадзь Ахрамовіч (з 2015 года), Пасол Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь — Ляціф Гандзілаў (з 2016 года).[9]

Полава-ўзроставая піраміда, 2020

У красавіку 2019 было абвешчана аб нараджэнні дзесяцімільённага жыхара Азербайджана. Пры гэтым адзначаецца, што больш за мільён грамадзян краіны з гэтага ліку пражываюць за яе межамі (у Расіі, Турцыі, Украіне і іншых краінах). Натуральны прырост — 0,83 % (2018), адзін з самых высокіх сярод краін былога СССР. У выніку гэтага насельніцтва параўнальна маладое: дзеці і падлеткі да 15 гадоў складаюць 23 %, сярэдні ўзрост — 31,7 гадоў.[10] Аднак колькасць дзяцей у сем’ях у ХХІ стагоддзі даўно стала еўрапейскай (1,89 дзяцей на адну жанчыну ў 2018), а гэта значыць, што неўзабаве і тут колькасць жыхароў пачне скарачацца. Каля 10 % насельніцтва краіны складаюць бежанцы, у асноўным з Арменіі і Нагорнага Карабаха, а таксама туркі-месхецінцы, дэпартаваныя з Грузіі ў Сярэднюю Азію па загадзе Сталіна. У сваю чаргу, многія колішнія жыхары Азербайджана і іх нашчадкі сёння з’яўляюцца грамадзянамі іншых краін. У 2010-х узровень як эміграцыі, так і іміграцыі, зменшыўся.

Маладыя азербайджанцы

Згодна з перапісам 2009 года, этнічны склад наступны: азербайджанцы (91 %), лезгіны (2 %), рускія і армяне (па 1,35 %, апошнія амаль усе жывуць ў Карабаху), іранскі народ талышы (1 %). У выніку міграцый, выкліканых міжэтнічным канфліктам канца 1980-х-пачатку 1990-х, Азербайджан фактычна ператварыўся ў монанацыянальную краіну. Тытульная нацыя — азербайджанцы, другі па шматлікасці цюркскі народ пасля туркаў. У суседнім Іране, у рэгіёне Паўднёвы Азербайджан, пражывае каля 11-15 млн азербайджанцаў — больш чым у самім Азербайджане. Яшчэ каля 10 мільёнаў азербайджанцаў раскідана па ўсім свеце.

Дзяржаўная мова — азербайджанская, цюркская мова агурскай групы. Па-ранейшаму шырокі ўжытак у культуры, міжнацыянальных зносінах ды і проста ў паўсядзённым жыцці мае руская мова. Узрастае роля англійскай як трэцяй мовы.

Большая частка насельніцтва (97 %) вызнае іслам, каля 85 % мусульман — шыіты, астатнія — суніты. Але ў адрозненне ад суседняга Ірана — сусветнага цэнтра шыізму — дзяржава свецкая, больш за тое, самая секулярызаваная сярод усіх ісламскіх краін. Толькі для 21 % азербайджанцаў рэлігія грае значную ролю ў жыцці — гэта шостае месца ў рэйтынгу самых атэістычных краін свету![11]

Баку, вуліца Нізамі

Шчыльнасць насельніцтва Азербайджана ўзрасла з 89,2 чал/км² ў 1995 годзе да 115 чал/км² у 2019 годзе. У рэспубліцы назіраецца рост дыспрапорцыі ў шчыльнасці насельніцтва: Апшэронскі паўвостраў прыкметна перанаселены, чвэрць насельніцтва канцэнтруецца ў сталічнай агламерацыі, у той час як з горных раёнаў назіраецца адток насельніцтва. Узровень урбанізацыі складае 55,7 % (2018). Пасля крызісу 1990-х і падзення долі гарадскога насельніцтва да 51,1 % у 1999, гарады краіны зноў растуць і развіваюца. Усяго ў Азербайджане 78 гарадоў, 63 гарадскіх раёны, а таксама адзін горад са спецыяльным прававым статусам. За імі ідуць 261 пасёлкаў гарадскога тыпу і 4248 вёсак.[12] Найбуйнейшыя гарады — Баку (2,3 млн чал. у агламерацыі), за ім ідуць Гянджа і Сумгаіт (прыблізна па 300 тыс.), далей Мінгечаур і Ленкарань (каля 100 тыс.)

Азербайджан — індустрыяльна-аграрная краіна, дабрабыт якой грунтуецца на развітым нафтавым і газавым сектарах. Нафтавыя звышпрыбыткі робяць краіну самай багатай рэспублікай Каўказа, але ў той жа час — і самай уразлівай да ваганняў цэн на сусветным рынку. Сярод галін прамысловасці, не звязаных з нафтаздабычай, — гідраэнергетыка, каляровая металургія, цэментная. Развітыя сельская гаспадарка, транспарт, турызм.

Грашовая адзінка — азербайджанскі манат. Банкаўскую сістэму ачольвае Цэнтральны Банк, які ажыццяўляе эмісію валюты і кантралюе астатнія банкі, найбуйнейшыя з якіх — прыватны UniBank і дзяржаўны Міжнародны Банк Азербайджана. Рэформы пачатку ХХІ стагоддзя вывелі Азербайджан на высокія пазіцыі па лёгкасці вядзення бізнесу (25 месца ў свеце ў 2019!).[13] ВУП на душу насельніцтва складае каля 18 000 даляраў (2018 г.), што робіць Азербайджан самай багатай краінай Закаўказзя. Аднак трэба адзначыць, што дабрабыт краіны грунтуецца на нафтавым падмурку. На сённяшні дзень сырая нафта складае 80-95 % азербайджанскага экспарту тавараў.[14] У сувязі з вельмі моцнай залежнасцю эканомікі ад цэн на нафту, у ХХІ стагоддзі нярэдкія прыступы галандскай хваробы. Празмерна раздзьмуты нафтавы сектар спараджае высокі ўзровень інфляцыі і ўскладняе экспарт іншых тавараў. У 1999 быў заснаваны Дзяржаўны нафтавы фонд Азербайджана, асноўная мэта якога — разумна распараджацца звышпрыбыткамі ад продажу нафты.

Здабыча нафты ў марскім пасёлку Нафтавыя Камяні

Яшчэ ў сярэднія вякі арабскі падарожнік Ахмед аль-Балазуры згадаў пра здабычу белай і чорнай (мазут) нафты на Апшэронскім паўвостраве. У ХІХ стагоддзі Баку стаў нафтавай сталіцай Расійскай імперыі. У час Вялікай Айчыннай вайны Азербайджан даваў каля 80 % савецкага паліва. У 1994 годзе быў падпісаны дагавор з 13 заходнімі нафтавымі кампаніямі, якія з таго часу асвойваюць нафтавыя і газавыя радовішчы Азербайджана, у тым ліку і складаныя глыбакаводныя. Здабыча нафты ў 2015—2018 трымаецца на ўзроўні 790—840 тыс.барэляў у дзень (38-40 млн тон у год), гэта 21-22 месца ў свеце.[15] Дзейнічаюць экспартныя нафтаправоды Баку-Супса, Баку-Джэйхан, Баку-Наварасійск.

Паўднёвы газатранспартны калідор

Таксама ў ХХІ стагоддзі ў паліўным сектары ўзрастае ўдзельная вага прыроднага газу. У 2016 было здабыта 18,7 млрд м³ блакітанага паліва. Да 2021 года плануецца завяршыць газіфікацыю ўсёй краіны. У межах праекта «Паўднёвы газатранспартны калідор» праектуецца Трансанаталійскі газаправод (TANAP) і трансадрыятычны газаправод Trans-Adriatic Pipeline (TAP).

Вытворчасць электраэнергіі ў 2017 склала 22,2 млрд кВт*гадз, больш за 90 % — на ЦЭС пераважна на прыродным газе, таксама на мазуце. На рацэ Кура ў 1945—1954 была створана найбуйнейшая на Каўказе Мінгечаурская ГЭС магутнасцю 420 МВт, якая дае каля 5 % вырабу электраэнергіі краіны.

У гарах Малога Каўказа распрацоўваюцца запасы золата, поліметалічных руд, што служыць сыравінай для каляровай металургіі.

Сельская гаспадарка спецыялізуецца ў асноўным на вінаградарстве, садоўніцтве, тытуняводстве, агародніцтве, жывёлагадоўлі і шаўкаводстве. Галоўныя тэхнічныя культуры — бавоўнік, тытунь, чай. Каспійская рыбная прамысловасць базуецца на запасах асятровых і бялух, што імкліва скарачаюцца.

Марка, прысвечаная чыгунцы Баку-Тбілісі-Карс

У 2017 годзе была ўрачыста адкрыта чыгунка Баку-Тбілісі-Карс, што звязала Азербайджан з Турцыяй.

Хуткімі тэмпамі развіваецца турыстычны сектар, што моцна заняпаў падчас і пасля Карабахскай вайны. У 2010—2016 Сусветная турыстычная арганізацыя аднесла Азербайджан да краін, што дэманструюць найлепшы рост у сферы турызму.

Асноўныя гандлёвыя партнёры — Італія, Германія, Расія. Важным гандлёвым партнёрам Азербайджана з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Штогадовы гандлёвы абарот дзвюх рэспублік у 2013—2018 вагаўся ў межах 150—350 млн даляраў з дадатным для Беларусі гандлёвым сальда. Аснову беларускага экспарту ў Азербайджан складае прадукцыя машынабудавання, дрэваапрацоўкі, прадукты харчавання, лекі і інш. Беларусь імпартуе з Азербайджана палімеры этылену, вуглевадароды ацыклічныя, нафтапрадукты, нечасанае баваўнянае валакно, садавіну і агародніну, сокі, пладовыя кансервы, алкагольныя напоі.[16]

Узброеныя сілы

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. "Канстытуцыя Азербайджанскай Рэспублікі"
  2. Азербайджан
  3. Азербайджанская Республика(недаступная спасылка). Верховный Суд Азербайджанской Республики. — «Азербайджанская Республика является президентской республикой.»  Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2012. Праверана 5 мая 2012.
  4. http://www.yap.org.az/az/view/news/32999/azerbaycan-ehalisinin-sayi-10-milyon-nefere-chatib
  5. https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/02/weodata/weorept.aspx?pr.x=54&pr.y=17&sy=2016&ey=2020&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=912&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  6. http://hdr.undp.org/sites/default/files/2016_human_development_report.pdf
  7. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева з 15-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін // Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 11 чэрвеня 2008.
  8. Беларусь і Азербайджан маюць вельмі добрыя перспектывы для эфектыўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва // Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 2 траўня 2007.
  9. http://azerbaijan.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/ Архівавана 5 мая 2019.
  10. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/aj.html Архівавана 31 кастрычніка 2020.
  11. https://news.gallup.com/poll/114211/Alabamians-Iranians-Common.aspx
  12. https://www.stat.gov.az/source/demoqraphy/ap/
  13. http://www.doingbusiness.org/content/dam/doingBusiness/media/Annual-Reports/English/DB2019-report_web-version.pdf
  14. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=16&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2016
  15. https://www.eia.gov/beta/international/data/browser/#/?pa=00000000000000000000000000000000002&c=ruvvvvvfvtvnvv1vrvvvvfvvvvvvfvvvou20evvvvvvvvvvvvuvo&ct=0&tl_id=5-A&vs=INTL.57-1-AFG-TBPD.A&vo=0&v=H&end=2018
  16. http://azerbaijan.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/trade_economic/
  • Азербайджан // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т.1).