Беларусізацыя
Беларусізацыя — палітыка, накіраваная на прасоўванне беларускай мовы і культуры, вылучэнне беларусаў на дзяржаўныя пасады, перавод дзяржаўных устаноў на беларускую мову, што праводзілася ў Беларускай ССР у 1920-я гады.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]Беларусы і беларуская мова ў Расійскай імперыі (да 1905)
[правіць | правіць зыходнік]Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя беларускія землі былі далучаны да Расійскай імперыі, у складзе якой яны знаходзіліся да самай ліквідацыі імперыі ў 1917 годзе. У 1897 годзе беларуская мова была роднай для 5,8 мільёнаў жыхароў імперыі. Беларусы складалі больш за 50 % насельніцтва Магілёўскай, Мінскай, Віленскай і Віцебскай губерняў, засялялі большую частку Гродзенскай і асобныя ўезды Ковенскай, Сувалкаўскай і Смаленскай губерняў[1][2].
Беларусы пражывалі пераважна ў сельскай мясцовасці, а іх доля ў гарадах складала ў сярэднім 14,5 % і вагалася ад 7,6 % у Віцебскай да 30 % у Магілёўскай губерні[3]. Адной з прычын такога становішча было існаванне мяжы яўрэйскай аселасці, што дазваляла яўрэям сяліцца толькі ў заходніх губернях імперыі. З 1882 года яўрэям забаранялася сяліцца па-за межамі гарадоў і мястэчак, а ў 90-я гады значная колькасць яўрэяў з Масквы і іншых расійскіх гарадоў была выслана ў беларускія гарады, ствараючы там штучную перанаселенасць. Гэтая перанаселенасць стрымлівала міграцыю мясцовых жыхароў з вёсак у горад. Тыя беларусы, што ўсё ж перасяляліся з вёсак, часцей абіралі гарады па-за межамі беларускіх губерній. У 1897 годзе ў Пецярбургу жыло 66,5 тысяч беларусаў, у Маскве — 15,9 тысяч, у Адэсе — 16,9 тысяч, у той час як у Мінску іх было 8,2 тысячы, у Віцебску — 8 тысяч, у Гродне — 5,4 тысячы, у Гомелі — 6,5 тысяч, у Магілёве — 12,9 тысяч. Выкліканая царскай палітыкай слабасць міграцыйных патокаў з беларускіх вёсак у беларускія гарады стрымлівала сацыяльна-эканамічнае, грамадска-палітычнае і культурнае развіццё Беларусі[4].
У сувязі з дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі, беларуская мова не мела вялікай вагі ў адукацыі, грамадскім і палітычным жыцці губерній, заселеных беларусамі. Падаўленае паўстанне 1863 года прывяло да радыкалізацыі русіфікацыйных захадаў. Былі ўведзены «Часовыя правілы для народных школ», якія прадугледжвалі выкладанне ўсіх дысцыплін у народных вучылішчах Віленскай навучальнай акругі на расійскай мове, акрамя Закона Божага для дзяцей рымска-каталіцкага веравызнання. Гэтыя правілы пазней дапаўняліся цыркулярамі 70-90-х гадоў, што яшчэ больш узмацнялі кантроль дзяржавы над адукацыяй[5]. У афіцыйнай прапагандзе беларусы разглядаліся не як асобны народ, а толькі як адгалінаванне «рускага племені»[6].
Кнігадрукаванне на беларускай мове, спыненае ў 1863 годзе ў адказ на паўстанне Каліноўскага, вяртаецца толькі ў 1889 годзе, калі творы Лучыны, Дуніна-Марцінкевіча, а таксама паэма «Тарас на Парнасе» былі надрукаваныя на старонках «Минского листка» і «Календаря Северо-Западного края»[7]. Тым не менш, дазвол на публікацыю атрымлівалі нешматлікія творы, таму вядомыя выпадкі друку беларускай мастацкай літаратуры падпольна ў абыход цэнзуры яшчэ да рэвалюцыі 1905 года[8]. Агітацыйныя брашуры, накіраваныя на прасоўванне сацыялістычных ідэй сярод беларусаў, друкаваліся на беларускай мове за мяжой, у такіх гарадах як Жэнева, Тыльзіт і Лондан[9].
Акрамя прыгнечанага стану беларускай мовы, русіфікацыя праяўлялася і ў саслоўным і прафесійным падзеле беларускіх губерній. Мясцовыя настаўнікі і чыноўнікі не карысталіся даверам улады, таму ім на замену прысылаліся кадры з этнічна расійскіх земляў[10]. У 1897 годзе сярод сялян беларускіх губерній «велікаросы» (расіяне) складалі толькі 5 %, у той час як сярод духавенства — 61,5 %. Сярод патомных дваран, якія атрымалі сваё дваранства ў спадчыну, палова называлі роднай мовай беларускую, 16 % — расійскую. Асабістыя ж дваране, што атрымлівалі дваранства за ўласныя заслугі, на 51,8 % складаліся з расіян[11].
Нягледзячы на палітыку Расійскай імперыі, у канцы XIX і першыя гады XX стагоддзя фарміравалася беларуская інтэлігенцыя, якая прасоўвала ідэі самастойнасці беларускага этнасу і пачала ствараць новую літаратурную традыцыю для беларускай мовы[12]. Узімку з 1902 на 1903 год з нацыянальна-культурных гурткоў беларускай моладзі Менска, Вільні і Пецярбурга паўстала Беларуская рэвалюцыйная грамада (пазней будзе перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду), сярод яе стваральнікаў і кіраўнікоў — Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч, Казімір Кастравіцкі, Алесь Бурбіс, Вацлаў Іваноўскі і Францішак Умястоўскі, амаль усе паходзілі з дробнапамеснай беларускай шляхты. У сваёй праграме БРГ абвяшчала сябе сацыяльна-палітычнай арганізацыяй беларускага працоўнага народа, а ў якасці формы для забеспячэння нацыянальнай свабоды называла незалежную дэмакратычную рэспубліку[13].
Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў
[правіць | правіць зыходнік]Рэвалюцыя 1905 года спрыяла ўздыму нацыянальных рухаў сярод народаў Расійскай імперыі, у тым ліку сярод беларусаў. Палітычнае змаганне беларусаў за самакіраванне ўзначальвала Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). У 1905 годзе БСГ выступала за стварэнне федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі ў Расіі з Канстытуцыйным сходам і асобнымі соймамі для кожнага народа[14]. БСГ мела ўласную падпольную друкарню ў Менску, выдала ў беларускім перакладзе Фінансавы маніфест[15].
1 верасня 1906 года БСГ пачынае выдаваць у Вільні штотыднёвую легальную газету «Наша доля» кірыліцай і лацінкай. Першы яе нумар выйшаў 10-тысячным накладам. Неафіцыйнымі рэдактарамі газеты былі браты Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч, Францішак Умястоўскі. Аляксандр Уласаў прыцягнуў да напісання газеты Якуба Коласа[16]. Публікацыі газеты мелі рэвалюцыйна-дэмакратычны характар, таму на першы, трэці і чацвёрты нумары быў накладзены арышт. У сувязі з ціскам уладаў, выхад газеты быў прыпынены рэдакцыяй, але ў лістападзе і снежні 1906 года новым рэдактарам удалося выдаць яшчэ два нумары. Сёмы нумар быў знішчаны паліцыяй яшчэ ў наборы, а ў студзені 1907 года рашэннем Віленскай судовай палаты выданне газеты было забаронена[17].
10 лістапада 1906 года выходзіць першы нумар легальнай газеты «Наша ніва». Яе выданне было арганізавана кіраўнікамі БСГ пасля іх адыходу ад выдання «Нашай долі». У адрозненне ад папярэдняй газеты, «Наша ніва» не заклікала да рэвалюцыі, а звярталася з патрабаваннямі аб вырашэнні сацыяльна-эканамічных пытанняў да Дзяржаўнай думы . Сярод патрабаванняў — самакіраванне Беларусі з соймам, выбраным усеагульным , роўным, тайным і простым галасаваннем, увядзенне ўсеагульнай абавязковай бясплатнай адукацыі з забеспячэннем права і магчымасці вучыцца на роднай мове[18]. Газета выкрывала як «ісцінна рускіх», так і «ісцінна польскіх» дзяржаўных шавіністаў, падтрымлівала выбранне «мужыкоў-сацыялістаў» у Думу[19].
Вядомыя факты распаўсюджання нелегальных выданняў БСГ у Мінску, Вільні, Дзісне, Рэчыцы, паветах Мінскай, Віленскай, Гродзенскай губерняў, Парэцкім павеце Смаленскай губерні. Сувязі Грамады ў Віцебскай і Магілёўскай губернях былі слабымі. Сведчанняў распаўсюджання лістовак БСГ у Магілёўскай губерні няма[20]. Дзейнасць БСГ была накіравана на сялянства, у той час як яе ўплыў на рабочы рух, акрамя Менска і Вільні, быў нязначным праз нізкую колькасць і нацыянальную самасвядомасць беларускіх рабочых. Паводле звестак дэпартамента паліцыі, у перыяд 1905—1907 гадоў БСГ мела 2 тысячы ўдзельнікаў[21]. У выніку разгрому рэвалюцыі, БСГ спыніла нелегальную дзейнасць, а яе кіраўнікі засяродзіліся на выпуску легальнай «Нашай нівы»[22].
У маі 1906 года ў Пецярбургу была заснавана кнігавыдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца». Да канца года лацінкай і кірыліцай былі выдадзены «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» Каганца і «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі. У 1907 годзе — «Дудка беларуская» Багушэвіча і беларускі пераклад «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Так быў пакладзены пачатак сістэматычнаму выданню беларускамоўных кніг і паштовак[23].
Нашаніўскі перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Пасля рэвалюцыі 1905 года, афіцыйная палітыка Расійскай імперыі працягвала стрымліваць развіццё беларускага нацыянальнага руху і самасвядомасці. Закон 1906 года прадугледжваў навучанне на роднай мове студэнтам усіх народных школ імперыі, але беларусы з украінцамі ўважаліся часткай «рускага» народу і мусілі навучацца на расійскай мове. Выпісванне і чытанне «Нашай нівы» было забаронена ўсім настаўнікам Віленскай навучальнай акругі, а таксама ўсім святарам, паштовым, ваенным, паліцэйскім і валасным чынам, вучням сельскагаспадарчых школ[24]. Расійскія і польскія шавіністычныя выданні разгарнулі антыбеларускую прапаганду, якая адмаўляла самастойнасць беларускага этнасу, абвяшчала непатрэбным і немагчымым развіццё беларускай мовы і культуры, крытыкавала «Нашу ніву». Прыхільнікі антыбеларускай палітыкі карысталася канфесійным падзелам беларусаў, на аснове якога праваслаўныя беларусы прылічваліся да «рускіх», а беларусы-каталікі — да «палякаў». Рабіліся спробы стварэння псеўдабеларускіх арганізацый і выдання расійскамоўных газет ад імя беларускага народа для прасоўвання манархічных і заходнерусісцкіх ідэй[25].
Нягледзячы на супраціўленне антыбеларускіх арганізацый і дзяржавы, беларускі рух зрабіў шэраг дасягненняў у міжрэвалюцыйны перыяд. Палітычная і рэвалюцыйная дзейнасць была моцна абмежавана ў выніку трэццячэрвеньскага перавароту і разгрому рэвалюцыі 1905 года, таму дзеячы нацыянальнага руху рабілі ўпор на развіццё культуры і асветы. Адной з галоўных мэт абвяшчалася адраджэнне беларускай мовы, пашырэнне сферы яе ўплыву ў грамадстве. На старонках «Нашай нівы» праводзілася тэарэтычнае абгрунтаванне права беларусаў на захаванне і развіццё ўласнай мовы і культуры, даказвалася шкода яе асіміляцыі іншымі культурамі[26].
За першыя тры гады існавання «Наша ніва» надрукавала 906 уласных карэспандэнцый з 489 вёсак, мястэчак і гарадоў, 246 вершаў 61 паэта і 91 апавяданне 36 празаікаў. За 1910 год «Наша ніва» апублікавала 666 карэспандэнцый з 321 населенага пункта Беларусі і з 14 пунктаў па-за яе межамі. У газету пісалі мясцовыя жыхары з усіх беларускіх губерній, перад усім з Віленскай і Мінскай. З 1910 года рэдактарамі газеты выдаваўся «Беларускі каляндар» з тыражамі да 20 тысяч экзэмпляраў. У наступныя гады з’явіліся часопісы «Саха» і «Лучынка», альманах «Маладая Беларусь». Незалежна ад «Нашай нівы» было арганізавана выданне каталіцкай беларускай газеты «Biełarus»[27].
Намаганнямі выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», «Нашай нівы» і іншых выдавецтваў за 1908—1914 гады пабачылі свет 77 беларускіх кніг агульным накладам больш за 226 тысяч асобнікаў. Выдавалася як мастацкая, так і навукова-папулярная літаратура, арыентаваная збольшага на сялянства. У 1910 годзе выйшла «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага. Адначасова прафесійны характар набылі некаторыя віды нацыянальнага мастацтва: драматычны тэатр, музыка, хор і танец. Значную ролю ў гэтым працэсе адыграў «Беларускі музычна-драматычны гурток» у Вільні. Беларускі тэатр складваўся пад кіраўніцтвам Бурбіса і Буйніцкага. Іван Луцкевіч збіраў у Вільні калекцыю, якая пазней пакладзе пачатак Беларускаму музею. У многіх гарадах, мястэчках і вёсках узніклі беларускія бібліятэкі, хоры і танцавальныя калектывы. Асобныя святары пачалі ўжываць беларускую мову ў канфесійнай дзейнасці. З’явіліся першыя прыватныя беларускамоўныя школы[28].
Першая сустветная вайна і рэвалюцыя 1917 года
[правіць | правіць зыходнік]Пачатак вайны, нямецкая акупацыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1915 годзе па тэрыторыі Беларусі працягнуўся Усходні фронт Першай сусветнай вайны. Пад акупацыяй нямецкага войска апынуліся амаль уся Віленская, Гродзенская і заходняя частка Мінскай губерні. Ваенныя дзеянні на некаторы час паралізавалі дзейнасць многіх беларускіх арганізацый, у прыватнасці ў жніўні 1915 года спыніўся выхад «Нашай нівы». Некаторыя яе былыя кіраўнікі засталіся ў акупаванай немцамі Вільні і ўзначалілі Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны[29].
З мэтай абароны інтарэсаў беларусаў на акупаваных тэрыторыях у Вільні быў створаны Беларускі народны камітэт. Пад кіраўніцтвам камітэта ў 1916—1917 гадах узнікла вялікая сетка беларускіх школ, выдаваліся падручнікі і навучальныя дапаможнікі. 15 лютага 1916 года пад рэдакцыяй Ластоўскага пачынае выходзіць газета «Гоман» у кірылічным і лацінскім варыянтах. У красавіку і чэрвені 1916 года прадстаўнікі камітэта выступалі на канферэнцыях народаў Расіі ў Стакгольме і Лазане, дзе прасілі ў еўрапейскіх дзяржаў падтрымкі ў вызваленні беларускага народа з-пад расійскай няволі, забеспячэнні яму ўсіх палітычных і культурных правоў[30].
Беларускі рух пасля Лютаўскай рэвалюцыі
[правіць | правіць зыходнік]Па іншы бок фронту, на падкантрольнай Расіі частцы Беларусі, пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года і ўсталявання Часовага ўрада аднавіла сваю дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада. 29-27 сакавіка 1917 ў Менску быў праведзены з’езд прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацый, узначалены Казімірам Кастравіцкім. Быў створаны выканаўчы орган з’езда — Беларускі нацыянальны камітэт (БНК, не блытаць з Беларускім народным камітэтам). Сярод даручэнняў з’езда — скліканне настаўніцкага з’езда, адкрыццё беларускамоўных школ, заснаванне асветніцкага таварыства «Прасвета». Таксама з’езд выказваўся за ўвядзенне беларускай мовы ў настаўніцкіх і духоўных семынарыях, адкрыццё ў адным з гарадоў вышэйшай школы[31].
Дзейнасці БНК супрацьстаяў «Саюз беларускай дэмакратыі», арганізаваны дзяржаўнымі чыноўнікамі. Саюз выказваўся за зліццё Беларусі з Расіяй і выкарыстанне расійскай мовы ў адукацыі. Рашэнні З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый яны называлі нацыяналістычнымі і шкоднымі для беларускага народа. Падобныя погляды ў дачыненні БНК і яго ідэй падзялялі расійскія дэмакраты розных кірункаў. БНК асуджалі Мінскі камітэт Усерасійскага сялянскага саюза і Выканаўчы камітэт Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў пад кіраўніцтвам Фрунзэ, што прагаласаваў супраць стварэння беларускамоўнай школы. Яны абвінавачвалі БНК у абароне інтарэсаў памешчыкаў, намерах адарваць рабочых і сялян ад працоўных мас усёй Расіі з дапамогай нацыяналістычных ідэй. Пазней гэтыя аргументы выкарыстоўвалі Мяснікоў, Кнорын і іншыя мясцовыя лідары бальшавікоў[32].
У маі 1917 года на канферэнцыі БНК разгарнуўся канфлікт паміж прадстаўнікамі БСГ і ліберальна-дэмакратычнымі дзеячамі беларускага руху. Прыхільнікі радыкальных сацыялістычных ідэй патрабавалі ўключыць аграрныя і сацыяльныя пытанні ў праграму БНК і пашырыць склад камітэта прыхільнікамі больш левых поглядаў. Гэтыя прапановы блакіравалі буйныя землеўласнікі: Марыя Магдалена Радзівіл, Эдвард Вайніловіч і князь Геранім Друцкі-Любецкі. У выніку, прынятая дэкларацыя БНК пацвярджала імкненне да стварэння аўтаномнай беларускай рэспублікі ў складзе расійскай федэрацыі, а аграрнае пытанне было праігнаравана[33].
З 8 па 10 ліпеня 1917 года ў Мінску прайшоў другі з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый. Першынство на ім атрымала БСГ, якая крытыкавала дзейнасць БНК, імкнучыся перахапіць ініцыятыву кіравання беларускім рухам і пазбавіцца ад кіраўніка камітэта, буйнога землеўладальніка Рамана Скірмунта. Рашэннем з’езда Беларускі народны камітэт быў ліквідаваны, а замест яго створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый. У склад выканаўчага камітэта Цэнтральнай рады ўвайшлі прадстаўнікі БСГ Аркадзь Смоліч, Язэп Лёсік, Язэп Дыла, Палута Бадунова, Зміцер Жылуновіч і іншыя[34].
У канцы лета і пачатку восені 1917 года на фоне палітычнага крызісу і Карнілаўскага выступлення, у Расіі ўзрастае ўплыў бальшавікоў, які закрануў і беларускі нацыянальны рух. У верасні ад БСГ у Петраградзе адкалолася бальшавіцкая Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (БСДРП), у выканаўчы камітэт якой увайшоў Аляксандр Чарвякоў[35].
У кастрычніку была зацверджана абноўленая праграма БСГ, у якой сярод іншых канстатавалася імкненне да поўнай палітычнай аўтаноміі Беларусі (у складзе Расійскай Федэрацыі) і да ўтварэння шляхам усеагульных выбараў уласнага заканадаўчага органа — Беларускай краёвай рады. Таксама партыя патрабавала юрыдычнага прызнання беларускай мовы і распаўсюджання яе ў школах, судах, адміністрацыйных і грамадскіх установах Беларусі[36].
З 15 па 24 кастрычніка 1917 года ў Менску прайшла 2-я сесія Цэнтральнай рады, у выніку якой яны была рэарганізавана ў Вялікую беларускую раду (ВБР). Большасць у новай радзе захоўвалася за БСГ, аднак былі зроблены крокі да кансалідацыі беларускіх арганізацый розных кірункаў, што выражалася ў прысутнасці ў выканкаме рады Антона Лявіцкага, Паўла Аляксюка (прадстаўнікі менш радыкальнай БНПС) і Эдуарда Будзькі з БХД. Дэлегаты ад больш левых бабруйскага і петраградскага аддзелаў БСГ выказалі сваю незадаволенасць і пакінулі сесію. Аўтаномнай часткай ВБР стала арганізаваная ў той жа час Цэнтральная беларуская вайсковая рада (ЦБВР), якая мелася арганізаваць беларускае войска[37].
Бальшавіцкі пераварот і Усебеларускі з’езд
[правіць | правіць зыходнік]25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года бальшавікі захапілі ўладу ў Петраградзе. На працягу наступных тыдняў яны ўзялі пад кантроль і беларускія тэрыторыі па расійскі бок фронту. У канцы лістапада бальшавікамі была ўтворана Заходняя вобласць пад кантролем Абласнога выканаўчага камітэта саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах). Збольшага, камітэт складаўся з вайскоўцаў небеларускага паходжання. Паводле гісторыка Іларыёна Ігнаценкі, у кіраўніцтве Аблвыкамзаха не было ніводнага беларуса[38].
Вялікая беларуская рада прызнавала вярхоўную ўладу бальшавікоў, але не бачыла Албвыкамзах у якасці легітымнага органа ўлады для Беларусі. Асцярогі ВБР выклікала таксама перспектыва падзелу краіны ў выніку мірнага пагаднення паміж бальшавікамі і немцамі (пазней гэтыя асцярогі спраўдзіліся праз падпісанне Брэсцкага міру). 27 кастрычніка ВБР і ЦБВР выступілі са зваротам «Да ўсяго народу беларускага», дзе сярод іншага акрэслілі межы Беларусі і паставілі сваёй мэтай станаўленне дэмакратычнай беларускай рэспублікі ў складзе федэратыўнай Расіі. У гэтым жа звароце для ўсталявання адпаведнай улады быў абвешчаны Усебеларускі з’езд, які мусіў прайсці 5 (18) снежня 1917 года ў Менску[39].
Кіраўніцтва Заходняй вобласці паставілася да ВБР, ЦБВР і ідэі арганізацыі Усебеларускага з’езда з варожасцю. 2 (15) снежня 1917 года Аблвыкамзах забараніў стварэнне беларускіх вайсковых фарміраванняў. Пад уплывам Карла Ландэра, кіраўніка Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту, бальшавікі пастанавілі распусціць ЦБРВ і судзіць яе кіраўнікоў Рэвалюцыйным трыбуналам . За некалькі дзён да пачатку Усебеларускага з’езда Ландэр выступіў з рэфератам аб варожай дзейнасці беларускіх нацыяналістаў[40].
Усебеларускі з’езд, запланаваны ВБР, пачаўся ў Мінску 5 (18) снежня 1917 года. Даследчыца Дарота Міхалюк выказвае меркаванне, што з’езд прадстаўляў выключна левае крыло беларускага нацыянальнага руху, бо большасць сабраных былі прыхільнікамі радыкальных сацыялістычных партый (эсэры, БСГ, народныя сацыялісты). Многія з прысутных падтрымлівалі бальшавікоў. Дэлегаты ліберальных поглядаў былі ў меншасці, а кансерватары наогул не прысутнічалі. Каля 90 % удзельнікаў былі прадстаўнікамі ніжэйшага і сярэдняга класаў, за выняткам памешчыка эсэраўскіх поглядаў Бонч-Асмалоўскага. Удзельнік з’езда, беларускі грамадскі дзеяч Фабіян Шантыр, які выступаў за арганізацыю беларускіх бальшавіцкіх Саветаў, што складаліся б з мясцовых, звязаных з Беларуссю людзей, прапанаваў бальшавікам Заходняга фронту стварыць супольную палітычную платформу, але гэтая прапанова была ўспрынята імі як абраза і адхілена[41].
Рэзалюцыя, падрыхтаваная Усебеларускім з’ездам, апелюючы да абвешчанага Расійскай рэвалюцыяй права на самавызначэнне нацый, прызнавала неабходным стварэнне Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў у якасці часовага органа краёвай улады. Усебеларускі Савет павінен быў склікаць Беларускі Устаноўчы сход, які ў сваю чаргу меў прыняць канчатковую пастанову пра самавызначэнне і стварэнне пастаяннага органа ўлады праз дэмакратычныя выбары. Пры гэтым дэкларавалася мэта неадарвання Беларусі ад Расійскай федэратыўнай рэспублікі[42][43].
18 (31) снежня 1917 года а 2-й гадзіне ночы, у часе абмеркавання рэзалюцыі ў будынку тэатра, будынак атачылі вайскоўцы. У залю з патрабаваннямі аб закрыцці з’езда ўвайшлі бальшавіцкія камісары, начальнік гарадскога гарнізона Мікалай Крывашэін і Людвіг Рэзаўскі з СНК Заходняй вобласці і фронту. Дэлегаты паспрабавалі абараніць прэзідыум і аднагалосна прынялі першы пункт рэзалюцыі. Неўзабаве ў залю ўварваліся ўзброеныя вайскоўцы і арыштавалі прэзідыум. За наступныя некалькі гадзін з будынку выгналі апошніх дэлегатаў. Некаторыя ўдзельнікі з’езда ўспрынялі разгон са здзіўленнем, бо меркавалі, што цэнтральная бальшавіцкая ўлада не толькі не супраціўлялася з’езду, але і падтрымала яго[44]. І сапраўды, пасля арышту членаў прэзідыума, Сталін асабіста загадаў вызваліць іх і перапрасіў за «памылкі і грубасці» Аблвыкамзаха. Цэнтральная ўлада імкнулася залагодзіць беларускія арганізацыі, каб не выклікаць развіцця канфлікту. Тым не менш, вінаватыя ў разгоне засталіся на сваіх пасадах, што спарадзіла ў беларускім руху расчараванне і недавер да бальшавікоў[45].
На думку Дароты Міхалюк, першы Усебеларускі з’езд стаў значным крокам наперад на шляху да нацыянальнай кансалідацыі і развіцця дзяржаўнай свядомасці беларусаў. Ідэю стварэння рэспублікі з беларускіх зямель стала немагчыма ігнараваць, і стаўленне да яе мусілі выказаць як беларускія палітычныя дзеячы, так і суседзі Беларусі. Таксама дэлегаты ўдзельнічалі ў дыскусіях і слухалі падрыхтаваныя да з’езда навуковыя даклады пра беларускую мову, гісторыю і этнаграфію, што паспрыяла пашырэнню беларускай нацыянальнай ідэі[46].
У наступныя тыдні пасля разгону першага Усебеларускага з’езда, бальшавікі намагаліся ўсталяваць кантроль над беларускім нацыянальным рухам і абмежаваць дзейнасць ЦБВР і Рады Усебеларускага з’езда, якой перадалі паўнамоцтвы многія беларускія арганізацыі, у тым ліку ВБР[47]. Недавер бальшавікоў да незалежных нацыянальных рухаў павялічыўся пасля абвяшчэння незалежнасці Украінскай Народнай Рэспублікі ў студзені 1918 года. Гэта падштурхнула бальшавікоў да стварэння падкантрольнага сабе Беларускага нацыянальнага камісарыята пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей[48].
Беларуская Народная Рэспубліка
[правіць | правіць зыходнік]У канцы лютага 1918 года нямецкія войскі аднавілі наступленне на Усходнім фронце, у выніку чаго Менск апынуўся пад нямецкай акупацыяй, па адзін бок фронта з Вільняй. Гэта прывяло да аб’яднання менскіх і віленскіх беларускіх дзеячаў і стварэння, а пасля і абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года[49].
Органы кіравання рэспублікай складаліся як з беларусаў, так і з прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей (палякаў, яўрэеў, расейцаў), пры гэтым асноўныя пасады займалі беларусы. Неўзабаве беларуская мова была абвешчана дзяржаўнай мовай. Прадстаўнікі нацыянальных меншасцей маглі карыстацца сваімі мовамі пры зваротах да ўлад, але чыноўнікі мусілі пісаць лісты выключна па-беларуску. 3 красавіка 1918 года ў Менску адкрыліся курсы беларусазнаўства[50].
Намаганнямі Народнага Сакратарыята Беларусі ў Менску ў 1918 годзе былі адчынены некалькі беларускіх школ (паводле Алены Глагоўскай іх было 20, паводле больш новага даследавання Уладзіміра Ляхоўскага — 9). Сакратарыятам асветы БНР было створана бюро для друкавання беларускіх падручнікаў. Былі надрукаваныя падручнікі на беларускай мове па арыфметыцы і геаграфіі, і брашуры наконт палітычнай сітуацыі ў падкантрольных бальшавікам рэгіёнах на ўсходзе Беларусі. Тады ж выйшла «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча. На базе Першага беларускага таварыства драмы і камедыі Фларыяна Ждановіча быў створаны Дзяржаўны тэатр БНР[51].
Увесну 1918 года была створана камісія для арганізацыі першага беларускага ўніверсітэта ў Менску. У яе склад увайшлі Мітрафан Доўнар-Запольскі, Аркадзь Смоліч, Яўхім Карскі, Уладзімір Самойла. Планавалася, што ўніверсітэт будзе складацца з шасці факультэтаў: гістарычна-філасофскага, фізіка-матэматычнага, юрыдычнага, камерцыйна-эканамічнага, медыцынскага і тэалагічнага. Камісіяй быў выпрацаваны статут універсітэта і праведзены перамовы з прафесарамі, але праект так і не быў рэалізаваны[52].
Бальшавіцкая прапаганда выкарыстоўвала антынямецкія настроі для выстаўлення беларускіх незалежніцкіх дзеячаў як здраднікаў. Гэта ўскладняла дзейнасць структур БНР на беларускіх тэрыторыях, акупаваных немцамі ў 1918 годзе, дзе антынямецкія настроі былі найбольш распаўсюджаны[53].
У верасні 1918 года ў Кіеве, на той момант сталіцы Украінскай Дзяржавы, Антон Луцкевіч, прадстаўнік БНР, сустракаўся з прадстаўніком бальшавікоў Хрысціянам Ракоўскім для абмеркавання адносін паміж БНР і Савецкай Расіяй. Ракоўскі запатрабаваў уваходжання Беларусі ў склад Расіі, пры гэтым абяцаў прызнанне грамадзянскіх свабод беларусаў у асветніцкіх, фінансавых і транспартных справах. Ракоўскі прапанаваў прызнанне БНР пры ўмове яе адначасовага ўваходжання ў федэрацыю з Расіяй і ўвядзення савецкай канстытуцыі. Луцкевіч адмовіўся ад гэтай прапановы[54].
Першая сусветная вайна скончылася 11 лістапада 1918 года падпісаннем Камп’енскага пагаднення. У тым жа месяцы бальшавіцкае войска пачало рух на захад. У пачатку снежня 1918 года Менск быў заняты бальшавікамі без бою, а ўрад БНР пакінуў горад, баючыся расправы. Некаторыя дзеячы беларускага руху, напрыклад Усевалад Ігнатоўскі, засталіся ў Менску, маючы намер захаваць беларускі характар краіны пры ўладзе бальшавікоў[55].
Усталяванне бальшавікамі кантролю над Беларуссю
[правіць | правіць зыходнік]10 снежня 1918 года, пасля заняцця бальшавікамі Менску, быў утвораны Менскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт, узначалены Ісакам Рэйнгольдам. «Воляй рабочых і сялян Беларусі» камітэт абвясціў сябе найвышэйшым органам улады ў Менскай губерні. ВРК адразу абвясціў вайну кіраўніцтву БНР і заявіў, што дзеячы БНР падлягаюць арышту і перадачы бальшавікам. У снежні Рэйнгольд выказваў ідэю стварэння БССР і накіроўваў адпаведныя тэлеграмы ў РКП(б) і асабіста Якаву Свярдлову, аднаму з кіраўнікоў Савецкай Расіі. Кіраўнік Аблвыкамзаха Аляксандр Мяснікоў трактаваў гэтую прапанову як неістотную ініцыятыву групы менскіх работнікаў, бо не хацеў дзяліцца ўладай на тэрыторыі Заходняй вобласці і фронту, але цэнтральныя бальшавіцкія ўлады пастанавілі далучыць прадстаўнікоў ВРК да фармавання ўрада БССР[56].
Утварэнне БССР і Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі было абвешчана 1 студзеня 1919 года. Маніфест урада падкрэсліваў незалежнасць БССР, паўнапраўнымі гаспадарамі якой адзначаліся беларусы. Падпарадкаванне БССР дзяржаўным органам РСФСР у маніфесце не разглядалася. Пад маніфестам падпісаліся ягоны аўтар Зміцер Жылуновіч, а таксама Аляксандр Мяснікоў, Сямён Іваноў, Аляксандр Чарвякоў і Ісак Рэйнгольд[57].
Зміцер Жылуновіч выступаў супраць знаходжання ва ўрадзе БССР бальшавіцкіх камісараў Аляксандра Мяснікова, Майсея Калмановіча і Рычарда Пікеля, бо тыя не былі звязаныя з Беларуссю да Першай сусветнай вайны. Сталін падтрымаў пазіцыю Мяснікова, якога збіраліся зрабіць упаўнаважаным прадстаўніком ЦК РКП(б) і ўрада Савецкай Расіі на тэрыторыі Беларусі. Урад БССР мусіў прымаць пастановы толькі з ухвалення Мяснікова[58].
У пачатку лютага 1919 года ў Менску прайшоў першы Усебеларускі з’езд саветаў, у выніку якога быў рэарганізаваны ўрад рэспублікі. Старшынёй новага ўрада (ЦВК БССР) стаў Аляксандр Мяснікоў, склад урада фарміраваўся з блізкіх яму дзеячаў Аблвыкамзаха. Беларускія нацыянал-камуністы, у тым ліку Жылуновіч, не былі дапушчаныя да ўлады[59]. На тым жа з’ездзе было прынята рашэнне аб адарванні ад БССР Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў, якія былі ўключаны ў склад Расіі. У складзе БССР засталіся толькі Менская і Гарадзенская губерні[60].
У 1921 годзе, з адыходам перыяду ваеннага камунізму і прыняццем новай эканамічнай палітыкі (НЭП), афіцыйна была распачата так званая каранізацыя. Яе мэтамі былі стварэнне нацыянальных эліт і павышэнне ўплывовасці мясцовых нацыянальных моў на нерасійскіх тэрыторыях савецкіх рэспублік[61]. Асобным выпадкам каранізацыі была беларусізацыя, што праводзілася ў Беларусі.
Пачынаецца перавод навучання ў школах пераважна на беларускую мову, ідзе арганізацыя школ для нацыянальных меншасцей на іх роднай мове. У гэтай рабоце ўдзельнічалі і некаторыя дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху: Усевалад Ігнатоўскі, Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Бурбіс і іншыя. Пад уплывам іх дзейнасці ажыццяўляецца беларусізацыя шэрагу рэспубліканскіх устаноў.
Ствараецца сістэма дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійных вучылішчаў і тэхнікумаў. У 1921 годзе адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У той жа час заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), адной з галоўных мэт якога было ўдасканаленне беларускай літаратурнай мовы[61]. Былі адкрытыя шэраг бібліятэк. Пачалі працаваць Дзяржаўны музей і Цэнтральны архіў. Выдавецтва «Савецкая Беларусь» выпускала газеты, часопісы, кнігі на беларускай мове і мовах нацыянальных меншасцей.
На II сесіі ЦВК БССР 15 ліпеня 1924 года быў прыняты план мерапрыемстваў па нацыянальнай палітыцы, і ў тым ліку беларусізацыі. Пастановай Прэзідыума ЦВК БССР была створана спецыяльная камісія па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі пад кіраўніцтвам Аляксандра Хацкевіча. Цэнтральная і акружныя камісіі меліся назіраць за выкананнем пастаноў урада, датычных нацыянальнага пытання, вывучаць і распрацоўваць практычныя мерапрыемствы па правядзенні нацыянальнай палітыкі. Акрамя беларусізацыі, камісія займалася пытаннямі нацыянальных меншасцяў, бо асобнай камісіі па беларусізацыі не існавала[62].
ЦВК БССР вызначаў палітыку беларусізацыі наступным чынам[63]:
- развіццё беларускай культуры (школы, ВНУ на беларускай мове, беларуская літаратура, выданне беларускіх кніг, навукова-даследчая работа па ўсебаковым вывучэнні Беларусі і г.д.);
- вылучэнне беларусаў на партыйную, савецкую, прафесійную і грамадскую работу;
- перавод партыйнага, дзяржаўнага, прафесійнага, кааператыўнага апаратаў і частак Чырвонай Арміі[64] на беларускую мову.
Пераход устаноў і арганізацый на беларускую мову планавалася ажыццявіць на працягу 1-3 гадоў[крыніца?].
У 1924—1925 гадах праводзілася работа па тлумачэнні сутнасці беларусізацыі. На розных мовах выдавалася спецыяльная літаратура, выступалі агітатары і прапагандысты. Ва ўстановах і арганізацыях вывучалася беларуская мова, ажыццяўляўся перавод на яе справаводства. У 1927 годзе беларускай мовай валодалі 80 % службоўцаў.
На адказную работу вылучалі не толькі беларусаў, але і часткова тых, хто вывучыў беларускую мову і добра ведаў мясцовыя ўмовы. Напрыклад, да 1927 года сярод кіраўнікоў акруг і раёнаў беларусаў было 48 %. Высокім узроўнем прафесіяналізму дзяржаўнага дзеяча вызначаліся палітыкі рэспубліканскага рангу, такія як Старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў, Старшыня СНК БССР Язэп Адамовіч і іншыя.
Паспяхова праходзіла беларусізацыя навучальных устаноў. Да 1928 года 80 % школ было пераведзена на беларускую мову навучання. Вывучаюцца гісторыя, эканоміка і геаграфія БССР. Дзейнічалі курсы беларусазнаўства, якія рыхтавалі настаўнікаў і лектараў. Беларускую мову неслі ў масы беларускія пісьменнікі Уладзімір Дубоўка, Міхась Чарот, Кузьма Чорны і іншыя.
Мастацкія творы 1920-х гадоў сведчаць аб зменах, якія адбываліся ў грамадстве. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» дала цэласнае ўяўленне аб спадзяваннях беларускага сялянства, яго духоўным патэнцыяле. У рамане Кандрата Крапівы «Мядзведзічы» і іншых творах паказаны жыццё, праца, мары звычайных працаўнікоў таго часу. Развіваецца краязнаўства. На сярэдзіну 1920-х гадоў у БССР дзейнічала 240 краязнаўчых арганізацый. Краязнаўцы выступалі з дакладамі, выдавалі рукапісныя зборнікі, збіралі фальклорныя творы.
У ходзе беларусізацыі развівалася новая галіна ў навуцы — беларусазнаўства.
Беларусізацыя прадугледжвала культурнае развіццё іншых нацыянальнасцей, якія жылі ў рэспубліцы. Былі створаны нацыянальныя саветы ў месцах іх кампактнага пражывання. Выкладанне ў школах вялося на 8 нацыянальных мовах. Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў 1920-я гады ажыццяўлялася ў сутычках розных сіл. Адны спрабавалі прыпыніць беларусізацыю, другія — фарсіраваць. Пытанні барацьбы з шавінізмам і нацыяналізмам абмяркоўваліся на з’ездах КП(б)Б і Пленумах ЦК. У 1920-я гады партыйныя органы спрабуюць адыгрываць вядучую ролю ў правядзенні беларусізацыі, пачынаюць цягнуць навуку пад свой кантроль, руйнаваць яе нацыянальныя формы. Гэта асабліва праявілася ў адносінах да Інбелкульта, які страціў сваё першапачатковае прызначэнне.
Але нягледзячы на цяжкасці, плённа працавалі на ніве беларускага адраджэння паэт, празаік Цішка Гартны; пісьменнік Максім Гарэцкі; гісторыкі Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Уладзімір Пічэта; жывапісец і графік Міхаіл Філіповіч; стваральнік першага беларускага кінафільма «Лясная быль» Юрый Тарыч; аўтар п’есы на беларускай мове «Машэка» Еўсцігней Міровіч; кампазітар, аўтар Дзяржаўнага гімна БССР Нестар Сакалоўскі і іншыя.
Вялікую ролю ў ажыццяўленні беларусізацыі адыгралі беларусы з заходнебеларускіх зямель, якія прыеязжалі ў БССР, гнаныя, з аднаго боку, антыбеларускай палітыкай Польшчы, а з другога — натхнёныя верай у адраджэнне беларускага нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў тагачаснай БССР.
Да 1928 года беларусізацыя дасягнула значных поспехаў. Яна палегчыла барацьбу з непісьменнасцю, садзейнічала ажыццяўленню асветніцкай работы, стварыла перадумовы для разгортвання нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР. За адносна кароткі час беларусізацыі адбыліся значныя зрухі: дзякуючы беларусіфікацыйным мерам (разам з камерцыйнымі іншымі сацыяльна-эканамічнымі працэсамі) у школе, установах культуры, прэсе і г. д. і наплыву беларускага насельніцтва з вёскі, гарады БССР пачалі набіраць беларускі дух.
Беларусізацыя датычылася толькі ідэалагічна карысных сфер. Таму ініцыятыва часткі беларускіх кзяндзоў па беларусізацыі касцёла сустрэла пэўнае спачуванне ўладаў, але падрымкі не атрымала. У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў ксяндзы-рэфарматары (Карл Лупіновіч і іншыя) былі арыштаваныя.
Смаленшчына
[правіць | правіць зыходнік]У 1920—1930-я гады гэты працэс ахапіў і некаторую частку беларускіх зямель Смаленшчыны. У гэты час значная частка тутэйшага насельніцтва яшчэ належала да беларускамоўнай меншасці. У першыя гады савецкай улады актыўна выкарыстоўваліся мовы нацыянальных меншасцей для развіцця адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі і літаратуры. Гэта дазволіла бальшавікам умацаваць уладу ў краіне ў час пасля грамадзянскай вайны[65].
Беларусізацыя на Смаленшчыне таксама праводзілася «зверху», згодна з указаннямі партыйных органаў, але ў параўнанні з БССР мела шэраг асаблівасцей:
1. ніколі не ахоплівала ўсіх беларусаў у Смаленскай і Заходняй абласцях;
2. асноўнай формай была арганізацыя беларускіх школ. Для такіх навучальных устаноў існавалі адмыслоыя падручнікі і праграмы. У 1926—1927 гг. у Мінску былі праведзены курсы перападрыхтоўкі для 40 настаўнікаў са Смаленшчыны[66];
3. вельмі часта мела фармальны характар;
4. была канчаткова згорнута ў 1934—1938 г. разам з ліквідацыяй беларускіх устаноў асветы[67];
5. падтрымлівалася абмежаванай групай інтэлектуалаў і не карысталася значнай падтрымкай насельніцтва[68].
Беларусізацыя ў гэтай частцы беларускага этнічнага абшару мела такі цікавы аспект, як дзейнасць Беларускага студэнцкага зямляцтва ў Смаленску, Беларускай секцыі пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы, Смаленскага таварыства краязнаўства[69].
Згортванне
[правіць | правіць зыходнік]У другой палове 1920-х поспехі ў ажыццяўленні палітыкі беларусізацыі пачалі разглядацца як умацаванне і пашырэнне беларускага нацыяналізму. Так, на ХІ з'ездзе КП(б)Б (лістапад 1927) заяўлялася, што неабходна пашыраць беларусізацыю і той жа час весці рашучую барацьбу з нацыянал-дэмакратызмам, які ў мінулым быў прагрэсіўнай з'явай, але ва ўмовах дыктатуры пралетарыяту набыў контррэвалюцыйны характар.
У маі 1929 года ЦК ВКП(б) накіраваў у БССР камісію, якая 27 чэрвеня 1929 года зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі, таксама ў ім нэгатыўна ацэньвалася дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі. Даклад камісіі быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б) і асабіста І. Сталіну.
Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынёй ДПУ БССР Р. Рапапортам справа г.зв. «Саюза вызвалення Беларусі» па якой увясну-ўлетку 1930 года былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 годзе многія з іх былі асуджаныя ў выніку закрытых судовых працэсаў. З гэтага часу пачалася палітыка абмежавання мовы тытульнай нацыі Беларусі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 года, якая штучна наблізіла беларускую мову да расійскай.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Россия/Дополнение/Население // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Первая всеобщая перепись населения Российской Империи 1897 г. (руск.). Демоскоп.
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 333
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 335-336
- ↑ Гісторыя Беларусі Т. 4 2005, с. 277
- ↑ Гісторыя Беларусі Т. 4 2005, с. 279
- ↑ Гісторыя Беларусі Т. 4 2005, с. 287
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 349
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 347
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 334
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 333
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 357
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 355-356
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 416
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 417
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 418
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 419
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 419
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 420
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 420-421
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 421
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 423
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 422
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 427
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 423-428
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 428-431
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 431-432
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 432-435
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 435-436
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 437
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 437-439
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1 1994, с. 439-440
- ↑ Міхалюк 2015, с. 145
- ↑ Міхалюк 2015, с. 146
- ↑ Міхалюк 2015, с. 148
- ↑ Міхалюк 2015, с. 148
- ↑ Міхалюк 2015, с. 149-151
- ↑ Міхалюк 2015, с. 152-153
- ↑ Міхалюк 2015, с. 153-154
- ↑ Міхалюк 2015, с. 155-156
- ↑ Міхалюк 2015, с. 162-164
- ↑ Турук 1921, с. 105-106
- ↑ Міхалюк 2015, с. 169
- ↑ Міхалюк 2015, с. 169-170
- ↑ Міхалюк 2015, с. 172-173
- ↑ Міхалюк 2015, с. 174
- ↑ Міхалюк 2015, с. 175
- ↑ Міхалюк 2015, с. 190
- ↑ Міхалюк 2015, с. 195-204
- ↑ Міхалюк 2015, с. 204-206
- ↑ Міхалюк 2015, с. 247-248
- ↑ Міхалюк 2015, с. 247
- ↑ Міхалюк 2015, с. 249
- ↑ Міхалюк 2015, с. 282
- ↑ Міхалюк 2015, с. 312-315
- ↑ Міхалюк 2015, с. 342-343
- ↑ Міхалюк 2015, с. 343-344
- ↑ Міхалюк 2015, с. 343-344
- ↑ Міхалюк 2015, с. 345
- ↑ Міхалюк 2015, с. 347
- ↑ а б Brown, Tony (2013). "Key Indicators of Language Impact on Identity Formation in Belarus". Russian Language Journal / Русский язык(англ.). 63. American Councils for International Education ACTR / ACCELS: 247–288.
- ↑ ЦВК 1927, с. 12
- ↑ ЦВК 1927, с. 9
- ↑ Праўрацкі В. «Беларуская вайсковая акруга ў міжваенны перыяд (1921—1939). Спробы беларусізацыі.»
- ↑ Судьбы национальных меньшинств на Смоленщине 1918—1938 гг. Документы и материалы. Смоленск, 1994. С. 6.
- ↑ Яновіч С. Аб перападрыхтоўцы настаўнікаў беларускіх школ у Смаленшчыне // Педагагічны зборнік № 1. [Масква], 1929. С. 84-86.
- ↑ Веб-сайт Кочаненкова С. С. Очерки по истории родных мест. Жизнь смоленской деревни. Деревня в 20-е годы., 3 ліпеня, 2011 г.
- ↑ Корсак А. Беларускія школы на Смаленшчыне // Беларускі гістарычны часопіс, 1998, № 3. С. 56.
- ↑ Беррашэд Ф. Беларускі культурна-асветніцкі рух на Смаленшчыне (1920-30-я гг.) // Романовские чтения-7: сб. статей международной науч. конференции. Могилёв: УО "МГУ им. А. А. Кулешова", 2011. С. 114 - 116; Васілеўскі Ю. Беларускае студэнцкае зямляцтва ў Смаленску // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мн.: БелЭН, 1993, С. 358 - 359.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- М. Біч, В. Яноўская, С. Рудовіч і інш. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.). — Мінск: Экаперспектыва, 2005.
- Гісторыя Беларусі. У 6 Т. Т.5. Беларусь у 1917-1945 гг. Мн.: "Экаперсперспектыва", 2006, С. 216-225.
- М. Касцюк, У. Ісаенка, Г. Штыхаў і інш. Нарысы гісторыі Беларусі ў 2-х частках. Частка 1. — Мінск: Беларусь, 1994.
- Д. Міхалюк. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск: Інбелкульт, 2015.
- Протько Т. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917-1941 гг.). Мн.: "Тесей", 2002, С. 310-338
- Касцюк М. Беларусізацыя як форма нацыянальнай палітыкі // Полымя. — 2012. — № 5. — С. 123-132.
- Практическое разрешение Национального вопроса в Белорусской Социалистической Советской Республике. — Мінск: Издание Центральной Национальной Комиссии ЦИК БССР, 1927.
- Турук Ф. Ф. Белорусское движение : Очерк истории национального и революционного движения белоруссов.. — М.: Гос. изд-во , 1921.