Вілейскі раён
Вілейскі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | |||||
Статус | раён | ||||
Уваходзіць у | Мінскую вобласць | ||||
Уключае | 11 сельсаветаў | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Вілейка | ||||
Дата ўтварэння | 5 ліпеня 1946 | ||||
Кіраўнік | Анатоль Мікалаевіч Завацкі[d] | ||||
Старшыня райвыканкама | Кот Віктар Іосіфавіч | ||||
Старшыня райсавета дэпутатаў | Радзевіч Наталля Аляксандраўна | ||||
Афіцыйныя мовы | Беларуская, руская | ||||
Насельніцтва (2018) |
47 349 чал.[1][2] (8-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 20,25 чал./км² (12-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
Беларусы — 93,89 % Рускія — 4,48 % Іншыя — 1,63 %[3] |
||||
Канфесійны склад |
Праваслаўныя Каталікі Пратэстанты і інш. |
||||
Плошча |
2 453,81 [4] (3-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
168 м[5] | ||||
Часавы пояс | UTC+3 | ||||
Паштовыя індэксы | 222410 | ||||
Код аўтам. нумароў | 5 | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вілейскі раён — адзін з 22 раёнаў Мінскай вобласці. Быў утвораны 5 ліпеня 1946 года. Адміністрацыйны цэнтр — горад Вілейка. Падзелены на 11 сельсаветаў. Станам на 2012 год[2], на тэрыторыі раёна налічвалася 49 700 чалавек (сярэдняя шчыльнасць — 20,25 чал.), на 1 студзеня 2018 года — 47349 чалавек (у горадзе — 26760, у вёсцы — 20589)[1]. Плошча раёна — 2 453,81 км² (8 месца ў вобласці).
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Вілейскі раён знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Мінскай вобласці. Землі раёна мяжуюць з Мядзельскім, Маладзечанскім, Мінскім і Лагойскім раёнамі Мінскай, Докшыцкім — Віцебскай, Смаргонскім — Гродзенскай вобласці. Працягласць тэрыторыі раёна з поўначы на поўдзень складае 58 км, з захаду на ўсход — 73 км. Асноўная частка Вілейскага раёна размешчана ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня пераважна плоская, на крайнім паўднёвым усходзе — Мінскае ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—180 м, максімальная — 257,4 м (на поўдзень ад вёскі Хаценчыцы). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня 17,8 °C. Сярэдняя колькасць ападкаў складае 611 мм. Лясы (41 % тэрыторыі раёна) распаўсюджаныя паўсюдна, пераважаюць хваёвыя і яловыя. У межах раёна размяшчаецца частка нацыянальнага парку Нарачанскі. Найбуйнейшая рака — Вілія з прытокамі Нарач, Спорня, Сэрвач, Ілія, Белавароціца, Смердзія. У 1974 годзе побач з горадам пабудаванае самае вялікае вадасховішча ў краіне — Вілейскае, плошчай 63,3 км² і аб’ёмам 238 млн м³, з якога пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы чалавек на тэрыторыі Вілейскага раёна з’явіўся ў 9 тысячагоддзі да н.э. Археалагічныя помнікі эпохі мезаліту — стаянкі, дзе знойдзены крэмневыя прылады працы, знаходзяцца каля вёсак Асташкава і Сосенка. Каля вёсак Камена, Кастыкі, Куранец, Нарач, Рабунь і інш, выяўлены помнікі 4-га — 2-га тыс. да н.э. У паўночнай частцы сучаснага раёна жылі плямёны кундскай культуры, якіх у пачатку 4-га тыс. да н.э. змянілі плямёны нарвскай культуры, а ў 3-м тыс. да н.э. — культуры баявых сякер. Каля вёсак Ваўкалатка, Вязынь, Кастыкі, Куранец, Літвінкі, Асташкава, Рабунь і інш. знойдзены паліраваныя сякеры і іншыя прылады працы, якія адносяцца да эпохі бронзы (3—2-е тыс. да н.э. — 7 ст. да н.э.) і якія належаць прадстаўнікам культуры шнуравай керамікі.
Помнікі ранняга жалезнага веку сведчаць аб засяленні раёна балцкімі плямёнамі культуры штрыхаванай керамікі. На гарадзішчы і паселішчы каля вёсак Арпа, Бязводнае, Баравыя, Галінова, Даўгінава, Малышкі, а таксама каля Вілейкі выяўлены рэшткі наземнага жылля слупавой канструкцыі, сляды вытворчасці жалеза. Тут знойдзены жалезныя сярпы, шылы, нажы, дзіды, пярсцёнкі, фібулы, бранзалеты і ляпны посуд.
Даследаванні паселішчаў Даўгінава, Сосенка, Гуркі сведчаць, што ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. на змену культуры штрыхаванай керамікі прыйшла банцараўская культура.
Пахавальнымі помнікамі славянскага крывіцка-дрыгавіцкага насельніцтва з’яўляюцца курганныя магільнікі 8 — 11 стагоддзяў каля вёсак Галінова, Журыхі, Камена, Забор’е і інш. У раёне налічваецца больш за 20 курганных магільнікаў 9 — 12 стагоддзяў.
У 10—13 стагоддзях тэрыторыя раёна ўваходзіла ў Полацкае княства; з 14 ст. — У Вялікае Княства Літоўскае. Самае ранняе з выяўленых у пісьмовых крыніцах згадванняў Вілейкі датуецца 1460 годам.
У 1793 г. пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя раёна — у складзе Расійскай імперыі. 14 мая 1795 Вілейка атрымала статус горада — цэнтра Вілейскага павета Мінскай губерні. 2 лютага 1796 г. зацверджаны герб павятовага горада. З 1842 па 1917 Вілейскі павет — у складзе Віленскай губерні. З 18 стагоддзя ў Іллі дзейнічала шкляная мануфактура — адна з найбуйнейшых на Беларусі. Каля Даўгінава ў 1823—1867 працавала суконная фабрыка.
У 1-ю сусветную вайну ў час ліквідацыі Свянцянскага прарыву 22—23 верасня 1915 праведзена Вілейская наступальная аперацыя расійскіх войскаў.
У снежні 1917 г. на тэрыторыі раёна ўстаноўлена Савецкая ўлада. У лютым-снежні 1918 года раён захоплены германскімі войскамі, у ліпені 1919 — ліпені 1920, а таксама з верасня 1920 — польскімі войскамі.
У 1921—1939 гг. — У складзе Польскай дзяржавы. У 1939 г. Вілейскі раён увайшоў у склад БССР.
З 4 снежня 1939 г. Вілейка — цэнтр вобласці да верасня 1944, затым у складзе Маладзечанскай, са студзеня 1960 — Мінскай вобласці.
У гады Вялікай Айчыннай вайны з 25 чэрвеня 1941 па 2 ліпеня 1944 гг. раён захоплены фашыстамі, якія знішчылі больш за 15 тысяч мірных жыхароў, спалілі разам з насельніцтвам 5 вёсак; некаторыя з вёсак Хаценчыцкага с/с (Любча і Боркі) не адноўлены пасля вайны. Супраціўленне акупантам з ліпеня 1941 г. аказвала Вілейскае антыфашысцкае падполле. Дзейнічалі Вілейскі падпольны абкам партыі і камсамола, Іллянскі і Куранецкі падпольныя райкамы партыі і камсамола, Вілейскае партызанскае злучэнне, асобныя партызанскія атрады і брыгады. Становішча на франтах і ў тыле ворага асвятлялі падпольныя газеты «Партизанская правда», «Сялянская газета», «Народный мститель», «Молодёжная газета» і інш.
5 ліпеня 1946 года Куранецкі раён (13 сельсаветаў: Асіпавіцкі, Бараўцаўскі, Іжскі, Каловіцкі, Касцяневіцкі, Кузьміцкі, Куранецкі, Рабунскі, Рускасельскі, Рэчкаўскі, Талуцкі, Халапкоўскі, Чурлонскі) перайменаваны ў Вілейскі, цэнтр раёна перанесены ў горад Вілейка. 16 ліпеня 1954 года скасаваны гарадскі пасёлак Куранец, Талуцкі і Халапкоўскі сельсавет. 20 ліпеня 1957 года да раёна далучаны Альковіцкі, Вязынскі, Ільянскі, Карпавіцкі, Латыгальскі, Навагуцкі, Рэдзькавіцкі, Суднікоўскі, Хаценчыцкі сельсаветы скасаванага Ільянскага раёна. 6 верасня 1957 года скасаваны Карпавіцкі, Латыгальскі, Навагуцкі, Рэдзькавіцкі, Суднікоўскі, 18 мая 1959 года — Чурлонскі сельсаветы. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Мінскай вобласці. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Ваўкалацкі, Даўгінаўскі, Жарскі, Мільчанскі сельсаветы скасаванага Крывіцкага раёна. 4 красавіка 1973 года скасаваны Ваўкалацкі сельсавет. 16 жніўня 1973 года Кузьміцкі сельсавет перайменаваны ў Журыхскі. 11 верасня 1975 года Бараўцаўскі сельсавет перайменаваны ў Нарачанскі. 17 сакавіка 1977 года Мільчанскі сельсавет скасаваны. 28 ліпеня 1980 года Каловіцкі сельсавет перайменаваны ў Любанскі. 13 красавіка 1981 года скасаваны Журыхскі сельсавет, 16 снежня 1982 года — Рускасельскі сельсавет, 24 ліпеня 1995 года — Рэчкаўскі сельсавет. 1 снежня 1998 года горад Вілейка і Вілейскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 30 кастрычніка 2009 года Жарскі сельсавет перайменаваны ў Сцешыцкі[6]. 28 мая 2013 года скасаваны Альковіцкі і Сцешыцкі сельсаветы, Касцяневіцкі сельсавет перайменаваны ў Людвіноўскі, Рабунскі сельсавет — у Крывасельскі[7].
Памятныя і цікавыя мясціны
[правіць | правіць зыходнік]Помнікі гісторыі. На тэрыторыі Вілейскага раёна знаходзіцца 314 помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага і мясцовага значэння. З іх: 198 гістарычных, 48 архітэктурных, у.т.л. 11 сядзібна-паркавых комплексаў, 49 археалагічных, 19 геалагічных.
Помнікі археалогіі. Гарадзішча ў вёсках Арпа, Баравыя, Галінова, Даўгінава (ранні жалезны век (VI—VII стст.), Задвор’е, Камена, Казлы, Малышкі (помнік культуры штрыхаванай керамікі), Рэчкі, Слабада, Сосенка, стаянкі ў вёсках Слабада і Суцькі, курганныя магільнікі ў вёсках Галінова, Журыхі, Забор’е, Зарэчча, Кастыкі (20 насыпаў), Каўшэвічы, Кучкі, Любоўшы, Малевічы, Млечкі, Папоўцы, Ручыца, Хаценчыцы, Помнік эпіграфікі — валун «Варацішын крыж» (XII ст.) у Камена.
Каштоўным помнікам археалогіі з’яўляецца курганны магільнік IX-XI стст. каля вёскі Камена. Акрамя сярэдневяковых славянскіх курганных пахаванняў тут захаваліся старадаўнія татарскія могілкі. Магільныя пліты з надпісамі, зробленымі арабскай вяззю, знаходзяцца ў сасонніку недалёка ад р. Вілія.
У Вілейскім раёне знаходзіцца мемарыял «Памяці зніклых вёсак» адкрыты 30 чэрвеня 2009 года. Памятны знак у гонар 150-годдзя экспедыцыі навукоўца графа Канстанціна Тышкевіча (скульптурная кампазіцыя «Вільяна»).[8]
Помнікі ахвярам рэпрэсій. Памятныя крыжы на месцы масавага расстрэлу вязняў Вілейскай турмы ў чэрвені 1941 года ля вёскі Касута.
Памятныя крыжы на меркаваным месцы расстрэлу Расціслава Лапіцкага, беларускага патрыёта, антысавецкага дзеяча ва ўрочышчы Красны Беражок ля Вілейкі, усталяваны 1 верасня 2009 года [9]. Крыжы неаднаразова знішчаліся невядомымі асобамі[10]. Адноўленыя.
Брацкая магіла (перапахаванне) ахвяр рэпрэсій на гарадскіх могілках Вілейкі «Лясныя» ля вёскі Снежкава.
Вайсковыя мемарыялы і помнікі.
Мемарыялы і вайсковыя могілкі часоў 1-й сусветнай вайны:
- расійскай арміі: у Вілейцы; ля вёсак Баравыя, Даўгінава, Жарсцвянка, Заброддзе, Камары, Лыцавічы, Мядзведзіна, Порса, Рускае Сяло, Шляпы.
- германскай арміі: ля вёскі Муляры, у аг. Даўгінава.
Мемарыялы і вайсковыя могілкі Польска-савецкай вайны: у Вілейцы, Даўгінаве, Куранцы. У гонар ахвяр Другой сусветнай вайны усталяваны шматлікія абеліскі і помнікі.
Культавыя збудаванні
[правіць | правіць зыходнік]У Вілейцы знаходзіцца неагатычны Касцёл Узвіжання Святога Крыжа, Свята-Марыінская і Свята-Ціханаўская цэрквы. У 2015 годзе пабудавана царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Роспісы ў Свята-Ціханоўскай царкве былі створаны мастаком Барысам Цітовічам.
На тэрыторыі раёна дзейнічаюць каталіцкія храмы ў Касцяневічах, Даўгінаве, Ільі, Альковічах, Сцешыцах, Вязыні, Лукаўцы.
Праваслаўныя цэрквы месцяцца ў Бараўцах, Бубнах, Вардамічах, Вязыні, Даўгінаве, Забалацці, Іжы, Ільі, Кастыках, Касуце, Куранцы, Латыгалі, Любані, Мільчы, Нарачы, Партызанскім, Рабуні, Ручыцы, Рэчках і Спягле.
Капліцы ў Забор’і, Заброддзі, Зацемені, Івашынавічах, Казлах, Кардоне, Касуце, Клесіне, Поні, Судніках. Налічваецца два дзесяткі прыдарожных капліц, найстарэйшыя (XVIII ст.) — у вёсцы Ручыца.
Помнікі прыроды
[правіць | правіць зыходнік]Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (геалагічныя): 1. Агаленне «Сінюха» 2. Агаленне «Вінцантова» 3. Агаленне «Папоўцы» 4. Пагоркі «Рэчкінскія» 5. Валун «Гомсін камень» 6. Валун «Вялікі камень мішуцкі» 7. Валун «Варацішын крыж» 8. Валун «Каменны вол кузьмічоўскі» 9. Валун «Любецкі» 10. Валуны «Каменныя валы» сцебярацкія 11. Валун «Вялікі камень дварэцкі»[11]
Заказнікі мясцовага значэння (водна-балотныя): 1. Гасцілава 2. Боркі 3. Калодкі 4. Бонда
Помнікі прыроды мясцовага значэння
Батанічныя: 1. Парк Лукавец 2. Парк Любань 3. Парк Асцюковічы 4. Урочышча Рэутка
Геалагічныя: 1. Вялікі камень дзядзіцкі 2. Вялікі камень івашынавіцкі 3. Вялікі камень лыцавіцкі 4. Вялікі камень падсосенскі 5. Вялікі камень рускасельскі 6. Кавянёўская катлавіна 7. Гара Міроткава 8. Гара Падвысокая
Гідралагічныя: 1. Крыніца «Святая вада» 2. Крыніца Стрэж
На тэрыторыі Вілейскага раёна месціцца частка тэрыторыі Нацыянальнага парка «Нарачанскі».
Турысцкія маршруты і экспедыцыі
[правіць | правіць зыходнік]Распрацаваныя і дзейнічаюць некалькі турысцкіх маршрутаў.[12]
Штогод, пачынаючы ад 2007 года, з Вілейскага раёна бярэ старт водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча». Першая экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» прайшла ў 2007 годзе. Яе прымеркавалі да 150-годдзя вядомага падарожжа па Віліі краязнаўцы графа Канстанціна Тышкевіча. Вандроўнікі прайшлі па слядах экспедыцыі графа Тышкевіча ад вытокаў Віліі да зліцця з Нёманам.[13] Арганізатарамі і ўдзельнікамі першай воднай экспедыцыі сталі літоўскія і беларускія навукоўцы, краязнаўцы і турысты. Сёння яна набывае больш папулярызатарскі і турыстычны характар і заканчваецца на тэрыторыі Беларусі.[14]
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Свята-Георгіеўская царква (Вілейка)
- Касцёл Бяззаганага Зачацця Найсв. Дзевы Марыі у вёсцы Куранец (1652, 1810, 1928)
- Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі (1852) у вёсцы Вялікая Сэрвач
- Вадзяны млын і мост праз раку Нарачанка ў вёсцы Іжа (пачатак 20 стагоддзя, знішчаны ў 1980-х гадах)
-
Свята-Георгіеўская царква ў Вілейцы, каля 1930 г.
-
Куранец, касцёл да вяртання каталікам, каля 1900 г.
-
Вялікая Сэрвач. Драўляны касцёл, каля 1900 г.
Адміністрацыйны падзел
[правіць | правіць зыходнік]У адпаведнасці з рашэннем Мінскага абласнога савета дэпутатаў аб змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Мінскай вобласці ад 28 мая 2013 года колькасць сельсаветаў Вілейскага раёна зменшаная на 2[15] і складае цяпер 11. Гэтым рашэннем былі скасаваны Альковіцкі і Сцешыцкі сельсаветы. Касцяневіцкі сельсавет перайменаваны ў Людвіноўскі сельсавет з адміністрацыйным цэнтрам у аграгарадку Людвінова. Рабунскі сельсавет перайменаваны ў Крывасельскі сельсавет з пераносам адміністрацыйнага цэнтра у аграгарадок Крывое Сяло.[15]
Табліца з прывязкай па сельсаветах на 2 сакавіка 2018 года:[16]
№ | Назва | Адміністрацыйны цэнтр | Плошча (км кв.) на 2013 г. | Насельніцтва (чал.) | Кіраўнік |
---|---|---|---|---|---|
1 | Асіпавіцкі сельсавет | Асіпавічы | 144 | 1723 | Самічова Ларыса Пятроўна |
2 | Вязынскі сельсавет | Вязынь | 214,4 | 1866 | Судніковіч Ігар Міхайлавіч |
3 | Даўгінаўскі сельсавет | Даўгінава | 134,9 | 2901 | Маліноўскі Аляксандр Мікалаевіч |
4 | Іжскі сельсавет | Іжа | 233,84 | 1481 | Субач Дзмітрый Георгіевіч[17] |
5 | Ільянскі сельсавет | Ілья | 400,5 | 4117 | Мікуцкі Аляксандр Канстанцінавіч |
6 | Крывасельскі сельсавет | Крывое Сяло | 99,5 | 1913 | Супрановіч Ірына Аляксандраўна |
7 | Куранецкі сельсавет | Куранец | 205,4 | 1978 | Барткевіч Віталь Бярнардавіч |
8 | Любанскі сельсавет | Любань | 236,75 | 2916 | Алянцэвіч Юлія Аляксандраўна |
9 | Людвіноўскі сельсавет | Людвінова | 210 | 2262 | Шавялёва Наталля Леанідаўна |
10 | Нарачанскі сельсавет | Нарач | 170,9 | 1652 | Абрамчык Алена Мікалаеўна |
11 | Хаценчыцкі сельсавет | Хаценчыцы | 110.3 | 1510 | Грэбянёк Дыяна Іванаўна |
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Прамысловасць
[правіць | правіць зыходнік]На 1 студзеня 2013 г. у раёне налічваецца 10 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх занята 3583 чалавек. Найбуйнейшыя з іх: ААТ «Зеніт-БелОМА», філіял Вілейская мэблевая фабрыка ЗАТ «Маладзечнамэбля», ААТ «Буддэталі», ААТ «Вілейскі рамонтны завод», ААТ «Вілейскі камбікормавы завод», філіял «Вілейскі хлебазавод» РУП «Барысаўхлебпрам».
Сельская гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі раёна налічваецца 8 ААТ, 4 сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемствы, 3 філіяла, 1 сельскагаспадарчая вытворчасць, 2 дапаможныя гаспадаркі, 1 сортавыпрабавальная станцыя. Занята ў сельскай гаспадарцы 3909 чалавек. Агульная зямельная плошча ААТ і ўнітарных сельгаспрадпрыемстваў — 87051 га, з іх 51058 га складаюць ворныя землі. Сярэдні бал ворных зямель — 30,4, сельгасугоддзяў — 28,4.
Транспарт і сувязь
[правіць | правіць зыходнік]Геаграфічнае становішча раёна абумовіла развіццё яго транспартнай сістэмы. Праз тэрыторыю раёна праходзяць буйныя аўтамабільныя трасы Р28 Мінск — Нарач і Р63 Барысаў — Вілейка — Ашмяны.
Праз тэрыторыю раёна праходзіць чыгуначная лінія «Маладзечна-Полацк» з прыпынкамі: Даманаўскі, Красны Беражок, Зеніт, Вілейка, Куранец, Стражы.
У Вілейцы знаходзіцца аўтавакзал, які абслугоўвае ўнутрыраённыя маршруты, а таксама тыя, што звязваюць паўночную і цэнтральную часткі Беларусі, а таксама Прыбалтыку з усходам Беларусі.
Раённы вузел паштовай сувязі, раённы вузел элекрасувязі.
Будаўніцтва, меліярацыя
[правіць | правіць зыходнік]У раёне працуюць будаўнічыя арганізацыі: ДУП «ПМК-185», ДУП «ПМК-186», ДБУ-13, філіял «ДРБУ-162», філіял «ДЭУ-63», ТАА «Аграпрамэнерга», БМУ ААТ «Мінскводбуд», ТАА «Вясёлка Буд», ТАА «Сувязь-2008»; а таксама меліярацыйныя — ДУП «Вілейскае ПМС», ААТ «ПМК-88».
Гандаль, паслугі
[правіць | правіць зыходнік]Раённае спажывецкае таварыства аб’ядноўвае ўнітарнае прадпрыемства «Сунічка», а таксама прадпрыемствы камунальнай уласнасці КУП «Садружнасць», УП «Рамонак», УП «Меркурый-Цэнтр». Бытавымі паслугамі займаюцца 45 прадпрыемстваў і арганізацый, 123 прадпрымальнікі.
Медыцына, здароўе
[правіць | правіць зыходнік]У сістэме медыцыны раёна цэнтральнае месца займае ўстанова аховы здароўя «Вілейская цэнтральная раённая бальніца»[18]. У яе склад уваходзяць цэнтральная раённая бальніца, паліклініка, стаматалагічная паліклініка, 2 участковыя бальніцы, 1 бальніца сястрынскага догляду, 7 амбулаторый, 25 фельдчарска-акушэрскіх пунктаў, 3 пункты аховы здароўя і раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Стаматалагічныя паслугі аказваюцца таксама ў недзяржаўным сектары медабслугоўвання.
У вёсцы Будзішча размешчаны дзіцячы рэабілітацыйны аздараўленчы цэнтр «Надзея» для дзяцей з раёнаў, пацярпелых ад выбуху на Чарнобыльскай АС, з шматфункцыянальным спартыўна-фізкультурным комплексам[19].
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Працуюць 26 дзённых агульнаадукацыйных устаноў, 1 прафесійна-тэхнічнае ўстанова (каледж), цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 2 сярэдніх спецыяльных навучальных установы (Ільянскі аграрны каледж, тэхнікум бізнесу і права), 17 дзіцячых дашкольных устаноў, спецыяльная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.
СМІ
[правіць | правіць зыходнік]- «Шлях перамогі» — газета Вілейскага раённага выканаўчага камітэта; выдаецца з 1945 года (у савецкія часы — орган партыйных і савецкіх улад).
- «Рэгіянальная газета» — недзяржаўны штотыднёвік. Выдаецца ад 1995 года.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]- Вілейскі краязнаўчы музей.
- Выставачная зала імя Нікадзіма Сілівановіча (пры краязнаўчым музеі).
- Народны тэатр гарадскога Дома культуры.
- Народны ансамбль гітарыстаў «Адэліта»[20].
- Народны калектыў аўтарскай песні «Элегія».
- 38 публічных бібліятэк (з іх 30 сельскіх бібліятэк і 1 сельская бібліятэка-клуб).
- 29 сельскіх клубных устаноў.
- Вілейскі раённы метадычны Цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы.
- Палац культуры.
- Раённы Дом рамёстваў.
- Дзіцячая школа мастацтваў (4 сельскія школы).
- Цэнтр эстэтычнага выхавання.
Культурныя ініцыятывы
[правіць | правіць зыходнік]- У 2004 і 2012 гадах раён (Вілейка) быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[21][22].
- 4 — 5 ліпеня 2015 года ў райцэнтры ўпершыню прайшоў рыцарскі фэст «Гонару Продкаў 2015»[23].
Фізкультура і спорт
[правіць | правіць зыходнік]У раёне 36 спартыўных залаў, 23 прыстасаваных памяшканні для заняткаў фізічнай культурай і спортам, 15 плоскасных абсталяваных спартпляцовак, 1 стадыён, 2 асветленыя хакейныя пляцоўкі.
СДЮШАР Вілейскага райвыканкама, ДЮСШ АФП прафкама ААТ "Зеніт- БелОМА ", ФАК са спартыўным залай і фітнес залай, секцыя па каратэ «Дзяржынец», цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы «Сатурн» з плавальным басейнам, у якім аказваюць паслугі для насельніцтва па плаванні, аквааэробікі, більярдзе, фітнесу, настольным тэнісе, ўсходніх танцах, ёзе.
Турызм, рэкрэацыя
[правіць | правіць зыходнік]У раёне дзейнічае 7 аграсядзіб, у Вілейцы — гасцініца «Вілія».[24]. Арганізацыяй турыстычнай дзейнасці на тэрыторыі раёна займаюцца кампаніі «Надежда тур»[25] і «Залаты компас»[26].
Рэлігійнае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Вілейскага раёна зарэгістраваныя і дзейнічаюць 47 рэлігійных суполак, якія прадстаўляюць 5 канфесій: 26 — Беларускай Праваслаўнай Царквы, 10 — Рымска-Каталіцкага Касцёла, 8 — Хрысціян Веры Евангельскай, 2 — Евангельскіх Хрысціян Баптыстаў, 1 — Хрысціян поўнага Евангелля.
Старшыні райвыканкама
[правіць | правіць зыходнік]- з 27 сакавіка 2023 — Анатоль Мікалаевіч Завацкі[27].
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Баляслаў і Восіп Адамовічы — амерыканскія авіятары-аматары. Вядомыя пералётам праз Атлантычны акіян ў 1934 годзе.[28]
- Леў Альпяровіч — беларускі мастак.
- Наталля Арсеннева — беларуская паэтэса.
- Эва Марыя Астроўская (1938—2012) — польская пісьменніца і журналістка.[29]
- Вікенцій Іосіфавіч Аўдзей (Касьян Вясёлы) (1886—1916) — беларускі пісьменнік, драматург.[30]
- Афанасій Ахрэм (1914—2010) — беларускі савецкі хімік-біяарганік. Акадэмік АН БССР (1970), доктар хімічных навук (1960), прафесар (1960). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны[31].
- Сымон Барыс — 20 мая 1937, в. Касічы Вілейскага павета — беларускі педагог, журналіст, фалькларыст, этнограф, гісторык, краязнаўца.
- Змітрок Бядуля — класік беларускай літаратуры. Вучыўся ў ешыботах у Даўгінаве і ў Ільі.[32].
- Андрэй Валынец — Герой Савецкага Саюза, удзельнік камуністычнага падполля Заходняй Беларусі.
- Павел Валынцэвіч (1875—1962) — фотамастак, святар.[33]
- Леанід Валчэцкі (1913—1991) — тэатральны дзеяч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі.[34][35]
- Мікола Гроднеў. Беларускі пісьменнік. Працаваў школьным інспектарам у Вілейскім раённым аддзеле адукацыі, дырэктарам Куранецкай сярэдняй школы рабочай моладзі (1954—1956).
- Адам Грымаць (1938—2000) — навуковец-педагог, прафесар. Нарадзіўся ў Ільі. Яго іменем названая школа ў Ільі[36].
- Эдвард Жалігоўскі — польскі паэт, філосаф, грамадскі дзеяч.
- Юрый Герасіменка-Жызнеўскі — беларускі мастак.
- Георгій Ількевіч — беларускі геолаг.
- Міхаіл Казінец — беларускі дырыжор, народны артыст Беларусі (1987).
- Зміцер Казлоўскі — беларускі бард.
- Аляксандр Калодка. (1911—1985). Дзеяч беларускай эміграцыі ў Аўстраліі. У час Другой сусветнай вайны жыў у Вілейцы.
- Іван Касяк. (1909—1989). Удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэса ў Мінску ў чэрвені 1944 года. Дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША. У 1957—1989 старшыня Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі. Аўтар часопіса «Беларуская думка».[37].
- Ян Козел-Паклеўскі — удзельнік і адзін з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання.
- Іван Кандрацьеў — рускі паэт, празаік, драматург, педагог (1849—1904).
- Зінаіда Губарава-Крупская — беларуская паэтэса.
- Мікалай Лапіцкі (1907, в. Грэлікі — 1976) — беларускі рэлігійна-грамадскі дзеяч, праваслаўны святар, публіцыст.
- Расціслаў Лапіцкі — удзельнік беларускага антысавецкага падполля[38].
- Леанід Левашкевіч — сучасны расійскі кампазітар. Нарадзіўся ў Куранцы.
- Зянон Ломаць — беларускі дзяржаўны дзеяч, у 2006—2010 гадах старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Ахрышчаны ў царкве ў Спягле.
- Станіслаў Ляшковіч, (1928—2015)— доктар эканамічных навук, пісьменнік і публіцыст[39].
- Станіслаў Ляшковіч, (1932—2014)— заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік. Выпускнік сярэдняй школы ў Ільі [40].
- Аляксандр Манцэвіч — журналіст і выдавец.[41]
- Эдуард Мацюшонак — беларускі мастак.
- Пётр Машэраў — беларускі партыйны і савецкі дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху ў часы Вялікай Айчыннай вайны.
- Яўген Мірановіч (7.11.1917-25.1.1980), гаспадарчы дзеяч, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны аграном БССР.
- Васіль Місюль. Дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША. У 1954 годзе выступіў у Кангрэсе ЗША са сведчаннем злачынстваў савецкай улады ў Вілейскай турме ў 1941 годзе[37].
- Ганна Новік — беларуская паэтэса, дзеяч падпольнага беларускага руху ў Польшчы (1914—1997).[42][43][44][45]
- Піліп Орлік — дзяржаўны дзеяч Украіны, паплечнік Івана Мазепы, гетман Правабярэжнай Украіны, паэт, публіцыст.
- Валерый Пазднякоў — беларускі гісторык і археолаг.
- Тэлесфор Позняк — гісторык і даследчык усходне- і паўднёваславянскіх літаратур. Прафесар.[46]
- Анатоль Рогач — беларускі краязнаўца, даследчык гісторыі Беларускага Павілля.[47]
- Леапольд Родзевіч — (1895—1938) — беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч. Скончыў (1909) у Вілейцы гарадское вучылішча.
- Уладзіслаў Сапея — беларускі спартсмен, удзельнік 19-х Алімпійскіх гульняў, рэкардсмен СССР у бегу на 100 м.[48]
- Вадзім Свірыдаў — беларускі хімік, акадэмік НАН Беларусі.
- Нікадзім Сілівановіч — беларускі і расійскі мастак, акадэмік Пецярбургскай акадэміі мастацтваў.
- Уладзімір Слабодчыкаў — беларускі скульптар[49]
- Уладзіслаў Страмінскі — мастак-авангардыст, стваральнік унізму.
- Пётр Сыч (1912, в. Батурына — 1964) — беларускі пісьменнік, мемуарыст.
- Францішак Сяліцкі — польскі славіст, прафесар.[50]
- Максім Танк — народны паэт Беларусі. Вучыўся ў прыватнай рускай гімназіі ад 1926 да 1928 года. Працаваў у вілейскай абласной газеце (1939—1941).
- Аляксандр Уласаў — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, эканаміст.
- Іван Фёдараў — адзін з першых рускіх кнігадрукароў, выдавец першай рускай кнігі «Апостал» і «Евангелля Вучыцельнага». Існуе гіпотэза аб нараджэнні Івана Фёдарава на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна[51].
- Янка Філістовіч — адзін з арганізатараў антысавецкага падполля ў 1950-х гадах.
- Ігнат Ходзька — беларускі пісьменіік і паэт.
- Кандрат Церах — апошні міністр гандлю СССР (1986—1991).
- Барыс Цітовіч — беларускі мастак.
- Аляксей Чубат — беларускі паэт.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Некаторыя гідралагічныя аб’екты
[правіць | правіць зыходнік]- Беразавік, балота
- Вішнеўскае возера
- Слабадское возера
- Белавароціца, рака
- Вілія, рака
- Вузлянка, рака
- Вужык, рака
- Дзвінаса, рака
- Ілія, рака
- Кабылянка, рака
- Нарачанка, рака
- Рыбчанка, рака
- Сэрвач, рака
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б На 1 января 2018 года численность населения в Вилейском районе составляла 47349 человек Архівавана 5 красавіка 2018. (руск.) Шлях перамогі
- ↑ а б Асноўныя паказчыкі развіцця раёна (руск.)
- ↑ Вынікі перапісу 2009 года (руск.)
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 4 сакавіка 2016. (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 25 кастрычніка 2020.
- ↑ Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области Архівавана 31 сакавіка 2016.
- ↑ http://vileyka.minsk-region.by/ru/tur_uslugi Архівавана 17 кастрычніка 2018.
- ↑ Ушанавалі памяць Расціслава Лапіцкага Архівавана 21 верасня 2016. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Атрыбуты памяці Лапіцкаму зніклі зноў Архівавана 13 сакавіка 2017. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Постановление Министерства природных ресурсов и охраны окружающей среды Республики Беларусь от 19 марта 2007 г. № 25 «Об объявлении некоторых геологических объектов геологическими памятниками природы республиканского значения» // ПРАВО Законодательство Республики Беларусь
- ↑ Убачыць касцёл, пабудаваны за залатую табакерку, і абняць адзін з самых вялікіх камянёў Вілейшчыны. Маршрут «Па даўгінаўскіх ваколіцах» Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ У ліпені ізноў праплывуць «Шляхам Тышкевіча». Экспедыцыя стартуе з Вілейкі Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ У сплаве «Шляхам Тышкевіча» бярэ ўдзел 77-гадовы турыст Архівавана 11 ліпеня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ а б Вілейскі раён. На 2 сельсаветы меней. Горад вырас за лік Порсы. Падрабязнасці Архівавана 20 кастрычніка 2013. // Рэгіянальная газета
- ↑ В Вилейском районе избраны председатели сельских Советов депутатов Архівавана 2 ліпеня 2018. (руск.) // Шлях перамогі
- ↑ Ад 31 сакавіка на пасадзе старшыні Іжскага сельвыканкама — Дзмітры Субач Архівавана 22 красавіка 2020. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Афіцыйны сайт Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы
- ↑ Рэабілітацыйны цэнтр «Надзея» на Вілейшчыне уступіў ў свой 21-ы год (Фотарэпартаж)(недаступная спасылка) // "Рэгіянальная газета
- ↑ На канцэрце вілейскага ансабля гітарыстаў «Адэліта» не было свабодных месц Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ «Адна зямля» збірае сяброў //«Рэгіянальная газета», 23 ліпеня 2004 г., № 30 (481)
- ↑ Гран-пры «Адной зямлі» ўзяў маладзечанец Артур Міхайлаў, вучань Пятра Ялфімава Архівавана 13 лістапада 2013.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Змаганні рыцараў і народныя спевы. У Вілейцы ўпершыню прайшоў фэст «Гонару Продкаў 2015» (Фота) Архівавана 8 ліпеня 2015.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ http://www.tio.by/news/9663
- ↑ http://www.belarusinfo.by/ru/poisk/5314.html
- ↑ http://www.mos.by/index.php?section_id=350(недаступная спасылка)
- ↑ Упраўленцы мясцовай вертыкалі, дырэктары прадпрыемстваў і намеснікі міністраў. Кадравы дзень у Прэзідэнта // БелТА. 27 сакавіка 2023
- ↑ Браты Адамовічы з-пад Альковічаў — авіятары, якія пакарылі Атлантыку Архівавана 4 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета
- ↑ Эва Астроўская: пісьменніца, якая не баялася жыцця Архівавана 5 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета
- ↑ Касьян Вясёлы — яшчэ адзін ураджэнец Вялейшчыны Архівавана 5 лютага 2019. // VIALEJKA.INFO
- ↑ Ахрем Афанасий Андреевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 34. — 737 с.
- ↑ Кожны край мае тых, каго апявае Архівавана 4 сакавіка 2016. // Сайт «Вілейшчына літаратурная»
- ↑ Павел Валынцэвіч Архівавана 13 лістапада 2013. // Рэгіянальная газета
- ↑ Волчецкий, Леонид Павлович(недаступная спасылка) // Электронный каталог ЦНБ НАН Беларуси
- ↑ Памяць. Вілейскі раён. // Валчэцкі Леанід Паўлавіч. — Мн.: БелТА., 2003. — С. 579. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі.). — 3 000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.
- ↑ .Адам Антонавіч Грымаць Архівавана 4 сакавіка 2016. // Сайт «Вілейшчына літаратурная»
- ↑ а б Барыс, Рогач 2013.
- ↑ Міхась Чарняўскі: Расціслаў Лапіцкі — з кагорты невядомых герояў //«Рэгіянальная газета», 25 ліпеня 1997 г., № 13 (258), стар. 3
- ↑ Памёр ураджэнец Вілейшчыны эканаміст Станіслаў Ляшковіч Архівавана 5 верасня 2015. // Рэгіянальная газета
- ↑ Трагічна загінуў Станіслаў Ляшковіч, наш зямляк, заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР Архівавана 5 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета
- ↑ «Рэгіянальная газета» Архівавана 18 мая 2013.
- ↑ «Новік Ганна, біяграфія»
- ↑ «Восеньскі роздум Ганны Новік» Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ «З любоўю да людзей» Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ «Рэгіянальная газета», № 12 (465), 12 сакавіка 2004
- ↑ Дзяцінства пры трох уладах: прафесар Позняк расказвае пра жыццё ў Заходняй Беларусі пры Польшчы, Саветах і пад немцамі // «Наша ніва»
- ↑ Рогач Анатоль Архівавана 18 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Памяць. Вілейскі раён. // Удзельнік Алімпійскіх гульняў. — Мн.: БелТА., 2003. — С. 548. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі.). — 3 000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.
- ↑ Слабодчыкаў Уладзімір Іванавіч(недаступная спасылка)// Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў
- ↑ Як рэпрэсаваны пастух з Беларусі стаў польскім прафесарам // «Наша ніва»
- ↑ Першадрукар Іван Фёдараў нарадзіўся на Вілейшчыне Архівавана 11 лістапада 2013. //«Рэгіянальная газета»
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вилейский район // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — С. 91 — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
- Памяць. Вілейскі раён. // . — Мн.: БелТА., 2003. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі.). — 3 000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.
- Барыс С. В., Рогач А. В. Нарачанка і яе берагі. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2013. — 712 с. — 99 экз. — ISBN 978-985-6992-37-0.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сайт Вілейскага раёна і горада Архівавана 24 мая 2013.
- Вілейскі раённы выканаўчы камітэт Архівавана 8 ліпеня 2014. (руск.)
- Інфармацыйны сайт горада і раёна
- Вілейскі краязнаўчы музей
- «Рэгіянальная газета», сайт Архівавана 18 верасня 2020.
- Вілейскі раён на сайце Мінскага аблвыканкама Архівавана 22 красавіка 2012. (руск.)
- Карты і агульныя звесткі на emaps-online Архівавана 29 верасня 2010.
- Вілейскі раён на сайце Radzima.org
- Вілейскі раён на сайце Глобус Беларусі (руск.)